кветкавая расліна з роду авёссям. метлюжковых. Пашыраны ва ўсіх нетрапічных паясах Зямлі, акрамя Крайняй Поўначы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі, на палях, каля дарог. Пустазелле пасеваў аўса пасяўнога і інш. яравых культур.
Аднагадовая травяністая расліна з валасніковым коранем. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, пляскатае, шурпатае. Каласкі 2—3-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім каленчата-сагнутым асцюком. Мяцёлка буйная, раскідзістая, даўж. да 30 см. Плод — плевачная верацёнападобная зярняўка. Аўсюк лёгка скрыжоўваецца з аўсом пасяўным і пагаршае яго селекцыйныя якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІЦА, сітнёг (Eleocharis),
род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 7 відаў — балотніца балотная (Eleocharis palustris), іголкавая (Eleocharis acicularis), аўстрыйская (Eleocharis austriaca), сасочкавая (Eleocharis mamillata), яйцападобная (Eleocharis ovata), пяцікветкавая (Eleocharis quinqueflora), адналускавая (Eleocharis uniglumis). Растуць па берагах вадаёмаў, на сырых лугах, нізінных балотах, утвараюць зараснікі.
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з каранёвым валасніком або паўзучымі карэнішчамі. Сцябло голае, негалінастае, бязлістае, гладкае ці слабабаразнаватае, з 1—3 ці некалькімі лускападобнымі лістамі каля асновы. Каласкі адзіночныя, цыліндрычныя, канцавыя. Кветкі дробныя, двухполыя Плод арэшкападобны. Кармавыя і харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬНОАПРАЦО́ЎКА,
апрацоўка льносаломы на луб або льнотрасты на валакно. У гаспадарках ачасаную льносаломку рассцілаюць на льнішчы. У выніку жыццядзейнасці мікраарганізмаў яна ператвараецца ў трасту, у якой разбураюцца сувязі паміж валакністай і драўніннай часткамі сцябла. Раней трасту атрымлівалі таксама на льнозаводах вымочваннем ільносаломы ў спец. ёмістасцях біял. спосабам. Падрыхтаваную трасту або салому апрацоўваюць на мяльна-трапальных, а адходы трапання — на кудзелепрыгатавальных агрэгатах (гл.Ільноапрацоўчыя машыны). Пры мех. апрацоўцы разбураецца сцябло і валокны аддзяляюцца ад драўніннай часткі. Доўгае і кароткае льновалакно або луб сартуюць і адпраўляюць на льнокамбінаты. Гл. таксама Ільняная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМІ́ТАВЫЯ (Calamitales),
парадак выкапнёвых раслін кл. хвашчоў. 2 сям. Вядомыя з ранняга карбону, росквіт у сярэднім карбоне, вымерлі ў пермі ці пач. трыясу. Засялялі нізінныя, часта забалочаныя прасторы.
Расліны ад дробных травяністых да буйных дрэвападобных выш. да 20 м, дыям. сцябла да 1 м, з інтэнсіўным галінаваннем. Сцябло падзялялася вузламі на міжвузеллі. На вузлах парасткаў месціліся кальчакі галін ці лінейнага лісця з адной жылкай. Спараносныя шышкі складаліся з пладушчага і стэрыльнага лісця (спарангіяфораў), якія чаргаваліся. Як і хвашчы, мелі вял. поласць на месцы стрыжня, але адрозніваліся ад іх моцным развіццём другаснай драўніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́НДРА (Coriandrum),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 2 віды. Пашыраны ў Міжземнамор’і. На Беларусі вырошчваецца К. пасяўная (C. sativum), зрэдку трапляецца як пустазелле.
