ГЕ́ДЫКЕ (Аляксандр Фёдаравіч) (4.3.1877, Масква — 9.7.1957),
расійскі арганіст, кампазітар, піяніст, педагог. Нар.арт.Расіі (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1898), выкладаў у ёй (праф. з 1909). З 1923 выступаў як арганіст. Аўтар опер на ўласныя лібрэта: «Вірынея» (1916), «Каля перавозу», «Жакерыя» (абедзве 1933), «Макбет» (1947), 3 кантат, 3 сімфоній, канцэртаў для інструмента з аркестрам, у т. л. для аргана (1927), камерна-інстр. ансамбляў, арганных транскрыпцый, рамансаў і песень. Зрабіў каштоўны ўклад у пед. л-ру для фп. Сярод яго вучняў М.Старакадамскі, М.Выгодскі, В.Мяржанаў, С.Дзіжур, Г.Гродберг, Л.Ройзман. Прэмія па кампазіцыі на Міжнар. конкурсе імя А.Рубінштэйна ў Вене (1900). Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙЗЕР (ісл. geysir ад geysa хлынуць),
крыніца, якая перыядычна выкідвае гарачую ваду і пару да выш. 20—40 м і больш. Пашыраны ў абласцях сучаснага ці нядаўняга вулканізму. Мае выгляд невял. конусаў, спадзістых паглыбленняў, катлавінак, ям з трубка- ці шчылінападобнымі каналамі. Адрозніваюць рэгулярныя гейзеры, працягласць цыкла якіх амаль пастаянная, і нерэгулярныя, са зменлівым цыклам. Існуюць у ЗША (найб. ў Йелаўстонскім нац. парку гейзер Стары Служака, выш. вывяржэння 42 м), Расіі (Даліна Гейзераў на Камчатцы, найб. Велікан, 40 м), Ісландыі, Канадзе, Новай Зеландыі, Японіі, Кітаі. Вадзяная пара і гарачая вада гейзера выкарыстоўваюцца для ацяплення будынкаў, цяпліц, на геатэрмальных электрастанцыях.
Гейзер Стары Служака ў Йелаўстонскім нацыянальным парку, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРО́ЛЬД (ням. Herold ад позналац. Heraldus),
службовая асоба пры манаршых і буйных феадальных дварах Зах. Еўропы. У раннім сярэдневякоўі выконваў функцыі парламенцёра. З 12 ст. герольды кіравалі правядзеннем рыцарскіх турніраў, у час якіх абвяшчалі ўдзельнікаў з апісаннем іх гербаў і радаводаў. З 14 ст. пасада герольда сталая, іх абавязкам было складанне гербоўнікаў, радаводаў, гербаў для асоб, якім падаравана шляхецтва, кіраванне і ўдзел у ганаровых цырымоніях. Падзяляліся на рангі, найвышэйшы — «гербавы кароль». Пасада герольда існуе ў некат. сучасных краінах. У Расіі функцыі герольда ў 1722—1917 выконваў герольдмайстар, для ўдзелу ва ўрачыстых цырымоніях у 19 — пач. 20 ст. прызначаліся спец. герольды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСАМАЛЁТ, гідраплан,
самалёт, прыстасаваны для ўзлёту з вады і пасадкі на яе. Адрозніваюць гідрасамалёты лодачныя (з корпусам у выглядзе лодкі), паплаўковыя (з адным або двума паплаўкамі) і самалёты-амфібіі (лодачныя або паплаўковыя з колавым шасі для ўзлёту з сушы і пасадкі на яе). Першы гідрасамалёт пабудаваны ў Францыі ў 1910 А.Фабрам, у Расіі ў 1911 Я.М.Гакелем. Найб. пашырэнне атрымалі гідрасамалёты канструкцыі Г.М.Берыева (на іх устаноўлены сусв. рэкорды, напр., скорасці палёту ў 912 км/гадз на вышыні каля 15 км).
