ШТРА́УС (Strauß) Іаган (Штраус-сын; 25.10.1825, Вена — 3.6.1899),

аўстрыйскі кампазітар, скрыпач, дырыжор. Старэйшы сын І.​Штрауса-бацькі. З уласным аркестрам гастраліраваў у многіх краінах свету (у ЗША праславіўся як «кароль вальса»). Абапіраючыся на традыцыі аўстр. нар.-танц. культуры і венскі муз. побыт, стварыў класічныя ўзоры венскага вальса і венскай танц. аперэты. Сярод твораў: аперэты «Лятучая мыш» (паст. 1874; у Бел. т-ры оперы і балета 1961; Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі 1966; Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі 1981), «Ноч у Венецыі» (паст. 1883; у Дзярж. т-ры муз. камедыі 1983), «Цыганскі барон» (паст. 1885; у Бел. т-ры оперы і балета 1960; Дзярж. т-ры муз. камедыі 1997) і інш.; шматлікія вальсы. у т. л. «На цудоўным блакітным Дунаі», «Казкі венскага лесу», «Жыццё артыста», полькі, кадрылі, маршы, галопы. На муз. Ш. пастаўлены балеты «Блакітны Дунай» у Бел. т-ры оперы і балета (1958), «Штраусіяна» ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1992). Аўтар каля 500 твораў танц. музыкі.

Літ.:

Майлер Ф. И.​Штраус: Пер. с нем. М., 1980.

І.Штраус-сын.

т. 17, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)