від скульптуры, прызначаны для ўвекавечання значных. гіст. падзей або асоб. Звычайна ўвасабляе ідэі вял. грамадскай значнасці. Да М.с. адносяцца выявы ідалаў, помнікі, манументы, стэлы, памятныя статуі, бюсты, рэльефы і інш. У адрозненне ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры мае адносна самаст.маст. вобраз у структуры ансамбля, часткай якога з’яўляецца. Вызначаецца вял. памерамі, маштабнасцю, абагульненасцю пластыкі, героіка-эпічным ладам, з’яўляецца арганізуючым элементам арх. або прыроднага асяроддзя. Творы, разлічаныя на ўспрыняцце з вял. адлегласці і доўгачасовае існаванне, ставяцца пераважна на адкрытых прасторах (часта на натуральных узвышшах ці штучна створаных насыпах і курганах) і ствараюцца з трывалых матэрыялаў (мармур, граніт, бронза, медзь, сталь і інш.).
Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Праслаўляла багоў, уладароў і інш. (статуі фараонаў, сфінксы ў Стараж. Егіпце, багоў, герояў і атлетаў у Стараж. Грэцыі і Рыме і інш). Развівалася ў эпоху сярэдневякоўя, найб. росквіту дасягнула ў мастацтве Адраджэння (статуя «Давід» у Фларэнцыі, 1501—04, скульпт. Мікеланджэла, і інш.). У эпоху барока стылістыка твораў адышла ад героіка-эпічнай манументальнасці і набыла рысы дэкар. скульптуры. З канца 18 ст. развіццё М.с. звязана пераважна са сцвярджэннем пафасу дзяржаўнасці і асветніцкіх грамадскіх ідэалаў: помнікі Пятру I у С.-Пецярбургу (1766—78, скульпт. Э.Фальканэ), К.Мініну і Дз.Пажарскаму ў Маскве (1804—18, скульпт. І.Мартас), «Грамадзяне Кале» ў г. Кале (Францыя; 1884—86) і А. дэ Бальзаку ў Парыжы (1893—97, абодва скульпт. А.Радэн), «Рабочы і калгасніца» (1937, скульпт. В.Мухіна) і інш. У 20 ст. М.с. таксама шырока выкарыстоўваецца пры стварэнні мемар. ансамбляў, звязаных з драм. падзеямі: скульптуры Ф.Крэмера ў Бухенвальдзе (1952—58), Я.Вучэціча на Мамаевым кургане (Валгаград, 1963—67) і інш.
На Беларусі вытокі М.с. ў выявах язычніцкіх ідалаў (Шклоўскі ідал і інш.). Да 20 ст.вял. пашырэння не атрымала. У 1920—30-я г. развівалася ў рэчышчы плана манум. прапаганды і мела пераважна часовы характар. З 1950-х г. пашырыліся помнікі і мемар. комплексы, якія ўвекавечваюць памяць герояў Вял.Айч. вайны: помнікі В.І.Талашу ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл., С.Грыцаўцу ў Мінску (абодва 1951, скульпт. З.Азгур), К.Заслонаву ў г. Орша Віцебскай вобл. (1955), М.Казею ў Мінску (1959, абодва скульпт. С.Селіханаў), экіпажу самалёта М.Гастэлы каля г.п. Радашковічы Мінскага р-на (1964—75, скульпт. А.Анікейчык, арх. В.Занковіч, Л.Левін), А.Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. А.Арцімовіч, М.Інькоў, М.Канцавы, арх. В.Рыбакоў) і інш. Важнае месца М.с. займае ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой, Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.), «Праклён фашызму» (Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.), «Мінск — горад-герой» у Мінску, Хатынь (Мінскі р-н) і інш. Пастаўлены помнікі выдатным дзеячам нац. гісторыі і культуры: Я.Купалу (скульпт. Анікейчык, А.Заспіцкі, Л.Гумілеўскі, арх. Ю.Градаў, М.Левін). Я.Коласу (скульпт. З.Азгур, арх. Градаў, Левін, абодва 1972), М.Багдановічу (1982, скульпт. С.Вакар, арх. Л.Маскалевіч) у Мінску, Ф.Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. (1974, скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, арх. В.Марокін), С.Буднаму ў г. Нясвіж Мінскай вобл. (скульпт. С.Гарбунова), Я.Купалу ў в. Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. (скульпт. Анікейчык, абодва 1982), Кірылу Тураўскаму ў г. Тураў Гомельскай вобл. (1992, скульпт. Інькоў), Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1993, скульпт. Арцімовіч), А.Пушкіну ў Мінску (скульпт. Ю.Арэхаў, арх. Ю.Грыгор’еў) і г. Мазыр Гомельскай вобл. (скульпт. Вараб’ёў; абодва 1999) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Манументальная скульптура. В.Мухіна. Рабочы і калгасніца. 1937.Да арт.Манументальная скульптура. С.Гарбунова. Помнік Сымону Буднаму ў Нясвіжы. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЧЫ (Carracci),
