РАЗЗБРАЕ́ННЕ,

сукупнасць мерапрыемстваў па спыненні гонкі ўзбраенняў, абмежаванні, скарачэнні і ліквідацыі ракетна-ядзернай зброі і інш. сродкаў вядзення войнаў.

З часоў старажытнасці мэтай чалавецтва з’яўляўся мір без узбр. насілля; у больш позні час — усеагульнае і поўнае Р., якое прадугледжвала б роспуск усімі дзяржавамі свету ўзбр. сіл, скасаванне вайск. устаноў, спыненне вытв-сці і ліквідацыю ўсіх відаў узбраенняў і інш.

У наш час Р. — адна з найб. глабальных праблем чалавецтва. Асаблівую небяспеку выклікае ўзмацненне мілітарызму, вытв-сць, накапленне і распаўсюджанне зброі масавага знішчэння: тэрмаядзернай, біялагічнай, хім., а таксама зброі, заснаванай на новых фізічных прынцыпах (напр., прамянёвая зброя, пучковая зброя, нейтронныя боепрыпасы і інш.). Праблема Р. дэкларуецца ў Статуце ААН, разглядаецца ў шэрагу міжнар. дакументаў: Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), Канвенцыя аб забароне бактэрыялагічнай (біялагічнай) зброі (1972), Дагавор аб абмежаванні сістэм проціракетнай абароны (1972); Выніковы акт Хельсінкскага пагаднення (1992) і інш. Іх выкананне значна памяншае патэнцыял мілітарызму ў шэрагу краін. Рэспубліка Беларусь у ліку першых ажыццявіла ракетна-ядзернае Р., скараціла значную ч. сучаснай ваен. тэхнікі і ўзбраенняў, выступіла з ініцыятывай стварэння ва Усх. і Цэнтр. Еўропе зоны, свабоднай ад ядзернай зброі (1996).

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМА́Т (ваен.),

ручная аўтаматычная агнястрэльная зброя для стральбы чэргамі або адзіночнымі стрэламі. Мае здымны (аддымны) магазін ёмістасцю 20 патронаў і больш, высокую скарастрэльнасць, невял. габарыты і масу, аснашчаецца штыком-нажом для вядзення рукапашнага бою і рэзання дроту.

Першы аўтамат створаны ў Расіі У.​Р.​Фёдаравым і выкарыстаны ў 1916. У Вял. Айч. вайну аўтаматам звычайна называліся пісталеты-кулямёты (напр., ППШ, ППС і інш.). У арміях краін СНД пераважаюць аўтаматы канструкцыі М.​Ц.​Калашнікава (АК, АКМ, АК74), якія маюць калібр 5,45—7,62 мм, масу 3,3—4,3 кг, тэмп стральбы 600 выстралаў за мін, баявую скарастрэльнасць кароткімі чэргамі да 100, адзіночнымі стрэламі да 40 выстралаў за мін, далёкасць агню 400 м, прыцэльную далёкасць да 1000 м. Для знішчэння групавых цэляў аўтамат аснашчаецца падствольным гранатамётам, які дае магчымасць весці стральбу асколачнымі гранатамі калібру 30—40 мм на адлегласці да 300—400 м. Такую стралк. зброю маюць на ўзбраенні Узбр. Сілы Рэспублікі Беларусь.

Аўтамат ёсць на ўзбраенні армій многіх краін свету пад назвай універсальная або штурмавая вінтоўка, аблегчаная аўтам. вінтоўка з пакарочаным ствалом, напрыклад у ЗША аўтам. вінтоўка, у Англіі і ФРГ — пісталет-кулямёт і інш.

Аўтамат канструкцыі М.​Ц.​Калашнікава: 1 — з драўляным прыкладам (АКМ); 2 — 3 прыкладам, які складваецца (АКМС).

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНЫ КАРАБЕ́ЛЬ, лінкор,

1) у ветразевым ваен. флоце 17—1-й пал. 19 ст. вял. драўляны 3-мачтавы карабель з 2—3 палубамі (дэкамі), 60—130 гарматамі. Вёў бой у кільватэрнай калоне (лініі — адсюль назва). Меў водазмяшчэнне 1—5 тыс. т, экіпаж да 800 чал. (гл. іл. да арт. Карабель ваенны).

