ГО́МЕЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на высокім правым беразе р. Сож пры ўпадзенні ў яе ручая Гомій (Гамяюк). Замак меў магутны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сцены-гародні з баявой галерэяй. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі (1535, 1575, 1581, 1633, 1648, 1649). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у жн. 1654 быў узяты рус. войскам. Паводле звестак за 1666, ён яшчэ захоўваў сваю магутнасць. У 1737 кн. М.​Чартарыйскі пабудаваў новы моцны дубовы замак з вежамі і сценамі, які існаваў яшчэ ў апошняй чвэрці 18 ст. Пасля далучэння Гомеля да Рас. імперыі вежы і сцены замка разабраны, валы скапаны. У 1785 паводле плана Б.​Растрэлі тут пачалося буд-ва існуючага і цяпер мураванага Гомельскага палаца.

Гомельскі замак. Малюнак з карты 16 ст.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Узведзены ў 1903—14 ст. паводле праекта арх. А.​В.​Друкера (захаваліся эскізныя варыянты пабудовы). Мае рысы стыляў мадэрн, псеўдарус. і позняга класіцызму. 2-павярховы (з невысокім цокальным паверхам) Т-падобны асіметрычнай кампазіцыі ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 2 рызалітамі. Адзін з іх мае шатровае завяршэнне, аздоблены шчытом у выглядзе какошніка з ляпной разеткай у цэнтры, 2-і вырашаны ў выглядзе 2-яруснай вежы (васьмярык на чацверыку), завершанай нізкім шатровым дахам. У дэкар. афармленні выкарыстаны рустыка цокаля, прафіляваныя архівольты какошнікаў, несапраўдныя машыкулі, дэкар. ўстаўкі ў выглядзе разетак у прамавугольных рамках, паўкалонкі з ляпнымі кампазітнымі капітэлямі, паяскі, расл. арнамент у аздабленні акон-трыфорыумаў, разныя драўляныя дзверы і інш. У будынку знаходзіцца Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава і галерэя П.​В.​Масленікава.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ «ДОМ БАЯ́РЫНА».

Існаваў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. ў 12 ст. на тэр. вакольнага горада. Рэшткі будынка выяўлены ў 1960-я г. пры археал. раскопках. Пабудаваны з дрэва і цэглы. Прамавугольны ў плане будынак (пл. каля 76 м²) унутры падзяляўся сцяной на 2 памяшканні, меў зашклёныя аконныя праёмы. У цэнтры стаяў слуп, які трымаў перакрыцце. У паўн.-ўсх. куце была глінабітная печ. Драўляныя сцены знутры абчасаны, атынкаваны і аздоблены фрэскамі. Выяўлены фрагменты фрэсак: на белым і бледна-зялёным фоне геам. і расл. арнамент чырвонага і чорнага колераў, выява мужчынскай галавы ў профіль у княжацкай шапцы, а таксама графіці са стараж. надпісамі.

Літ.:

Гуревич Ф.Д. Дом боярина XII в. в древнерусском Новогрудке // Краткие сообщения Ин-та археологии АН СССР. 1964. Вып. 99;

Яе ж. Древний Новогрудок. Л., 1981. С. 36—44, 121—122.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЎБІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры несапраўднай готыкі каля спарт. комплексу «Раўбічы» (Мінскі р-н). Пабудаваны ў 1858—62 з цэглы на месцы драўлянага касцёла 18 ст. У 1866 ператвораны ў правасл. царкву. У 1880 перад храмам пастаўлены драўляныя званіца і капліца (не захаваліся). У 1975—78 будынак рэстаўрыраваны (арх. Л.​Паўлава) і прыстасаваны пад Музей беларускага народнага мастацтва. Манум. 1-нефавы будынак на магутным бутавым цокалі з капліцамі каля алтара. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі 8-граннымі вежамі з шатровымі завяршэннямі. Высокі шмат’ярусны атыкавы франтон паміж імі падкрэслівае форму стральчатага ўваходнага партала з ганкам з абчасанага каменю. У дэкоры гал. фасада выкарыстаны накладныя 3-ярусныя пілоны з перакінутымі паміж імі стральчатымі броўкамі. Над парталам — гатычнае акно-ружа. Рытм бакавых фасадаў створаны чаргаваннем магутных контрфорсаў і стральчатых аконных праёмаў з фігурнымі дубовымі пераплётамі і вітражамі.