сям’я італьян. мастакоў Балонскай школы жывапісу канца 16 — пач. 17 ст. Прадстаўнікі акадэмізму. Нарадзіліся ў Балонні. Ладавіка (хрышчаны 21.4.1555—13.11.1619). Вучыўся ў Балонні ў П.Фантаны (каля 1570—80), там і працаваў. Творчасці ўласцівы простая і строгая кампазіцыя, рэзкая святлоценявая мадэліроўка («Абарачэнне Паўла», 1587; «Мадонна Барджэліні», 1588; «Мадонна Скальцы»; «Бічаванне Хрыста»; «Мадонна са св. Францыскам і Іосіфам», 1591; «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1592; «Ператварэнне», каля 1595—97). Агасціна (15.8.1557—22.3.1602), стрыечны брат Ладавіка. Вучыўся ў Балонні ў Фантаны. Працаваў у Балонні, Рыме і Парме. Рабіў гравюры па карцінах Я.Тынтарэта, П.Веранезе, Карэджа. Сярод жывапісных твораў: «Прычашчэнне св. Іераніма», «Узнясенне Марыі» (абодва паміж 1591—93) і інш.Анібале (3.11.1560—15.8.1609), брат Агасціна, стрыечны брат і вучань Ладавіка. Да 1595 працаваў у Балонні, потым у Рыме. Рабіў алтарныя карціны, у балонскі перыяд у натуралістычнай манеры пісаў партрэты і жанравыя карціны, рамант. пейзажы. У рымскі перыяд творчасць больш строгая і ўрачыстая, што адпавядала канцэпцыі «прыгожага ідэала», якая ўвасобілася ў тэатралізаваным адлюстраванні героікі вял. падзей з жыцця людзей і багоў. Сярод твораў: «Крама мясніка», «Бабовая поліўка», «Аплакванне Хрыста» (сярэдзіна 1580-х г.), «Венера і Адоніс» (1588—89), аўтапартрэт (1590-я г.), «Узнясенне Марыі» (1592), «Міласэрнасць св. Роха» (1595), «Уцёкі ў Егіпет» (каля 1603—04), «Святыя жонкі ля труны ўваскрэслага Хрыста» (каля 1605), «Партрэт Джавані Габрыэлі з лютняй».
Сумесныя работы К.: фрэскі ў палацах Фава (1580—85) і Маньяні (1588—90) у Балонні і Фарнезе (1597—1604), у Рыме і інш. Каля 1585 у Балонні заснавалі «Акадэмію тых, хто стаў на правільны шлях».
Л.Карачы. Бічаванне Хрыста.Анібале Карачы. Венера і Адоніс. 1588—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
эфі́р, ‑у, м.
1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — самы верхні, чысты і празрысты слой паветра; месцазнаходжанне багоў.
2. Вышыня, паветраная прастора. Я не слыхам — істотаю чую, Як, гайдаючы рэхам эфір, На світанні і ў поўнач глухую Не сціхае магутнае: — Мір!Глебка.// Паветраная прастора вакол зямнога шара, дзе распаўсюджваюцца радыёхвалі. Тройчы перадаваў старшыня ў эфір шыфроўку, тройчы пераходзіў на прыём, але адказу не было.Кухараў.Кожныя тры гадзіны метэаролагі радзіруюць у эфір пра стан надвор’я ў розных раёнах Беларусі.«Маладосць».У мой пакой прыйшлі яны [песні] з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан.А. Вольскі.
3.(звычайнаўспалучэннісасловам «сусветны»). Паводле старых тэорый фізікі — своеасаблівае суцэльнае асяроддзе, якое нібыта напаўняе сабой усю сусветную прастору і дае магчымасць растлумачыць распаўсюджванне святла і электрамагнітных хваль. Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родаяць новае ды новае ў бязмернасці вякоў...Гартны.
4.Спец. Арганічнае злучэнне (напрыклад, кіслот са спіртамі), якое з’яўляецца бясколернай лятучай вадкасцю з характэрным рэзкім пахам і выкарыстоўваецца ў медыцыне, тэхніцы, парфумерыі. Этылавы эфір. □ Прывязаўшы каня, веставы ўвайшоў у хату. Салодкі пах эфіру і крыві шыбануў у нос.Асіпенка.
[Грэч. aithēr.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАВІЛО́НА-АСІРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура народаў, што насялялі ў 4−1-м тыс. да н.э. Месапатамію (Двухрэчча Тыгра і Еўфрата, тэр. сучаснага Ірака) і стварылі буйныя дзяржавы — Шумер, Акад, Вавілонію і Асірыю.
Матэрыяльная культура Месапатаміі мела дастаткова высокі ўзровень. З 3-га тыс. да н.э. тут вядомы ліццё і коўка металаў, чаканка і філігрань. У ваен. тэхніцы выкарыстоўваліся калясніцы (пач. 2-га тыс.), панцыры з медных пласцінак (сярэдзіна 2-га тыс.), мячы, каменныя і наплаўныя масты і інш. У 7 ст. да н.э. ў Асірыі пабудаваны першы каменны акведук. Для практычнага гасп. выкарыстання распрацоўваліся сістэмы мер, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, што садзейнічала развіццю шумера-вавілонскай матэматыкі. Вавілонскія матэматыкі карысталіся шасцідзесяцярычнай сістэмай лічэння. На яе аснове былі створаны табліцы дзялення і множання лікаў, квадратаў і кубаў лікаў і іх квадратных і кубічных каранёў; маглі рашаць квадратныя ўраўненні, карысталіся правілам, якое зараз наз.Піфагора тэарэмай. Хімія ў вавіланян мела выключна дастасавальны характар: захаваліся рэцэпты вырабу бронзы, прыгатавання шматколернай палівы для керамікі. У сувязі з мараплаваннем развівалася астраномія. Вавілонскія астраномы адрознівалі планеты і зоркі. Кожная планета (акрамя Меркурыя) мела сваю назву, праводзіліся назіранні планет, быў адкрыты сарас — прамежак часу, праз які сонечныя і месяцавыя зацьменні паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Адносна высокі ўзровень дасягнуты і ў медыцыне: сістэматызацыя захворванняў і лекавых сродкаў, анатамічныя апісанні асобных частак цела чалавека, хірургічныя аперацыі (ампутацыя, зрошчванне касцей і інш.).
