Калі́бр (Сержп.: чэрці ўсялякага калібру); калибиръ ’размер’ (Нас.). Відавочнае запазычанне, фанетычны крытэрый не вельмі пераканаўчы, паколькі такая форма магла натуральна ўтварыцца на бел. глебе з першаснага калібр, гэта дазваляе меркаваць, што запазычана з польск. kaliber ’памер, велічыня’. Польск. слова хутчэй за ўсё да ням. Kaliber, якое з італ. calibro, а гэта з араб. kâlib. Аднак і арабская лексема ўзыходзіць да грэч. καλοπόδιον ’форма, узор’, гл. Фасмер, 2, 166.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кандалы́ ’абутак на драўлянай падэшве’ (паст., Сл. паўн.-зах.; ТС; Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). З рус. кандалы ’кайданы’ — паводле падабенства: у такім абутку ідучы, чалавек моцна грукае аб падлогу, як у кайданах. Рус. лексема кандалы (са ст.-рус. кайданы, койдалы, кандалы), дыял. кайданы, кайдалы — у выніку распадабнення й…н > н…л > суч. рус. кандалы́) < з араб. qajdāni парны лік ад qajd ’завязка’ праз тур. kajd ’завязка’ (Фасмер, 2, 23–24, 178).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паспыта́ць ’паспрабаваць на смак’ (Бяльк., Касп., Бір.), паспы́так ’каштаванне, ці смачна’ (КЭС, лаг.; Нас.). Укр. поспита́ти ’пакаштаваць’, балг. опи́там ’паспрабаваць на смак ежу, напой’, н.-луж. pospytaś ’трохі паспрабаваць’, в.-луж. pospytować ’праводзіць доследы’. У іншых слав. мовах гэта лексема звязана са значэннем ’пытацца’, ’прасіць’, ’шукаць’, ’рабіць прапанову’. Да спытаць < пыта́ць < прасл. pytati/pitati з першасным значэннем ’кроіць, рэзаць, сячы’, г. зн. ’адразаючы, адсякаючы, даведвацца пра гэты прадмет’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бес ’чорт’. Гэта слова зафіксавана толькі ў Інстр. II, 115. Нас., Касп., Шат. і іншыя слоўнікі яго не знаюць. Таму можна меркаваць, што на беларускай тэрыторыі яго няма. Таксама не прыводзіць беларускага слова і Трубачоў, Эт. сл., 1, 88–91. Паколькі прасл. běsъ з (і вытворныя) вельмі архаічная лексема, адсутнасць яе ў бел. мове сведчыць аб даволі ранняй яе замене лексемай čьrtъ. Да складанай праблематыкі, звязанай з běsъ, гл. Трубачоў, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ві́льгаць ’сырасць, макрата; вада, вадкасць’ (БРС, КТС, Нас.; КЭС, лаг.; Мал., Бяльк., Шат., Касп.); ’адліга’ (Нас.). Укр. ві́льгість ’вільгаць, сырасць’. Лексема запазычана з польск. wilgoć ’тс’ (Шатэрнік, 46; Пальцаў, Лекс. і грам., 38; Цвяткоў, 60) ці дакладней са ст.-польск.: ст.-бел. вилкость (з XV ст.) ст.-польск. wilkość (Карскі, Труды, 310). У сучаснай бел. мове маецца вельмі шмат новаўтварэнняў з пачатковым вільгаць‑: вільгатнець, вільгацеабмен, вільгацеаддача, вільгацелюбівы, вільгацепадʼёмны, вільгаціць, вільгацеёмістасць, вільгацястойкі, вільгацяўстойлівы і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
До́ждж ’дождж’ (БРС). Рус. дождь, укр. дощ, польск. deszcz, серб.-харв. да̏жд, ст.-слав. дъѫдь. Прасл. *dъždžь (агляд форм у слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 195–196). Вядомая этымалогія: < *dus‑ di̯u‑ ’дрэннае неба, дрэнны дзень’ (агляд версій гл. у Трубачова, там жа; Фасмера, 1, 521–522), паводле Трубачова, не з’яўляецца надзейнай. Трубачоў (там жа, 196) мяркуе, што прасл. лексема хутчэй за ўсё прасл. інавацыя (можа, гукапераймальнага характару: параўн. літ. duzgė́ti ’шумець’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ліпо́та ’добрае надвор’е’ (навагр., Сцяшк. Сл.). Укр. ліпота́ ’прыгажосць’, ст.-рус. лѣпота ’тс’, ’прыстойнасць’, рус. арханг. лепота́ ’прыгожая знешнасць’, ’мажносць’, паўн.-дзвін. ’гліністая гразь’, ’сырое надвор’е, калі да колаў прыліпае гразь, а да палазоў — снег’, серб.-харв. љепо̏та, ст.-слав. лѣпота ’прыгажосць’. Абстрактнае ўтварэнне з суфіксам ‑ota ад прасл. lěpъ, якое да і.-е. *loi̯p‑os ’той, хто лепіцца, прыліпае’ < *lei̯p‑ ’намазаная маззю, ляпіць’. Бел. лексема — з лепо́та ’прыгажосць’, семантыка якога канкрэтызавалася.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Моняла, мо́няло ’марудны чалавек’ (драг., стол., Нар. лекс.), монятысь ’павольна рабіць’ (драг., Лучыц-Федарэц), укр. монятися ’мяцца, марудзіць, кешкацца’, рус. алан. моньжа ’вялы, хілы, хворы’, ’маруда’, ’п’яны чалавек’, арх. моня ’непаваротлівая, ціхая дзяўчына’. Няясна. Фасмер (2, 651) дапускае, што, магчыма, слова паходзіць ад імя Моня < Митрофан. Непераканаўча. Магчыма, што лексема моня паходзіць з народных вераванняў. Параўн. літ. mõnas ’лясун’, mõnai ’чары’ і іншыя слав.: польск. zmora, паўд.-слав. mora, бел. мана́ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мінарэт ’вежа мячэці’ (ТСБМ). У літар. бел. мову прыйшло з польск. minaret або з рус. минарет, якія (праз ням. Minarett ці франц. minaret) прыйшлі з тур. minare < араб. mināra ’мінарэт’, — першапачаткова manāra ’месца, дзе гарыць агонь або ёсць святло, маяк’ (Фасмер, 2, 623). Аднак ёсць тур. minaret ’месца на вежы, з якога муэдзін ззывае на малітву’. Відавочна, лексема магла б быць вядомай у бел. гаворках тых населеных пунктаў, дзе пражывалі бел. татары.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пе́дарка ’божая кароўка’ (ст.-дар., Жыв. НС), педу́рка‑се́дурка (кам., Шатал.; З жыцця, 166; ЛА, 1) — вынік трансфармацыі асновы *bedr‑, першапачаткова прыметніка *bedrъ, утворанага ад дзеяслоўнай асновы *bed‑/*bod‑ ’калоць’, гл. бадаць 1; у адносінах да божай кароўкі можна гаварыць пра значэнне ’наколаты, пакрыты сямю кропкамі’. Лексема ўзнікла ў выніку другасных асэнсаванняў у сувязі з імёнамі людзей — у дадзеным выпадку Фёдар/Пётр і Сідар. Гл. таксама федарка, петра-паўла (Трубачоў, Эт. сл., 1, 180–182).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)