ВЕ́ДЫ,

вынік пазнання прадметаў і з’яў рэчаіснасці, правільнае яе адлюстраванне ў свядомасці чалавека. Як ідэальнае выражэнне ў знакавай форме аб’ектыўных уласцівасцей і сувязей свету, прыроды і грамадства, веды з’яўляюцца перадумовай і непасрэднай мэтай працэсу пазнання, авалодання вопытам і разуменнем, неабходнымі для спасціжэння аб’ектыўнай ісціны і стваральна-творчай дзейнасці людзей. У ходзе гэтага працэсу ажыццяўляецца пераход ад няведання да ведаў, ад аднаго ўзроўню пазнання да другога, больш высокага і дасканалага. Даследаванне прыроды ведаў пачалося ў антычнай філасофіі, якая аддзяляла свет вечных і нязменных сутнасцей — ідэй або форм ад невыразнага і няўстойлівага свету з’яў. Арыстоцель і Платон лічылі, што веды можна мець толькі аб сапраўдным існым («свеце па ісціне»), а зменлівы пачуццёвы вопыт («свет па меркаванні») з’яўляецца крыніцай ілюзій, меркавання і веры. І.Кант на аснове аналізу структуры і межаў навук. пазнання аддзяляў веды ад веры, меркавання, спекулятыўнага мыслення і такіх форм свядомасці, як міф, мова, мастацтва. Г.Гегель зыходзіў з таго, што духоўнае развіццё індывіда паўтарае стадыі самапазнання безасобаснага (сусветнага, аб’ектыўнага) духу, пачынаючы з акта вызначэння пачуццёва дадзеных «рэчаў» і канчаючы «абсалютным веданнем», якое абумоўлівае ўнутр. развіццё ўсіх частак духоўнай культуры чалавецтва — навукі, маралі, рэлігіі, мастацтва і інш. Рацыянальныя элементы гэтага падыходу ўвайшлі ў марксісцкую канцэпцыю ведаў, паводле якой яны — прадукт гіст. развіцця і адлюстравання, характэрнага для ўсіх форм практычнага і духоўнага засваення свету. Прадстаўнікі крытычнага рацыяналізму падкрэслівалі цэласнасць навук. ведаў, разглядалі іх як непарыўны крытычны дыялог паміж рознымі тыпамі навук. тэорый, паміж навукай і ненавукай. Паводле М.Шэлера, веды — гэта акт узыходжання і саўдзелу (любові), які суправаджаецца імгненным спасціжэннем вышэйшай каштоўнасці аб’екта; адваротны шлях ад вышэйшай да ніжэйшай каштоўнасці — нянавісць. А.Конт сфармуляваў «закон трох стадый» гіст. развіцця, паводле якога ўсе думкі людзей праходзяць 3 станы: тэалагічны (рэлігія), метафізічны (філасофія) і «пазітыўнага сінтэзу» (навука). Аб’ектыўную неабходнасць і выключную ролю ведаў у духоўным узвышэнні асобы, удасканаленні сац.-паліт. і нац.-культ. форм жыцця грамадства сцвярджалі бел. філосафы і мысліцелі Ф.​Скарына, С.​Будны, А.​Волан, А.​Доўгірд, М.​Пачобут-Адляніцкі, К.​Семяновіч, А.​Скарульскі, К.​Нарбут, М.​Сматрыцкі, В.​Цяпінскі, С.​Шадурскі і інш.

