ро́вно нареч.

1. (гладко, равномерно) ро́ўна;

доро́га шла ро́вно даро́га ішла́ ро́ўна;

2. в знач. част. (точно) ро́ўна; (как раз) якра́з;

ро́вно сто рубле́й ро́ўна сто рублёў;

он пришёл ро́вно в три часа́ ён прыйшо́ў ро́ўна (якра́з) у тры гадзі́ны;

3. в знач. част., разг. (совершенно, совсем) зусі́м;

я ро́вно ничего́ не по́нял я зусі́м нічо́га не зразуме́ў;

4. в знач. союза (словно, как будто), прост. як, ні́бы;

зарыча́ть ро́вно зверь зараўці́ як (ні́бы) звер.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Лю́ты ’злы, крыважэрны (пра жывёл)’, ’жорсткі, бязлітасны’, ’кровапралітны’, ’невыказна цяжкі’, ’суровы, крайне строгі’, ’вельмі моцны ў сваім праяўленні’, ’сіберны (пра з’явы прыроды), рэзкі, халодны’ — адсюль і назва другога месяца каляндарнага года — лю́ты (Нас., Бяльк., Шат., Гарэц., Бес., Яруш., ТС, ТСБМ). Булахаў (Гіст., 121–122) для ст.-бел. лютый вылучае наступныя значэнні: ’дзікі, неўтаймаваны, драпежны (звер)’, ’раз’юшаны, шалёны (чалавек)’, ’вельмі жорсткі, крывавы, кровапралітны (бой, зброя, сеча)’, ’бязлітасны, пакутлівы, вельмі цяжкі (стан здароўя)’, ’надзвычай халодны, марозны (зіма, другі месяц года)’. Укр. лю́тий, рус. лю́тый, люто́й, польск. luty азначаюць ’строгі, дзікі, бязлітасны, жорсткі’, ’халодны, марозны’ і ’другі месяц зімы’; толькі ў серб.-харв. гаворках лути мае апошняе значэнне; у іншых мовах: чэш. litý, ст.-чэш. lʼutý, славац. ľúty, славен. ljȗt, серб.-харв. љу̑т, макед. лут, балг. лют, ст.-слав. лютъ абазначаюць ’дзікі, злы, востры, строгі, бязлітасны, крыважэрны, крохкі, ломкі, кіслы, вельмі горкі, нязносны, атрутны’ і да т. п. Прасл. lʼutъ, якое збліжаюць з кімр. llid (< *lūto ’гнеў, раз’юшанасць’), з тах. прыслоўем lyutār ’вельмі’. Трубачоў (Эт. сл., 15, 236) суадносіць яго з і.-е. *leu‑, *leu̯ǝ‑, *lēu‑, ’аддзяляць’. Іншыя менш імаверныя версіі і л-ру гл. Фасмер (2, 547), Скок (2, 340–342), Бязлай (146), БЕР (3, 581–584). Сюды ж лю́тасць ’люты, раз’юшаны, гнеўны стан’ (ТСБМ). Аб бел. палютый, укр. палютий — назва 13‑га месяца паміж зімой і летам (вясной) гл. Шаўр (Этимология–71, 93–101). Аб выразе лютый звѣрь ’дзікая жывёла (леў, барс, мядзведзь і інш.’, ’казачная жывёла (змей, гривь)’ гл. артыкулы Сумнікавай, Сабаляўскаса і Іванава ў БСИ, 1984, 59–79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лю́ты ​1, ‑ая, ‑ае.

1. Злы, крыважэрны (пра жывёл). Лютыя камары. Люты звер. □ З-за дрэў пазіралі лютыя тыгры, грывастыя львы і малпы. Грамовіч. Зазлаваны пан Чапкоўскі нацкаваў на яго лютых сабак. Бядуля. // Жорсткі, бязлітасны (пра чалавека, яго стан). Люты вораг. Лютая нянавісць. □ Жанчына ўстала з-за стала і, расставіўшы рукі са сцятымі кулакамі, ішла на .. [Морыса], лютая, раз’юшаная. Лынькоў. // перан. Няшчадны, кровапралітны (пра бітву, бой і пад.). І ў час, калі была трывога, Адною дружнаю сям’ёй Ішлі ў нялёгкую дарогу За родны край мы ў люты бой. Астрэйка.

2. перан. Які прычыняе нясцерпныя пакуты; невыказна цяжкі. Лютая смерць. Люты боль. □ [Бандароўна] ведае, што яе чакае лютая расправа, але нават і не думае прасіць літасці. Шкраба. // Які выражае жорсткасць, злосць. Люты позірк. Люты выгляд. □ Збялелыя губы [Гунава] дрыжалі і твар раз-поразу перасмыквала лютая грымаса. Самуйлёнак. // Суровы, крайне строгі. Люты нораў.

