ДАЛЬНАЗО́РКАСЦЬ, гіперметрапія,

адхіленне ад нармальнай рэфракцыі вока, што перашкаджае выразна бачыць на блізкай адлегласці. Бывае рэфракцыйная (ад слабай пераламляльнай здольнасці аптычнай сістэмы вока) ці восевая (ад занадта кароткай пярэдне-задняй восі вока). Д. — звычайная рэфракцыя вока нованароджаных, пры росце паступова развіваецца суразмерная эметрапічная рэфракцыя вока. У дальназоркім воку прамяні святла, якія ідуць ад далёкіх і блізкіх прадметаў, перасякаюцца і збіраюцца за сятчаткай вока, таму прадметы відаць невыразна.

Адрозніваюць 3 ступені Д.: слабую, сярэднюю і высокую. Пры слабай і сярэдняй хворыя добра бачаць блізкія і далёкія прадметы, бо акамадацыйная здольнасць вока (магчымасць мяняць крывізну і таўшчыню крышталіка) добрая. На высокай ступені Д. хворыя кепска адрозніваюць прадметы здалёку і зблізку, нават з карэкцыяй. Некарэгіраваная Д. у дзяцей можа прывесці да развіцця касавокасці. Выпраўляюць Д. акулярамі з выпуклымі (збіральнымі) шкельцамі.

Л.​М.​Марчанка.

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭ́ЛІЙ Марк (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),

рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.

А.​В.​Рубанаў.

Марк Аўрэлій сярод жрацоў. Мармуровы рэльеф.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ ФУ (712, каля г. Сіянь, Кітай — 770),

кітайскі паэт. Шмат вандраваў па Кітаі з Гао Шы і Лі Бо (сяброўства з якім у многім вызначыла яго далейшы творчы лёс). З 746 жыў у сталіцы Чан’ані. У творчасці гэтага перыяду пераважалі тэмы нар. пакут, спагады беднякам, выкрыцця тых, хто прагнуў вайны: «Песня пра баявыя калясніцы», «З сталіцы ў Фэнсянь». У час антыўрадавага мяцяжу ў 756 пакінуў сталіцу, жыў на чужыне. У творах таго часу пачуццё болі за свой народ і краіну («Вёска Цянцунь», цыклы вершаў «Тры чыноўнікі» і «Тры расстанні»). З 759 жыў у Чэнду, напісаў каля 1000 вершаў, у цэнтры якіх — імкненне ахвяраваць сабой дзеля людзей. Стыль Д. адметны яснасцю, акварэльнай празрыстасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М.; Л., 1962.

Літ.:

Серебряков Е.А. Ду Фу. М., 1958.

Г.​В.​Сініла.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАФЕЛІ́ТЫ (ад мона... + грэч. thelēma воля),

прыхільнікі рэліг.-філас. вучэння, якое склалася ў 7 ст. ў Візантыі. Было кампрамісам паміж артадаксальнай догмай, прынятай на Халкідонскім саборы, і монафізіцтвам. Паводле вучэння М., Хрыстос валодаў дзвюма прыродамі (чалавечай і божай), але адной воляй і адной «энергіяй» (богачалавечай), і самастойнасць чалавечай волі Хрыста знікла ў выніку яе паглынання божай воляй. Найб. вядомыя М.: Сергій, патрыярх канстанцінопальскі (610—638), Кір, епіскап Фасіса, Феодар, епіскап Фарана (Сінайскі п-аў). Улады Візантыі падтрымлівалі вучэнне М., бо разлічвалі з яго дапамогай умацаваць свае пазіцыі ў па-монафізіцку настроенага насельніцтва ўсх. правінцый, у 638 яго афіцыйна ўхваліў імператар Іраклій. Аднак М. былі асуджаны як ерэтыкі на Латэранскім (648) і Канстанцінопальскім (680—681) саборах. Пасля разгрому М. усталявалася містычнае вучэнне пра 2 прыроды і 2 волі Хрыста.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВА́ГА,

