ДЗЯНІ́САЎ (Міхаіл Іванавіч) (21.11.1900, в. Трасцянка Саратаўскай вобл., Расія — 11.1.1971),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Нар. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў Саратаўскай кансерваторыі (1925—28), оперным класе Бел. муз. тэхнікума (1928—30), Бел. студыі оперы і балета (1930—33) у А.Баначыча. У 1933—58 (з перапынкам, у 1941—43 у Ерэванскім оперным т-ры) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1958—64 маст. кіраўнік Бел. філармоніі, у 1964—70 выкладчык Бел. кансерваторыі. Дэбютаваў партыяй Эскамільё ў оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1932). Валодаў моцным прыгожым голасам, сцэн. абаяльнасцю. Створаныя ім вобразы адметныя адухоўленасцю, маст. выразнасцю. тонкім густам, пачуццём меры. Лепшыя вобразы ў нац. рэпертуары: Змітрок і Апанас («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Кастусь («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Кузьміч («У пушчах Палесся» А.Багатырова); у класічным — Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі. Мазепа («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Траякураў («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Мечнік («Страшны двор» С.Манюшкі). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

Літ.:

Пукст Р Натхнёны спявак // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.С.Смольскі.

М.І.Дзянісаў.
М.Дзянісаў у ролях Дэмана (злева) і Гразнога.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́КЕР (Соф’я Юр’еўна) (7.1.1907, г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 23.4.1984),

бел. спявачка (драм. сапрана). Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыла Бел. студыю оперы і балета пад кіраўніцтвам А.Баначыча (1933), вучылася ў Бел. кансерваторыі (1932—36, клас П.Ціханава). У 1933—41 і 1944—77 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала моцным голасам прыемнага тэмбру, высокай вак. культурай, муз.-драм. здольнасцямі, якія дазвалялі ёй выконваць разнапланавыя ролі: ад глыбока драматычных (Аўгіння ў оперы «У пушчах Палесся» А.Багатырова) да востра камедыйных (Рагнеда Янаўна ў «Калючай ружы» Ю.Семянякі). Майстэрства стварэння драматычна напружаных, багатых псіхал. адценнямі вобразаў найб. выявілася ў партыях опернай класікі: Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Наташа («Русалка» А.Даргамыжскага), Ліза, Марыя, Настасся, Аксана («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні). Сярод каларытных камедыйных вобразаў: Часнікова («Страшны двор» С.Манюшкі), Адарка («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Дуэнья («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева), Фроська («Марозка» М.Красева), Мірабела («Цыганскі барон» І.Штрауса). Шмат выступала ў канцэртах, у т. л. з творамі бел. кампазітараў.

Літ.:

Жураўлёў Д. Соф’я Друкер // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

Дз.М.Жураўлёў.

С.Ю.Друкер.
С.Друкер у ролях Адаркі (злева) і Тоскі.

т. 6, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАН (Яўген Іванавіч) (н. 15.12.1937, в. Тарэйкі Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва (гал. мастак з 1987), з 1994 гал. мастак Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Аформіў спектаклі: у т-ры оперы і балета — «Пасля балю» Г.Вагнера (1971), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1975), «Рыгалета» Дж.Вердзі (1982); у т-ры муз. камедыі — «Паненка і хуліган» на музыку Дз.Шастаковіча (1982), «Капялюш Напалеона» О.Штрауса (1996), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1997); у т-ры оперы і балета ў Ніжнім Ноўгарадзе (Расія) — «Аіда» Вердзі (1978), «Дэман» А.Рубінштэйна (1979) і інш. Працуе таксама ў жывапісе: цыклы «Жыціе беларускіх святых» (1989—94), «Жыццё славянскіх асветнікаў-гуманістаў» (1991), станковыя работы «Чарнобыль» (1987—93), «Алафеоз Ф.Скарыны» (1990), «Гімн жыццю» (1997), пейзажы «Песня маёй радзімы», «Вясна. Сноў» (абодва 1990-я г.). Сярод графічных работ «Кожны чацвёрты» (1967), «Курапаты» (1986). У творчасці рэаліст. вобразнасць спалучае з сімволікай і метафарычнасцю, некаторым работам уласцівы класічны авангард з філасофскім кірункам. Іл. гл. таксама да арт. Афармленчае мастацтва.

Літ.:

Фатыхава Г. Яўген Ждан. Мн, 1997.

Г.А.Фатыхава.

Я.Ждан. Гімн жыццю. 1997.

т. 6, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЕ́ЦКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Die Deutsche Staatsoper),