3. Вельмі моцны ў сваім праяўленні; сіберны (пра з’явы прыроды). Лютая сцюжа. Лютая бура. □ Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя ветры. Шчарбатаў.

лю́ты ​2, ‑ага, м.

Другі месяц каляндарнага года. Гэтай зімою .. [снегу] выпала мала, да самага лютага зямля ляжала амаль зусім голай. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Цягнуць, тузаць рэзкімі рухамі, рыўкамі. Сцяпан Птах торгае Івана за рукаў: — Я сам пайду. Хутчэй будзе. Навуменка. Аж пачырванеў тут ад злосці сівы і ад злосці той бараду сваю торгаў. Лынькоў. Запыленыя пальцы [Арцёма] торгалі сівы вус. Самуйлёнак.

2. каго і без дап. Дрыжаць, торгацца. У Макара непрывычна торгае павека. Асіпенка. / у безас. ужыв. Яго ўсяго торгае. // чым. Рабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела. [Сяргей:] — Што — жыць! Салдат мог спыніцца ў любым кутку роднай зямлі, адваяваўшы яе... — Тады не скажу, не ведаю, — торгае плячыма Дробаў. Ракітны.

3. што і без дап. Балець праз аднолькавыя прамежкі часу, звычайна, калі ўтвараецца нарыў; тузаць. Палец торгае. / у безас. ужыв. І ў выніку «прынятых мер» Зароў пад раніцу гаротнік наш, як звер... Руку разнесла, торгае руку. Валасевіч.

4. што. Рэзкім рухам кранаць, зрушваць з месца. Паравоз .. торгаў вагоны, іржаў жарабцом, выў, рагатаў. Бядуля.

5. Тое, што і торкаць (у 3 знач.). Драбок торгае лейцамі каня, выязджае на дарогу. Навуменка.

6. Тое, што і торкаць (у 2 знач.). Саўка пачуў, што рыбка пачынае торгаць. Колас.

7. Абл. Крычаць (пра птушак). Аднастайна,.. назойліва торгае драч. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

cast​2 [kɑ:st] v. (cast)

1. кі́даць, кі́нуць; гля́нуць, зірну́ць;

cast a glance кі́нуць по́зірк,

cast anchor кі́нуць я́кар

2. размярко́ўваць (ролі)

3. : cast a vote for/against прагаласава́ць за/су́праць

♦

be cast down lit. быць у прыгне́чаным/засму́чаным ста́не;

cast lots кі́нуць жэ́рабя;

the die is cast жэ́рабя кі́нута, вы́бар зро́блены

cast about [ˌkɑ:stəˈbaʊt] phr. v. абду́мваць, вару шы́ць круці́ць (мазга́мі)

cast aside [ˌkɑ:stəˈsaɪd] phr. v. пакіда́ць; адклада́ць, часо́ва адмаўля́цца (ад чаго́-н.)

cast away [ˌkɑ:stəˈweɪ] phr. v.

1. выкі́дваць

2. па кі́нуць, закі́нуць

3. пацярпе́ць караблекрушэ́нне

cast down [ˌkɑ:stˈdaʊn] phr. v.

1. скі́нуць, зве́р гнуць, зры́нуць

2. апуска́ць (вочы)

cast off [ˌkɑ:stˈɒf] phr. v.

1. пакіда́ць (каго́-н./што-н.)

2. скіда́ць, скі́дваць; мяня́ць (скуру)

3. зако́нчыць апо́шні радо́к у вяза́нні

4. адліва́ць (метал)

cast on [ˌkɑ:stˈɒn] phr. v. набіра́ць пе́тлі (у вязанні пруткамі)

cast out [ˌkɑ:stˈaʊt] phr. v. выганя́ць; высяля́ць; выкіда́ць

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

усплы́сці і усплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. усплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.