А.​М.​Кулагін.

т. 13, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

*Ашчэ́па, о(ш)чэпа ’бервяно, якое ляжыць на бэльках столі пад кроквамі’ (Тарнацкі, Studia), ошчэп (Куч.), укр. ощіп, ощепина ’кожнае з чатырох бярвенняў, пакладзеных зверху на сцены і звязаных у вуглах’; на «ощепинах» трымаецца столь і страха, палес. ощепи ’ўмацаваныя ў форме чатырохвугольніка драўляныя бэлькі, якія кладуцца на шулы’ (Лысенка, СПГ). Да ашчапіць, шчапіць ’увязаць, злучыць, параўн. шчэпы ’моцная чатырохвугольная рамка, якая сцягвае пры дапамозе клінкоў ствалы дрэў «прысад», дзе будзе стаяць на адры вулей’ (Сержп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́лыдраўляныя слупкі падлогі’ (Бел. нар. жыллё, 37), сту́лле ‘штандары’ (Мат. Гом.), сту́льцы ‘брускі’ (Нік. Очерки). Рус. арханг. стул ‘паля ў фундаменце свірнаў, клецяў’, якое Тэрнквіст (цыт. па Фасмер, 3, 788) разглядае як запазычанне з ст.-швед. stol ‘стаяк’. У беларускай, магчыма, запазычанне з рускай, але яго шлях пранікнення вызначыць цяжка. Параўн. таксама сту́лак ‘табурэтка’ (Гіл.), сту́лок ‘крэсла’ (ТС), сту́лец ‘крэселка’ (Нас.), якія, аднак, нельга разглядаць асобна ад сто́лак ‘зэдлік’ (Сцяшк.), сто́лак ‘табурэт’, сто́лец ‘крэсла’ (Нас.), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ускра́іна, ‑ы, ж.

1. Крайняя частка якой‑н. мясцовасці, тэрыторыі. На ўсход, ускраіне лесу працягнуліся чатыры струны чыгуначных рэек. Брыль. // Аддаленая ад цэнтр частка населенага пункта. Сям’я Белавусаў жыла на ўскраіне горада. Гурскі. У генералавым доме жылі ўжо другія людзі. Яны сказалі, што цётка Антося перабралася на ўскраіну горада ў сваю хату. Карпюк. Толькі пад самую раніцу дабраўся .. [Васіль], дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Лынькоў. Спалі яшчэ нізкія драўляныя хаты ўскраіны. Галавач.

2. Аддаленая, пагранічная тэрыторыя дзяржавы. Некалі адсталая ўскраіна Расійскай імперыі, Беларусь ператваралася пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі ў індустрыяльна-калгасную дзяржаву. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАДЗІВІЛІМО́НТАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 ст. ў в. Чырвоная Зорка (б. Радзівілімонты) Клецкага р-на Мінскай вобл. Размешчаны ў б. летняй рэзідэнцыі мінскага ваяводы кн. Ю.​Радзівіла, роду якога маёнтак належаў з 1586. У 2-й пал. 19 ст. належаў Вітгенштэйнам. У комплекс уваходзілі палац, драўляныя флігелі, будынак канцылярыі (1809), гасп. пабудовы, капліца (не захавалася), парк. Па-за межамі комплексу былі вадзяны млын, сушня, вятрак. Палац пабудаваны ў 1780—83 у стылі класіцызму (арх. К.​Спампані, Я.​Бэнса). Аднапавярховы выцягнуты па папярочнай восі прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Канструкцыя будынка мяшаная; вонкавыя сцены з дубовых брусоў, унутр. падоўжныя — мураваныя. У сім.-восевай кампазіцыі гал. фасада вылучаўся дарычны 4-калонны мансардавы порцік, выдзелены на фоне гарыз. шалёўкі сцен, якая імітавала руст. З дрэва былі выкананы пабеленыя элементы класічнага дэкору — трыгліфы, мадульёны, разеткі, дэнтыкулы. Драўляныя калоны кампазітнага і іанічнага ордэраў, карнізы і разеткі былі апрацаваны ў тэхніцы стука. Пасля пажару 1909 палац адбудаваны. У нішах інтэр’ера знаходзіліся кафляныя печы, малюнак якіх, як і інтэр’ерны жывапіс, выкананы ў 1780 маст. А.​Смуглевічам. Ад палаца засталіся руіны. У гасп. частцы размяшчаліся дамы аканома і парабкаў, бровар, варыўня, стайні, адрына, абора. гумны, валовы млын, свіран. Свіран — прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным гонтавым дахам на кроквах. Фасад мае значны вынас даху, пад ім — галерэя на высокіх слупах (служыла для падняцця грузаў на вышку). На вільчыку даху — вежачка з невял. звонам і флюгерам. Дзверы з узорыста выкладзеных дошак аформлены маст. коўкай. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. каля 13 га) ахоплівае палац падковай. Высаджаны над р. Цапра, на якой створаны каскад ставоў. Перад палацам — вял. партэр. Элементы рэгулярнасці ў яго планіроўку ўносяць прамыя грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі. У пач. алей устаноўлены памятны камень з інфарм. надпісам, што алея высаджана ў 1875 князёўнай М.​Радзівіл.

