КІ́ШФАЛУДЗІ-ШТРО́БЛЬ (KisfaludiStróbl) Жыгманд (1.7.1884, с. Альшарайк, Венгрыя — 14.8.1975),

венгерскі скульптар. Нар. маст. Венгрыі (1952). Ганаровы чл. АМ СССР (1958). Скончыў Ін-т дэкар. і прыкладнога мастацтва ў Будапешце (1905), вучыўся ў Акадэміі прыкладнога мастацтва ў Вене (1905—06) і ў Акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906—08). Праф. АМ у Будапешце (з 1924). Творам ранняга перыяду ўласцівы ўплывы салоннага акадэмізму, дынамічная вастрыня кампазіцыі; пазней рэаліст. перадачу натуры спалучаў з імкненнем да сімвалічнай трактоўкі тэмы. Аўтар партрэтаў Б.​Шоу (1932), С.​Моэма (1948), манум.-дэкар. скульптуры «Стралок з лука» (1918—19), помніка Вызвалення (1947) на гары Гелерт у Будапешце, станковых работ «Вандроўнік Пецёфі» (1949), «Касец» (1954) і інш.

т. 8, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́НГЕР (Klinger) Макс (18.2.1857, г. Лейпцыг, Германія — 4.7.1920),

нямецкі жывапісец, графік і скульптар. Вучыўся ў Карлсруэ і Берліне ў К.​Гусава (1874—76). Працаваў пераважна ў Лейпцыгу, у 1888—93 у Рыме. У творчасці спалучаў рысы сімвалізму, мадэрну і сац. крытыкі: жывапісныя работы «Укрыжаванне» (1890), «Хрыстос на Алімпе» (1897), серыі афортаў «Ева і будучыня», «Амур і Псіхея» (абедзве 1880), «Пальчатка» (1881), «Жыццё» (1881—84), «Драмы» (1883), «Каханне» (1887), «Пра смерць» (1889, 1898—1910), цыкл афортаў і літаграфій «Фантазія Брамса» (1890—94), «Пачатак вясны» і інш. Імкнуўся да адраджэння паліхромнай скульптуры: «Касандра» (1895), «Бетховен» (1886—1902) і інш.

М.Клінгер. Пачатак вясны.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЧАНКА Станіслаў Міронавіч (н. 21.1.1938, Масква),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). У 1969—93 выкладаў у Бел. АМ. Творам уласціва спалучэнне традыцый стараж. пластыкі з сучаснымі формамі маст. выражэння. Сярод твораў: манум.-скульпт. кампазіцыі «Флейтыст» у гасцініцы «Турыст» (1973) і «Асветнікі» ў грамадска-культ. цэнтры мікрараёна Паўд. Захад (1983—84) у Мінску; «Мадонны Чарнобыля» ў г. Любек (1992) і «Рускі анёл» у г. Вармзен (1995) у Германіі; рэльефы «Пераемнасць культур» у бібліятэцы г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1990). «Сцяна міру» для г. Небраска (ЗША, 1993); станковыя кампазіцыі «Купальскія гульні» (1978), «Возера Нарач» (1980), «Зямля» (1981), скульптура «Дакрананне» (1997).

Г.​А.​Фатыхава.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОРДКІПАНІ́ДЗЕ Ніко (Мікалай Мерабавіч; 29.9.1880, с. Чунешы, Грузія — 25.5.1944),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Горную акадэмію ў Леобене (Аўстрыя; 1907). У творчасці імкнуўся асэнсаваць праблемы гісторыі і сучаснасці. Яго апавяданні і аповесці вылучаюцца майстэрствам стварэння вобразаў, перадачай духу эпохі: «Рыцары», «Грозны валадар» (абедзве 1912), «Ліхалецце» (1914—19) і інш. Гісторыка-рэв. аповесць «З сцежак на рэйкі» (1928) пра барацьбу груз. народа ў 1905—07. Аповесці «Непакорныя» (1943) і «Вяртанне былога палоннага» (1944) пра Вял. Айч. вайну. Аўтар цыкла навел «Разбураныя гнёзды» (1916), аповесці «Скульптар» (1936) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — С тропинок на рельсы: Повести и рассказы. М., 1981.

Літ.:

Жгенти В. Н.​Лордкипанидзе. Тбилиси, 1958.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́СЕНКА Міхаіл Рыгоравіч (29.10. 1906, с. Шпілёўка Сумскай вобл., Украіна — 8.5.1972),

украінскі скульптар. Нар. маст. СССР (1963). Акад. АМ СССР (1970). Скончыў Харкаўскі маст. ін-т (1931). З 1944 выкладаў у Кіеўскім маст. ін-це (з 1947 праф.). Сярод твораў помнікі М.​Шчорсу ў Кіеве (1954), У.​Леніну ў Запарожжы, Т.​Шаўчэнку ў Роўне (абодва 1964) і Парыжы (1973; усе ў сааўт.), партрэты акцёра І.​Мар’яненкі (1962), П.​Вяршыгары (1971), скульптурныя групы: для сав. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1938, з Л.​Муравіным), «Узгорак Славы» ў Львове (1947), «Алека Дундзіч» (1949), «Пад ярмом акупантаў» (1959).

М.Лысенка. Партрэт народнага артыста СССР І.​Мар’яненкі. 1962.

