Пу́пач ’грыб пеўнік стракаты’ (ТС), сюды ж пу́пачка ’ўсялякае уздуцце, бародаўка, пупышка’ (Шат.). Да пуп (гл.), параўн. рус. дыял. пупка ’невялікі белы бугорчык, пупырышак на мухаморы’, польск. pępek ’від грыба’, балг. пупавица ’порхаўка, Lycoperdon bovista’ і да т. п., усе з-за знешняга падабенства (пукатасць, лускаватая ці бугрыстая паверхня), параўн. БЕР, 5, 855; Махэк₂, 500.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЖЭМА́ЙТЭ [Žemaité; сапр. Бенюшавічутэ-Жымантэне
(Beniuseviciuté-Zymantiené)] Юлія (4.6.1845, маёнтак Букантэ, Плунгескі р-н, Літва — 7.12.1921),
літоўская пісьменніца. Друкавалася з 1894. Асн. тэматыка яе твораў — жыццё літ. вёскі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Цяжкі лёс літ. сялянства, бяспраўе жанчыны, самабытнасць вясковага побыту, рэліг. перажыткі па-мастацку асэнсаваны ў яе апавяданнях і аповесцях «Нявестка» (1896), «Пятрас Курмяліс» (1901), «Няшчасныя дзеці» (1903), «Ахвяра святому Юргісу» (1908) і інш. Яе творы адметныя каларытным апісаннем прыроды, побыту, звычаяў, знешняга аблічча герояў, аб’ектыўнай, з элементамі іроніі і камізму, апавядальніцкай манерай. Аўтар шматлікіх нарысаў, фельетонаў, публіцыст. артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Ж. пераклалі А.Клышка, Я.Скрыган.
Тв.:
Rastai. Sej. 1—6. Vilnius, 1956—57.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКЛЕ́Н (Coquelin),
Каклен-старэйшы Бенуа Канстан (23.1.1841, г. Булонь, Францыя — 27.1.1909), французскі акцёр і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1859—60). У 1860—92 (з перапынкам) у «Камеды Франсэз», адначасова ствараў уласныя трупы. З 1895 у т-ры «Рэнесанс», з 1897 узначальваў «Порт-Сен-Мартэн» у Парыжы. Творчасці ўласцівы высокая сцэн. культура, віртуознае валоданне мастацтвам моўнай характарыстыкі, майстэрства знешняга пераўвасаблення, вострая індывідуальнасць вобраза. Сярод лепшых роляў: Фігаро («Жаніцьба Фігаро», «Севільскі цырульнік» П.Бамаршэ), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана); іграў у камедыях Мальера, рамант. п’есах, выконваў драм. ролі ў творах сучаснай яму драматургіі.
Тв.:
Рус. пер. — Искусство актера. Л.;
М., 1937.
Літ.:
История западноевропейского театра. Т. 5. М., 1970.
т. 7, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДО́ЎСКІ ХАЛІФА́Т,
мусульманская дзяржава на Пірэнейскім п-ве ў 929—1031. Засн. апошнім эмірам Кардоўскага эмірата Абдарахманам III з дынастыі Амеядаў, які значна пашырыў і ўмацаваў тэр. дзяржавы і абвясціў сябе халіфам (929). Сталіца — г. Кордава. Быў цэнтралізаванай дэспатыяй, у якой панавалі араба-берберская і частка мясц. ісламізаванай знаці; аснову эканомікі складала буйное землеўладанне. Найб. росквіту дасягнуў у 2-й пал. 10 ст. (развіццё рамёстваў, сельскай гаспадаркі, суднабудавання і знешняга гандлю, рост гарадоў). Меў значныя армію і флот, якія атрымалі шэраг перамог над каралеўствам Леон і інш. хрысц. дзяржавамі на Пн паўвострава. Міжусобныя войны ў пач. 11 ст., што суправаджаліся спусташэннямі і разбурэннем многіх гарадоў, і спыненне ў 1031 дынастыі Амеядаў прывялі да распаду К.х.
т. 8, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОВАЗВАРО́Т,
цыркуляцыя крыві ў чалавека і жывёл, што забяспечвае абмен рэчываў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем. Апісаны англ. фізіёлагам У.Гарвеем (1628). Асн. функцыі сістэмы К.: транспарт рэчываў, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці (антыцелы, гармоны, вада, пажыўныя рэчывы, кісларод і інш.); адвядзенне метабалітаў (канчатковыя прадукты абмену, вуглякіслы газ, таксіны); гумаральная (праз вадкасць) сувязь органаў і тканак; абмен цяпла; адаптацыя арганізма да змены ўнутр. і знешняга асяроддзя; падтрыманне гамеастазу. Адрозніваюць вялікае (кантакт з органамі і тканкамі) і малое (лёгачнае, кантакт з навакольным асяроддзем) колы К. Забяспечвае працэсы жыццядзейнасці на 3 узроўнях: цыркуляцыя крыві ў сістэме (арганізм); органны К. (кровазабеспячэнне органаў і тканак); мікрацыркуляцыя — транскапілярны абмен (забеспячэнне метабалічнай функцыі сасудаў). Рэгуляцыя К. — нерв. і гумаральная.