Зачаткам гісторыі як навукі ў Вавілоне лічыцца «Спіс цароў», дзе выкладзены гіст. падзеі ад моманту, «калі царственнасць спусцілася з неба», і да больш позніх цароў. Спіс складзены каля 2100 да н.э. для абгрунтавання абсалютнасці царскай улады. Вяліся таксама спісы найб. прыкметных падзей, рабілася датаванне. Быў звычай закладваць у фундамент будынкаў для будучых пакаленняў царскія надпісы з апісаннем дзеянняў цароў. З сярэдзіны 8 ст. да н.э. вёўся рэгулярны летапіс. Да першых прац навук. характару адносяцца спісы знакаў пісьма (напачатку малюнкавых, потым клінапісных) і пераліку тэрмінаў, запісаных з дапамогай такіх знакаў. Упершыню яны былі складзены каля 3000 да н.э.
Міфы, што дайшлі да нас, адлюстроўваюць уяўленні народаў, якія займаліся ірыгацыйным земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Паводле міфаў, свет створаны або багіняй-маці, або (у позніх міфах) мужчынскім бажаством (Энліль, Мардук); унутры зямлі знаходзіцца змрочны горад мёртвых. Вавілонскі міф 2-га тыс. да н.э. апавядае пра барацьбу старэйшых багоў (іх узначальвае пачвара — багіня Тыямат — «Мора») з малодшымі (на чале з богам Мардукам). Прыкметнае месца займае міф пра патоп і адзінага чалавека, які выратаваўся, — мудрага Зіусудру (шумерскае; акадскае — Утнапішты). Канкрэтныя рысы міфу надалі параўнаўча частыя ў Двухрэччы разбуральныя навадненні. Цыкл міфаў г. Урук звязаны з імёнамі герояў Энмеркара, Лугальбанды і Гільгамеша. Да нашага часу дайшлі пераважна запісы афіц. версій міфаў, прасякнутыя ідэяй чалавечага бяссілля перад багамі.
Рэлігіястараж. плямён Двухрэчча прайшла складаную эвалюцыю ад першасных культаў — фетышызму, татэмізму, анімізму праз політэізм да фарміравання монатэізму. У вераваннях шумера-акадскіх плямён спачатку пераважалі абшчынныя культы. З утварэннем рабаўладальніцкай Акадскай дзяржавы ўзніклі культы агульнадзярж. багоў Ана, Энліля і Энкі. З ператварэннем Вавілона ў цэнтр дзяржавы гал. богам стаў Мардук. У Асірыі быў пашыраны той жа пантэон багоў, дапоўнены асобнымі мясц. божаствамі, сярод якіх вярхоўным лічыўся Ашур — заступнік аднайм. горада Асірыі. Вавілона-асірыйская рэлігія ўключала таксама земляробскія культы, у прыватнасці культ бога Думузі (Тамуза), які памірае і ўваскрасае; у ёй былі пашыраны дэманалогія, магія, астральныя культы і да т.п. З вавілона-асірыйскай рэлігіі многае запазычылі наступныя рэлігіі, у прыватнасці іудаізм і хрысціянства.
Літаратура народаў Двухрэчча ў 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. была вусная. Верагодна, менавіта ў гэты час узнікла частка шумерскіх эпічных песень пра герояў г. Урук — Энмеркара, Лугальбанду і Гільгамеша, якія дайшлі ў запісах 19—18 ст. да н.э., а таксама пра багіню Інін. 24—21 ст. да н.э. — перыяд росквіту гіст.-гераічнага эпасу на шумерскай і акадскай мовах пра дзейнасць і ваен. паходы цароў Саргана і Нарамсіна. Да 22 ст. да н.э. можна аднесці ўзнікненне акадскай эпічнай паэмы пра Гільгамеша, у якой з вял.маст. сілай расказваецца пра трагічны чалавечы лёс і пошукі бессмяротнасці. Да канца 3-га тыс. да н.э., відаць, адносяцца асн. вядомыя шумерскія літ. тэксты — афарыстычныя павучанні, пакаянныя псалмы, літургічныя «плачы», пахавальныя элегіі і інш. Класічная акадская (вавілонская) л-ра 16—12 ст. да н.э. складаецца з вял. касмаганічнага эпасу з 7 песень, у якіх апісваецца стварэнне свету з хаосу, а таксама барацьба старэйшага і малодшага пакаленняў багоў. Вял. колькасць акадскіх і частка шумерскіх тэкстаў, што дайшлі да нашага часу, захоўваліся ў Ніневійскай бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала. Арыгінальныя літ. помнікі ў Асірыі амаль не ствараліся. Самаст. жанрам асірыйскай л-ры лічацца царскія аналы, напісаныя рытмічнай прозай, у якіх намаляваны яскравыя карціны ваен. паходаў і бітваў. Помнікі старой вавілонскай, а часткова і шумерскай, пераважна культавай, л-ры перапісваліся да I ст. да н.э. на жывой арамейскай мове. Амаль уся л-ра народаў стараж. Двухрэчча — вершаваная.