2) У паравым браняносным флоце 1-й пал. 20 ст. вял. карабель (меншы толькі за авіяносец), прызначаны для знішчэння ў марскім баі караблёў усіх класаў і нанясення артыл. удараў на берагавых аб’ектах праціўніка.

З’явіўся пасля рус.-яп. вайны 1904—05 (упершыню пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1906, гл. Дрэдноўт). Меў водазмяшчэнне 20—65 тыс. т, 70—150 гармат, экіпаж 1500—2800 чал. Страціў значэнне пасля 2-й сусв. вайны з павелічэннем ролі падводнага флоту, авіяцыі і ракетнай зброі. У ВМС ЗША захаваліся 4 Л.к. пабудовы 1940-х г. тыпу «Аява», якія маюць артыл. і ракетнае ўзбраенне (у т. л. «Місуры», на якім 2.9.1945 падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі ў 2-й сусв. вайне).

Літ.:

Михайлов М.А., Баскаков М.А. Фрегаты, крейсеры, линейные корабли. М., 1986;

Данилов А.М. Линейные корабли и фрегаты русского парусного флота. Мн., 1996.

У.​Я.​Калаткоў.

Адзін з лінейных караблёў ЗША тыпу «Аява» — лінкор «Місуры».

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. militaris ваенны),

сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен.-прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.

Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т. л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн. чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння1/3 насельніцтва і ​1/2 прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал. чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.

Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.

Літ.:

Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;

Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;

История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;

Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.

Р.​Ч.​Лянькевіч, В.​М.​Пташнік.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІР МІЖНАРО́ДНЫ,

стан адносін паміж дзяржавамі, якія міждзярж. спрэчкі і канфлікты вырашаюць мірнымі сродкамі і ў сваёй знешняй палітыцы адмаўляюцца ад выкарыстання ўзбр. сілы. Перадумовай М.м. з’яўляецца добрасумленнае выкананне дзяржавамі норм міжнар. права і дагаворных абавязацельстваў. Прырода міру, як і вайны, вызначаецца гіст. ступенню развіцця грамадства, палітыкай дзяржаў і інтарэсамі сац.-паліт. сіл, якія ў пэўных абставінах маюць вырашальны ўплыў на фарміраванне дзярж. палітыкі. Ідэя ўстанаўлення міру ў адносінах паміж народамі нарадзілася ў старажытнасці, распрацоўваецца ў розных кірунках на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва і адлюстроўвае асаблівасці кожнай гіст. эпохі. У стараж. Кітаі і ант. Грэцыі паявіліся першыя вядомыя творы-утопіі антываен. характару, а таксама разважанні вучоных аб М.м. Аднак у рабаўладальніцкім грамадстве нават выдатныя прадстаўнікі грамадскай думкі прызнавалі ідэю М.м. толькі адносна ўласнага народа. Паводле Арыстоцеля, напр., М.м. датычыць выключна элінаў і іх дзяржаў-полісаў і не пашыраецца на «варварскія» народы і дзяржавы. У перыяд феадалізму ідэя М.м. накіравана супраць феад. раздробленасці, феад.-дынастычнай арг-цыі грамадства, панавання клерыкалаў і міжусобных войнаў паміж феадаламі. У 16—18 ст. паяўляюцца шматлікія трактаты з асуджэннем вайны і прапановамі стварэння агульнаеўрап. або сусв. арг-цый з мэтай мірнага вырашэння канфліктаў паміж дзяржавамі. Сярод іх аўтараў Эразм Ратэрдамскі, С.​Франк, Я.​Каменскі, Ш.​Сен-П’ер і інш. Заснавальнік навукі міжнар. права Г.​Гроцый развіваў ідэі гуманізацыі войнаў і прававога рэгулявання адносін паміж дзяржавамі ў інтарэсах міру. Франц. утапічныя камуністы (Марэлі, Г.​Маблі) прапанавалі радыкальны праект ліквідацыі войнаў у працэсе перабудовы грамадства на аснове адмовы ад прыватнай уласнасці і яе абагульнення. Сучаснае па сваёй сутнасці навук. разуменне праблемы М.м. выкладзена ў філасофіі І.​Канта, які распрацоўваў ідэю аб неабходнасці векавечнага міру на Зямлі і яго безальтэрнатыўнасці, таму што дыялектыка развіцця вайны можа прывесці чалавецтва да самагубства. Гарантыю міру і бяспекі Кант бачыў не ў збройнай магутнасці дзяржаў, а ў саюзе народаў, панаванні іх агульнай волі і права, чаму павінна адпавядаць і знешняя палітыка дзяржаў. У 1820-я г. ў Еўропе ўзнік пацыфісцкі рух, у праграму яго ўвайшло патрабаванне аб гуманізацыі войнаў, якое было ўлічана ў адпаведных міжнар. канвенцыях. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму звязвалі М.м. з аб’яднаннем рабочага класа ў міжнар. маштабах, сацыяліст. рэвалюцыяй і ўстанаўленнем дыктатуры пралетарыяту, барацьбой супраць мілітарызму і практычнымі мерамі ў галіне скарачэння зброі і ўмацавання міжнар. бяспекі; гэтыя палажэнні знайшлі адлюстраванне ў знешняй палітыцы сацыяліст. дзяржаў, дзейнасці міжнар. руху прыхільнікаў міру. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з шэрагам гіст. фактараў, якія аб’ектыўна спрыяюць адзінству чалавецтва, і існаваннем найноўшых тыпаў зброі масавага знішчэння праблема М.м. стала адной з гал. глабальных праблем чалавецтва. Канструктыўны падыход да яе прадугледжвае забарону зброі масавага знішчэння, наладжванне калект. бяспекі, развіццё мірнага супрацоўніцтва дзяржаў.