Працяглая эвалюцыя чалавечых уяўленняў аб свеце вызначыла шматузроўневы характар ведаў. Як элементы іх структура ўключае паняцці, катэгорыі, тэорыі і інш. формы. Назапашванню навук. ведаў спрыяе пастаяннае ўдасканаленне метадаў навук. даследаванняў, якія падзяляюцца на агульналагічныя (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя і г.д.), тэарэтычныя (фармалізацыя, ідэалізацыя, узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага і г.д.) і эмпірычныя (назіранне, вымярэнне, эксперымент, фіз. мадэліраванне і інш.). Адрозніваюць веды данавуковыя (звычайныя), што канстатуюць факты і вызначаюць штодзённыя паводзіны чалавека, і навуковыя, якія даюць тлумачэнне фактаў, асэнсаванне іх у сістэме паняццяў дадзенай навукі, навук. тэорыі. Акрамя таго ў грамадстве існуюць веды міфалагічныя, мастацкія, рэліг. і інш. (гл. Міфалогія, Мастацтва, Рэлігія). Пазнавальная роля ведаў узрастае з камп’ютэрызацыяй усіх сфер вытв. і духоўна-культ. дзейнасці, што дазваляе перадаваць, захоўваць, кадзіраваць і пераўтвараць разнастайную і багатую інфармацыю, ствараць спец. банкі даных, экспертныя сістэмы і інш. Працэсы атрымання, абгрунтавання і практычнай рэалізацыі ведаў вывучаюцца логікай, метадалогіяй, гнасеалогіяй, псіхалогіяй, а таксама спец. навук. дысцыплінамі (навуказнаўства, сацыялогія ведаў, інфарматыка, кагнітыўная інжынерыя; гл. таксама Свядомасць, Ідэальнае, Пазнанне, Тэорыя пазнання). Пэўныя прац. веды, умельствы і навыкі, правілы і нормы грамадскіх паводзін перадаюцца з пакалення ў пакаленне сродкамі народнай педагогікі (традыцыі, звычаі, вусная нар. творчасць, сямейнае выхаванне і інш.).

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на атрыманне агульных і прафес. ведаў, ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы, яе фундаментальнай падрыхтоўкі ў сферы асноў Навук. практычнага выкарыстання атрыманых ведаў. Пры гэтым ставіцца задача сумяшчэння нац., культ. і рэгіянальнай асноў адукацыі з арыентацыяй на засваенне вышэйшых дасягненняў нац. і сусв. культуры, забеспячэння цеснага адзінства адукацыйных і выхаваўчых задач.

Літ.:

Лекторский В.Л. Субъект, объект, познание. М., 1980;

Ведин Ю.П. Познание и знание. Рига, 1983;

Полани М. Личностное знание: Пер. с англ. М., 1985;

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Героименко В.А., Лазаревич А.А., Титаренко Л.Г. Знание. Компьютер. Общество. Мн., 1992.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНААСО́БНІКІ,