адзін з буйнейшых музычных тэатраў Германіі. Адкрыты ў 1742 у Берліне як Прыдворны оперны тэатр (арх. Г.В.Кнобельсдорф) пастаноўкай оперы «Цэзар і Клеапатра» К.Г.Граўна (заснавальнік і першы кіраўнік т-ра). Да 1918 наз. Каралеўская опера. Неафіц. назва — «Тэатр на Унтэр-дэн-Ліндэн» (ад назвы вуліцы, на якой размешчаны будынак т-ра). Напачатку ставіліся пераважна італьян. і франц. оперы (спявалі італьян. спевакі), з канца 18 ст. таксама творы ням. і аўстр. кампазітараў, у т. л. В.А.Моцарта, Л.Бетховена, К.М.Вебера, Г.А.Маршнера, Дж.Меербера (у 1842—50 генерал-музік-дырэктар), Р.Вагнера, Р.Штрауса, П.Дэсаў, А.Берга, К.Орфа, Граўна і інш. З 1923 у рэпертуары оперы і балеты П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава, М.Мусаргскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, В.Баснера, А.Пятрова і інш. У т-ры выступалі спевакі П.Віярдо-Гарсія, Л.Леман, П.Лука, Е.Лінд, Г.Мара, П.Г.Мільдэр-Гаўптман, А.Паці. У розныя гады калектыў узначальвалі дырыжоры Граўн (1742—59), Г.Спанціні (1820—42), М.Шылінгс (1919—24 і 1933), Э.Клейбер (1925—35), Ф.Канвічны (1955—62), О.Суітнер (з 1964—71 і з 1974), цяпер К.Тылеман (2000). Сярод балетмайстраў: П.Тальёні (1856—83), Г.Кролер (1919—22), Т.Гзоўская (1945—52), Л.Грубер (1955—70), Э.Бішаф (з 1972).

т. 11, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕРЦІ́НІ ((Albertini) Джаакіна) (1751—1811),

італьянскі кампазітар. У 1781—84 узначальваў капэлу Радзівілаў у Нясвіжы. Дырыжыраваў операй Я.Д.Голанда «Агатка, або Прыезд пана» (1784). Да 1804 працаваў у Польшчы, потым у Рыме. Сярод твораў оперы «Дон Жуан» (паст. 1783, Варшава), «Польскі капельмайстар» (1808).

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЯНКО́Ў (Віктар Міхайлавіч) (15.9.1914, г. Самара, Расія — 24.12.1976),

бел. віяланчэліст. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Бел. кансерваторыю (1941). У 1940—75 артыст аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (у 1946—57 канцэртмайстар групы віяланчэляў), выконваў адказныя сола, выступаў у канцэртах.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ткані́на, ‑ы, ж.

1. Выраб, атрыманы ў працэсе ткання на ткацкім станку; матэрыя, матэрыял. Ільняныя тканіны. □ Саромеючыся бацькі, .. [Марына] ціхом дастала вішнёвую тканіну і панесла шыць. Чорны. Свае шырокія тканіны На лад персідскі ткуць яны [ткачыхі]. Багдановіч. Паглядзіш на такую тканіну, на яркае спалучэнне колераў і скажаш адразу — Афрыка! В. Вольскі.

2. перан. Тое, што складае аснову, змест якога‑н. мастацкага твора. Музычная тканіна оперы. Тканіна сюжэта. □ [Літаратурныя ўстаркі] ўвязваліся ў агульную тканіну пазмы, але маглі ісці ў свет асобна, адны... Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпіло́г

(гр. epilogos, ад ері = пасля + logos = слова)

1) заключная частка літаратурнага твора, у якой паведамляецца пра далейшы лёс герояў;

2) заключная сцэна ў оперы;

3) перан. завяршэнне, развязка чаго-н.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

«БЕЛАРУ́СКАЯ КАПЭ́ЛА»,

нацыянальнае тэатральна-канцэртнае аб’яднанне. Створана ў 1992 у Мінску на базе аднайм. калектыву. Маст. Кіраўнік В.Скорабагатаў. У аснове арганізацыі аб’яднання — прынцыпы еўрап. капэлы 17—18 ст. Кірункі дзейнасці: аднаўленне ў тэатр.-канцэртнай практыцы бел. муз. спадчыны, збіранне, даследаванне і публікацыя бел. муз. твораў 17—19 ст., прапаганда сучаснай, у т. л. авангарднай, музыкі. Па ініцыятыве капэлы зроблены сучасныя аўтарскія версіі зборніка лірычных кантаў «Куранты» (В.Капыцько), школьнай оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага (Дз.Смольскі). Праводзіць штогод (з 1991) міжнар. фестывалі «Адраджэнне беларускай капэлы», на якіх паказаны (у канцэртным выкананні) оперы «Уяўная каханка» Дж.Паізіела і «Апалон-заканадаўца...», «Балетны дывертысмент»; выконваліся творы Я.Д.Голанда, М.Радзівіла, Э.Ванжуры, В.Казлоўскага, Міхала Клеафаса і Міхала Казіміра Агінскіх, братоў А. і М.Ельскіх, Ф.Міладоўскага, Ю.І.Крашэўскага, С.Манюшкі і інш.

Р.М.Аладава.

т. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІШЧ (Міхаіл Андрэевіч) (7.11.1917, в. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.5.1966),

бел. мастак тэатра і жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1938—56). Сярод работ вылучаюцца дэкарацыі да опер «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні і «Алека» С.Рахманінава (1949), «Марынка» Р.Пукста (1955), балетаў «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1951), «Жызэль» А.Адана (1953), «Лаўрэнсія» А.Крэйна (1955); да драм. пастановак «Пунсовая кветачка» І.Карнавухавай і Л.Браўсевіча (1952, т-р імя Я.Купалы), «Гады вандраванняў» А.Арбузава (1954, Гомельскі абл. драм. т-р). Дэкарацыям уласцівыя рамантычная ўзнёсласць, паэтычнасць, кампазіцыйная выразнасць. Ствараў эскізы касцюмаў для танц. і харавых калектываў. Аўтар насценнай размалёўкі «Дэман» (1958) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, карцін «Купальскі вечар» (1960), «Саўгас «Аколіца» (1961), «Батлейка» (1962) і інш.

П.А.Карнач.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)