АРПА́, Усходні Арпачай,

рака ў Арменіі і Нахічэванскай Рэспубліцы, левы прыток Аракса. Даўж. 128 км, пл. бас. 2630 км². Пачынаецца на схілах Зангезурскага хрыбта, у сярэдняй ч. цячэ па міжгорнай катлавіне. Сярэдні расход вады 11,5 м³/с (каля г.п. Ехенадзор, Арменія). Выкарыстоўваецца на арашэнне, таму летам воды Арпы не даходзяць да р. Аракс. Для перакіду водаў Арпы ў воз. Севан пабудаваны тунэль (48,6 км). У вярхоўях Арпы курорт Джэрмук.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЭ́К, Селяха, Суляха,

рака ў Іране і Туркменіі. Даўж. 669 км, пл. горнай часткі басейна 27,3 тыс. км². Пачынаецца з Туркмена-Харасанскіх гор, цячэ ў межах Ірана па вузкай даліне, у нізоўях — па нізіне. Упадае ў Каспійскае м., утвараючы забалочаную дэльту. Гал. Прыток — Сумбар (справа). Вада даходзіць да Каспійскага м. толькі ў паводку, у астатні час разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады 9,2 м³/с (каля г.п. Кізіл-Атрэк у Туркменіі).

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ,

рака ў Расійскай Федэрацыі, пераважна ў Башкортастане, левы прыток Камы. Даўж. 1430 км, пл. бас. 142 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Паўд. Урала, ніжэй ад упадзення р. Уфа цячэ па раўніне, мае шырокую пойму, утварае шмат лукавін, разбіваецца на рукавы. Гал. прытокі: Нугуш, Уфа (справа), Дзёма (злева). Сярэднегадавы расход вады каля г. Бірск 846 м³/с. Суднаходства ад г. Уфа. На Белай гарады Беларэцк, Салават, Ішымбай, Стэрлітамак, Уфа, Бірск.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НУЭ (Benue),

рака ў Зах. Афрыцы, у Камеруне (вярхоўі) і Нігерыі, левы прыток Нігера. Даўж. 1300 км, пл. басейна 441 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах нагор’я Камерун, перасякае яго па цясніне, далей цячэ па раўніне сярод вільготных саваннаў у шырокай густанаселенай даліне. Паводка з чэрв. да верасня. Сярэдні расход вады 3170 м³. Суднаходная ад г. Ібі, у сезон дажджоў ад г. Гаруа. Каля вусця (шыр. да 1,5 км) — г. Лакоджа.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́НА (Drina),

рака ў Югаславіі, Босніі і Герцагавіне, правы прыток р. Сава (бас. Дуная). Утвараецца ад сутокаў рэк Тара і Піва, якія пачынаюцца ў Чарнагорыі. Даўж. 460 км, пл. бас. 19,6 тыс. км². Цячэ па Дзінарскім нагор’і ў вузкай, глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады, у нізоўі па Сярэднедунайскай раўніне. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 341 м³/с. Веснавое разводдзе, асенне-зімовыя паводкі. ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛАВЭР (Delaware),

рака на У ЗША. Даўж. 660 км, пл. бас. 31,1 тыс. км². Пачынаецца ў Апалачах, цячэ па плато Підмант і Прыатлантычнай нізіне, упадае ў заліў Дэлавэр Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Сярэдні гадавы расход вады 350 м³/с. Веснавое разводдзе, паводкі ў астатні час года. Суднаходная да г. Трэнтан, да г. Істан суднаходства па канале. Прылівы падымаюцца па рацэ на 210 км. На Д. — гарады Істан, Трэнтан, Філадэльфія, Уілмінгтан.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРДО́НЬ (Dordogne),

рака на ПдЗ Францыі, правы прыток Гароны, з якой утварае агульнае вусце — эстуарый Жыронда. Даўж. 472 км, пл. бас. 23,4 тыс. км². Вытокі на Пн масіву Мон-Дор, верхняе і сярэдняе цячэнне — па Цэнтр. Французскім масіве, ніжняе — па Гаронскай нізіне. Асн. прытокі — рэкі Везер і Іль. Сярэдні расход вады 405 м³/с. У ніжнім цячэнні марскія прылівы. Каскад ГЭС. На Д. — гарады Бержэрак, Лібурн (пач. суднаходства).

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́АЛЕ, Зале (Saale),

рака ў Германіі, левы прыток р. Эльба. Даўж. 427 км, пл. бас. каля 24 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Фіхтэльгебірге, цячэ па раўнінах Цюрынгіі, ніжэй г. Наўмбург па нізіне. Сярэдні расход вады 100 м³/с, высокія ўзроўні зімой і вясной. Суднаходная на 175 км ад г. Наўмбург. Ад г. Гале каналізаваная (каля 20 шлюзаў). ГЭС. На З. — гарады Заальфельд, Іена, Рудальштат, Наўмбург, Гале, Бернбург, Кальбе.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГУАСУ́ (Iguaçu),

вадаспад на р. Ігуасу, на мяжы Аргенціны і Бразіліі, за 26 км ад месца ўпадзення яе ў р. Парана. Выш. 72 м, шыр. 2700 м. Вада спадае ў цясніну з 2 стромкіх базальтавых прыступак 275 струменямі, якія падзелены скалістымі астравамі. Сярэдні расход вады каля 1200 м³/с. Аднайменныя нац. паркі ў Аргенціне і Бразіліі (уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны). Турызм. Адкрыты ў 1892 пад назвай Санта-Марыя.

т. 7, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІН (Inn),

рака ў Швейцарыі, Аўстрыі, ФРГ, правы прыток р. Дунай. Даўж. 517 км, пл. бас. 26,1 тыс. км². Вярхоўі ў Альпах, у глыбокай трогавай даліне, каля г. Розенгайм (ФРГ) выходзіць на Баварскае пласкагор’е. Гал. прытокі — Эцталер-Ахе, Цылер, Альц, Зальцах, Рот. Веснавыя і летнія паводкі, асенне-зімовая межань. Сярэдні гадавы расход вады каля 800 м³/с. Каскад ГЭС. Суднаходная ніжэй вусця р. Зальцах.

Сплаўная. Ha І. — г. Інсбрук (Аўстрыя).

т. 7, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)