сацыяльная група (або асоба), якая вядзе дробную прыватную гаспадарку або вытворчасць пераважна ўласнымі сродкамі і сіламі сваёй сям’і; паводле афіц. сав. гістарыяграфіі, сяляне ў СССР, якія вялі гаспадарку індывідуальна — аднаасобна, а не ў калгасе ці саўгасе. У 1913 на Беларусі ўдзельная вага сацыяльна падобных да аднаасобнікаў катэгорыяй сялян, дробных саматужнікаў і рамеснікаў складала 74,8% усяго насельніцтва; дробныя гар. і местачковыя саматужнікі і рамеснікі — 34,4% усіх занятых у прам-сці. На іх долю прыпадала прыкладна 26% чыстай прамысл. прадукцыі (у Расіі 31,4%) і 4% нац. прыбытку. Удзельная вага дробных гандляроў складала 43,4% (у Расіі — 29,5%). Да масавай калектывізацыі аднаасобны сялянскі двор у БССР, як і ў СССР, уяўляў сабой сямейна-прац. аб’яднанне, якое вяло гаспадарку на нацыяналізаванай зямлі. Паводле маёмаснага складу афіцыйна яго падзялялі на бядняцкі, серадняцкі і кулацкі, часам вылучалі і с.-г. рабочых (парабкаў). На аснове сав. заканадаўства 1917—20 аднаасобнікі, як і інш. сац. групы, былі пазбаўлены права прыватнай уласнасці на зямлю, інш. сродкі вытв-сці, арандаваць і наймаць рабочую сілу, абмежаваны ў самаст. гасп. дзейнасці. На пач. 1920-х г. у ходзе новай эканамічнай палітыкі дробнатаварная вытв-сць аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы была прызнана неабходнай мерай паскарэння сац.-эканам. развіцця. Аднаасобнікам дазвалялі любыя формы гасп. дзейнасці, выкарыстанне пры пэўных умовах наёмнай працы, арэнду сродкаў вытв-сці. Сярод аднаасобнікаў павялічылася доля заможных гаспадароў і прадпрымальнікаў. Паводле звестак выбарачнага перапісу (1927), сярэдняе сялянства складала 64,7% ад усіх сял. гаспадарак, бедната і парабкі — 31,2%, кулакі — 4,1%. У 1926 сярод насельніцтва БССР сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі 77,5%. У 1925—26 на долю дробнатаварнага і патрыярхальнага ўкладаў у сельскай гаспадарцы прыпадала 79,6% створанага чыстага прадукту, у прам-сці — 32%, у будаўніцтве — да 54%. Усяго аднаасобнікі стваралі 50,7% нац. прыбытку БССР (у 1913 менш за 40%). У 1926 валавая прадукцыя аднаасобных сял. гаспадарак складала 97,5% агульнарэсп. аб’ёму. З пераходам дзяржавы ад рэфармісцкіх да рэв. метадаў вырашэння задач сац.-эканам. развіцця праз фарсіраваную індустрыялізацыю і калектывізацыю доля аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы рэзка зменшылася. Гэтаму спрыяла спыненне продажу ім машын і с.-г. прылад, згортванне выдачы дзярж. крэдытаў, адмова ў праве на арэнду зямлі і прадпрыемстваў, прымяненне павышаных падаткаў і інш. меры. У выпрацаваную камуністамі сістэму буд-ва сацыялізму ў СССР аднаасобнікі не ўпісваліся і былі асуджаны на знікненне. Пачалося імклівае выцісканне аднаасобніка-прыватніка з усіх сфер дзейнасці. У тавараабароце рэспублікі прыватны сектар у 1926—27 займаў 22,3%, у 1931 — 0,44%, у 1934 яго доля ў легальным гандлі была зведзена да нуля. З саматужна-рамеснай вытв-сці вёскі аднаасобнік амаль знік у 1930. Няўхільна змяншалася колькасць аднаасобнікаў і сярод сялян. У ходзе суцэльнай калектывізацыі ў 1929—32 у БССР кулацтва як клас было ліквідавана (гл. Раскулачванне).

Наступ на аднаасобнікаў (жорсткае падаткаабкладанне, перадзелы зямлі, ліквідацыя хутарской сістэмы) працягваўся. Толькі ў 1930—35 сума с.-г. падатку з гаспадаркі аднаасобнікаў вырасла амаль у 9 разоў. Да канца 1930-х г. самастойная аднаасобная гаспадарка як сац. катэгорыя ў вёсцы і ў горадзе, па сутнасці, знікла (за выключэннем Зах. Беларусі). У 1939 сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі толькі 6,4% усяго насельніцтва БССР. Колькасць аднаасобных сял. двароў зменшылася з 804 тыс. у 1928 да 50,3 тыс. ў 1940. Гэта адмоўна адбілася на ўсёй эканоміцы і асабліва на вытв-сці с.-г. прадукцыі. У пасляваенны час за кошт урбанізацыі рэспублікі, перамяшчэння значнай часткі аднаасобнікаў у іншыя раёны СССР, паскорана праведзенай прымусовай калектывізацыі ў Зах. Беларусі аднаасобныя сял. гаспадаркі зусім зніклі. З мноства вяскоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій да пач. 1950-х г. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР), аднаасобнікі складалі абсалютную большасць. У 1959 сяляне-аднаасобнікі, і некаапераваныя саматужнікі складалі толькі 0,7% насельніцтва, у 1966 — 0,1%. Перабудова эканам. структур, пачатая ў канцы 1980-х г. на Беларусі, як і ў цэлым у СССР, стварыла ўмовы для развіцця дробнага прадпрымальніцтва ў горадзе і вёсцы.

