марское або рачное самаходнае судна, якое прыводзіцца ў рух паравой машынай ці паравой турбінай.
П. з паравой машынай Дж.Уата пабудаваны ў 1802 у Вялікабрытаніі. У 1807 у ЗША Р.Фултан пабудаваў колавы рачны П. У Расіі першае судна з паравой машынай (землечарпалка) створана ў 1810; марскі П. («Елізавета», для зносін паміж Пецярбургам і Кранштатам) — у 1815. Напачатку П. былі колавыя, з 1840-х г. — з грабным вінтом. З сярэдзіны 20 ст. П. выцясняюцца больш эканамічнымі цеплаходамі (з рухавіком унутр. згарання). У СССР з 1958 буд-ва П. спынена. Сучасныя П. з паравой (або газавай) турбінай наз. турбаходамі, турбаэлектраходамі (гл.Электраход).
Параходы: 1 — буксір з грабным колам (1801; Шатландыя); 2 — рачны пасажырскі (19 ст., ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВАРО́Т,
карэнная змена існуючага паліт. становішча, якая заключаецца ў змяненні насільным або ненасільным шляхам дзеючага правіцеля або ўрада і прывядзенне да ўлады інш.паліт. сіл. П. былі пашыраны на апошніх этапах існавання Стараж. Рыма, манархій феад. грамадства (т.зв. «дварцовыя П.»), цяпер маюць месца ў паліт. рэжымах тых краін, дзе дэмакр. традыцыі не маюць трывалых каранёў у жыцці грамадства. Паліт., ваен., «парламенцкія» і інш. П. парушаюць нармальнае функцыянаванне паліт. ін-таў, дэмакр. механізмаў распрацоўкі і прыняцця законаў, вырашэння важнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Для выключэння П. з жыцця дэмакр. грамадства неабходна раздзяленне ўлад, кантроль за дзейнасцю кожнай з галін улады, а таксама стварэнне такіх эканам. і сац. умоў, якія б садзейнічалі стабільнасці грамадскага развіцця па шляху прагрэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГА́МЕНТ (ням. Pergament ад грэч. Pergamos Пергам, горад у М. Азіі, дзе ў 2 ст. да н.э. пачалі выраб П.),
від нядубленай спец. апрацаванай скуры. Валодае адносна вял. трываласцю на разрыў (10—12 кгс/мм2). Са стараж. часоў выкарыстоўваўся як асн. матэрыял для пісьма, вырабу калчанаў і шчытоў. Да вынаходства кнігадрукавання на П. былі напісаны асн. пісьмовыя помнікі ў Еўропе 10—пач. 15 ст. На Беларусі з 11 ст. вядомыя ў асн. богаслужэбныя і рэлігійныя кнігі: Тураўскае евангелле, Полацкае евангелле (канец 12 ст.), Аршанскае евангелле, Мсціжскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, творы Кірылы Тураўскага, «мінеі-чэцці» і інш. Вядомы таксама віды П.: скура для дэталей ткацкага станка, шпагат і муз. П. для барабанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КНЯ́ЖАЦКІ ХРАМ Існаваў у 12—16 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. на тэр. Верхняга замка. Рэшткі выяўлены М.Каргерам у час археал. раскопак 1966—67. Храм мураваны, 3-нефавы, 6-стаўповы, крыжова-купальны (24 × 16 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размяшчаліся ў тоўшчы сцяны). Цэнтр. неф з У завяршаўся паўкруглай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. У цэнтры ўзвышаўся купал на круглым светлавым барабане. Да бакавых нефаў былі прыбудаваны прытворы з самаст. апсідамі. Багатую пластыку фасадам надавалі пілястры складанага профілю, аркатурныя паясы, дэкар. арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, закамары. Інтэр’ер быў аздоблены фрэскамі, падлога выкладзена з паліваных керамічных плітак.
А.А.Трусаў.
Полацкі княжацкі храм. Рэканструкцыя П.А.Рапапорта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМІТЫ́Ў (ад лац. primitivus першапачатковы, першабытны),
1) неразвітая, простая з’ява ў параўнанні з наступнымі, пазнейшымі з’явамі гэтага ж роду.
2) У мастацтве — твор мастацтва, які адносіцца да ранняга этапу развіцця маст. культуры і не мае прыкмет прафес. дасканаласці. Цікавасць да П. і вызначэнне яго якасцей (маст. цэласнасць і прастата вобразаў, непасрэднасць успрымання) з’явіліся ў 18—19 ст. у выніку яго проціпастаўлення «спеламу», «дасканаламу» мастацтву (грэч. высокая класіка 5 ст. да н.э., Высокае Адраджэнне). Да П. былі аднесены творы першабытнага мастацтва, грэч. архаіка, мастацтва этрускаў, сярэдневяковае мастацтва (да 16 ст.), афр. мастацтва. У 20 ст. тэрмін «П.» ужываўся пераважна да твораў інсітнага мастацтва, часам да ранняга італьян. Адраджэння (т. зв. італьянскія прымітывісты Анджэліка, С.Батычэлі, Ф.Ліпі, С.Марціні, Пізанела, П.Учэла і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТЭРАЗА́ЎРЫ, лятаючыя яшчары (Pterosauria),
атрад вымерлых паўзуноў падкласа архазаўраў. 2 падатр.: рамфарынхі і птэрадактылі, каля 35 родаў, 110 відаў. Вядомы з адкладаў позняга трыясу (Італія), юрскага і мелавога перыядаў на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Паходзяць ад псеўдазухій. Прыстасаваныя да палёту. Насялялі прыбярэжную зону мораў і дэльты рэк (некат., магчыма, маглі і плаваць).
