Цэнтр — г. Лагожск (сучасны г.ЛагойскМінскайвобл.). Магчыма, ’першым уладальнікам Л.к. ў 1127 быў кн.Брачыслаў. Непасрэдна лагожскімі князямі Іпацьеўскі летапіс называе Усяслава Мікуліча (1180) і Васільку Валадаравіча. Верагодна, Л.к. было адным з удзелаў Мінскага княства. Не пазней як у 1-й пал. 14 ст. княства ўвайшло ў ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. належала Войшвілу (паводле адной з версій — сыну Кейстута). У 1387 вял.кн. Ягайла аддаў Л.к. разам з Трокскім і Полацкім княствамі свайму брату Скіргайлу, які фактычна быў яго намеснікам у ВКЛ. У 1392 Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў ВКЛ Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі Л.к.: Ганявічы і Корань у 1395 — віленскаму біскупству, Гасцілавічы — віленскаму ваяводу Войцеху Манівіду (у 1407 пацверджаны навечна); Коцалі ў канцы 14 ст. — новаўтворанаму касцёлу ў Гайне. Магчыма, да Л.к. належала і Харэцкая воласць у вярхоўях р. Бярэзіна, раздача якой у прыватную уласнасць адбывалася адначасова. Не пазней як у 1-й пал. 15 ст. з Л.к. вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Зазер’е і, верагодна, Смалявічы, якія належалі пану Судзімонту Доргевічу. Пасля смерці апошняга (1448) спадчыннае права на гэтыя маёнткі пацверджана яго сыну Алехну. У сярэдзіне 15 ст. ад Л.к. заставалася невял. частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала кіеўскаму кн. Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 — яго малодшаму брату Андрэю. Пасля смерці Андрэя ў 1457 Гайна пакінута ва ўласнасці яго нашчадкаў, а Лагойск вернуты вял. князю і ў 1460 нанова падараваны кн. Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІЧЫ́,
гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскайвобл., на р. Сэрвач. За 39 км ад Мядзела, 139 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Крывічы на лініі Маладзечна—Полацк. 1,6 тыс.ж. (1998).
Пад 1493 К. ўпамінаюцца як шляхецкая ўласнасць. У 1552 вёска, мела 8 дымоў. Пазней уласнасць Кішкаў. Каля 1640 пабудавана Свята-Троіцкая царква. З 1684 належала Укольскім, Ходзькам, Любанскім, Швыкоўскім. У 1770 цівун і падкаморы трокскі А.Укольскі дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў грамату кляштару на крывіцкія землі. У 1777 пабудаваны мураваны касцёл. З 1776 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв., з 1793 ў Рас. імперыі. цэнтр воласці Вілейскага пав. У 1860—485 ж., 55 двароў. У 1886 у К. школа, нар. вучылішча, валасная ўправа, царква, касцёл, капліца, багадзельня, 3 крамы, 3 заезныя дамы, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. У 1897—719 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. У 1921 у мястэчку 623 ж., у фальварку 13 ж., управа, касцёл, 4 млыны, бальніца, пошта, аптэка; штотыднёвы кірмаш. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Крывіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. якія загубілі ў К. і раёне 2189 чал. З 28.6.1958 гар. пасёлак, з 1962 у Мядзельскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Крывіцкі касцёл і кляштар трынітарыяў (18 ст.), царква (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЧЫ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рутка. На аўтадарозе Навагрудак—Мінск. За 185 км ад Гродна, 42 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. 7,8 тыс.ж. (1998).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1395. У 15 ст. двор вял. князёў ВКЛ у Навагрудскім пав. У 1505 разрабаваны крымскімі татарамі. З 1594 вядомы як мястэчка. З 2-й чвэрці 17 ст. ўладанне кн. Радзівілаў. З 2-й пал. 17 ст. ў К. дзейнічала шпалерня (гл.Карэліцкія шпалеры). У 1655 у час вайны Швецыі з Рэччу Паспалітай разбураны шведамі. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 зноў спалены шведамі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав.Мінскайгуб. У 1833—62 дзейнічала Карэліцкая цукровая мануфактура. У 1897—2559 ж., школа, царква, сінагога, лячэбніца, гасцініца, паштовая станцыя. У 1-ю сусв. вайну моцна разбураны, акупіраваны герм. войскам. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Карэліцкага раёна, вёска. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 3747 ж. З 30.4.1958 гар. пасёлак. У 1962—65 у Навагрудскім р-не. У 1971—3,7 тыс жыхароў.