Гідрасамалёты выкарыстоўваюцца для грузапасажырскіх перавозак, разведкі рыбы, выратавальных работ, у ваен. справе (вядзенне разведкі, пошук і знішчэнне падводных лодак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́РГАС (Уладзімір Фёдаравіч) (1835, г. Гродна — 1887),
расійскі ўсходазнавец-арабіст. Скончыў С.-Пецярбургскі ун-т (1858). З 1858 у Парыжы, у 1861—64 у Сірыі і Егіпце вывучаў арабскую мову, л-ру і культуру арабаў. Яго «Справаздача» аб паездцы (1864, рукапіс) — адна з першых у Расіі прац па араб. дыялекталогіі. З 1865 дацэнт, у 1873—85 праф. С.-Пецярбургскага ун-та. Аўтар навук. прац «Нарыс граматычнай сістэмы арабаў» (1873), «Нарыс арабскай літаратуры» (1875), «Арабская хрэстаматыя» (вып. 1—2, 1875—76, разам з В.Р.Розенам), «Слоўнік да «Арабскай хрэстаматыі» і «Карана» (1881). Падрыхтаваў да выдання гіст. творы Абу Ханіфы ад-Дынаверы (выйшлі ў 1888).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у мяст.Глыбокае. Пазначаны на карце М. Струбіча «Тэатр вайны за Лівонію» (1589). Апісанні Глыбоцкага замка таго часу невядомыя. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад сценамі замка 30.6.1654 адбыўся бой паміж атрадам войска ВКЛ і рус. войскам. 2.8.1654 Глыбоцкі замак спалены. Пасля аднаўлення 7.1.1659 (паводле інш. звестак у 1660) атрад войска ВКЛ узяў штурмам Глыбоцкі замак і спаліў яго. Пазней замак адноўлены і існаваў да канца 18 ст. У час Паўн. вайны 1700—21 Глыбоцкі замак моцна пацярпеў ад вял. пажару (1700). Паступова замчышча забудавана, вул. Замкавая існавала ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫН (Вячаслаў Цімафеевіч) (6.2.1931, г. Астрахань, Расія — 2.10.1994),
бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Акад. УАСГНІЛ (1973), д-рс.-г.н. (1971), праф. (1972). Скончыў БСГА (1953). З 1964 дырэктар Бел.НДІ жывёлагадоўлі. У 1973—75 — віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. З 1975 у Расіі. Навук. працы па метадах генетычнай экспертызы паходжання племянной жывёлы, прагназавання гетэрозісу пры міжпародным скрыжаванні свіней, пытаннях эканомікі і арганізацыі жывёлагадоўлі. Адзін са стваральнікаў бел. чорна-пярэстай пароды свіней, спосабаў генетычнай дыягностыкі аскарыдозу ў свіней, генетычнай экспертызы ў малочнай жывёлагадоўлі і інш.
Тв.:
Интенсивный откорм свиней. Мн., 1967;
Интенсификация и специализация животноводства. Мн., 1969 (разам з А.А.Гайко. К.Ф.Барысаўцом).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНО́ЎСКІ (Цімафей Мікалаевіч) (21.3.1813, г. Арол, Расія — 16.10.1855),
расійскі гісторык, адзін з лідэраў заходнікаў. Д-ргіст.н. (1849). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1835). Праф. гісторыі Маскоўскага ун-та (1839—55). Чытаў публічныя лекцыі па гісторыі зах.-еўрап. сярэдневякоўя, параўнальнай гісторыі Англіі, Францыі і інш. З 1847 кіраўнік гуртка маскоўскіх заходнікаў. Лічыў гал. рухавіком гіст. працэсу натуральныя фактары (геагр., этнагр., антрапал. і фізіял. ўмовы існавання чалавека), а яго асновай — імкненне ўсіх народаў да свабоды і гармоніі; падкрэсліваў агульнае ў гіст. развіцці Расіі і краін Зах. Еўропы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́БАЎ (Аляксей Мікалаевіч) (31.1.1902, Масква — 26.11.1977),
рускі акцёр. Нар.арт.СССР (1948). Герой Сац. Працы (1972). З 1924 у МХАТ. Ствараў драм. і камедыйныя вобразы, псіхалагічна распрацаваныя, натуральныя, сцэнічна выразныя: Сабакевіч («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Чабутыкін, Фірс («Тры сястры», «Вішнёвы сад» А.Чэхава), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.Дастаеўскага), Лука («На дне» М.Горкага), Глоба («Рускія людзі» К.Сіманава), Няпрахін («Залатая карэта» Л.Лявонава). З 1935 здымаўся ў кіно: «Вяселле», «Без віны вінаватыя», «Верныя сябры», «Паласаты рэйс», «За ўсё ў адказе» і інш.Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951, 1952 і Расіі 1974 за тэатр. работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Мацвей Мацвеевіч) (26.11.1826, г. Вятка, Расія — 22.4.1866),
рускі астраном, адзін з пачынальнікаў астрафіз. даследаванняў. Скончыў Казанскі ун-т (1847). З 1850 у Пулкаўскай астр. абсерваторыі, з 1852 пам. дырэктара Віленскай астр. абсерваторыі. Адзін з першых наладзіў сістэм. фатаграфаванне паверхняў Сонца і Месяца з мэтай даследавання астрафіз. з’яў. Выдаваў першы ў Расіі часопіс па дакладным прыродазнаўстве «Вестник математических наук», пераклаў на рус. мову 3-і («астранамічны») том «Космасу» А.Гумбальта.