А́РБЕНС ГУСМА́Н ((Arbenz Guzmán) Хакоба) (14.9.1913—27.1.1971),

дзярж. і паліт. дзеяч Гватэмалы. У 1945—50 міністр абароны, у 1951—54 прэзідэнт. Урад Арбенса Гусмана праводзіў палітыку абароны нац. інтарэсаў краіны, ажыццявіў шэраг прагрэс. сац.-эканам. рэформаў. Скінуты ў выніку ўзбр. інтэрвенцыі ЗША. У 1957 эмігрыраваў.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМА́ЛЬ (Бабрак) (н. 26.1.1929, каля Кабула),

афганскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адзін з заснавальнікаў і чл. Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА). Пасля ўводу сав. войск у Афганістан (снеж. 1979) старшыня рэв. савета (1979—86), ген. сакратар НДПА (1979—86) і прэм’ер-міністр Афганістана (1979—81).

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛГА́НІН (Мікалай Аляксандравіч) (11.6.1895, Ніжні Ноўгарад — 27.2.1975),

савецкі дзярж. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1947—58). З 1937 старшыня СНК РСФСР, з 1938 нам. старшыні СНК СССР. У Вял. Айч. вайну чл. ваен. саветаў шэрагу франтоў, з 1944 чл. Дзярж. к-та абароны і нам. наркома абароны; з 1947 нам. старшыні Савета Міністраў і адначасова ў 1947—49 міністр Узбр. Сіл, у 1953—55 міністр абароны СССР. У 1955—58 старшыня Савета Міністраў СССР. Чл. ЦК КПСС у 1934—61; чл. Палітбюро, Прэзідыума ЦК у 1948—58. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—62. За ўдзел у т.зв. «антыпартыйнай групе» (В.​М.​Молатаў, Л.​М.​Кагановіч, Г.​М.​Малянкоў і інш.) у 1958 выведзены са складу Прэзідыума ЦК КПСС і вызвалены ад абавязкаў старшыні СМ СССР.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІ́СЛІНГ ((Quisling) Відкун) (18.7.1887, г. Фюрэсдаль, Нарвегія — 24.10.1945),

нарвежскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат, лідэр нарв. фашыстаў. Прафес. вайсковец. У крас.снеж. 1918 ваен. аташэ ў Петраградзе, у 1920—21 — у Хельсінкі. У 1922—26 удзельнік акцый Ф.Нансена па аказанні гуманіт. дапамогі СССР, у 1927—29 член нарв. дэлегацыі ў Маскве. У 1931—33 ваен. міністр Нарвегіі. З 1931 у фаш. руху, у 1933 заснаваў нарв. фаш. партыю «Нац. аб’яднанне». У 1939 выступаў за прэвентыўную акупацыю краіны герм. войскамі. Пасля акупацыі Нарвегіі з крас. 1940 да вер. 1941 старшыня нарв. адм. савета, у 1942—45 прэм’ер-міністр нарв. калабарацыянісцкага ўрада; жорстка праследаваў апазіцыю. Пасля капітуляцыі герм. войск у Нарвегіі (7.5.1945) арыштаваны 9.5.1945. Пакараны смерцю паводле прыгавору нарв. суда. Імя К. стала сінонімам дзярж. здраднікаў.

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ-І-МАРГА́ЛЬ ((Pí-y-Margall) Франсіска) (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),

іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп. руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 міністр унутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам і інш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).

т. 12, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛКІО (Alkio; сапр. Філандэр; Filander) Сантэры

(17.6.1862, мяст. Лайхія — 24.7.1930),

фінскі грамадскі дзеяч, пісьменнік. Пачынальнік сельскага асв. маладзёжнага руху (1888). Адзін з заснавальнікаў партыі Аграрны саюз (1906). У 1919—20 міністр сац. спраў. Дэп. сейма ў 1907—22. Аўтар раманаў і апавяданняў пра сялянскі побыт паўн. Фінляндыі.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БЕРДЗІ́Н, Эбердзін (Aberdeen) Джордж Гамільтан Гордан (28.1.1784, г. Эдынбург — 14.12.1860), англійскі паліт. дзеяч. Адзін з лідэраў партыі торы, з 1850 лідэр пілітаў. У 1852—55 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада, які ўключаў прадстаўнікоў торы, пілітаў, вігаў, ірл. лібералаў. У 1854 урад Абердзіна аб’явіў вайну Расіі (гл. Крымская вайна 1853—56).