Ільнозавод. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, базавая і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Карэліцкі раённы краязнаўчы музей «Зямля і людзі». Вайсковыя могілкі, Мемар. комплекс сав. воінам і партызанам, помнік землякам. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНЫЯ РУДЫ,
прыродныя мінеральныя агрэгаты, якія маюць у сабе жалеза ў выгаднай для здабычы колькасці. Галоўныя рудныя мінералы: аксіды жалеза — магнетыт, гематыт, мартыт; гідрааксіды — гётыт і гідрагётыт; карбанаты — сідэрыт; сілікаты — шамазіт, цюрынгіт. Прамысл.Ж.р. маюць 16—72 % жалеза. У плаўку ідзе абагачаны да 60—70% канцэнтрат (гл.Абагачэнне карысных выкапняў, Агламерацыя). Карысныя прымесі: нікель, кобальт, марганец, вальфрам, малібдэн, хром, ванадый і інш. Шкодныя прымесі: сера, фосфар, цынк, свінец, мыш’як, медзь. У залежнасці ад паходжання вылучаюць Ж.р. эндагенныя (магматычныя, гідратэрмальныя, вулканагенна-асадкавыя і інш.), экзагенныя (асадкавыя пластавыя, радовішчаў выветрывання і інш.) і метамарфагенныя (жалезістыя кварцыты і інш.). Прамысл. тыпы класіфікуюць паводле пераважнага руднага мінералу (магнетытавыя, гематытавыя, сідэрытавыя і г.д.). Найб. запасы і аб’ёмы здабычы Ж.р. прыпадаюць на дакембрыйскія жалезістыя кварцыты, менш пашыраны асадкавыя буражалезняковыя, а таксама скарнавыя, гідратэрмальныя і карбанатытавыя магнетытавыя руды. Адрозніваюць Ж.р. багатыя (больш за 50% Fe) і бедныя (менш за 25% Fe); бедныя падзяляюцца на лёгка- і цяжкаабагачальныя. Па агульных запасах Ж.р. краіны СНД займаюць 1-е месца ў свеце (больш за 100 млрд.т), на 2-м месцы Бразілія (34 млрд.т). Ж.р. выкарыстоўваюцца для выплаўкі чыгуну, сталі і ферасплаваў, невялікая колькасць — як прыродная фарба (вохра) ці як уцяжарвальнік свідравальных раствораў. На Беларусі ў зах.ч. выяўлены радовішчы Ж.р. у пародах крышт. фундаменту (г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., г. Стоўбцы Мінскайвобл.), а таксама шэраг рудапраяўленняў. Ж.р. ў іх прадстаўлены жалезістымі кварцытамі (Аколаўскае радовішча жалезных руд, Рубяжэвіцкае рудапраяўленне), ільменітмагнетытавымі рудамі (Навасёлкаўскае радовішча і інш.) і магнетытавымі метасаматытамі.