У маст. культуры стараж, свету важнае месца займаюць пластычныя мастацтвы плямён і народаў Месапатаміі 4—1-га тыс. да н.э. Тут складваліся і развіваліся многія формы архітэктуры, скульптуры і інш. формы ўвасаблення ў мастацтве чалавека і навакольнага свету, характэрныя для наступных эпох. Мастацтва 5—4-га тыс. да н.э. — гэта культавыя пасудзіны з гліны, расфарбаваныя геам. узорам і стылізаванымі выявамі птушак, звяроў і людзей, статуэткі з гліны. З сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. тут з’явіўся ганчарны круг, развівалася буд-ва храмаў, сцены якіх часам аздабляліся геям. Мазаічнымі ўзорамі. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. развівалася круглая скульптура, дасягнула росквіту мастацтва гліптыкі. У эпоху ўзвышэння Шумера вызначальную ролю адыгрывала храмавая архітэктура, развіваўся тып шматступеньчатай вежы (зікурата) з «жыллём Бога» наверсе (зікурат у г. Ур, 22—21 ст. да н.э.). Дробная пластыка Шумера з каменю і бронзы вызначалася схематычнасцю, выявы на рэльефах былі плоскасныя і статычныя (т.зв. штандар з г. Ур — мазаіка з ракавін і лазурыту з батальнымі сцэнамі, каля 2600 да н.э.). Выдатныя залатыя прадметы з «царскіх» грабніц — арнаментаваны шлем, дыядэма і кінжал з ножнамі філіграннай работы і інш. Нешматлікія помнікі перыяду аб’яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада (24—22 ст. да н.э.) сведчаць пра ўзмацненне культу ўладара. Пры захаванні ўмоўных прыёмаў у рэльефах заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб’ёмнасці фігур, увасаблення прыроды (стэла ў гонар перамогі Нарамсіна з батальнымі сцэнамі, статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш). Дасканаласці дасягнула тэхніка маст. апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка. У аб’яднанай дзяржаве III дынастыі Ура (канец 22—21 ст. да н.э.) ва ўмовах жрэцкага бюракратычнага рэжыму ў маст. майстэрнях ствараліся гал. чынам рэльефы з кананічнымі сцэнамі пакланення божаствам. З 18 ст. да н.э. (перыяд узвышэння Вавілона) захавалася мала помнікаў: дыярытавая стэла з рэльефнымі выявамі і выкладаннем законаў цара Хамурапі; размалёўкі палаца ў Мары з культавымі сцэнамі і выявамі багоў і інш. Новы этап у развіцці мастацтва Месапатаміі звязаны з узвышэннем Асірыі. На мастацтва Асірыі (складвалася ў 2-м тыс. да н.э.) паўплывала культура стараж. плямён хурытаў, хетаў, дзяржавы Акад; развіваліся архітэктура, манум дэкар. і прыкладное мастацтва. Цэнтрамі рэгулярных па планіроўцы гарадоў сталі палацы-крэпасці са шматлікімі памяшканнямі вакол адкрытых двароў; парадныя арачныя парталы ўпрыгожваліся паабапал гарэльефамі ў выглядзе крылатых чалавека-быкоў «шэду». Сярод найб. значных комплексаў — палац Саргана II у Дур-Шарукіне (сучасны г. Харсабад) з храмамі, у т. л. свяцілішча з вежай-зікуратам. Для пластыкі Асірыі характэрны манум. рэльефы (часам фарбаваныя) з фрызавымі кампазіцыямі. Гіпертрафіраваная трактоўка мускулатуры і прапорцый чалавечага цела ў рэльефах 9 — пач. 8 ст. да н.э. (палац Ашурнасірпала II у Кальху) змянілася ў 2-й пал. 8 — пач. 7 ст. да н.э. рэльефамі больш свабоднай кампазіцыі апавядальнага характару (палац Сінахерыба ў Ніневіі). Рэльефы 7 ст. да н.э. вылучаюцца жыццёвай выразнасцю вобразаў, дынамізмам (сцэны палявання на львоў у палацы Ашурбаніпала ў Ніневіі). Нешматлікім помнікам круглай скульптуры (каменныя статуі цароў) уласцівы строгая кананічнасць, манументальнасць, арнаментальна-дэкар. трактоўка валасоў, адзення, атрыбутаў (статуі Ашурнасірпала II, Саламанасара III з Ашура). Пра жывапіс Асірыі можна меркаваць па фрагментах фрэсак з палаца ў Тыль-Барсібе («Два асірыйскія саноўнікі», «Паляванне на льва» і інш., 9—8 ст. да н.э.). Развіваліся таксама маст. ткацтва, разьба па косці і дрэве, апрацоўка металу. Пасля падзення Асірыі (канец 7 ст. да н.э.) мастацтва Вавілона зноў перажыло кароткачасовы росквіт (7—6 ст. да н.э., т.зв. новававілонскі перыяд), створаны цудоўны ансамбль г.Вавілон. Пасля заваявання Вавілона дзяржавай Ахеменідаў (539 да н.э.) і яго ўключэння ў дзяржаву Селеўкідаў (канец 4 ст. да н.э.) вавілонская культура зазнала ўплыў персідскага, а пазней і эліністычнага мастацтва.