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЗРАЭ́ЛІ ((Disraeli) Бенджамін) (21.12.1804, Лондан — 19.4.1881),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, пісьменнік.

Лорд Бікансфілд (з 1876). Сын пісьменніка І.​Дызраэлі. У 1837—76 дэп. палаты абшчын ад партыі торы (з 1846 кіраўнік фракцыі). Міністр фінансаў у 1852, 1858—59, 1866—68; распрацаваў і ажыццявіў праект выбарчай рэформы (1867). Значная яго роля ў пераўтварэнні партыі торы ў Кансерватыўную партыю Вялікабрытаніі (з 1868 яе лідэр). Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ў 1868 і 1874—80. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, накіраваную на пашырэнне тэр. і ўплыву Брыт. імперыі, у т. л. ў зоне Суэцкага канала (1875). Удзельнічаў у Берлінскім кангрэсе 1878. Аўтар раманаў і навел пра брыт. грамадства: «Вівіян Грэй» (1826—27), «Кантарыні Флемінг» (1832), «Сібіла, або Дзве нацыі» (1845), «Эндыміён» (1880) і інш.

Літ.:

Трухановский В.Г. Бенджамин Дизраели // Вопр. истории. 1990. № 2.

Н.​К.​Мазоўка.

Б.Дызраэлі.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НШЭР ((Genscher) Ганс Дзітрых) (н. 21.3.1927, г. Гале, Германія),

палітычны і дзярж. дзеяч ФРГ, дыпламат. Адвакат. У 1945 служыў у вермахце, быў у амер. і брыт. палоне. З 1946 чл. Ліберальна-дэмакр. партыі Германіі. Вучыўся ў Лейпцыгскім (да 1949) і Гамбургскім ун-тах. Пасля расколу Германіі (1949) жыў у ГДР, у 1952 перасяліўся ў ФРГ. З 1952 чл. Свабоднай дэмакр. партыі (СвДП), у 1974—85 яе федэральны старшыня. У 1969—74 міністр унутр. спраў ва ўрадзе В.Бранта. У 1974—92 міністр замежных спраў і нам. федэральнага канцлера (віцэ-канцлер) ва ўрадах Г.Шміта і Г.Коля. Дыпламатычна садзейнічаў палітыцы разрадкі ў адносінах паміж Усходам і Захадам, аб’яднанню Германіі ў 1990, прызнанню ў 1991—92 новых незалежных еўрап. дзяржаў (краін Балтыі, б. рэспублік Югаславіі) і інш. Дэп. бундэстага (з 1965). Ганаровы старшыня СвДП.

У.​Я.​Калаткоў.

Г.​Дз.Геншэр.

т. 5, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМБА́Л (Pombal) Себасцьян Жазэ дэ Карвалу э Мелу

(de Carvalho e Mello; 13.5.1699, r. Соры, Партугалія — 8.5.1782),

партугальскі дзярж. дзеяч, найб. значны прадстаўнік асветнага абсалютызму ў Партугаліі. Граф Аейрас (1755), маркіз П. (1770). Напачатку на дыпламат. службе. З 1750 міністр замежных спраў, з 1756 прэм’ер-міністр пры каралю Жазэ I [1750—77]. Упарадкаваў фінансы, школьную, суд. і ваен. справы, абмежаваў дзейнасць інквізіцыі, увёў рэліг. талерантнасць, садзейнічаў аднаўленню Лісабона пасля землетрасення 1755. Дамогся выгнання з Партугаліі і яе калоній езуітаў (1759). Каб вызваліць краіну з-пад залежнасці ад брыт. гандлю, спрыяў гандлю Партугаліі з яе калоніяй Бразіліяй. У 1773 скасаваў рабства ў Партугаліі і даў індзейцам Бразіліі намінальна роўныя правы з партугальцамі. Рэформы П. суправаджаліся абмежаваннем правоў дваран і царквы на карысць цэнтралізацыі дзярж. улады. У 1777 пры каралеве Марыі I [1777—1816] праціўнікі П. дамагліся яго адстаўкі і скасавання яго рэформ.

т. 12, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)