А.​М.​Кулагін, Ю.​А.​Якімовіч.

Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы ансамбль. Схема планіроўкі.

т. 13, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ЛЬКА (галанд. balk),

канструкцыйны нясучы элемент звычайна ў выглядзе бруса. Пад нагрузкай працуе пераважна на выгін. Бэлькі вырабляюцца з жалезабетону, металу, дрэва. Шырока выкарыстоўваюцца ў буд-ве і машынабудаванні — у канструкцыях будынкаў, мастоў, эстакад, трансп. сродкаў, машын, станкоў і інш.

Бэлькі бываюць: адна- і шматпралётныя, кансольныя, разразныя (простыя) і неразразныя, з заладжанымі канцамі; прамавугольныя, таўровыя, двухтаўровыя, каробчатыя і інш.; пастаяннай і пераменнай вышыні. Жалезабетонныя бэлькі вырабляюць маналітныя, зборна-маналітныя і зборныя, а таксама папярэдне напружаныя. Металічныя бэлькі бываюць пракатныя і састаўныя (элементы іх злучаюць зваркай або кляпаннем), ёсць і біметалічныя. Драўляныя бэлькі — аднапралётныя і разразныя канструкцыі з дошак і бярвён (выкарыстоўваюцца і састаўныя). Разлік бэлек звычайна робяць на трываласць, устойлівасць і жорсткасць паводле законаў супраціўлення матэрыялаў.

Бэлькі: 1 — разразная (простая); 2 — кансольная; 3 — з заладжанымі канцамі; 4 — двухкансольная; 5 — трохпралётная неразразная; 6 — трохпралётная кансольная; 7 — прамавугольная; 8 — таўровая; 9 — двухтаўровая; 10 — каробчатая.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,

праваслаўны мужчынскі манастыр у Мінску ў 17—18 ст. Засн. ў адказ на захоп мінскіх правасл. цэркваў і манастыроў уніяцкім духавенствам на пляцы, ахвяраваным у 1611 Аўдоццяй Статкевіч. У 1613 узведзены манастырскі комплекс. Спачатку ўсе будынкі былі, відаць, драўляныя. Царква, што захавалася, была, хутчэй за ўсё, пабудавана ў канцы 1620-х г. У 1793—95 яна адрамантавана на сродкі, ахвяраваныя рас. імператрыцай Кацярынай II і пасля капітальнага рамонту была перайменавана ў царкву св. Кацярыны. У 1795 манастыр скасаваны, царква стала гар. саборам, у 1870—71 грунтоўна перабудавана. У канцы 1940-х г. будынак царквы прыстасаваны пад жыллё, потым — пад Архіў навук.-тэхн. дакументацыі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. З 1997 царква зноў дзейнічае, рамонт інтэр’ера працягваецца.

Літ.:

Боровой Р.В. Обзор истории Минского Петропавловского монастыря в XVII—XVIII вв. // Христианизация Руси и белорусская культура. Мн., 1988.

Р.​В.​Баравы.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)