Літ.:
Очерки по истории техники Древнего Востока. М.; Л., 1940;
Вайман А.А. Шумеро-вавилонская математика III — І тыс. до н.э.М., 1961;
Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Клочков И.С. Духовная культура Вавилонии: человек, судьба, время: Очерки. М., 1983;
Дандамаев М.А. Вавилонские писцы. М., 1983;
Матвеев К., Сазонов А. Земля Древнего Двуречья: (Мифы, легенды, находки и открытия). М., 1986;
Козырева Н.В. Древняя Ларса: Очерки хоз. деятельности. М., 1988;
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Зікурат у г. Ур. 22—21 сг. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя саноўніка Эбіх-іля з Мары. Фрагмент. Сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш. 22 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Саргана II у Дур-Шарукіне. 8 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Так званы штандар з г. Ур. Фрагмент. Каля 2600 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Ашурнасірпала II у Кальху. 883—859 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. «Шэду» з палаца цара Саргана II у Дур-Шарукіне. 712—707 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Шлем з г. Ур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́Н (шумерскае Кадынгіра, акадскае Бабілу),
у старажытнасці горад у Месапатаміі на р. Еўфрат; руіны — каля сучаснага г. Хіла (Ірак). Упершыню згадваецца пад канец 3-га тыс. да н.э. З пач. 2-га тыс. да н.э.культ. цэнтр Пярэдняй Азіі. Пры цару Хамурапі [1792—50 да н.э.] стаў сталіцай Вавілоніі. Каля 1595 да н.э. захоплены хетамі, каля 1518 — касітамі. Пасля 1250 да н.э. неаднаразова трапляў пад уладу Асірыі. Найб. росквіту дасягнуў у Новававілонскі перыяд (гл.Халдзейскае царства) пры царах Набапаласару [625—605 да н.э.] і Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля заваявання Кірам II (539 да н.э.) і Дарыем I (522 да н.э.) адна са сталіц Ахеменідаў дзяржавы. У 331 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім. Да 2 ст.н.э. заняпаў.
Раскопкамі ням. археолага Р.Кольдэвея ў 1898—1917 узноўлены план горада 7—6 ст. да н.э. і арх. ансамбль, створаны ў перыяд росквіту Вавілона пры цару Навухаданосару II. У 7—6 ст. да н.э. Вавілон — выцягнуты ў плане прамавугольнік (пл. каля 10 км²), падзелены р. Еўфрат на 2 часткі (Стары і Новы горад), абкружаны цаглянымі вонкавымі і ўнутранымі сценамі з зубчастымі вежамі і 8 варотамі, названымі імёнамі багоў. Галоўныя паўн. вароты Іштар былі абліцаваны паліванай цэглай э рэльефнымі выявамі быкоў і драконаў. Праз іх вяла свяшчэнная дарога працэсій. Сярод гал. помнікаў: храм багіні Нінмах, цэнтр. храм бога Мардука—Эсагіла, 7-ярусны зікурат бога Этэменанкі («Вавілонская вежа», дойлід Арадахешу, сярэдзіна 7 ст. да н.э., зруйнаваны Аляксандрам Македонскім), палац-крэпасць з т.зв. «вісячымі садамі Семіраміды» (адно з 7 дзівосаў свету), па-за горадам — летні палац Навухаданосара II. Гл. таксама Вавілонскае стоўпатварэнне, Вавілона-асірыйская культура.
Літ.:
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Яго ж. Вавилонская башня: Пер. с нем. М., 1991.
Да арт. Вавілон. Фрагмент рэльефу варотаў Іштар.Да арт. Вавілон. Дэкаратыўнае пано троннай залы Паўднёвага палаца. 6 ст. да н.э.Да арт. Вавілон. Рэшткі горада.Да арт. Вавілон. Вароты Іштар. Каля 570 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЧУЖЭ́ННЕ,
аб’ектыўны сац. працэс, які характарызуецца ператварэннем у пэўных умовах чалавечай дзейнасці і яе вынікаў у самаст. сілу, што пануе над чалавекам і варожая яму. Праяўляецца ў процістаянні асн. перадумоў працы (уласнасць, кіраванне і арг-цыя) суб’екту працы, дзярж.-бюракратычнай машыны радавым членам грамадства, у пачуццях апатыі, адзіноцтва, атрафіі да высокіх сац. і гуманіст. каштоўнасцяў.
Першапачаткова сфармулявана і выкарыстана Т.Гобсам, Дж.Локам, Ж.Ж.Русо для абгрунтавання дагаворнага паходжання дзяржавы як увасаблення перанесеных на яе («адчужаных») людзьмі сваіх пэўных правоў і свабод. Для Гегеля адчужэнне як уласцівасць сусв. духу (абсалютнай ідэі) ёсць пераход яго ў працэсе дыялект. развіцця ў сваю процілегласць — прыродную і сац. рэальнасць; для Феербаха — гэта стварэнне чалавечай свядомасцю рэліг.-ілюзорнага свету багоў, анёлаў і інш. пад уплывам усеагульнай залежнасці чалавека ад варожых яму сіл прыроды. Калі ў Гегеля пераадоленне адчужэння ажыццяўляецца праз усё больш глыбокае пазнанне навакольнага свету, то ў Феербаха — праз крытыку рэлігіі на аснове прынцыпаў любові і салідарнасці. Паводле Маркса, пераадоленне адчужэння можа быць дасягнута ў ходзе пралетарскай рэвалюцыі і стварэння такога грамадства, якое выключала б эксплуатацыю чалавека чалавекам і стварала б аб’ектыўныя ўмовы для свабоднага, усебаковага развіцця асобы.