Літ.:

Проблемы мира и социального прогресса в современной философии. М., 1983;

Климатические и биологические последствия ядерной войны. М., 1986.

В.​У.​Боўш.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1943,

паўстанне вязняў Варшаўскага гета супраць ням.-фаш. акупац. улад у крас.ліп. 1943 у 2-ю сусв. вайну. Пачалося 19 крас. па ініцыятыве падп. Яўрэйскага нац. к-та, Яўр. баявой арг-цыі і Яўр. вайск. саюза ў адказ на спробу фашыстаў вывезці насельніцтва гета ў лагеры знішчэння. На 1-м этапе (да 23 крас.) каля 3 тыс. паўстанцаў (узначальваў М.​Анялевіч), узброеных самаробнай і перададзенай польск. падп. арг-цыямі зброяй, вялі ўпартыя вулічныя баі з намнога большымі сіламі ням. паліцыі і СС, якія адразу пасля ўварвання ў гета падпалілі яго. 24 крас. — 9 мая паўстанцы праводзілі асобныя баявыя аперацыі. Пасля 10 мая асобныя дробныя групы абараняліся ў руінах спаленых дамоў, у скляпах і каналах. Паўстанцаў падтрымлівалі і пастаўлялі ім зброю групы Арміі Краёвай, Гвардыі Людовай, Нар. міліцыі і Баявой сацыяліст. арг-цыі, дзякуючы якім на заключным этапе ўзбр. выступлення з гета выведзены некалькі ўцалелых груп. Паводле ням. даных, у баях загінулі каля 7 тыс. паўстанцаў, каля 6 тыс. згарэлі ў час пажараў і загінулі пад руінамі дамоў, больш за 50 тыс. вывезены і знішчаны ў канцлагеры Трэблінка. Пасля задушэння паўстання (сярэдзіна ліп.) раён гета знішчаны. На месцы гета помнік Героям гета (скульптар Н.​Рапапорт, арх. Л.​М.​Сузін).

Літ.:

Mark B. Powstanie w getcie warszawskim. Warszawa, 1963;

Gutman I. Żydzi warszawscy, 1939—1943. Warszawa, 1993.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАКТЫВА́ЦЫЯ (ад дэз... + лац. activus дзейны, актыўны),

выдаленне радыеактыўных рэчываў з паверхні розных аб’ектаў: глебы, будынкаў і збудаванняў, зброі, тэхнікі, адзення, прадуктаў харчавання і інш.; адно з мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў аварый, звязаных з выкідамі радыеактыўных рэчываў або выкарыстаннем ядз. боепрыпасаў. Абясшкоджванне ад радыеактыўных рэчываў вадкіх і газападобных асяроддзяў наз. ачысткай. Вытворчая Д. ажыццяўляецца пры эксплуатацыі АЭС, у працэсе тэхнал. цыкла атрымання ядз. паліва, пры абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і зняцці АЭС з эксплуатацыі. Ступень забруджвання аб’ектаў вызначаецца дазіметрычнымі прыладамі.