А.​М.​Сарокін.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ (ад псіха... + ...логія),

навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Узаемадзеянне жывых істот з прадметным светам рэалізуецца пры дапамозе якасна адметных ад фізіял., але неаддзельных ад іх псіхічных працэсаў, актаў, станаў. П. вывучае сутнасць гэтых з’яў, дадзеных чалавеку ў форме непасрэдных перажыванняў і даступных пазнанню, дзякуючы здольнасці чалавека да саманазірання. Ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі П. раскрывае ролю псіхал. фактараў у развіцці грамадства, працэсах кіравання, вызначае шляхі рацыяналізацыі розных відаў дзейнасці, навучання, выхавання, камунікацыі. Сярод фундаментальных праблем П. псіхафізіялагічная (узаемадзеянне псіхікі і яе цялеснага субстрату), псіхасацыяльная (залежнасць псіхікі ад сац. працэсаў і яе актыўная роля ў іх рэалізацыі асобамі і групамі), псіхапраксічная (фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў — вобразаў, аперацый, матываў, асобасных уласцівасцей і інш.), псіхагнастычная (суадносіны паміж пачуццёвымі ці разумовымі псіхічнымі вобразамі і рэальнасцю) і інш. Тэарэт. П. неаддзельная ад сац. і грамадскіх патрэбнасцей, звязаных з задачамі стымулявання дзейнасці асобы і калектыву, адбору кадраў і інш. У ходзе распрацоўкі асн. праблем П. сфарміраваўся катэгарыяльны апарат, у якім вылучаюцца катэгорыі вобраза, матыву, дзеяння, асобы і інш. Асн. метады ў П. — назіранне і эксперымент, дапаможныя — метад экспертных ацэнак, апытанне, саманазіранне, тэставанне і інш. П. дзейнічае на скрыжаванні шматлікіх навук і служыць фундаментам для псіхал. галін: інжынерная псіхалогія, педагагічная псіхалогія, псіхалогія кіравання, псіхалогія працы, псіхалогія сацыяльная, псіхалогія творчасці, авіяцыйная, ваенная, гістарычная, дыферэнцыянальная, зоапсіхалогія, мед., нейрапсіхалогія, эканам., этнічная, юрыд. П. і інш. Асобнае месца ў П. займаюць даследаванні па аўтаматызацыі і кібернетызацыі працы, перадачы некат. функцый галаўнога мозга чалавека электронным устройствам (гл. «Штучны інтэлект») і ўкараненні найноўшых тэхналогій у псіхал. практыцы.

Узнікла ў Стараж. Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію, ад яе пачала адасабляцца ў 18 ст. Як самаст. навука аформілася ў 19 ст. Пачынальнік рацыяналіст. П. — Р.​Дэкарт. Яго тэорыя псіхафіз. ўзаемадзеяння стала філас. асновай ідэаліст. П. (гл. Псіхафізічная праблема). Уведзенае ім паняцце рэфлексу паўплывала на тэорыю рэфлекторнай прыроды псіхічнай дзейнасці І.​М.​Сечанава і даследаванняў вышэйшай нерв. дзейнасці І.​П.​Паўлава. У 1879 ням. псіхолаг В.​Вунт стварыў псіхал. лабараторыю, што дало пачатак развіццю эксперыментальнай П. У 18—19 ст. была спроба растлумачыць псіхічную дзейнасць з пазіцый механістычнага матэрыялізму: псіхічныя з’явы зводзілі да фіз.-хім. працэсаў (П.​Гольбах, К.​Гельвецый, Д.​Дзідро) або атаясамлівалі іх з фізіял. працэсамі (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот). У 20 ст. сав. П. распрацоўвала тэорыю грамадска-гіст. развіцця псіхічнай дзейнасці чалавека (Л.С.Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). У зах. П. 20 ст. вызначыліся 3 асн. кірункі: біхевіярызм, гештальт-псіхалогія і псіхааналіз.

