ГАРА́ЧКІН (Васіль Прохаравіч) (29.1.1868, в. Выкса Ніжагародскай вобл., Расія — 21.9.1935),
рускі вучоны, заснавальнік навукі пра с.-г. тэхніку. Акад. УАСГНІЛ (1932); ганаровы чл.АНСССР (1932). Скончыў Маскоўскія ун-т (1890) і вышэйшае тэхн. вучылішча (1894). З 1913 кіраваў арганізаванай ім машынавыпрабавальнай станцыяй пры Маскоўскім с.-г. ін-це. У 1919—20 рэктар Пятроўскай (цяпер Ціміразеўская) с.-г. акадэміі, у 1929 дырэктар, потым кансультант Усесаюзнага ін-та с.-г.механікі (пазней — с.-г. машынабудавання). Распрацаваў тэарэт. асновы разліку і пабудовы с.-г. машын і прылад, метады іх эксперым. даследаванняў.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. 2 изд. М, 1968.
Літ.:
Дубровский А.А. Академик В.П.Горячкин: Биогр. очерк. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІРА́КА ЎРАЎНЕ́ННЕ,
квантава-механічнае рэлятывісцкае хвалевае ўраўненне руху для свабодных элементарных часціц са спінам 1/2. Уведзена П.Дзіракам (1928) для апісання 1-й элементарнай часціцы — электрона, які падпарадкоўваецца адначасова законам квантавай механікі і спец.адноснасці тэорыі.
На падставе Дз. ў. прадказана 13-я антычасціца — пазітрон і дадзена тэарэт. абгрунтаванне спіна. Дз. ў. дало пачатак агульнай тэорыі рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў 1-га парадку ва універсальнай матрычнай форме (гл.Праектыўных аператараў метад). Выкарыстоўваецца для апісання лептонаў і кваркаў як першасных крыніц узаемадзеяння элементарных часціц (гл.Квантавая электрадынаміка, Квантавая хромадынаміка).
Літ.:
Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;
Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Валерый Паўлавіч) (н. 3.8.1941, в. Баравое Кемераўскага р-на, Расія),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-ртэхн.н. (1989), праф. (1990). Скончыў Ленінградскі ін-т дакладнай механікі і оптыкі (1964). З 1966 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, н.-д. і праектна-тэхнал. ін-це арганізацыі і тэхнікі кіравання СССР. З 1975 у выліч. цэнтрах Мінкамгаса і Мінбыта БССР, Ін-це эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. З 1990 у БДУ. Навук. працы па метадах і прыладах неразбуральнага кантролю цеплафіз. уласцівасцей матэрыялаў. Распрацаваў новыя метады рашэння ўраўнення цеплаправоднасці пры змешаных гранічных умовах.
Тв.:
Двумерные осесимметричные нестационарные задачи теплопроводности. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІЧАСЦІ́ЦЫ,
элементарныя ўзбуджэнні, з дапамогай якіх у статыстычнай фізіцы апісваюць станы вадкасцей і цвёрдых цел. Напр., кванты гукавых ваганняў крышталічнай рашоткі (фаноны), кванты спінавых хваль у ферамагнетыках (магноны). Маюць цэлы або паўцэлы спін. Паводзіны К. вызначаюцца законамі квантавай механікі.
Паняцце «К.» ўзнікае ў сувязі з квантава-мех. апісаннем калектыўнага руху атамаў у рэчыве (іх нельга атаясамліваць з рэальнымі часціцамі). Паводле карпускулярна-хвалевага дуалізму элементарныя ўзбуджэнні можна апісваць як К., якія рухаюцца ў целе і маюць пэўныя энергіі, імпульсы і спіны. Пры нізкіх т-рах узбуджаныя станы цела апісваюцца невялікім лікам устойлівых К., якія слаба ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і іх сукупнасць можа разглядацца як ідэальны газ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́СА ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,
лінейнае функцыянальнае пераўтварэнне, якое пераводзіць функцыю f(t) сапраўднай пераменнай t (арыгінал) у функцыю F(s) камплекснай пераменнай (вобраз). Цесна звязана з Фур’ё пераўтварэннем. Выкарыстоўваецца для інтэгравання дыферэнцыяльных ураўненняў у задачах электратэхнікі, гідрадынамікі, механікі, тэорыі цеплаправоднасці.