Літ.:
Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Браніслаў Францавіч) (21.6.1820, мяст. Вызна Слуцкага пав., цяпер г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на Мінскайвобл. — 2.1.1880),
бел. і польскі мастак, пісьменнік. Чл.-кар.АН у Кракаве (1873). За ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках у час вучобы ў Дэрпцкім ун-це (1840-я г.) у 1846 арыштаваны, у 1847 сасланы ў Арэнбург, потым у Хіву, Туркестан. Разам з Т.Р.Шаўчэнкам (перапісваўся з ім у 1853—59) удзельнічаў як мастак у экспедыцыях па Аральскім краі і ў горы Каратау. У 1856 вярнуўся на радзіму, у в. Рачкавічы, дзе стварыў шэраг пейзажаў; жыў у в. Дарава каля Баранавічаў, у Мінску, каля Гродна (1857—59). Рабіў малюнкі да «Віленскага альбома» Я.Вільчынскага, які выдаваўся ў 1848—60-я г. У пач. 1860-х г. эмігрыраваў за мяжу (Дрэздэн, Рым, Парыж), дзе стварыў афорты «Калізей у Рыме» (1864), «Від Сан-Мало». Памагаў паўстанцам 1863—64 у закупцы зброі. Сакратар Гісторыка-літ.т-ва і рэдактар яго «Штогоднікаў» (з 1866, Парыж), выпусціў ілюстраванае (22 афорты) выданне «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865), «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866), а таксама ўспаміны пра сучаснікаў. Аўтар прац «Адмена прыгонніцтва ў Літве» (1868), «З жыцця літвінкі» (пра мастачку А.Скірмунт, 1876) і інш. Стварыў шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863—64 («Серакоўскі ў турме», 1863, і інш.), пейзажаў («Паток у Ціролі»). Сябраваў з Ц.Норвідам, быў адрасатам яго паэт. ліста «Да Браніслава З.». Перапісваўся з А.І.Герцэнам.
Тв.:
(Из заметок Шевченко). // Т.Г.Шевченко в воспоминаниях современников. М., 1962.
Літ.:
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960. С. 173—181.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЧ,
вёска ў Мядзельскім р-не Мінскайвобл., на р. Малінаўка, за 4 км ад воз. Нарач. Да 1964 наз. Кабыльнік. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнЗ ад г. Мядзель, 160 км ад Мінска, 29 км ад чыг. ст. Паставы. 2,7 тыс.ж., 800 двароў (1999).
Вядома з 15 ст. пад назвай Кабыльнік (Кабыльнікі) у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. З 1527 уладанне А.М.Гаштольда, Збаражскіх, Абрамовічаў, М.Аскеркі, Свентаржыцкага і інш. У 1641—122 х, 19 дамоў. З 1793 у Рас. імперыі, у Завілейскім (Свянцянскім) пав. Віленскай губ. З 1847 мястэчка, 25 двароў, уваходзіла ў 2 маёнткі: Свентаржыцкага — 43 ж., вадзяны млын, вінакурня — і Шышкаў — 105 × 3 1885 цэнтр воласці, 483 ж., 17 двароў, царква, касцёл (1463), багадзельня, сінагога, 4 крамы, карчма, штогод 5 кірмашоў, з 1892 нар. вучылішча. У 1897 у мястэчку 1054 ж. У 1-ю сусв. вайну з сак. 1916 тут размяшчаўся штаб герм. ўзмоцненага корпуса. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Пастаўскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Мядзельскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў кастр. 1942 партызаны разграмілі ў вёсцы варожы гарнізон. У 1960—1116 х, 28.8.1964 перайменавана ў Н.