К. пасяўная — аднагадовая травяністая расліна выш. да 80 см з тонкім верацёнападобным коранем. Сцябло рабрыстае, прамастойнае. Прыкаранёвае лісце трохраздзельнае, сцябловае — перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя ці ружовыя, у складаных парасоніках. Плады — шарападобныя 2-сямянкі з моцным пахам, змяшчаюць 0,7—1,5% эфірнага і 17—24% тлустага алею. Выкарыстоўваецца ў парфумерна-касметычнай прам-сці (эфірны алей), тэхніцы (тлусты алей), хлебна-кандытарскай і лікёра-гарэлачнай вытв-сці (зялёная расліна і плады), медыцыне (плады). Меданос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПО́ЎНІК (Lepidium),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Больш за 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя К.: пасяўны, або крэс-салата (L. sativum), смеццевы, або вянечнік (L. ruderale, нар. назва ліхаманкавая трава), палявы (L. campestre). Трапляецца на пясчанай глебе, засоленых і засмечаных мясцінах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, часам паўкусты выш. 5—60 (100) см. Сцябло прамое, голае або апушанае. Лісце цэласнае ці рассечанае. Кветкі дробныя, часам без пялёсткаў, белыя, у кароткіх гронках. Плод — стручочак. Некат. віды маюць непрыемны пах, які адпуджвае клапоў (адсюль назва). Лек., агароднінныя (прыпраўныя), меданосныя, інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУ́БЕНЬ,
відазменены парастак, сцябло якога з адным або некалькімі міжвузеллямі, моцна разрастаецца і назапашвае пажыўныя рэчывы (крухмал, алей); орган узнаўлення двух- і шматгадовых раслін. Бывае надземны, звычайна зялёны, мае лісце (кальрабі, некат. архідэі), і падземны — бясколерны, у пазухах рэдукаванага лісця знаходзяцца пупышкі, т.зв. «вочкі» (бульба, стрэлкаліст, тапінамбур). У некат. жывародных раслін (напр., зубніца клубняносная) надземныя К. развіваюцца ў суквеццях і пазухах лісця, пасля ападання ўкараняюцца і ўтвараюць новыя расліны. Ад К. адрозніваюць каранёвыя шышкі (запасальныя прыдаткавыя карані ў батату, вяргіні) і караняплоды (у іх утварэнні разам з парасткам прымае ўдзел гал. корань, напр., бурак, рэдзька).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНІ́Й (Mnium),
род брыевых імхоў сям. мніевых. Пашыраны ва ўмераным поясе і горных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды М.: абкружаны (M. marginatum), аднагадовы (M. hornum), зорчаты (M. stellare), няпэўны (M. ambiguum). Трапляюцца на глебе, гнілой драўніне, у вільготных і забалочаных месцах.
Адна- і двухдомныя лістасцябловыя расліны даўж. 2—7 см. Дзярнінкі шчыльныя або рыхлыя, светла- ці цёмна-зялёныя. Сцябло прамастойнае са стэрыльнымі парасткамі.
Лісце скучанае, падоўжана-эліптычнае або падоўжана-ланцэтнае, завостранае. Спарагоны адзінкавыя, рэдка па 2. Каробачка гарызантальная або паніклая, вечка з дзюбкай, каўпачок клабукападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́КАТНІЦА (Malaxis),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — М. адналістая (M. monophyllos), трапляецца ў паўн. і цэнтр. раёнах. Занесена ў Чырв. кнігу. Расце на сфагнавых балотах, багністых берагах вадаёмаў і ў забалочаных лясах (ельнікі, бярэзнікі) М. адналістая — шматгадовая жаўтавата-зялёная травяністая расліна выш. 6—30 см. Сцябло тонкае, трохграннае, каля асновы клубнепадобна-патоўшчанае, пераходзіць у падземны клубень. Ліст адзіночны, яйцападобны, даўж. да 10 см, размешчаны каля асновы сцябла. Кветкі дробныя, бледна-зялёныя, сабраныя ў доўгую прамую шматкветную гронку. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лазі́на, ‑ы ілазіна́, ‑ы́, ж.
Сцябло або галінка лазовага куста. З гушчару вылез стары гадоў сямідзесяці, узброены адным сцізорыкам ды зрэзанай лазінай.Шамякін.//Абл. Лазовы куст. Варановіч сеў на травяністую броўку пад разгалістай лазінай, апусціўся за ім і Шалюта.Дуброўскі.// Лазовы дубец. Наганяць каня лазінай. Пугаўё з лазіны. □ [Ціток] згамтаў .. [паддзёўку] у камяк, перавязаў кручанай лазіной і панёс.Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)