парода грубашэрсных і паўгрубашэрсных авечак мяса-сальнага тыпу, якія маюць тлушчавыя адклады на крыжы (курдзюк). Паходзяць ад дзікага барана аргалі (архара). Пашыраны ў Казахстане, Цэнтр. Азіі, на Аравійскім п-ве, у Паўн. Афрыцы. Асн. пароды — гісарская, джайдара, сараджынская, таджыкская, адыльбаеўская і інш. Прыдатныя для гадоўлі ў раёнах пустынь і паўпустынь. Непатрабавальныя да кармоў, здольныя рабіць вял. пераходы.
Маса самцоў да 180 кг, самак да 130 кг. Маса курдзюка да 30 кг. Галава падоўжаная, гарбаносая. Вушы доўгія, часта звіслыя Хвост кароткі. Большасці парод уласціва высокая мясная прадукцыйнасць. Шэрсная прадукцыйнасць нізкая — 2—2,2 кг. Воўна неаднародная, выкарыстоўваецца для вырабу грубага сукна, дываноў, валенага абутку і інш. 3 малака гатуюць брынзу, айран, сыры. Плоднасць 105—120 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАГА МО́РА НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў межах аднайменнай акваторыі і на прылеглых да яе тэр. Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Германіі і Даніі. Пл. 700 тыс.км², з іх 500 тыс.км² на шэльфе. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 3729 млн.т, газу 8411 млрд.м³. Газаносныя адклады каменнавугальнага, пермскага, ніжнетрыясавага ўзросту, нафтагазаносныя — сярэдняга і верхняга трыясу, юры, мелу і палеагену на глыб. 100—4000 м. Першае нафтавае радовішча на сушы адкрыта ў 1870 (Германія), на шэльфе — у 1967 (сектар Даніі), газавае адпаведна ў 1944 (Германія) і ў 1965 (сектар Вялікабрытаніі). Да 1990-х г. адкрыта 211 нафтавых і газанафтавых, 160 газавых і газакандэнсатных радовішчаў (найб. нафтавае Статфіёрд — 317 млн.т, газавае Гронінген — 1960 млрд.м³). Здабыча нафты і газу вядзецца фантанным і механізаваным спосабамі.
парнакапытнае млекакормячае сям. Пустарогіх. Вядомы 4 падвіды. Пашыраны ў Зах., Сярэдняй і Паўд. (Пакістан) Азіі. Жыве на цяжкадаступных схілах гор на выш. да 4200 м над узр. м.
Даўж. цела 1,2—1,6 м, выш. 0,7—1 м, маса 25—40, зрэдку да 80 кг. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая, зімой шаравата-бурая. Уздоўж спіны і на шыі чорна-бурыя палосы. Рогі шаблепадобныя, сціснутыя з бакоў, у самцоў даўж. да 1,3 м. Мае бараду. Нараджае 1—2 казлянят. Корміцца расліннасцю. У страўніку або кішэчніку ёсць мінералізаваныя адклады ежы — безаар (адсюль назва), якім прыпісвалі магічныя лек. ўласцівасці. Безааравы казёл — адзін з продкаў свойскіх козаў. 2 падвіды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Александрыя ў Шклоўскім р—не Магілёўскай вобл.),
ліхвінскае міжледавікоўе, міндэль—рыскае міжледавікоўе, міжледавіковая эпоха пач. сярэдняга антрапагену (320—460 тыс.г. назад). Наступіла пасля бярэзінскага зледзянення і папярэднічала макс. На Беларусі дняпроўскаму зледзяненню. Доўжылася 140 тыс. гадоў. Адклады Александрыйскага міжледавікоўя залягаюць на глыбіні ад 5—10 м на ПдЗ і З рэспублікі да 50—80 м у сярэдняй і паўн. частках; з’яўляюцца гарызонтам, які падзяляе антрапагенавую тоўшчу на 2 роўныя па магутнасці часткі. Ёсць у пахаваных рачных далінах, азёрных і балотных катлавінах, ледавіковых лагчынах. Прадстаўлены азёрнымі (супескі, суглінкі, дыятаміты, сапрапеліты, мергелі, алеўрыты), балотнымі (торф, гумусавыя супескі), алювіяльнымі (пяскі з лінзамі торфу, суглінку, супеску) утварэннямі. Вылучаецца значнай працягласцю, субатлантычным умерана цёплым кліматам, найб. падабенствам да пліяцэну па палеагеаграфічных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЯ ПЛІТА́,
частка Цэнтральнаеўраазіяцкай маладой платформы, якая адпавядае плошчы Заходне-Сібірскай раўніны, а на Пн заходзіць на шэльф Карскага м. На З. абмежавана Урала-Новазямельскім выступам на ПдУ — Казахстана-Алтайскім і Кузнецка-Саянскім выступамі; на У прымыкае да Сібірскай платформы. Кустанайская седлавіна аддзяляе З.п. ад Туранскай пліты. Фундамент складзены з рознаўзроставых палеазойскіх складкавых парод, у цэнтр.ч. ёсць дакембрыйскія масівы. На паверхні фундамента рыфтавыя ўпадзіны субмерыдыянальнага напрамку, запоўненыя кантынентальнымі трыясава-юрскімі адкладамі. З мезазою на стан З.п. ўплывалі адмоўныя тэктанічныя рухі, якія паступова кампенсаваліся намнажэннем мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў (магутнасць да 4—6 км). Гэтыя адклады стварылі платформавы чахол. На З.п. шмат прамысл. радовішчаў: нафты, газу (гл.Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), вугалю, жал. руд, баксітаў, марганцавых руд, соды, вял. паклады торфу, Заходне-Сібірскі артэзіянскі басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫ ПЕРЫ́ЯД,