1. Узняцца з глыбіні вады на паверхню. Бервяно з разгону ўдарылася ў човен і перакуліла яго. Захарка і Уладзік апынуліся ў бурлівай рацэ. Першым усплыў на паверхню Уладзік. Сіняўскі. Вось звер усплыў, але тут жа прагучаў стрэл, і морж знік з вачэй разам з паплаўком. Бяганская. // Паказацца, з’явіцца. Над морам, над цёплым узбярэжжам, над садам усплыў месяц — вялікі, белы, ясны. Лось. З-за лесу ўсё вышэй уставала сонца. Калючы, яшчэ халодны шар яго ўсплыў над вершалінамі і, нібы здзіўлены, на імгненне застыў на месцы. Хадановіч. / у перан. ужыв. З лагчыны ў туманным хмызе Усплыў нейкі дзіўны гук — Быццам там З-пад лядка прабіўся І забулькаў у лозах Раўчук... Арочка. Скора, скора з выраю, З цёплага паўдня, З песняй жураўлінаю Ўсплыве вясна. Кляшторны. // перан. Паўстаць, з’явіцца ў памяці, думках і пад. Нешта далёкае, даўно забытае ўсплыло і трывожна затрымцела ў маёй душы. Палтаран. Па дарозе зноў у думках усплыло мінулае. Дуброўскі.

2. перан. Стаць вядомым, выкрыцца, выявіцца. Зноў усплыло гэта пытанне. □ Нарэшце й Жору, акрамя Дачкі, Фаміч меў на прыкмеце. Вось так Супонькава імя Усплыло, вядомым стала ў свеце. Бачыла.

•••

Усплысці (усплыць) наверх (на паверхню) — тое, што і выйсці наверх (на паверхню) (гл. выйсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрыбе́т, ‑бта, М ‑бце, м.

1. Пазваночнік чалавека, жывёлы або рыбы. Поўсць на высокім хрыбце непрыгожа ўскудлачаная, брудна-бурая, а пад шыяй вісіць клоччам, як бывае вясной, калі звер ліняе. Шамякін. Абодва бакі жэраха пакрыты бліскучай серабрыстабелай луской, якая на самым хрыбце афарбавана ў шэры і нават цёмны колер. Матрунёнак. [Чабаноўскі] абапёрся на яе плячо. Ядзя абхапіла рукой яго спіну, праз тонкі шынель адчувала востры хрыбет. Асіпенка. // перан. Аснова, апора, касцяк. Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч.

2. Разм. Спіна (у чалавека або жывёлы). Пад зялёным хмызам Церлася хрыбтом, Хмыз бязрогім, лысым Кратала ілбом [ласяня]. Калачынскі. [Андрэй:] — А я нагой у хрыбет [вартавога], а рукой на рэгулятар. Лынькоў.

3. перан. Верхні край чаго‑н. (хвалі, страхі і пад.). На страсе, на самым хрыбце, селі два белыя галубкі і сядзяць, нікуды не хочуць ляцець. Пестрак. Вецер грае на прасторы, На хрыбтах імглістых хваль. Бядуля.

4. Рад гор, якія працягнуліся ў адным кірунку; горны ланцуг. Горны хрыбет. □ Раптам шлях засланілі хрыбты Алатау, Ля падножжа — у яблынях Алма-Ата. Панчанка. Унізе зялёная даліна, кветкі, сцюдзёная вада ў шумлівай рачулцы, а ўзнімеш вочы — не верыцца: хоць смаліць сонца, а вунь на хрыбтах снегавыя шапкі. Гроднеў. Над Аюдагам — над Мядзведзь-гарою — Хрыбет увесь імглой завалакло. Караткевіч.

•••

Спінны хрыбет — пазваночнік.

