галерэ́я

(фр. galerie)

1) вузкі крыты праход, які злучае часткі будынка, а таксама доўгі балкон уздоўж сцяны дома;

2) падземны ход у ваенных збудаваннях або шахтах;

3) верхні ярус у тэатры, цырку;

4) спецыяльна прыстасаванае памяшканне для выстаўкі твораў мастацтва (напр. карцінная г.);

5) перан. рад, шэраг (напр. г. літаратурных вобразаў).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

скульпту́ра, ‑ы, ж.

1. Від выяўленчага мастацтва — стварэнне аб’ёмных вобразаў (барэльефаў, статуй і пад.) з гліны, каменя, металу і пад. Займацца скульптурай. □ Праца.. з’яўляецца вядучай тэмай савецкага выяўленчага мастацтва — жывапісу, графікі, скульптуры. «Беларусь». На аддзяленні скульптуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута быў аб’яўлены конкурс на лепшы праект мемарыяла. «Помнікі».

2. Твор гэтага віду мастацтва. На кожным кроку кідаліся ў вочы манастыры, кляштары, касцёлы, цэрквы, кірхі і капліцы са своеасаблівымі скульптурамі каталіцкіх святых. Колас. Праходзячы міма скульптуры студэнта, схіленага над разгорнутай кнігай. Максім Сцяпанавіч зноў захваляваўся. Карпаў. // зб. Сукупнасць такіх твораў. Беларуская скульптура.

[Лац. sculptura.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Павел Мікалаевіч) (25.12.1910, г. Зайсан Усходне-Казахстанскай вобл. — 1937),

рускі паэт. З сям’і сямірэчанскіх казакаў. Працаваў на Д. Усходзе матросам, старацелем на залатых прыісках. Пра гэта ў кнігах нарысаў «У залатой разведцы» (1930) і «Людзі ў тайзе» (1931). У вершах і паэмах («Песня пра пагібель казачага войска», 1928—32; «Саляны бунт», 1933; «Хрысталюбаўскія паркалі», 1935—36) падаецца быт сямірэчанскага казацтва, узнаўляюцца падзеі грамадз. вайны, калектывізацыі. Аўтар паэм «Лета» (1932), «Жнівень» (1932—34), «Адна ноч» (1933), «Кулакі» (1936) і інш. Паэт ліра-эпічнага складу. Востраканфліктная, напоўненая сац. супярэчнасцямі свайго часу, паэзія Васільева адметная сілаю і выразнасцю вобразаў, страснасцю светаўспрымання, сакавітасцю мовы, блізкасцю да народна-песеннай творчасці. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. Л., 1968.

Літ.:

Михайлов А.А. Степная песнь. М., 1971.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТО́ ((Watteau) Жан Антуан) (10.10.1684, г. Валансьен, Францыя — 18.7.1721),

французскі жывапісец. Працаваў таксама ў галіне графікі і дэкар. жывапісу. Вучыўся ў Парыжы ў К.​Жыло і К.​Адрана. Зазнаў уплыў П.П.Рубенса. У 1717 атрымаў званне акадэміка за твор «Паломніцтва на востраў Кіферу». Пісаў жанравыя карціны («Бівак», «Саваяр з сурком», 1716, і інш.). Пазней у творах на тэмы «галантных урачыстасцей» і тэатр. сцэн («Цяжкае становішча», «Свецкае кола ў парку», «Свята кахання», «Жыль» і інш.) канчаткова сфарміраваўся яго своеасаблівы стыль, адметны вытанчанай грацыёзнасцю вобразаў і інтымнымі настроямі. Паэтычнасцю вылучаюцца і яго малюнкі (аловак, сангіна).

Літ.:

А.​Ватто. Старинные тексты / Сост. Ю.​К.​Золотов. М., 1971;

Герман М. Антуан Ватто. 2 изд. Л., 1984.

А.Вато.
А.Вато. Паломніцтва на востраў Кіферу. 1717.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРДЭ́ЛЬ ((Bourdelle) Эміль Антуан) (30.10.1861, г. Мантабан, Францыя — 1.10.1929),

французскі скульптар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Тулузе (1876—84) і Парыжы (1884—86). Працаваў у майстэрнях Ж.Далу і А.​Радэна (1893—1908). Выкладаў у студыі Гранд-Шам’ер (1909—29). Ад прасякнутых бурнай экспрэсіяй ранніх твораў («Помнік тым, хто загінуў», 1893—1902) перайшоў да больш ураўнаважаных кампазіцый, дзе творча пераасэнсаваў традыцыі стараж.-грэч. архаікі і ранняй класікі, імкнуўся да гераізацыі і манументалізацыі вобразаў («Геракл, які страляе з лука», 1909; «Пенелопа», 1909—12; «Сафо», 1924—25). Аўтар помнікаў А.​Міцкевічу ў Парыжы (1909—29), К.​Альвеару ў Буэнас-Айрэсе (1914—17), партрэтаў А.​Радэна (1909), А.​Франса (1919) і інш.

Літ.:

Бурдель: Альбом. М., 1979.