На Беларусі П. развівалася ў рэчышчы філасофіі, потым як частка сав. П. Значную ролю ў яе развіцці адыграў Выгоцкі, які ў 1923 стварыў псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. П. пры Гомельскім пед. вучылішчы. У 1923 у БДУ прапанавана навуч. праграма па П. (У.М.Іваноўскі). У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе даследаваліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. кансультацыі. У 1947 у БДУ створана аддзяленне логікі, П. і рускай мовы, у 1950 — кафедра П. ў Мінскім пед. ін-це. У БДУ, Бел. пед. ун-це і інш. даследуюцца праблемы псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, міжасобасных адносін у групах і калектывах, П. пед. дзейнасці, навучання замежным мовам і інш. (Б.​А.​Бенядзіктаў, А.​П.​Ерась, В.​М.​Кавалгін, Ф.​І.​Івашчанка, Я.​Л.​Каламінскі).

Літ.:

Леонтьев А.Н. Философия психологии: Из науч. наследия. М., 1994;

Годфруа Жо. Что такое психология: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1996;

Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ. Мн., 1997;

Платонов К.К. Занимательная психология. 4 изд. СПб. и др., 1997;

Рубинштейн СЛ. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Выготский Л.С. Психология. М., 2000.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Літва́ ’ліцвіны, беларусы’ (Крачк.; паўд.-усх.; Кос.), ст.-бел. литвин ’беларус’, укр. литва́, кіеў. литвинок ’тс’ (БНТ, Лег. і пад.), рус. анеж. литва́ ’народ, народнасць’, том. ’мясцовае нярускае насельніцтва’, наўг. ’перыяд шведскай інтэрвенцыі XVII ст.’ Бел. лексема запазычана з літ. Lietuvà ’Літва’. Сюды ж ліцвя́к, ліцвін, лецвя́к, літвін ’літовец’ (Касп., Нас., гродз., трок., Сл. ПЗБ), літвячка ’жанчына з Літвы’ (Сцяшк.), літві́н, ліцві́н(ы) ’літовец’, ’беларус з пэўнай мясцовасці’ (Сл. ПЗБ); усх.-маг. ліцьві́н ’літвін’, ’заходнія (з усходняй Магілёўшчынай) суседзі’ (Бяльк.). Паводле Клімчука (Tarptautinė baltistų konferencija, Vilnius, 1985, 168–169), этнонімы літвіны, ліцвякі, літва ў большай ступені адносяцца да паўн.-зах. Беларусі, але пашыраюцца і на ўсю Беларусь, а таксама на рад абласцей РСФСР і паўночнай Украіны. Гл. таксама Непакупны, Связи, 153–155. Трубачоў (Эт. сл., 15, 159) прасл. litva (рус. уладз. литва ’моцны дождж’, іван. ’ліцейшчыкі на заводзе’, чэш. litba ’лівень’, серб.-харв. ли̏тва ’штодзённы лівень’) выводзіць з дзеясл. liti > ліць (гл.), не выключаючы магчымасць развіцця (пашырэнне на ‑а) асновы супіна litŭ ад гэтага ж дзеяслова. Прасл. litva можа лічыцца блізкім адпаведнікам (або паралелізмам) літ. Lietuvà, якое, аднак, Фрэнкель (1, 368) збліжае з лат. lītus ’бераг мора’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тады́ ’ў той час, у той момант’, ’пасля таго’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Касп., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.), сюды ж фанетычныя варыянты тоды́ ’тс’ (калінк., Сл. ПЗБ) і тадэ́ ’тс’ з дыялектнай субстытуцыяй націскнога (Сцяшк.). Ужо ў ст.-бел. з пачатку XV ст. фіксуецца форма без выбухнога тоды ’тады’ (КГС). Укр. тоді́, дыял. тоди́, рус. дыял. тоды́, тады́, тада́, польск. tedy, wtedy, ст.-польск. teda, каш. tedë, палаб. tådĕ, tüdĕ, чэш. tedy, ст.-чэш. teď, tedě, славац. старое і дыял. tedy, в.-луж. (размоўнае), н.-луж. tedy, ted, серб.-харв. та̏д, та̀да, та̀да̄, славен. дыял. tọ̑di; усе з базавым значэннем ’тады; у той час, тыя часы’. Праўдападобна, што яшчэ на праславянскай глебе на базе першапачатковых спрадвечных форм *togda/*tъgda//*togdy/*tъgdy ўзніклі іх дыялектныя варыянты без выбухнога як вынік аналогіі з найменнямі тыпу *kǫdy і пад. альбо на падставе ўласна фанетычнага развіцця каранёвага спалучэння зычных ‑gd‑, менавіта дысіміляцыі, якая спачатку прывяла да з’яўлення на месцы выбухнога фрыкатыўнага гука, а потым з паступовым аслабленнем і да яго поўнай рэдукцыі. Параўн. тагды, гл., а таксама ESSJ SG, 2, 667–671 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 590.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́мпэ́т ’разгон, парывістасць, імклівасць, напор, націск’ (ТСБМ, БРС, Касп., Бяльк., Нас., Гарэц., Яруш.), ’пах, дух’ (ТСБМ), ’ахвота, жаданне’ (Бір. Дзярж., Бяльк.), ’выбух, паветраны штуршок, выбухная хваля’ (Касп.; брэсц., Жыв. сл., 164), ’энергія чалавека’ (брэсц., Жыв. сл., 164), и́мпэтъ, и́нпэтъ ’цяжкі дух’ (Мал.), і́мпа́т ’паветра, пах, спецыфічны дух’ (Сцяц.; стаўб., Жыв. сл., 71), ’парыў (паветра)’ (Сцяц.), ’цяжкі дух, смурод’ (слонім., Нар. лексіка, 52); параўн. зах.-бранск. и́мпет, и́нпет ’напор, напружанне; цяжкае паветра, цяжкі дух’ (Растаргуеў, Бранск.). Ст.-бел. импетъ ’напор, націск’ (1674 г.) з польск. impet < лац. impetus ’парыў, разбег, напор’ (Булыка, Запазыч.; SWO, 300). Няма падстаў лічыць, што лексема была забыта і зноў увайшла ў бел. мову ў пачатку XX ст. (як Гіст. лекс., 259). З польскай таксама рус. дыял. и́мпет ’удар, напор, імклівасць; ударная сіла’ (у рускай пісьменнасці з 1718 г., Біржакова, Очерки, 363), укр. і́мпет ’моцны націск, парыў, сіла’. У сучасных беларускіх гаворках семантычны аб’ём слова значна пашырыўся. Схему семантычнага развіцця, відаць, можна ўявіць такім чынам: ’парыў’ → ’парыў (паветра)’ → ’паветра’ → ’пах, дух’ → ’цяжкі дух, смурод’. Далейшая ступень канкрэтызацыі — імпа́т ’адзежа з-пад хворага’ (Жд. 2), дзе семантычны перанос звязаны, напэўна, са спецыфічным пахам адзення хворага чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