Дазваляе зводзіць рашэнне, напр., звычайнага лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўнення з пастаяннымі каэфіцыентамі да рашэння алг. ўраўнення 1-й ступені. Аднабаковае Л.п. матэматычна выражаецца праз інтэграл Лапласа
(інтэгралы такога віду разглядаліся П.С.Лапласам у працах па тэорыі імавернасцей у 1812, адсюль назва) Пры пэўных абмежаваннях на функцыю F(s) функцыя f(t) узнаўляецца адназначна па формулах абарачэння. Л.п. разам з яго абарачэннем складае аснову аперацыйнага злічэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Сяргей Аляксеевіч) (2.11.1902, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 3.7.1974),
сав. вучоны ў галіне электратэхнікі і вылічальнай тэхнікі. Акад.АНСССР (1953) і АН УССР (1945). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928). Працаваў ва Усесаюзным электратэхн. ін-це, у 1946—51 дырэктар Ін-та электратэхнікі АН УССР, у 1953—73 дырэктар Ін-та дакладнай механікі і вылічальнай тэхнікі АНСССР. Навук. працы па праблемах устойлівасці і аўтаматызацыі энергет. сістэм, вылічальнай тэхніцы, тэорыі лічыльных прыстасаванняў. Пад яго кіраўніцтвам у 1950 створана першая ў СССРЭВМ «МЭСМ», шэраг хуткадзейных ЭВМ. Ленінская прэмія 1966, Дзярж. прэміі СССР 1950, 1969. У 1977 АН УССР устанавіла прэмію імя С.А.Лебедзева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯПУНО́Ў (Аляксандр Міхайлавіч) (6.6.1857, г. Яраслаўль, Расія — 3.11.1918),
расійскі матэматык і механік. Акад. Пецярбургскай АН (1901, чл.-кар. 1900). Брат Б.М.Ляпунова і С.М.Ляпунова. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1880). У 1885—1902 у Харкаўскім ун-це, з 1902 у Пецярбургу. Навук. працы па механіцы, гідрадынаміцы, метадах якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыі імавернасцей, тэорыі формы планет і інш. пытаннях тэарэт.механікі, матэматыкі і астраноміі. Стварыў строгую тэорыю ўстойлівасці раўнавагі і руху мех. сістэм, якія вызначаюцца канечным лікам параметраў, распрацаваў тэорыю фігур раўнавагі вадкасці, якая верціцца, і ўстойлівасці гэтых фігур. Даказаў цэнтр. лімітную тэарэму тэорыі імавернасцей (Ляпунова тэарэма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МА́СА—СВЯЦІ́ЛЬНАСЦЬ» ДЫЯГРАМАў астраноміі,
залежнасць паміж масамі зорак і іх свяцільнасцямі. Тэарэтычна прадказана А.Эдынгтанам у пач. 20 ст. На аснове законаў нябеснай механікі вызначаны масы некаторых зорак, якія ўваходзяць у склад падвойных зорак. Для іх выяўлена эмпірычная залежнасць паміж масай і баламетрычнай свяцільнасцю: Lbol=M3,9, дзе L — свяцільнасць зоркі, М — яе маса. З формулы вынікае, што ў верхняй частцы галоўнай паслядоўнасці (гл.Герцшпрунга—Рэсела дыяграма) знаходзяцца самыя масіўныя зоркі з масамі, у дзесяткі разоў большымі за сонечную. Выкарыстанне «М.—с.» д. дае магчымасць па вядомай свяцільнасці вызначаць масы адзіночных зорак, для якіх гэта нельга зрабіць з непасрэдных назіранняў.
А.А.Шымбалёў.
«Маса—свяцільнасць» дыяграма для зорак галоўнай паслядоўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШКІН (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 12.5.1948, г. Іванава, Расія),
бел. вучоны ў галіне трыбатэхнікі. Д-ртэхн.н. (1985), праф. (1991). Скончыў Іванаўскі энергет.ін-т (1971). З 1977 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН Беларусі (з 1992 заг. аддзела). Навук. працы па механіцы і фізіцы кантакту, тэхн. дыягностыцы зношвання вузлоў трэння машын. Стварыў новы клас дыягнастычных прыбораў — оптыка-магн. дэтэктары часцінак зносу канстр. матэрыялаў у сістэмах змазкі.
Тв.:
Акустические и электрические методы в триботехнике. Мн., 1987 (у сааўт.);
Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991 (разам з А.У.Белым, Г.Дз.Карпенкам);
Магнитные жидкости в машиностроении. М., 1993 (разам з Дз.В.Арловым, Ю.А.Міхалёвым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАНДТЛЬ ((Prandtl) Людвіг) (4.2.1875, г. Фрайзінг, Германія — 15.8.1953),
нямецкі вучоны ў галіне механікі, адзін са стваральнікаў эксперым. аэрадынамікі. Скончыў вышэйшае політэхн. вучылішча ў Мюнхене (1899). З 1904 праф. Гётынгенскага ун-та, у 1925—47 дырэктар Ін-та гідрааэрадынамікі (г. Гётынген). Навук. працы па тэорыі пругкасці і пластычнасці, гідрааэрамеханіцы, газавай дынаміцы, дынамічнай метэаралогіі. Увёў уяўленне аб пагранічным слоі і адрыўным цячэнні пры абцяканні цел. Выканаў фундаментальныя даследаванні турбулентнага цячэння ў трубах, турбулентнасці свабоднай атмасферы і звышгукавога выцякання газаў, увёў крытэрый падобнасці пры цеплаперадачы (лік П.) у рухомых патоках вадкасцей і газаў.
Тв.:
Рус.пер. — Гидроаэромеханика. 2 изд. М., 1951.
Літ.:
Лойцянский Л.Г. Механика жидкости и газа. 5 изд. М., 1978.