т. 9, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў Віктар Барысавіч (1.4.1923, Мінск — 27.11.1981),

бел. скульптар. Скончыў Маскоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1952). Працаваў у станковай і манументальнай скульптуры. Сярод станковых твораў кампазіцыі «Партрэт студэнткі», «Раніца» (абодва 1956), «Мары» (1957), «Юнацтва» (1960), «Зноў ідуць» (1964), партрэт арх. Я.​І.​Цюкава (1973) і інш. Аўтар помнікаў У.​І.​Леніну ў р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. (1959), Ашгабаце (1966), Небіт-Дагу (Туркменістан, 1967), туркм. паэту 18 ст. Махтумкулі ў Ашгабаце (1970). Прымаў удзел у арх.-скульптурным аздабленні будынкаў Сувораўскага вучылішча (1953), Палаца культуры Белсаўпрофа (1954), Т-ра юнага гледача (1956) у Мінску.

Б.​А.​Крэпак.

В.Б.Папоў. Помнік Махтумкулі ў Ашгабаце. 1970.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕР-ЛАШЭ́З (Pére-Lachaise),

могілкі ў Парыжы [б. маёнтак духоўніка караля Людовіка XIV патэра (франц. père) Лашэза; адсюль назва], дзе пахаваны многія найбуйнейшыя дзеячы культуры (Ж. дэ Лафантэн, Мальер, А.Дадэ, А.Бальзак, П.Ж. дэ Беранжэ, Ф.Шапэн, Дж.Расіні, Э.Дэлакруа, Ф.Ж.Тальма і інш.), ваен. дзеячы (маршалы М.Ней, А.​Масена і інш.). 27.5.1871 каля паўн.-ўсх. сцяны могілак расстраляны карнікамі захопленыя ў баі за П.-Л. абаронцы Парыжскай камуны 1871. На гэтым месцы пастаўлены помнік («Сцяна камунараў»), каля якога пахаваны П.Лафарг, М.Тарэз і інш. дзеячы рабочага руху, удзельнікі руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1964 на П.-Л. адкрыты помнік ахвярам фаш. лагера смерці Бухенвальд (скульптар Л.​Бансель).

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́МЕНАЎ Сцяпан Сцяпанавіч (1784, С.-Пецярбург — 3.4.1883),

рускі скульптар, прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1803; пенсіянер у 1803—07), у 1809—30 выкладаў у ёй (з 1814 праф.). У 1809—30 узначальваў скульпт. частку імператарскага фарфоравага з-да. Паводле яго мадэляў вырабляліся вазы, посуд, статуэткі. Аўтар дэкар. скульптуры для Казанскага сабора (1804—11), Горнага ін-та (1809), Гал. штаба (1827—29; з В.​Дэмут-Маліноўскім), Александрынскага т-ра (1831—32), на Нарвенскіх трыумфальных варотах (1830—33; усе ў Пецярбургу), праекта надмагілля М.​Казлоўскаму (1802). Для твораў характэрны яснасць кампазіцыі, часам рамант. патэтыка рытмаў і жэстаў, арган. адзінства з архітэктурай.

С.Піменаў. Праект надмагілля М.​Казлоўскаму. 1802.

т. 12, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫСА́ЛЬ, Рысаль-і-Алонса (Rizal y Alonso) Хасэ (19.6.1861, г. Каламба, Філіпіны — 3.12.1896), філіпінскі грамадска-паліт. дзеяч, урач, этнограф, лінгвіст, гісторык, паэт, празаік (пісаў на ісп. мове), скульптар, мастак. Вучыўся ў Манільскім ун-це, у Іспаніі і Германіі. У 1892 стварыў Філіпінскую лігу, якая выступала за рэформу калан. адміністрацыі. Арыштаваны ісп. ўладамі і сасланы. У 1896 адхіліў прапанову патрыят. арг-цыі Каціпунан узначаліць паўстанне супраць ісп. панавання, тым не менш у час паўстання арыштаваны іспанцамі і пакараны смерцю. Аўтар раманаў «Не дакранайся да мяне» (1887), «Флібусцьеры» (1891), памфлетаў па грамадска-паліт. пытаннях.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1961.

Літ.:

Губер А., Рыковская О. Хосе Рисаль. М., 1937.

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-ГО́ДЭНС (Saint-Gaudens) Агастэс (1.3.1848, г. Дублін, Ірландыя — 3.8.1907),

амерыканскі скульптар; адзін са стваральнікаў нац. школы скульптуры 19 ст. Вучыўся ў Нац. акадэміі малюнка ў Нью-Йорку (1864—66), у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1867—70). У 1870—75 працаваў у Рыме. У творчасці спалучаў імкненне да канкрэтнасці і строгай стрыманасці выявы з паэтычнасцю і вобразнай яркасцю характарыстыкі, смелай жывапіснай лепкай формы: помнікі адміралу Д.​Фарагуту ў Нью-Йорку (1881), А.​Лінкальну ў Чыкага (1887), надмагіллі сям’і Адамс на могілках Рок-Крык у Вашынгтоне (1891), мемарыял Р.​Шоу ў Бостане (1897), барэльефны партрэт Р.​Л.​Стывенсана (1899—1900) і інш.

т. 14, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)