Э.А.Бурдэль. Геракл, які страляе з лука. 1909.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЛІ́ЦКІ (Ян) (каля 1485—1520-я г.),

паэт-лацініст ВКЛ і Польшчы. Паходзіў, верагодна, з Беларусі. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. У 1510—12 працаваў там магістрам (у актах пазначаны як «русін»). Пісаў оды, эпіграмы, элегіі, пасланні («Ода да караля Жыгімонта», «Элегія да багародзіцы дзевы Марыі», «Эпіграма на зайздросніка»). Аўтар эпічнай гіст. паэмы «Пруская вайна» (Кракаў, 1516), 2-я кн. якой прысвечана Грунвальдскай бітве 1410, дзе ўславіў перамогу над крыжакамі, здабытую як нар. змаганне. Твор вызначаецца манументальнасцю батальных сцэн, пластычнасцю вобразаў прыроды. Паэма стаіць каля вытокаў жанру эпапеі ў бел., польск, і літ. л-рах.

Літ.:

Парэцкі Я.І. Ян Вісліцкі. Мн., 1991;

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЯДЗІ́КТАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (17.11.1807, С.-Пецярбург — 26.4.1873),

рускі паэт, перакладчык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1885). Вучыўся ў Аланецкай гімназіі, у 2-м Пецярбургскім кадэцкім корпусе (1821—27). У 1827—32 служыў у арміі, потым — чыноўнікам у мін-ве фінансаў. Першы зб. «Вершы» (1835) меў шумны, але кароткачасовы поспех. Творчасці Б. ўласцівы вычварнасць, эпігонскае выкарыстанне ходкіх тэм і вобразаў рамант. паэзіі. Пасля 1855 пісаў вершы ў духу «ліберальнага выкрывальніцтва». Выдаў кнігі «Вершы» (т. 1—3, 1856), «Новыя вершы» (1857). Перакладаў на рус. мову творы А.​Міцкевіча, Ш.​Пецёфі, У.​Шэкспіра, Дж.​Байрана, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, А.​Барб’е, В.​Гюго і інш.

Тв.:

[Стихи] // Мастера русского стихотворного перевода. Кн. 1. Л., 1968;

Стихотворения. М., 1981.

Літ.:

Гинзбург Л. О лирике. 2 изд. Л., 1974.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСПАРА́Н (Хачатран) Гаар Мікаэлаўна

(н. 14.12.1924, Каір),

армянская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1984). Муз. адукацыю атрымала ў Каіры. З 1948 у Арменіі, з 1949 салістка Арм. т-ра оперы і балета. З 1965 выкладае ў Ерэванскай кансерваторыі (праф. з 1977). Голас вял. дыяпазону, удумлівая, тонкая трактоўка маст. вобразаў спалучаюцца ў яе з віртуознай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый у операх арм. кампазітараў: Ануш, Шушан («Ануш», «Давід-Бек» А.​Тыграняна), Гаар («Гераіня» А.​Сцепаняна; Дзярж. прэмія СССР 1951), Алімпія («Аршак II» Т.​Чухаджана), у класічных — Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба), Віялета, Дэздэмона, Джыльда («Травіята», «Атэла», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Вядомая як камерная спявачка. Дзярж. прэмія Арменіі 1964.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМБУ́Л ДЖАБА́ЕЎ (28.2.1846, Сямірэчча, Казахстан — 22.6.1945),

казахскі паэт-акын. Аўтар і выканаўца песень-жальбаў, песень-роздумаў, вершаваных прамоў, прывітальных пасланняў, гімнаў, паэм, тэматычна скіраваных на адлюстраванне нар. мар і спадзяванняў, імкненняў да лепшага жыцця («Доля бедняка», «Песня гнеўнага сэрца» і інш.), на асуджэнне сквапнасці, гультайства, крывадушнасці і інш. чалавечых заган. У ранні перыяд яго творчасці гал. месца займаў айтыс — паэтычная спрэчка акынаў. Больш позняя спадчына паэта — водгук на падзеі паліт., гасп. і культ. жыцця краіны. Паэзія вызначаецца псіхал. насычанасцю, эмацыянальнасцю, рэаліст. канкрэтнасцю вобразаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. На бел. мову яго творы перакладалі П.​Глебка, М.​Танк, А.​Жаўрук, А.​Зарыцкі, А.​Ушакоў.

Тв.:

Бел. пер. — Песні і паэмы. Мн., 1939;

Рус. пер.Избр. произв. Алма-Ата, 1980.

Джамбул Джабаеў.

т. 6, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМА́РЫН (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 15.3.1938, г. Багародск Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966), выкладаў у ім (1969—78). Арыгінальнасцю кампазіцыі, тонкім адчуваннем псіхалогіі вобразаў вылучаюцца серыі станковых работ «Не забудзе Беларусь» (1970), «Камвольшчыцы» (1974—77), «На сюжэты з рускай класікі» (1980—88), «Калектывізацыя на Палессі» (1982), трыпціх «Нараджэнне тканіны» (1978). Выканаў іл. да кніг Я.​Коласа «На ростанях» (1968), М.​Лынькова «Векапомныя дні» (1969), І.​Мележа «Мінскі напрамак» (1974), І.​Шамякіна «Сцягі над штыкамі» (1976) і інш. Працуе таксама ў жывапісе: «Пераправа, 1944 г.» (1985), «29-ы год. Палессе» (1987) і інш.

А.Дзямарын. Дыспут. Паводле рамана І.​С.​Тургенева «Бацькі і дзеці». Серыя «На сюжэты з рускай класікі». 1988. Каляровая аўталітаграфія.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)