Масласырзавод, з-д безалкагольных напіткаў, каап. камбінат. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, 2 аптэкі, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — царква (2-я пал. 19 ст.), Нарачанскі Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГА,
адна са стараж. вуліц Мінска. Знаходзіцца ў гіст. цэнтры горада, паміж р. Свіслач і вул. К.Цэткін; працягласць 1840 м. Назва ад р.Няміга (прыток Свіслачы, заключана ў падземны калектар), уздоўж якой вуліца пралягала. Узнікла ў 12 ст. як адна з цэнтр.гандл. магістралей, што злучала гандл. плошчу перад Мінскім замкам (Нізкі рынак) з б. Койданаўскім трактам. У дакументах 16—18 ст.наз.Нямізскай. У 19 ст. ўключала Нізкі і Рыбны рынкі, звязвала гандл. плошчу на Траецкай гары з рынкам у б. Раманаўскім прадмесці (раён сучасных вуліц Раманаўская слабада і Мяснікова). Да канца 18 ст. забудова была пераважна драўляная (у 1793 існавалі толькі 2 мураваныя дамы), шмат разоў гарэла (асабліва моцны пажар у 1835). У пач. 17 ст. на скрыжаванні вуліц Н. і Ракаўскай пабудаваны комплекс правасл. манастыра з Мінскай Петрапаўлаўскай царквой, на правым баку Н. да 1965 стаяў будынак сінагогі 18 ст. У 19 ст. забудавана 2—3-павярховымі жылымі будынкамі з крамамі, якія стваралі суцэльны вулічны фронт, мелі рысы класіцызму. Напачатку праезная ч. вуліцы была вымашчана драўляным насцілам, у 17—18 ст. забрукавана, у пач. 20 ст. заасфальтавана. У Вял.Айч. вайну ў раёне вуліц Н. і Ракаўскай было гета. У пач. 1970-х г. забудова Н. знесена ў сувязі з рэканструкцыяй трансп. магістралі — вуліца М.Горкага (цяпер М.Багдановіча) — Няміга. У 1990-я г. на Н. пабудаваны рэстаран «МакДональдс» (арх. А.Чадовіч), комплекс 12-павярховых жылых дамоў, гандл. цэнтр «На Нямізе» (кіраўнік аўтарскага калектыву арх. С.Мусінскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 16 і 18 ст. у г. Нясвіж Мінскайвобл. 1) Н.д. 16 ст.засн. М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім; ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў С.Будны. Першая на тэр. Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай. Друкар кірылічных выданняў невядомы. У 1562 выдадзены «Катэхізіс» Буднага — першая на Беларусі кніга на бел. мове, а таксама яго твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (не збярогся). Друкавала творы на польск. і лац. мовах (друкар Д.Ланчыцкі); усяго ў 1563—71 надрукавала 11 выданняў, у асн. творы палемічнай пратэстанцкай публіцыстыкі. Спыніла дзейнасць паводле загаду М.К.Радзівіла Сіроткі. Апошняе выданне — «Біблія» (пераклад на польск. мову Буднага) дадрукавана ў 1572 у Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. Большасць кніг Н.д. аформлены проста, без ілюстрацыйных гравюр. У маст. афармленні кніг прытрымлівалася друкарскіх традыцый Ф.Скарыны: выкарыстанне наборнага арнаменту, разнастайных шрыфтоў, ініцыялаў з дэкаратыўна-раслінным фонам. Маёмасць друкарні ў 1572 купіў Я.С.Кішка, які ў 1574 заснаваў Лоскую друкарню. 2) Н.д. 18 ст. (1750—90-я г.) засн. Радзівіламі. У 1751 падаравана мясц. калегіуму езуітаў. Гравёрам быў Г.Ляйбовіч. У ёй надрукавана каля 70 белетрыстычных, рэлігійных, палемічных і вучэбных твораў, панегірыкаў на польск. і лац. мовах, у т. л. «Пра жыццё і справы Аляксандра Вялікага» К.Руфа (1763), «Жыццё і ерасі Вальтэра» Ф.Нано (1781), «Артыкулы вайсковыя» (1754), альбом медзярытаў «Партрэты сям’і Радзівілаў...» (1757, усяго 165 гравюр на медзі).