засяроджанасць псіхічнай дзейнасці суб’екта ў пэўны момант часу на якім-небудзь рэальным або ідэальным аб’екце (прадмеце, падзеі, вобразе, разважанні і інш.). Вылучаюць 3 віды У. Мімавольная У. (найб. простая і генет. першапачатковая) мае пасіўны характар, бо навязваецца суб’екту знешнімі падзеямі. Фізіялагічнае праяўленне гэтага віду У. — арыенціровачная рэакцыя. Пры адвольнай У. дзейнасць кіруецца свядомымі намерамі суб’екта і патрабуе з яго боку валявых намаганняў. Яна мае актыўны характар, складаную структуру, апасродкаваную сацыяльна выпрацаванымі спосабамі арганізацыі паводзін і камунікацыі; звязана з прац. дзейнасцю. Пры постадвольнай У. захоўваецца адпаведнасць накіраванасці дзейнасці свядома прынятым мэтам, аднак яе выкананне не патрабуе спец. разумовых намаганняў і абмежавана ў часе толькі стомленасцю ці знясіленнем рэсурсаў арганізма. Да характарыстык У., вызначаных шляхам эксперым. даследаванняў, належаць выбіральнасць, аб’ём, устойлівасць, магчымасць размеркавання і пераключальнасць.

т. 16, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОЛ (Hali) Грэнвіл Стэнлі (1.2.1846, г. Ашфілд, штат Масачусетс, ЗША — 24.4.1924),

амерыканскі псіхолаг; адзін з заснавальнікаў педалогіі, прыхільнік эксперыментальнай педагогікі. У 1878—80 вучыўся ў Германіі ў Г.​Т.​Фехнера, В.Вунта і інш. З 1881 праф. ун-та Дж.​Хопкінса (г. Балтымар). У 1889—1920 праф. і прэзідэнт Кларкскага ун-та, дзе стварыў першы ў ЗША ін-т дзіцячай псіхалогіі. Адзін з арганізатараў і першы прэзідэнт (1892) Амер. псіхал. асацыяцыі. Пры даследаванні дзіцячай псіхікі выкарыстоўваў. апытальнікі, у якіх дзеці паведамлялі пра свае пачуцці (маральныя, рэлігійныя і інш.), адносіны да інш. людзей. Методыка такіх апытанняў сустрэла рэзкую крытыку, бо паведамленні дзяцей прызнаваліся за дакладную крыніцу інфармацыі пра саміх сябе. Прытрымліваўся тэорыі рэкапітуляцыі, паводле якой дзіця ў сваім псіхічным развіцці паўтарае стадыі развіцця псіхікі чалавечага роду («Праблемы выхавання», т. 1—2, 1911).

т. 17, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Расхлебяста́цца экспр. ’расхістацца’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка, адпавядае літ. išsi‑klebetúoti ’тс’, што неабавязкова, бо выводзіцца з st‑інтэнсіва хлебястаць (< *xlębati ’хістацца’, гл. ЭССЯ, 8, 32).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́хі — адгоннае слова (для птушак): тухі, верабейкі! (Сержп. Прык.). Відаць, да гукапераймальнага тух (гл.), бо суправаджалася ўзмахамі рук, плясканнем ці стукам. Параўн. рус. дыял. дать ту́ха ‘выгнаць’ (СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пазаяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

1. Заесці, загрызці ўсіх, многіх. — Не варушыцеся, бо пазаядаюць [пчолы], — сказаў Сёмка. Колас.

2. перан. Разм. Змучыць папрокамі ўсіх, многіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патра́ціцца, ‑трачуся, ‑трацішся, ‑траціцца; зак.

Выдаткаваць свае грошы, сродкі на каго‑, што‑н. [Халуста:] — У мяне цяпер грошай няма, бо я патраціўся на гэтую малатарню. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)