АНАТАЛІ́ЙСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,

унутраная ч. Малаазіяцкага нагор’я, у Турцыі. Даўж. каля 700 кмЗ на У), шыр. 400 кмПн на Пд). На Пн абмежавана Пантыйскімі гарамі, на Пд — гарамі Таўр. Паверхня выраўнаваная, слаба расчлянёная, пераважныя выш. 800—1500 м, найб. — 3916 м (вулкан Эрджыяс). Складзена ў асн. з асадкавых парод, адзначаны праяўленні вулканізму. Радовішчы бурага вугалю. Клімат субтрапічны, кантынентальны. Ападкаў ад 200 да 500 мм за год, максімальныя — вясной. Анаталійскае пласкагор’е перасякаюць рэкі Кызыл Ірмак, Сакар’я і інш. Ёсць саланчакі і салёныя азёры (воз. Туз і інш.). Глебы шэрыя і бурыя. Расліннасць — сухі палынова-злакавы стэп (у гарах) і паўпустыні з зараснікамі калючых падушкападобных хмызнякоў. Аазіснае земляробства, жывёлагадоўля.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ А́ЛЬПЫ (Australian Alps),

горы на ПдУ Аўстраліі, найб. высокая і расчлянёная частка Вял. Водападзельнага хрыбта. Даўж. каля 450 км, шыр. да 150 км. Пераважная выш. 1700—2000 м, найб. — 2230 м, г. Касцюшкі (самая вял. вяршыня Аўстраліі). Аўстралійскія альпы — высока ўзняты горставы масіў, разбіты разломамі на асобныя хрыбты-блокі (Гурак, Манара, Муніёнг, Бары і інш.) са слядамі чацвярцічнага зледзянення (марэны, кары, цыркі і невял. лядовыя азёры). Складзены з палеазойскіх кварцытаў, сланцаў і вапнякоў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі. Радовішчы бурага і каменнага вугалю. З паўн.-зах. схілаў пачынаецца гал. рака Аўстраліі Мурэй і яе прыток Дарлінг. Да выш. 1200 м — эўкаліптавыя лясы, вышэй — зараснікі верасоў, участкі злакавых лугоў і камяністых россыпаў.

З.​Я.​Андрыеўская.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУБЕ́ЛЬКА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 35 км на ПнЗ ад г. Мядзел, у межах ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,09 км², даўж. 520 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 17 м., даўж. берагавой лініі каля 1,7 км. Пл. вадазбору 0,41 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, на У да 35 м, пясчаныя і супясчаныя, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, на У і ПнЗ зліваюцца са схіламі. У цэнтры возера востраў пл. 0,1 га. Дно сапрапелістае. Вызначаецца высокай празрыстасцю вады, маляўнічым наваколлем. У возеры расце меч-трава (занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь). Упадае ручай з воз. Ячмянец, выцякае ручай у воз. Глубля.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛБІ́ЦА, Галбеіца, Галубейка,

рака пераважна ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 63 км. Пл. вадазбору 1050 км². Пачынаецца за 0,5 км на ПдЗ ад в. Глінскія, цячэ ў межах Свянцянскіх град пад назвай Заражанка (на працягу 5 км у Мядзельскім р-не Мінскай вобл.), ніжняе цячэнне на Полацкай нізіне. Асн. прытокі Лаўрыха, Шурыца, Паловіца (злева), Чэртка, Карнееўка, Ласіца і Плісаўка (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 200—400 м. Пойма шыр. 50—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 11 км каналізаванае, у сярэднім і ніжнім цячэнні яго шыр. 20—30 м. Рака працякае праз азёры Задняе возера і Галбея, створаны сажалкі.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛЬСКІ ПЕРАШЫ́ЕК.

Паміж Фінскім зал. Балтыйскага м. і Ладажскім воз., у Ленінградскай вобл. Расіі. Сярэдняя выш. да 50 м, найбольшая — да 173 м (Лембалаўскае ўзв.). Пераважае градавы рэльеф. Складзены на Пн з гранітаў і гнейсаў, у цэнтры і на Пд — з ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Пераразае р. Вуокса; шматлікія азёры ледавіковага паходжання. Пераважаюць хваёвыя лясы. На К.п. — гарады Выбарг, Прыазёрск, Усевалажск; на ўзбярэжжы Фінскага зал. — дачныя пасёлкі і курорты. Турызм.