Літ.:
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РЫЧЫ,
гарадскі пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро), на аўтадарозе Бабруйск—Калінкавічы. За 32 км ад Светлагорска, 142 км ад Гомеля. 2,5 тыс.ж. (2000). Вядомы з 16 ст. як дзярж. маёнтак у Бабруйскім старостве ВКЛ. У 1639—239 ж., 43 двары. З 1793 у складзе Рас. імперыі, гандл. мястэчка (пераважна гандаль лесам), цэнтр воласці Бабруйскага пав.Мінскайгуб. З канца 18 ст. належалі П.І.Пушчыну і яго спадчыннікам. Да 1855 дзейнічаў цукр.з-д. У пач. 20 ст. больш за 4 тыс.ж., бровар, гарбарны і 2 канатныя з-ды, прыстань, 2 нар. вучылішчы, жаночае духоўнае вучылішча, 2 бальніцы, аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 правасл. царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы. З 1924 да чэрв. 1960 цэнтр Парыцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў П. больш за 1700 жыхароў, дзейнічала Парыцкае патрыятычнае падполле. З 1961 у Светлагорскім р-не.
Працуюць кансервавы з-д, камбінат буд. матэрыялаў, райаб’яднанне «Сельгасхімія», 2 перасовачныя механіз. калоны, цэхі: кандытарскі, па перапрацоўцы мяса, электрасувязі. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, 2 б-кі, бальніца, Дом культуры, аддз. сувязі. Музей Вял.Айч. вайны. Царква св. Марыі Магдаліны. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ў 1943—44. Помнікі архітэктуры: будынкі бальніцы (2-я пал. 19 ст.), б. жаночага вучылішча (1881), дом лесапрамыслоўца (пач. 20 ст.). За 0,5 км на ПнЗ ад П. паселішча эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ АЭРАПО́РТЫ,
агульная назва аэрапортаў мясц. значэння Мінск-1 і міжнар. Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Аэрапорт Мінск-1 у межах Мінска, замыкае перспектыву вул. Чкалава з плошчай. Пабудаваны ў 1933. Уключае стары будынак аэравакзала (1946—57, арх. А.П.Воінаў, Г.Заборскі) і новы павільён (1976, арх. С.Баткоўскі, А.Серапян). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя сіметрычнага 2-павярховага будынка аэравакзала складаецца з цэнтр.ч. і 2 бакавых крылаў. У архітэктуры будынка выкарыстаны формы класіцызму: 6-калонны порцік з боку плошчы, 2 сіметрычныя рызаліты з боку ўзлётна-пасадачнай паласы, бельведэр з каланадай карынфскага ордэра. Павільён — прамавугольны ў плане зашклёны на ўсю вышыню будынак з 2 сіметрычнымі ўваходамі, вылучанымі масіўнымі казыркамі. Нацыянальны аэрапорт Мінск — міжнар. аэрапорт 1-га класа каля г. Смалявічы Мінскайвобл. Забудоўваецца з 1977 паводле праекта ін-таў «Ленаэрапраект» (С.-Пецярбург) і «Мінскпраект» (арх. Б.Ларчанка, Ю.Грыгор’еў, Г.Сысоеў, Н.Цямнова). У комплексе збудаванняў — аэравакзал, камандна-дыспетчарскі пункт, гасцінічны комплекс, адм.-бытавы блок. Аэравакзал размешчаны ў дугападобным аб’ёме (даўж. больш за 500 м) — дэцэнтралізаванага тыпу, зоны адпраўлення і прыбыцця пасажыраў падзелены і знаходзяцца на розных узроўнях аб’ёму. Усе асн. памяшканні на 3 гал. паверхах дугападобнага аб’ёму, які завяршаецца тэхн. паверхам і камандна-дыспетчарскім пунктам. Да дугападобнага аб’ёму прымыкае гасцінічны комплекс, які мае сувязь з аперацыйнымі заламі аэравакзала. Аэрадром прызначаны для прыёму ўсіх тыпаў паветраных суднаў у складаных метэаўмовах. Увесь комплекс будуецца з каркасна-панэльных канструкцый, зборныя жалезабетонныя элементы распрацаваны паводле індывід. праектаў. Іл.гл. таксама да арт.Аэравакзал.