У сучаснай зах. філасофіі адчужэнні імкнуцца абгрунтаваць усе бакі крызісу грамадства — сац. і нац. прыгнёт, бюракратызацыю грамадскага жыцця, тэхнізацыю свету і разбурэнне прыроднага асяроддзя, узрастаючую бездухоўнасць мастацтва і асобы, нявер’е і атэізм, тэрарызм і злачыннасць, нават нац.-вызв. барацьбу народаў. А.Камю атаясамлівае адчужэнне з відавочнай для яго абсурднасцю чалавечага быцця ў свеце фатальнай непазбежнасці смерці індывіда. Крызіс сацыялізму і марксізму ўяўляецца як спецыфічнае адчужэнне ў грамадстве з дзярж.-калектыўнай уласнасцю, якая ўзмацняе працэс адчужэння, ператварае яго ў фатальна-антрапалагічную з’яву. Спробы пераадолення адчужэння ў гэтым сэнсе абвяшчаюцца утапічнымі або звязваюцца са зваротам чалавека да Бога і рэлігіі, да ўцёкаў ад грамадства ў інтымна-асабістае жыццё, з маральным адраджэннем асобы і грамадства на аснове любові, салідарнасці і інш.
Літ.:
Нарский И.С. Отчуждение и труд. М., 1983;
Грицанов А.А. Овчаренко В.И. Человек и отчуждение. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ма́ліцца ’паводзіць, уяўляць сябе як малое дзіця’ (Янк. 3., Нас., КЭС, лаг.), ’змяншаць гады’ (пух., З нар. сл.; віл., Жыв. сл.), ма́ліць ’прадстаўляць малым, змяншаць’ (Нас., Касп.), малі́цца ’прыкідвацца малым’ (ТС). Укр.малі́ти ’змяншацца’, мали́тися ’рабіцца меншым’, ’паводзіць сябе па-дзіцячаму’, рус.ма́лить ’змяншаць’, ст.-рус.малити (XIII ст.). Польск.maleć ’змяншацца, станавіцца малым, меншым’, чэш.máliti se ’значна змяншацца’, славац.maliť sa ’тс’, серб.-харв.ма́лити, макед.мали се, балг.малея. Прасл.maliti ’змяншаць, рабіць меншым’. Бел.-укр. ізасема. Да малы́ (гл.).
Маліцца ’звяртацца да бога, святых’, ’вельмі моцна прасіцца’, ’абагаўляць’, ’дагаджаць’ (віл., Сл. ПЗБ), малі́ць ’надта прасіць, умольваць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Яруш.; КЭС, лаг.), браг.маліць ’маліцца’ (Мат. Гом.). Укр.моли́тися ’маліцца’, моли́ти ’маліць, упрошваць’, рус.молиться ’маліцца, чытаць малітву’, ’прасіць’, ’пераканаўча, настойліва прасіць’, польск.modlić (się) ’маліцца’, ’моцна прасіць’, н.-луж.modlić se ’маліцца’, в.-луж.modlić so ’тс’, ’дагаджаць’, чэш.modliti se ’маліцца’, ’абагаўляць каго-небудзь’, славац.modliť sa ’маліцца’, славен.móliti, mòdliti, серб.-харв.мо̀лити, макед.моли, ’прасіць літасці’, моли се ’маліцца’, балг.моля ’прашу’, моля се ’малюсь’, ст.-слав.молити. Прасл.modliti ’прасіць, звяртаючыся да багоў, прыносячы ім ахвяру’, ’ахвяраваць’. І.‑е. адпаведнікі: балт. (тут заканамерна ‑ld‑, у той час як у прасл. мове яшчэ да метатэзы tolt/trat адбылася мена ld > dl з прычыны аманіміі з групай слоў moldъ ’малады’): літ.maldá ’просьба’, maldýti ’маліць, упрошваць’, mel̃sti ’прасіць’, ’маліцца’, хецк.maltāi ’прасіць, гаварыць’, арм.małthem ’упрошваю’, ст.-в.-ням.melda ’плёткі’, meldôn ’заяўляць’, і.-е.*meldh‑ ’рытуальная прамова ў богаслужэнні’ (Покарны, 722; Міклашыч, 119; Бернекер, 2, 65; Фасмер, 2, 642; Махэк₂, 371–372; Скок, 2, 451–452; Бязлай, 2, 193). Прасл.modliti пранікла ў прагерм.maþljan ’заклікаць, звяртацца з урачыстай прамовай, абяцаць’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 170–172).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МІФАЛАГІ́ЧНЫ ЖАНР,
жанр выяўленчага мастацтва, прысвечаны героям і падзеям, прадстаўленым у міфахстараж. народаў. Творам М.ж. звычайна ўласцівы сімвалічнасць вобразаў (багоў, герояў, духаў і інш.), семантычная ўмоўнасць, своеасаблівая трансфармацыя прасторы і часу, ілюстратыўная апавядальнасць раскрыцця зместу міфа. У мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. яго кампазіцыі набылі большую вобразную і сэнсавую самастойнасць, часта змяшчаюць аўтарскія міфалагічныя мадэлі. Генезіс М.ж. цесна звязаны з біблейскім, а таксама гіст. і фантаст. жанрамі, традыц.нар. мастацтвам.
