РУХ у біялогіі,

перамяшчэнне ў прасторы асобіны або яе часткі, у т. л. цытаплазмы. Аснова Р. — пераважна рэакцыя ўзаемадзеяння паміж скарачальнымі бялкамі (актынам і міязінам) і адэназінтрыфосфарнай кіслатой. Ва ўнутр. асяроддзі адбываецца ў форме ўзаемазвязаных працэсаў, якія накіраваны на захаванне гамеастазу і забеспячэнне аптымальнай хуткасці абмену рэчываў, стрававання, дыхання, выдзялення і інш. на субклетачным, клетачным, тканкавым, сістэмным і арганізмавым узроўнях. У жывёл спосаб перамяшчэння асобіны залежыць ад тыпу лакамоцыі і ўмоў навакольнага асяроддзя (наземнае, воднае, паветранае). Адзіночныя клеткі (напр., амёбы, фібрабласты, макрафагі) рухаюцца шляхам павольнага перацякання пратаплазмы; некат. віды выкарыстоўваюць жгуцікі і раснічкі або спец. прыстасаванні (шчацінкі, лускавінкі, шчыткі), з дапамогай якіх яны чапляюцца за няроўнасці субстрату. Найб. пашыраная канструкцыя органаў Р. — канечнасці — сістэма рычагоў, якія рухаюцца з дапамогай скарачэння мышцаў. У большасці раслін асн. спосаб іх Р. — рост расцяжэннем. Адбываецца ў выніку павелічэння даўж. і (або) дыяметра клетак і павелічэння аб’ёму ў 10—100 разоў. Неабарачальнасць расцяжэння клетак — адно з важных умоў росту і морфагенезу органаў. Знаходзіцца пад кантролем фітагармонаў, пераважна аўксінаў, абсцызавай кіслаты і этылену. На аснове механізму росту расцяжэннем у працэсе эвалюцыі паявіліся больш дасканалыя формы Р.: трапізмы, настыі, нутацыі. У свеце раслін таксама пашыраны спосабы мех. пасіўных Р. (напр., перанос спор, пылку, насення струменямі паветра, вады або жывёламі).

Літ.:

Александер Р. Биомеханика: Пер. с англ. М., 1970;

Каппуччинелли П. Подвижность живых клеток: Пер. с англ. М., 1982;

Яковлев Н.Н. Химия движения. Л., 1983.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФІ́СТЫ (грэч. sophistēs мудрэц, майстар),

умоўнае абазначэнне шэрагу стараж.-грэч. філосафаў сярэдзіны 5—1-й пал. 4 ст. да н.э. Першапачаткова С. называлі мудрых людзей, дасведчаных і аўтарытэтных у пытаннях прыватнага і грамадскага жыцця. З сярэдзіны 5 ст. да н.э. С. сталі называць платных выкладчыкаў красамоўства і разнастайных ведаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. С. былі практыкамі і тэарэтыкамі рыторыкі. У цэнтры іх увагі было слова. Яны ўпершыню заўважылі, што мова — семантычна адкрытая сістэма, якая характарызуецца зараджэннем новых і стратай устарэлых сэнсаў слова. Адрозніваюць старэйшых (Пратагор, Горгій, Гіпій, Антыфонт, Крытый) і малодшых С. (Лікафрон, Алкідамант, Трасімах). С. не былі адзінай, цэласнай групай ні па сац.-паліт. арыентацыі, ні па філас. ідэях. Агульнае, што аб’ядноўвае іх, — перанос увагі з натурфіласофіі на праблемы чалавека, яго суб’ектыўных здольнасцей, этыкі, палітыкі і тэорыі пазнання. Характэрная рыса вучэнняў С. — рэлятывізм, які знайшоў класічнае выяўленне ў тэзісе Пратагора «Чалавек — мера ўсіх рэчаў». С. лічылі, што не існуе надзейных аб’ектыўных крытэрыяў для адрознення ісціны ад маны, дабра ад зла, справядлівасці ад несправядлівасці. Рэлятывізму С. садзейнічаў характар іх дзейнасці: гал. задачай яны лічылі навучыць чалавека пераканаўча абараняць любую ідэю, якая б магла спатрэбіцца для паспяховага ўладкавання спраў. Вучэнні С. супярэчылі традыц. рэліг. вераванням: напр., Пратагор сцвярджаў, што не ведае, ці існуюць багі; Крытый абвяшчаў рэлігію выдумкай, прызначанай для таго, каб прымушаць простых людзей падпарадкоўвацца законам. Шэраг С. прапаведавалі ідэі роўнасці людзей перад богам і прыродай і абвяргалі прывілеі знаці (Алкідамант, Антыфонт, Лікафрон).