А.С.Леанцюк.
т. 8, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́.
У Карыбскім м., усх. і паўд. часткі архіпелага Антыльскія астравы ў Вест-Індыі. Уключаюць: Віргінскія а-вы, Наветраныя і Падветраныя а-вы, в-аў Барбадас. Агульная пл. каля 14 тыс. км². Нас. каля 3,4 млн. чал. (1990). Для астравоў знешняга ланцуга (частка Віргінскіх а-воў, Антыгуа, Барбуда і інш.), якія абмывае Атлантычны ак., характэрны нізкія вапняковыя плато. Астравы ўнутр. ланцуга, якія акаймоўваюць з У Карыбскае м., складзены пераважна з вулканічных парод (вулканічныя конусы ўздымаюцца да выш. 1467 м; дзеючы вулкан Суфрыер на в-ве Гвадэлупа). Частка астравоў мацерыковага паходжання. Горныя трапічныя лясы, другасныя саванны; на паўд. астравах — ксерафітныя лясы і хмызнякі. Адкрыты Х.Калумбам у канцы 15 ст.
т. 10, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАГНІ́ЧАНАСЦЬ вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе магнітны стан рэчыва ў знешнім магнітным полі. Н. вызначаецца формулай:
, дзе — магнітны момант фізічна малога аб’ёму рэчыва dV. Н. наз. аднароднай у межах аб’ёму V, калі ва ўсіх яго пунктах вектар аднолькавы па модулі і напрамку, г. зн.
, дзе — сумарны магн. момант рэчыва аб’ёмам V Н. цел залежыць ад напружанасці знешняга магн. поля, т-ры і магн. уласцівасцей цела, яго формы і арыентацыі ў полі (гл. Парамагнетызм, Ферамагнетызм). У ферамагнетыкаў залежнасць ад напружанасці магн. поля выражаецца крывой намагнічвання (гл. Намагнічванне, Гістэрэзіс). Адзінка Н. ў СІ — ампер на метр (А/м).
т. 11, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ (Георгій Фёдаравіч) (н. 15.1.1915, г. Сімферопаль, Украіна),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1948) і Генштаба (1955). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з 1941 нач. штаба стралк. палка, з ліст. 1942 камандзір партыз. злучэння на тэр. Украіны, Арлоўскай вобл., у Цэнтр. штабе партыз. руху, з лютага 1944 камандзір партыз. брыгады «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага (дзейнічала на тэр. Лагойскага і Плешчаніцкага р-наў), якая пусціла пад адхон каля 30 эшалонаў праціўніка, сумесна з часцямі Чырв. Арміі вызваляла г. Вілейка, Маладзечна, Смаргонь. Да 1964 у Сав. Арміі, потым у Мін-ве знешняга гандлю СССР.
т. 11, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНЫЯ МАЛЕ́КУЛЫ,
малекулы хім. злучэнняў, якія пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць пастаянны дыпольны момант.
У шмататамных малекулах эл. дыпольны момант вызначаецца колькасцю палярных сувязей (разнавіднасць кавалентнай сувязі) і іх накіраванасцю; роўны вектарнай суме дыпольных момантаў асобных сувязей, а таксама незвязваючых электронных пар у малекуле. Малекулы з палярнымі сувязямі паміж атамамі ў залежнасці ад іх прасторавай будовы могуць быць непалярнымі (напр., малекула СО2, у ёй вектары палярных сувязей накіраваны ад атама вугляроду ў процілеглыя бакі пад вуглом 180° да атамаў кіслароду). Рэчывы, утвораныя моцна П.м., звычайна добра раствараюцца ў палярных растваральніках. Эксперыментальна дыпольны момант П.м. вызначаюць пры вывучэнні залежнасці палярызацыі ад т-ры (гл. Дыэлектрыкі) і разлічваюць палярнасць хім. сувязей і эфектыўныя зарады атамаў.
т. 12, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭТЫ́ЧНАЕ (ад грэч. pathētikos страсны, усхваляваны, поўны пачуцця),
эстэтычная катэгорыя, якая адлюстроўвае барацьбу, сутыкненне ўзнёслага і нізкага. Служыць своеасаблівай мерай пафасу, выражэннем здольнасці асобы да барацьбы, пераадолення духоўна негатыўных сіл у яго ўнутраным свеце і нізкіх памкненняў звонку. Адпаведна вылучаюць П. ўнутранага і знешняга роду. У сістэме эстэт. катэгорый П. звязана з гераічным, у якім праяўляецца станоўчая накіраванасць барацьбы. Адухоўлены характар прыроды мастацтва прадвызначае магчымасць шырокага звяртання да П. ва ўсіх яго відах. Выразна П. праяўляецца ў музыцы, тэатры, балеце. У жыцці П. часта служыць фонам, на якім могуць разгортвацца маральна-эстэт. прагрэс або дэградацыя асобы ў залежнасці ад таго, якія духоўныя пачаткі (узнёслае або нізкае) здольны ўзяць верх.
В.В.Краснова.
т. 12, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)