Вытокі М.ж. ў першабытным мастацтве. Вял. ролю ў яго станаўленні мела мастацтва Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма. Міфы былі асновай традыц. мастацтва народаў Усходу, Афрыкі і Акіяніі. У эпоху сярэднявечча ў межах М.ж. склаліся сістэмы культавага мастацтва асн.рэліг. канфесій. Як жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, што было абумоўлена цікавасцю да ант. культуры. Праз сюжэты міфаў мастакі ўвасаблялі складаныя этычныя, часта алегарычныя падтэксты (творы С.Батычэлі, Дж.Беліні, П.Веранезе, Данатэла, Джарджоне, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Тыцыян Б.Чэліні ў Італіі, Х.Босха, Х. ван дэр Гуса, Р.Кампена ў Нідэрландах, Л.Кранаха Старэйшага ў Германіі і інш.). У 17—19 ст. у стылях класіцызму, ракако, рамантызму М.ж. стаў нормай высокага, ідэальнага мастацтва (Ж.Л.Давід, Ж.А.Д.Энгр, Н.Пусэн у Францыі, В.Сяроў, Д.Веласкес у Іспаніі, П.П.Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі, А.Канова ў Італіі, І.Мартас, А.Іванаў у Расіі і інш.). Ў 19—20 ст. разам з тэмамі ант. міфалогіі пашырыліся тэмы герм., кельцкіх, інд., слав. міфаў. У 20 ст. набыў сучаснае пераасэнсаванне ў стылях сімвалізму і мадэрну (М.Дэні ў Францыі, В.Сяроў, М.Урубель у Расіі), а таксама ў творах мастакоў А.Бурдэля, А.Маёля, П.Пікасо (Францыя), Д.Рыверы, Д.Сікейраса (Мексіка), Дж.Дэ Кірыка (Італія), С.Далі (Іспанія), Г.Каспара, Р.Кляйна (Германія), С.Канёнкава, А.Краўчанкі, М.Ульянава, С.Рамановіча (Расія) і інш.
На Беларусі найб. раннія элементы М.ж. ўвасоблены ў мастацтве першабытнага ладу і звязаны са слав. міфалогіяй. Пасля прыняцця хрысціянства яны захаваліся ў некаторых творах дэкар.-прыкладнога мастацтва і ў традыц.нар. мастацтве. З пашырэннем класіцызму і рамантызму адбыўся новы ўздым цікавасці да міфалагічных тэм. У 18 ст. да М.ж. звярталіся мастакі В.Ваньковіч, Я.Дамель, К.Ельскі, К.Рыпінскі, у 19 — пач. 20 ст. — А.Гараўскі, Г.Дмахоўскі, Б.Русецкі, Н.Сілівановіч, І.Трутнеў, І.Лавярэцкі, К.Каганец, Я.Драздовіч, Ю.Пэн. У сучасным бел. мастацтве тэмы язычніцкай міфалогіі распрацоўвае С.Цімохаў. Да М.ж. звяртаюцца Г.Вашчанка, Г.Гаравая, А.Зіменка, У.Кожух, А.Ксяндзоў, А.В.Кузняцоў, А.Марачкін і інш.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Міфалагічны жанр. Г.Вашчанка. Жыцень. 1990.Да арт.Міфалагічны жанр. Тыцыян. Венера і Адоніс. 1553.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЮ́ ((Camus) Альбер) (7.11.1913, г. Мандові, Алжыр — 4.1.1960),
французскі пісьменнік, філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму. Скончыў Алжырскі ун-т (1937). З 1939 у Францыі. Займаўся журналістыкай, тэатр. дзейнасцю. Загінуў у аўтамаб. катастрофе. Творчасць умоўна падзяляюць на 3 перыяды: «абсурду» (зб-кіфілас.-лірычных эсэ «Ніцво і твар», 1937; «Шлюбны баль», 1938; філас. эсэ «Міф пра Сізіфа». 1942; раманы «Шчаслівая смерць», нап. 1938, выд. 1971; «Чужаніца», 1942; п’есы «Калігула», «Непаразуменне», абедзве 1944), «бунту» (раман «Чума», 1947; п’есы «Аблога», 1948; «Праведныя», 1950; філас.-гіст. трактат «Чалавек, які бунтуе», 1951), «выгнання» (раман «Падзенне», 1956; зб-кі эсэ і апавяданняў «Лета», 1954, «Выгнанне і царства», 1957). Аўтар кніг «Злабадзённыя нататкі» (т. 1—3, 1950—58), «Шведскія прамовы» (1958), інсцэніровак твораў Ф.Дастаеўскага, У.Фолкнера і інш. У творах пераважаюць тэмы абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Філас. глыбіня спалучаецца ў іх з моўным лаканізмам, амаль поўнай адсутнасцю метафар, рэмінісцэнцый. Зыходны пункт філас. разважанняў К. — трагічнае перажыванне смерці Бога, абвешчанай у свой час Ф.Дастаеўскім і Ф.Ніцшэ. Для К. яна азначала страту метафізічнага сэнсу жыцця чалавека.
На яго думку, вопыт чалавечага існавання, якое непазбежна заканчваецца смерцю, прыводзіць мыслячую асобу да ўсведамлення абсурднасці зямнога быцця; аднак гэта не павінна абяззбройваць чалавека, і ён выбірае бунт супраць усіх багоў, які надае каштоўнасць індывідуальнаму жыццю. Чалавек мусіць жыць і дзейнічаць так, каб адчуць сябе шчаслівым у гэтым абсурдным свеце. Трагічны вопыт вайны і Супраціўлення прывёў К. да эстэтыкі бунту, якая адраджала колішняе, антычнае значэнне л-ры і мастацтва, усёй духоўнай культуры, значэнне адзінства прыгажосці, дабра і справядлівасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Менавіта яны надаюць сэнс і веліч чалавечаму жыццю, творчасці і самой смерці; усведамленне абсурду прыводзіць да бунту, а бунт — да свабоды, у якой чалавек знаходзіць сэнс жыцця. К. лічыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.
На бел. мову прозу К. перакладаў З.Колас. У Бел. т-ры імя Я.Коласа пастаўлена п’еса К. «Непаразуменне». Нобелеўская прэмія 1957.
Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Избранное. Мн., 1989;
Сочинения. М., 1989;
Избр. произв.М., 1993;
Бунтующий человек. М., 1990;
Творчество и свобода: Статьи, эссе, зап. книжки. М., 1990.