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ву́рачча ’урочышча’ (стаўб., Прышч. дыс.). З больш ранняга *урочье, часцей уро́чышча (гл.) (ад урок ’умова, дагавор’), г. зн. ’устаноўленае месца, якое мае сваю назву’; цяжка вытлумачыць перанос націску на пачатак слова, магчыма, у выніку пераасэнсавання пачатковага складу слова як прыстаўкі ву‑ (вы‑), якая заўсёды выступае пад націскам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вут-вут-вут ’падзыўныя словы для качак’ (КСТ); ’падзыўныя словы для гусей’ (карэліц., Шатал.). Ад ву́тва (памянш. ву́тоўка) або ву́тка ’качка’, перанос падзыўных слоў на гусей — з’ява другасная, параўн. вуль-вуль-вуль (гл.), магчыма, у выніку дээтымалагізацыі пасля выцяснення спрадвечнай назвы на частцы беларускай тэрыторыі паланізмам ка́чка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вірла́ты ’вірлавокі’ (БРС, Шат.); ’лупаты’ (Янк. III); ’чалавек з выпучанымі вачамі’ (гродз., Мат. АС). Утворана ад наз. ві́рла, ві́рлы (гл.) і суф. ‑ат‑ы, як вусаты, лабаты і інш. Вірла́тая яешня ’яешня на патэльні, у якой бялок не змешаны з жаўтком’ (Шат.). Перанос значэння паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варахава́ты ’непрасохлы’ (КТС); ’варахаватае сена’. Магчыма, перанос значэння ’сена непрасохлае < сена, якое трэба варушыць’. Тады варахаваты да прасл. *vorxъ‑, *vьrxъ‑ (Фасмер, 1, 355; Брукнер, 601, дзе падаюцца бел. во́рох ’шум’, поворохаць ’разбураць’, воро́х ’трэск’). Параўн. варо́хаць ’варочаць з шорахам, рабіць шорах’, ворах ’шорах, шум; пераварот, нарушэнне парадку’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перабука́цца (пырыбука́тыся) ’перакуліцца’ (малар., Нар. лекс.), пірябу́кыцца ’пабіцца (пра бараноў)’ (Юрч. СНЛ). Да пера- і бука́ць (гл.). Звычайна апошнюю лексему адносяць да гукапераймальных (Фасмер, 1, 236; Трубачоў, Эт. сл., 3, 88; ЕСУМ, 1, 285 і інш.). У разгледзеным слове адбыўся перанос семантыкі: ’біцца лбамі’ > ’біцца’ > (і — як вынік) ’перакульвацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вагава́ць 1 ’баранаваць’. Балтызм. Параўн. літ. vagóti ’баранаваць’, vagà ’баразна’ (Аткупшчыкоў, Лекс. балтызмы, 32).

Ваґава́ць 2 ’будзіць, падымаць са сну’ (зламоўн.) (Сцяц.). Гук ґ выбухны. Указанне на тое, што слова ўжываецца зламоўна, дазваляе меркаваць, што перад намі перанос значэння вагаваць ’з цяжкасцю ўзнімаць’ (< ваг ’рычаг’) > вагаваць ’падымаць са сну’ > ’будзіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́ці-ву́ці-ву́ці ’падзыўныя словы для качак’ (мсцісл., З нар. сл.; гродз., Цых.) ’падзыўныя словы для гусей’ (віл., міёр., карэліц., зэльв., Шатал.). У аснове падзыўнога слова форма мн. л. ад назоўніка ву́ця дзіц. ’качка’; параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт., 31; перанос падз. слова на гусей — другасная з’ява, параўн. вут-вут-вут (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясы 1 ’вага, вагі’ (Бяльк., Інстр. III, Сцяшк. МГ) запазычана з рус. весы ’тс’ (Шанскі, 1, В, 77; КЭСРЯ, 77).

Вясы 2 ’вага ў студні з жураўлём’ (б.-каш., ДАБМ) магло ўзнікнуць як перанос вясы 1 або як пераклад бел. вага ’вага ў студні з жураўлём’ пад уплывам рус. весы ’вага’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)