Д. ўключае сукупнасць аперацый з выкарыстаннем сродкаў па выдаленні радыеактыўных забруджванняў з аб’ектаў або ізаляцыі іх паверхняў. У залежнасці ад агрэгатнага стану дэзактывуючага асяроддзя спосабы Д. падзяляюцца на вадкасныя, бязвадкасныя і камбінаваныя. Вадкасную Д. праводзяць струменем вады, дэзактывуючымі растворамі, мыццём ці экстракцыяй; бязвадкасную Д. — струменем газу або паветра, пылаадсмоктваннем, зняццем забруджанага слоя, ізаляцыяй забруджанай паверхні; камбінаваную Д. — праціраннем шчоткамі ці анучкамі, апрацоўкай парай, пакрыццём паверхні спец. плёнкамі, якія хутка зацвердзяваюць. Д. мясцовасці праводзіцца заглыбленнем забруджанага пласта грунту пры дапамозе глыбокага ўзворвання. Пасля Чарнобыльскай катастрофы Д. ажыццяўлялася ў шырокіх маштабах на тэр. прамысл. пляцоўкі АЭС і ў населеных пунктах. У зонах радыеактыўнага забруджвання Д. праводзіцца дзярж. спецыялізаванымі прадпрыемствамі на найб. важных і сацыяльна-значных аб’ектах (школы і дашкольныя ўстановы, бальніцы, месцы адпачынку і масавага знаходжання людзей, прамысл. прадпрыемствы і інш.) Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

У.​У.​Скурат.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮНКЕ́РКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1940 (кодавая назва «Дынама»),

марская эвакуацыя саюзных (брыт. экспедыцыйных, часткі франц. і бельг.) войск з раёна г. Дзюнкерк (Францыя) у Вялікабрытанію 26.5—4.6.1940 у 2-ю сусв. вайну. Праведзена пасля прарыву ням.-фаш. танк. злучэнняў да ўзбярэжжа Ла-Манша каля г. Абвіль (20 мая), у выніку чаго ў Паўн. Францыі і Бельгіі пад пагрозай знішчэння апынуліся 18 франц., 12 бельг., 10 брыт. дывізій, якія не здолелі злучыцца з асн. сіламі франц. арміі (знаходзіліся на Пд ад р. Сома). Пад націскам 43 герм. дывізій саюзныя войскі адышлі да Дзюнкерка і стварылі вакол яго абарончы плацдарм. 26 мая пачалася эвакуацыя брыт. экспедыцыйных сіл, а 28 мая (пасля капітуляцыі Бельгіі) — саюзных франц. і бельг. войск. Эвакуацыю прыкрывалі брыт. ВПС і саюзная зенітная артылерыя. Усяго 26 мая — 4 чэрв. на 860 розных (пераважна брыт.) суднах вывезена 278,8 тыс. чал. (з іх 139,8 тыс. англічан, 139 тыс. французаў і бельгійцаў), а з улікам вывезеных перад аперацыяй 59,3 тыс. англічан — больш за 338 тыс. чал. У Дз. а. англічане страцілі 68 тыс. чал., 302 самалёты, 224 караблі, французы — каля 60 суднаў, 40 тыс. чал. палоннымі і інш.; на беразе засталася баявая тэхніка саюзнікаў.

Літ.:

Черчилль У. Вторая мировая война: Пер. с англ. М., 1991. Кн. 1, т. 2 С 333—357.

