«КО́ТБУС»
(«Cottbus»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Праводзілася супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Бягомльскім, Плешчаніцкім, Халопеніцкім р-нах Мінскай і Лепельскім р-не Віцебскай абл. 20.5—21.6.1943 спец. карнымі часцямі СС, жандармерыяй, ахоўнымі войскамі, паліцыяй з падтрымкай рэгулярных войск з танкамі, артылерыяй і авіяцыяй (усяго больш за 80 тыс. чал.). Карнікі з мэтай знішчэння акружылі ў раёне Домжарыцкіх і Паліцкіх балот партыз. брыгады «Дзядзькі Колі», «Жалязняк», імя Кірава, але ў ноч на 19 чэрв. партызаны выйшлі з блакады, і ням. камандаванне спыніла аперацыю. У ходзе аперацыі карнікі загубілі каля 10 тыс. мясц. жыхароў, спалілі дзесяткі вёсак, у т. л. Ганцавічы (загубілі.145 чал.), Іканы (550 чал.), Новае Сяло (148 чал.) Бягомльскага р-на, Засоўе (235 чал.), Літвічы (118 чал.) Плешчаніцкага р-на, у г.п. Бягомль забілі 300 чал.; вывезлі ў Германію 6053 чал., захапілі 6500 галоў жывёлы, 684 т збожжа, 24 т бульбы і інш. с.-г. прадуктаў.
Літ.:
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995. С. 369—370.
т. 8, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)