Ламаць хрыбет гл. ламаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ліс ’драпежная жывёла з сямейства сабачых, Vulpes vulpes’, ліса́ ’самка ліса’, ’футра гэтай жывёлы’, лісіца, лісіцка ’ліс, ліса’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк., Шат., Сцяшк., Яруш., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.); ліс, ліса — ’пра хітрага, ліслівага чалавека’, ’падліза’ (Нас., ТСБМ). Укр. лис, лиса́, лиси́ця, рус. лис, лиса, лиси́ца, арханг. лиса́ва; польск. lis, lisiec, lisa, lisica, liszka, ст.-польск. liszyca, палаб. laiskə; н.- і в.-луж. liška, чэш., славац. liška, lišiak, ст.-чэш. lisa, славен. lisíca, lisják, lȉs, серб.-харв. ли̑с, лѝсица, лиси̏ца, lesica, ли̏ска, ли́сац, лѝсјак, liśȃk, лиса і з XVIII ст. ли́ха > ли́ја, ли̑х, ли̑ј, макед. лиса, лисица, лисец, лишʼица (та) ’тс’, лишка ’звер’; балг. лиса, лисица, ст.-слав. лиса ’ліс, ліса’. Прасл. lisъ, lisica; для зах.-слав. варыянта liš‑ъka Слаўскі (4, 292) не выключае праформу lixa, паралельную да lisa (супраць чаго Трубачоў (Этимология–73, 179)). Відаць, прасл. lisa генетычна звязана з літ. lãpė, лат. lapsa, ст.-прус. lape, лац. volpēs, vulpēs (< *u̯ləps), ст.-грэч. ἀλώπηξ ’ліс (а)’, ст.-інд. lōpāśá‑, ’шакал’, с.-перс. rōpās, брэтон. louara, арм. ałues ’ліс’, літ. vilpišỹs ’дзікі кот’, якія можна аднесці да і.-е. асновы *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 139), а для прасл. выводзіцца *u̯leipk̑‑ > lisa або *u̯leip‑soi/‑sā ў аўтараў: Бернекер, 1, 724; Фасмер, 2, 500; Скок, 2, 306; Бязлай, 2, 143–144. У гэтай праформе *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, там жа) з’яўляецца верагодным удзел двух семантычна блізкіх каранёў: і.-е. *u̯el‑ ’драць, ірваць’ (> ’красці’, ’хітрыць’ і pek̑‑ ’драць, шчыпаць’ — такім чынам, праформа магла б абазначаць ’хітрая драпежніца’ (ліса і дзікі кот). Мартынаў (Регион. особенности…, Гомель, 1985, 135) прасл. lisъ — lisiti (параўн. каш. lësëc ’ісці па следу’) суадносіць з прагерм. *leis — leisan ’трапіць на след’ і з прасл. lьstь ’хітрасць’; семантычны пераход lisъ ’хітры’ > ’ліс’ адбыўся на слав. моўнай глебе. Сюды ж ліс‑мікіта (гульня), лісава́нік ’воз’ (мін., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

упра́віцца, упраўлюся, управішся, управіцца; зак.

1. з чым і без дап. Паспець скончыць, завяршыць што‑н. у тэрмін; ухадзіцца з чым‑н. Пакуль змеркне, кожны з нас стараўся ўправіцца з работаю. Чорны. Кароўнік дзед Жораў управіўся скончыць якраз у пару. Паслядовіч. [Андрэй:] — Снапы ў гумне, тата. — У гумне? — У гумне. Управіліся да дажджу. Чарнышэвіч. // Даць рады чаму‑н., справіцца з чым‑н. Станіслаў упарціўся: было сорамна — які ён жаніх. Але і выйсця не знаходзіў. Аднаму з гаспадаркай не ўправіцца. Асіпенка. Цётка Гануля .. абяцала схадзіць [да Мікодыма], як толькі ўправіцца з хатнімі клопатамі. Марціновіч. [Рыбак] не стукаў, дзверы былі не запёртыя, управіцца з імі яму, колішняму вясковаму жыхару, было звыкла, .. і дзверы, трошкі рыпнуўшы, расчыніліся. Быкаў.

2. Паспець за які‑н. тэрмін схадзіць або з’ездзіць куды‑н. і вярнуцца назад. [Косця:] — Можа выбраць вольны час ды пад’ехаць самому — Маладзечна не так далёка, за дзень управіўся б. Адамчык.

3. Змагчы, паспець зрабіць што‑н. Мартын не ўправіўся адказаць: з боку лесу пачулася глухое тухканне ног па мяккай зямлі. Колас. — Фш-шы-ых-х! — прашыкаў звер. Стары ледзьве ўправіўся адскочыць убок. Масарэнка.

4. Адолець, стрымаць каго‑, што‑н., падпарадкаваць сваёй волі. — Адно толькі незразумела, — дадаў.. [студэнт]. — Як.. [рысь] злавіла яго? Алень малады і дужы, як гэта яна ўправілася. В. Вольскі. [Аляксандр:] — Цара скінулі — не пабаяліся, Керэнскаму па загрыўку далі, і з гэтымі ўправімся. Грахоўскі. Гнядок стрыгануў вушамі, збочыў з дарогі і панёсся проста па раллі. Бацька ледзь-ледзь управіўся з канём. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нягоднік, нікчэмнік, мярзотнік, вылюдак, вырадак, ліхадзей; недавярак, паршывец, паскуднік, паскуда, поскудзь, брыда, брыдота, паганец, падла, падлюга, падлюка, шэльма, гіцаль, акаянец, абармот, плюгавец, прахвост, гад, гадасць, нелюдзь, латрыга, дзяржыморда, сволач, свалата, злыдзень, жываглот, псяюха, псялыжнік, падкалоднік (разм.); зараза, цаца, злодзей, разбойнік, пачвара, халера, чорт, звер, сабака, сука, псіна, гніда, змей, скула, дэгенерат, азіят, езуіт (лаянк., перан.) □ лысы чорт, сукін сын

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)