Да арт. Дзюнкеркская аперацыя 1940. Набярэжная ў Дзюнкерку пасля эвакуацыі брытанскіх, французскіх і бельгійскіх войск.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБІЦЫ́ДЫ [ад лац. herba трава + ...цыд(ы)],

хімічныя рэчывы для знішчэння расліннасці. У залежнасці ад уласцівасцей бываюць гербіцыды суцэльнага дзеяння (знішчаюць усе расліны; выкарыстоўваюцца для ачысткі абочын дарог, чыгунак, аэрадромаў і інш.) і выбіральнага (селектыўнага) дзеяння (знішчаюць расліны аднаго віду — пераважна пустазелле; прыдатныя для хім. праполкі пасеваў с.-г. культур). Да гербецыдаў адносяцца таксама альгіцыды і арбарыцыды.

Паводле характару дзеяння на расліны адрозніваюць: кантактавыя, якія выклікаюць адміранне тканак раслін у месцы дакранання з імі; сістэмныя, здольныя перамяшчацца ад месца паглынання ў інш. часткі расліны і выклікаць яе гібель. Большасць гербецыдаў — арган. злучэнні розных класаў. Асн. групу гербецыдаў складаюць вытворныя хлорфенаксівоцатных к-т (напр., 2,4-дыхлорфенаксівоцатная к-та ці 2,4-Д, яе аналаг 2,4-ДМ), карбаматы і тыякарбаматы (ізапрапіл-N-фенілкарбамат ці ІФК, хлор-ІФК, карбін, бетанал), вытворныя мачавіны (метурын, дазанэкс), трыазіны (атразін, сімазін, мезараніл) і інш. Для павышэння актыўнасці гербецыдаў выкарыстоўваюць іх сумесі. Неабходная доза 1—8 кг/га, але ёсць гербецыды (круг, каўбой), для якіх дастатковая доза 100—400 мл/га.

Няправільнае выкарыстанне гербецыдаў прыводзіць да забруджвання глебы і вадаёмаў, гібелі раслін і жывёл, таму продаж і выкарыстанне гербецыдаў ва ўсіх краінах дапускаецца толькі з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў. На Беларусі ў спісе дазволеных гербецыдаў больш за 200 прэпаратаў.

Літ.:

Химические средства защиты. М., 1987;

Препараты для защиты растений [Список разрешенных препаратов в Беларуси]. Мн., 1995.

В.​П.​Дзеева.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНІШЧА́ЛЬНІК,

высокаманеўраны баявы самалёт для перахвату і знішчэння паветраных сродкаў нападу, паражэння малапамерных і рухомых наземных і надводных аб’ектаў. Можа выкарыстоўвацца для паветранай разведкі і мініравання з паветра. Радыус дзеяння больш за 700 км, скорасць да 3000 км/гадз, вышыня палёту да 30 км.

З. пачалі выкарыстоўваць у 1-ю сусв. вайну; першы паветраны бой і таран на З. ажыццявіў заснавальнік вышэйшага пілатажу П.​М.​Несцераў. У 2-ю сусв. вайну асн. відам З. быў аднамесны самалёт з поршневым рухавіком. Лепшымі З. былі: Як-3, Ла-7 (СССР), Me-109E (Германія), P-51 (ЗША). У 1940-я г. створаны рэактыўныя З., упершыню перавышана скорасць гуку. Лепшым З. быў МіГ-15. Сучасныя З. — рэактыўныя звышгукавыя усепагодныя, аснашчаныя ЭВМ, разнастайным прыцэльна-навігацыйным абсталяваннем, маюць высокадакладную зброю з радыёлакацыйнай, інфрачырвонай, тэлевізійнай, лазернай сістэмамі навядзення, а таксама бомбы, некіроўныя ракеты, пушкі. У краінах СНД З. падзяляюцца на франтавыя (уласна З.), З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі (у ВПС НАТО З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі аб’яднаны паняццем «тактычны З.»). Лепшыя З. 1990-х г.: МіГ-29, Су-27 (Расія), «Міраж-2000» (Францыя), F-15, F-16, F-18 (ЗША), «Тарнада» (ФРГ, Вялікабрытанія, Італія). Узбр. сілы Беларусі аснашчаны З. МіГ-29 і Су-27. Гл. таксама Авіяцыя.

Літ.:

Ильин В.Е., Левин М.А. Истребители. М., 1996.

А.​М.​Аўсянкін.

Знішчальнікі МіГ-29 і Су-27.

т. 7, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)