этап геал гісторыі Зямлі, на працягу якога шматразова чаргаваліся адрэзкі часу з вельмі халодным (ледавікоўе) і з больш цёплым (міжледавікоўе) кліматам на фоне агульнага пахаладання. Вядомы ў ніжнім пратэразоі Паўн. Амерыкі, верхнім рыфеі Афрыкі і Аўстраліі, вендзе Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, канцы карбону — пач. пярмі на стараж. мацерыку Гандвана і ў плейстацэне (найб. даследаваны). Змены клімату прыводзілі да перамяшчэнняў геагр. зон на Пд, міграцыі флоры і фауны, утварэння вял. плошчаў і аб’ёмаў мацерыковых зледзяненняў і пашырэння горных ледавікоў. У час міжледавікоўяў ва ўмераных шыротах значная частка ледавікоў раставала. Перыяды слабейшых пацяпленняў наз. міжстадыяламі (інтэрстадыяламі). На тэр. Беларусі добра захаваліся ледавіковыя адклады, ледавіковы рэльеф, рэшткі раслін і жывёл плейстацэну. Яны далі магчымасць высветліць падзеі, што адбыліся 1,65 млн. гадоў назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,
помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). У парку г.п. Лоеў Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, за 300 м ніжэй ад вусця р. Сож. Уключае адкладымуравінскага міжледавікоўя і папярэдняга позналедавікоўя — лоеўскага міжстадыяла. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (торф, суглінкі, супескі) да 5,3 м, залягаюць яны ў паніжэнні паверхні дняпроўскай марэны і перакрываюцца супескамі і суглінкамі паазерскага часу. Па пылку, спорах, пладах, насенні, насякомых вызначана 111 відаў дрэў, хмызнякоў, травяністых раслін (бяроза, елка сібірская, ляшчына, бразенія, альдраванда, кальдэзія, чарот і інш.), 6 відаў жукоў, якія далі магчымасць высветліць паслядоўнасць змен клімату і расліннасці міжледавікоўя. Л.г.а. з’яўляецца апорным разрэзам антрапагенных адкладаў на Беларусі (на іх вывучаны лоеўскі міжстадыял у позналедавіковых адкладах дняпроўскага зледзянення) і эталонам у стратыграфіі антрапагенных адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РЧЫНК (Георгій Фёдаравіч) (25.4.1889, Масква — 10.4.1942),
бел. геолаг. Акад.АН Беларусі (1940), праф. (1918). Скончыў Маск. ун-т (1912). Навук. працы па стратыграфіі і палеагеаграфіі плейстацэну розных раёнаў СССР, неатэктоніцы, лёсах, пахаваных міжледавіковых тарфяніках, палеалітычных стаянках чалавека. На тэр. Беларусі вылучыў адклады трох ледавіковых эпох. У 1923 склаў першую карту чацвярцічных адкладаў еўрап.ч.СССР. Займаўся разведкай для дарожнага буд-ва і выяўленнем радовішчаў буд. матэрыялаў на У Беларусі, праблемай водазабеспячэння Мінска. Рэпрэсіраваны ў 1941. Рэабілітаваны ў 1990.
Тв.:
Геалагічныя ўмовы знаходжання палеалітычнай стаянкі каля в. Бердыжа на р. Сажы (Гомельшчына) // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1930. Кн. 11. Пр.археал. камісіі, т. 2;
Основы четвертичной истории на территории СССР // Тр. Ин-та географии АНСССР. 1946. Вып. 37.
Літ.:
Академик Г.Ф.Мирчинк: Знаток истории Земли. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЯ СЕДЛАВІ́НА, Пінская седлавіна,
буйная тэктанічная структура на ПдЗ Беларусі. Размяжоўвае Падляска-Брэсцкую ўпадзіну на З і Прыпяцкі прагін на У. На Пн і Пд сучляняецца з Беларускай антэклізай і Украінскім шчытом, раздзяляе іх больш зніжанай паверхняй фундамента. Мае слабавыразнае субмерыдыянальнае распасціранне. Даўж. седлавіны 150 км, шыр. да 135 км. Глыбіня залягання крышт. фундамента 300—500 м ніжэй узр. м.Усх. схіл больш стромкі, чым заходні. Фундамент ускладнены рэгіянальнымі разломамі паўн.-ўсх. кірунку Стаходска-Магілёўскім і Выжаўска-Мінскім. Яны перасечаны больш дробнымі парушэннямі — зрухамі пераважна субшыротнага і паўн.-зах. распасцірання. Платформавы чахол магутнасцю да 650 м складаюць сярэднерыфейскія, вендскія, мелавыя, палеаген-неагенавыя і антрапагенавыя адклады. Фарміраванне П.с. пачалося ў раннім палеазоі ў сувязі з развіццём Падляска-Брэсцкай упадзіны, усх. схіл акрэсліўся ў познім дэвоне, калі фарміраваўся Прыпяцкі прагін.