культу́ра

(лац. cultura)

1) сукупнасць дасягненняў чалавечага грамадства ў вытворчай, грамадскай і разумовай дзейнасці (напр. матэрыяльная к., духоўная к.);

2) узровень развіцця якой-н. галіны гаспадарчага або духоўнага жыцця (напр. к. вытворчасці, к. мовы);

3) ступень адукаванасці, выхаванасці каго-н. (чалавек высокай культуры);

4) вырошчванне якой-н. расліны, а таксама сама расліна, якая вырошчваецца (напр. кармавыя культуры).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

філасо́фія, ‑і, ж.

1. Навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды, грамадства і мыслення. Бурныя рэвалюцыйныя падзеі 1905 года.. выразна акрэслілі пазіцыю кожнага класа ў палітыцы, у філасофіі, у мастацтве. Ярош. Зажылі мы ўдвух у тым цудоўным пакойчыку, дзе было ўсё, што трэба культурнаму чалавеку: кнігі па філасофіі і вышэйшай матэматыцы, разборныя гантэлі, пра[йгравальнік]. Радкевіч. // Чыё‑н. філасофскае вучэнне. Філасофія К. Маркса. □ Марксісцка-ленінская філасофія дазваляе мастаку пранікаць у самыя глыбокія заканамернасці рэчаіснасці. Адамовіч.