З канца 9 ст. К.п. — частка тэр. Русі. У пач. 17 в. захоплены Швецыяй. У 1721 адышоў да Расіі. У 1918—40 большая яго ч. ў складзе Фінляндыі. Пасля сав.-фінл. вайны 1939—40 паводле мірнага пагаднення ад 12.4.1940 адышоў да СССР.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТКО́Ў (Сяргей Пятровіч) (1.10.1911, в. Скрыпіцына Калышлейскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 17.2.1976),

бел. жывапісец і педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1966). Скончыў Пензенскі маст.-пед. тэхнікум (1931). У 1937—71 мастак-педагог і кіраўнік маст. студыі пры Мінскім палацы піянераў і школьнікаў. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1956—68), Рэсп. маст. школы-інтэрната (1963—65). Працаваў у жанрах пейзажа і нацюрморта. Творы вызначаюцца эмацыянальнасцю, дэкаратыўнасцю колеру: «Восеньскі пейзаж» (1947), «На рацэ» (1959), «Лепельскія азёры» (1961), «Гарадскі пейзаж» (1967), «Сказ аб Бярэзіне» (1970), «Лета. Нацюрморт» (1971), «Хутар Альбуць» (1972), «На Прыпяці» (1973), «Палескія волаты» і «На Бярэзіне» (абодва 1975). Асобнае месца займаюць графічныя малюнкі з франтавога жыцця (1943—44).

С.Каткоў. На Бярэзіне. 1975.

т. 8, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВІНГСТАН ((Livingstone) Давід) (19.3. 1813, Блантайр, каля г. Глазга, Вялікабрытанія — 1.5.1873),

англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. Па адукацыі медык. У 1840 пасланы Лонданскім місіянерскім т-вам у Паўд. Афрыку. З 1840 зрабіў некалькі працяглых падарожжаў па Паўд. і Цэнтр. Афрыцы і даследаваў вял. тэрыторыю ад Кейптаўна амаль да экватара і ад Атлантычнага да Індыйскага ак. Перайшоў пустыню Калахары і адкрыў воз. Нгамі; абследаваў бас. р. Замбезі, адкрыў р. Луалаба, вадаспад Вікторыя, азёры Бангвеулу, Шырва, Ньяса і інш. Разам з Г.​Стэнлі даследаваў воз. Танганьіка. Усе маршруты нанёс на каргу. Сабраў вял. навук. матэрыял аб прыродзе і насельніцтве Паўд. Афрыкі. Імем Л. названы горад у Замбіі, вадаспад на р. Конга і горы ў Афрыцы.

Д.Лівінгстан.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГО́НІЯ (Patagonia),

прыродная вобласць у Паўд. Амерыцы, на Пд Аргенціны, на Пд ад рэк Рыо-Каларада і Рыо-Негра і на У ад Андаў. Пл. 650 тыс. км. Паверхня — пераважна ступеньчатыя плато, якія ўзвышаюцца ад Атлантычнага ак. на 3 да 2200 м. Клімат умераны, засушлівы. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі 150—300 мм за год, на Пд да 600—700 мм. Характэрны моцныя вятры. У П. (прав. Чубут) — полюс холаду Паўд. Амерыкі (абс. мінімум т-ры -33 °C). Рэкі, якія бяруць пачатак у Андах, перасякаюць плато ў глыбокіх каньёнах. Найб. азёры: Наўэль-Уапі, В’едма, Лага-Архенціна і інш. каля падножжа Андаў. Пераважае злакава-хмызняковая паўпустыня, у перадгор’ях Андаў — стэп. Авечкагадоўля. Здабыча нафты і прыроднага газу.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэ́чка

1. Невялікая рака, рачулка (БРС). Тое ж ряччэнка, ряччонка (Слаўг.).

2. Мясцовасць, дзе ёсць нізіны і азёры (Стол.).

ур. Хамі́шына Рэ́чка каля в. Кароцічы Стол., ур. Апана́сава Рэчка і Глыбокая Рэчка каля в. Яскавічы Сал.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ГАМФАЦЫМБЕ́ЛА (Gomphocymbella),

род дыятомавых водарасцей сям. гамфацымбелавых. 2 віды. Гамфацымбела выгнутая (G. ancyli) — рэліктавы від, пашыраны ў вадаёмах Цэнтр. Альпаў, Германіі, Даніі, Ірландыі. На Беларусі трапляецца ў воз. Нарач, знойдзена ў дыятомавых адкладах муравінскага ўзросту (агаленні на Нёмане і каля Гродна), позналедавіковых і галацэнавых адкладах і асадках (азёры Нарач, Глубелька, Мястра ў Мядзельскім р-не). Гамфацымбела міяцэнавая (G. miocenica) — вымерлы від. На Беларусі адзначана ў азёрна-старычных пародах верхняга міяцэну (каля в. Бурносы ў Лідскім р-не).

Аднаклетачныя прэснаводныя водарасці. Клеткі даўж. 30—45 мкм, шыр. 7—8 мкм, прымацаваны да субстрату студзяністымі ножкамі. Створкі лінейна-ланцэтныя, слабаасіметрычныя, серпападобна выгнутыя і злёгку клінападобныя. Базальны канец больш звужаны. Восевае поле вузкае, сярэдняе — маленькае з ізаляванай кропкай.

Т.​М.​Міхеева.

Гамфацымбела выгнутая.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)