Літ.:
Великовский С.И. Грани «несчастного сознания»: Театр, проза, филос. эстетика, эстетика А.Камю. М., 1973: Яго ж. В поисках утраченного смысла. М., 1979;
Кушкин Е.П. Альбер Камю: Ранние годы. Л., 1982;
Акудовіч В. Камень Сізіфа;
Білацэрківец Н. Ганебная «чалавечнасць» гісторыі;
Лявонава Е. Дастаеўскі і Камю // Крыніца. 1994. № 11(5);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР ((Wagner) Вільгельм Рыхард) (22.5.1813, г. Лейпцыг, Германія — 13.2.1883),
нямецкі кампазітар, дырыжор, муз. пісьменнік. Выхоўваўся ў артыстычнай сям’і, з ранніх гадоў захапляўся т-рам. З 1834 капельмайстар у оперных т-рах Магдэбурга, Кёнігсберга, Рыгі. У 1839—42 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Берліёзам, Ф.Лістам і Дж.Меерберам. З 1843 дырыжор Прыдворнай оперы ў Дрэздэне. За ўдзел у Дрэздэнскім паўстанні 1849 абвешчаны дзярж. злачынцам. Пасля вымушанай эміграцыі жыў з 1864 у Мюнхене, з 1872 у Байройце, дзе па яго ініцыятыве пабудаваны Байройцкі тэатр. Яго светапогляд фарміраваўся пад уздзеяннем грамадска-паліт. падзей 1830—40-х г. Рэфарматар оперы, стваральнік муз. драмы, таленавіты паэт-драматург (лібрэтыст усіх сваіх опер), муз. публіцыст і тэарэтык муз.т-ра, заснавальнік (побач з Берліёзам) сучаснага мастацтва дырыжыравання. У літ. трактатах «Мастацтва і рэвалюцыя» (1849), «Мастацкі твор будучага» (1850), «Опера і драма» і «Зварот да маіх сяброў» (1851) Вагнер сфармуляваў асн.тэарэт. палажэнні сваёй опернай творчасці: неабходнасць стварэння універсальнага маст. твора, закліканага маральна ўздзейнічаць на масавую аўдыторыю; прызнанне за муз. драмай магчымасці дасягнення такога універсалізму шляхам сінтэзу мастацтваў (пластычнага, выяўл., паэт. і музычнага); патрэбнасць муз. драмы ў абагульненым, заснаваным на вечных філас эстэт. катэгорыях сюжэце, асновай якога, на яго думку, можа стаць толькі міф. Сюжэтныя матывы Вагнер браў пераважна з айч. міфаў і паданняў і, апрацоўваючы іх, раскрываў у алегарычнай форме трагедыю сучаснага яму жыцця. У лепшых творах эпічны размах, шчодрая маляўнічасць спалучаюцца з псіхал. экспрэсіўнасцю і філас. глыбінёй музыкі. Цалкам адмаўляючыся ад традыц. падзелу оперы на нумары, зліваючы рэчытатыўна-дэкламацыйны пачатак з арыёзным, Вагнер стварыў новы своеасаблівы тып опернай мелодыкі («бясконцая мелодыя»), разам з якой скразному разгортванню музыкі садзейнічае аркестравая партыя, засн. на перапляценні разнастайных лейтматываў. Узбагаціў аркестр новымі гучаннямі, унёс у гармонію незвычайныя мадуляцыі, храматызмы, складаныя акордавыя комплексы. Вак.-сімфанічны стыль мыслення, наватарская гармонія і аркестроўка (тэмбравая драматургія) Вагнера вельмі моцна паўплывалі на далейшае развіццё еўрап. музыкі ў цэлым.
Тв.:13 опер, у т. л. «Лятучы галандзец» (паст. 1843), «Тангейзер» (паст. 1845), «Лаэнгрын» (паст. 1850), тэтралогія «Пярсцёнак нібелунга» (паст. 1876; муз. драмы «Золата Рэйна», 1869; «Валькірыя», 1870; «Зігфрыд» і «Гібель багоў», 1876); «Трыстан і Ізольда» (1865), «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868), «Парсіфаль» (1882); 7 п’ес да «Фауста» І.В.Гётэ (1832); сімфонія (1832), уверцюры, маршы; ідылія «Зігфрыд» (1870) для малога сімф. арк; хары, рамансы, фп. п’есы.
Літ. тв.: Рус.пер. — Моя жизнь: Мемуары. Т. 1—4. СПб., 1911—12; Избр. работы. М., 1978.
Літ.:
Грубер Р.И. Рихард Вагнер, 1883—1933. М., 1934;
Чайковский П.И. Вагнер и его музыка // Полн. собр. соч.М., 1953. Т. 2;
Друскин М. Вагнер. 2 изд., М., 1963;
Рихард Вагнер: Ст. и материалы. М., 1974;
Левик Б.В. Р.Вагнер. М., 1978;
Галь Г. Брамс;
Вагнер;
Верди: Три мастера — три мира. М., 1986;
Рихард Вагнер: Сб. ст.М., 1987;
Overhoff K. Die Musikdranas R.Wagners. Leipzig, 1967;
Fischer-Dieskau D. Wagner und Nietzsche: der Mystagoge und sein Abtrünniger. Stuttgart, 1974;
Gregor-Dellin M. R. Wagner. München, 1980;
Richard-Wagner-Handbuch. Stuttgart, 1986;
Barth H. Internationale Wagner: Bibliographie, 1956—1960. Bayreuth, 1961.