2. Метадалагічныя прынцыпы, што ляжаць у аснове якой‑н. навукі, галіны ведаў. Філасофія права. Філасофія гісторыі.

3. Погляды, перакананне канцэпцыя. «Вайна. Што зробіш. Па вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі.. [Дымар] прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной. Шамякін.

4. Разм. іран. Абстрактныя, пустыя разважанні. Прырода — гэта... — Мікіта распачынаў сваю філасофію на некалькі дзён. Пташнікаў. Там, на заводзе, філасофіі не разводзяць, а займаюцца несупыннай працай. Бядуля.

[Грэч. philosophia ад philéō — люблю і sophia — мудрасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАСЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 15—20.5.1940 у Мінску; 577 дэлегатаў з рашаючым і 194 з дарадчым голасам ад 59 853 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачныя даклады ЦК КП(б)Б (П.​К.​Панамарэнка) і Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.​Я.​Сядых); выбары ЦК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд вітаў прыняцце ў 1939 Дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі аб устанаўленні ў Зах. Беларусі сацыяліст. ладу і ўз’яднанні яе з БССР, адзначыў, што тэрыторыя і насельніцтва Беларусі павялічыліся амаль у 2 разы, але неабходна ачысціць новыя тэрыторыі ад бурж. элементаў, пільна правяраць кіруючыя кадры на «палітычную сталасць». Падвёў вынікі развіцця прам-сці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі за 2 гады, вызначыў план сацыяліст. пераўтварэнняў у зах. абласцях БССР, падкрэсліў неабходнасць умацавання зах. рубяжоў краіны. У дакладах адзначалася праца парт. арг-цый па выяўленні «ворагаў народа», ліквідацыі вынікаў іх злачыннай дзейнасці, неабходнасць больш уважліва вывучаць марксісцка-ленінскую тэорыю. Выбраны ЦК КП(б)Б з 69 чал. і 45 канд., Рэвіз. камісія з 29 чал.

Літ.:

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Мн., 1985. Т. 3. С. 329—351.

А.​Ф.​Макарэвіч, У.​М.​Міхнюк.

т. 4, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕГЕТАЦЫ́ЙНЫ ПЕРЫ́ЯД,

перыяд года, калі магчымы рост і развіццё (вегетацыя) раслін па метэаралагічных умовах. Працягласць залежыць ад геагр. шыраты, клімату. У тропіках вегетацыйны перыяд доўжыцца ўвесь год, у высокіх шыротах і гарах — ад апошняга веснавога да першага восеньскага замаразку. Адрозніваюць агульны вегетацыйны перыяд для раслін пэўнай мясцовасці, што вызначаецца колькасцю сутак з сярэднімі т-рамі больш за 5 °C, і вегетацыйны перыяд асобных відаў раслін — час, неабходны для поўнага цыкла іх развіцця, які можа быць значна карацейшы за агульны.

У Беларусі пачатак вегетацыйнага перыяду прыпадае на канец 1-й дэкады крас. на ПдЗ, да канца 2-й дэкады гэтага месяца пачынаецца на астатняй тэрыторыі. Сярэдняя працягласць вегетацыйнага перыяду 185—205 дзён (гл. карту). У асобныя гады можа перавышаць сярэдні паказчык на 30—40 дзён. На ўзвышшах, асушаных балотах, у значных паніжэннях рэльефу на 3—6 сутак карацейшы, чым на суседніх раўнінах. Заканчваецца ў канцы 2-й дэкады кастр. на ПнУ, у пачатку ліст. на ПдЗ. Вегетацыйны перыяд — асн. біякліматычны паказчык, якім карыстаюцца пры інтрадукцыі і акліматызацыі раслін, падборы с.-г. культур, правядзенні с.-г. работ і агратэхн. мерапрыемстваў.

А.​У.​Камароўская.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)