Цела пакрывалі густыя воласападобныя прыдаткі («поўсць»). Крылы ўтвораны скурнай складкай-перапонкай паміж пярэднімі канечнасцямі і целам (па тыпе лятучых мышэй), у размаху ад 7 см да 15 м. Шкілет лёгкі. моцны, пнеўматычны. Чэрап з вял. вачніцамі і падоўжанымі сківіцамі. Мелі зубы (у некат. рагавая дзюба). Шыя падоўжаная і гнуткая. Карміліся рыбай, воднымі беспазваночнымі. паветранымі насякомымі. Магчыма, былі яйцароднымі і гамаятэрмнымі жывёламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЦАрайца, ратман,
член адм. органа гар. самакіравання (рады, магістрата) на Беларусі ў 14—18 ст., выбраны або прызначаны ад багатых гараджан. У раду ўваходзілі 6—24 Р. Напр., у Полацку напачатку было 20 Р., з 1511—24, у Мінску — 12, у Навагрудку — 6. Са свайго складу Р. выбіралі бурмістраў, былі іх дарадчыкамі. Выбіраліся на год, у прыватнаўласніцкіх гарадах пажыццёва. У сваёй дзейнасці Р. кіраваліся нормамі магдэбургскага права, а таксама мясц. права, якія ўваходзілі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588; яны вызваляліся ад гар. падаткаў. Пасля прыняцця закона ад 17.4.1791 «Гарады нашы каралеўскія вольныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай» у гар. магістраты маглі выбірацца не толькі мяшчане, але і шляхта, якая мела нерухомую маёмасць у горадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖКО́ВА (Ганна Паўлаўна) (29.8.1925, в. Войлева Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 21.4.1993),
бел. актрыса эстрады. Засл. арт. Беларусі (1970). Вучылася ў Рэсп.тэатр. вучылішчы (1938—41, педагог Е.Міровіч) у Мінску. З 1945 працавала ў Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1949 у Віцебскім абл. Доме нар. творчасці, з 1961 актрыса размоўнага жанру Белдзяржфілармоніі. Шырока прапагандавала бел. паэзію, выконвала фельетоны і гумарэскі нац. аўтараў. У рэпертуары былі эстрадна-паэт. спектаклі «Як жывеш, чалавек?» і «Калі ласка», праграма «Край паэтаў» (прысвечана Я.Купалу і Я.Коласу), творы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, М.Танка, П.Панчанкі, Э.Агняцвет, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча, С.Грахоўскага, Е.Лось, П.Макаля, Н.Тулупавай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКАЯ О́ПЕРА, Тэатр оперы (Teatro dell Opera),
адзін з лепшых оперных т-раў Італіі. Адкрыты ў 1880 у Рыме пад назвай т-р «Кастанцы» (ад прозвішча імпрэсарыо) у будынку, пастаўленым паводле праекта арх. А.Сфандрыні. З 1928 пасля рэканструкцыі — Каралеўскі оперны т-р, з 1946 сучасная назва. На сцэне т-ра ўпершыню былі пастаўлены некат. оперы П.Масканьі, Дж.Пучыні і інш., а таксама творы Дж.Расіні, Дж.Вердзі, Ж.Маснэ, В.А.Моцарта, Г.Даніцэці, К.Дэбюсі і інш. У рэпертуары т-ра таксама творы М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага. На сцэне Р.о. выступалі вядомыя спевакі Х.Даркле, Б.Джыльі, Р.Страчары, М.Калас, Э.Каруза, Ф.Карэлі і інш. Сярод дырыжораў т-ра: П.Маг, Л.Матачыч, К.Франчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙТЭНФЕЛЬС (Reutenfels) Якаў, аўтар кніг «Пра маскавіцкія справы» («De rebus Moschoviticis ad serenissimum Magnum Ducem Cosmum Tertium», Patavii, 1680), ураджэнец Курляндскага герцагства. У 1670—73 жыў у Маскве, бываў пры двары цара Аляксея Міхайлавіча. Кнігу напісаў у канцы 1670-х г. для герцага Тасканы, пры двары якога тады жыў. У творы Р. звесткі пра тэр., насельніцтва, паліт. і эканам. лад Расіі, арг-цыю яе судаводства і ваен. справы; пра С.Разіна, сведкам смяротнай кары якога ён быў; характарыстыкі грамадскіх і паліт. дзеячаў, у т. л.Сімяона Полацкага і А.С.Мацвеева. Шмат увагі аўтар аддае архітэктуры і культуры Масквы, у т. л. паведамляе аб прыдворным тэатры, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. У кнізе ёсць і цікавыя нататкі пра г. Магілёў.