ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ДЫЭЛЕ́КТРЫКАЎ,

працэс узнікнення ў дыэлектрыках стану, які характарызуецца наяўнасцю эл. дыпольнага моманту ў кожнага элемента іх аб’ёму (палярызаванага стану), пад уздзеяннем знешніх фактараў (эл. палёў, мех. напружанняў, змены т-ры і інш.), а таксама сам палярызаваны стан дыэлектрыка. Характарызуецца палярызаванасцю ці вектарам палярызацыі P.

Найб. значэнне мае П.д. у знешнім эл. полі, якая абумоўлена зрушэннем электронаў у атамах і іонах (электронная, ці дэфармацыйная палярызацыя), зрушэннем іонаў у цвёрдых дыэлектрыках з іоннай крышт. рашоткай (іонная палярызацыя), паваротам дыпольных малекул (арыентацыйная палярызацыя). Залежыць ад напружанасці знеш. эл. поля — E. У слабых палях P = ε0 χ E , дзе ε0эл. пастаянная, χ — дыэлектрычная ўспрыімлівасць. П.д. можа мець месца з прычыны мех. напружанняў (гл. П’езаэлектрычныя матэрыялы). Існуюць дыэлектрыкі са спантаннай (самаадвольнай) палярызацыяй (гл. Піраэлектрычнасць, Сегнетаэлектрыкі), а таксама дыэлектрыкі, здольныя працяглы час захоўваць наэлектрызаваны стан (электрэты).

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАЯ МО́ВА,

мова, якая выйшла з ужытку і вядомая толькі па пісьмовых помніках ці запісах, што дайшлі з часу, калі яна была жывой. Часта захоўваецца ў жывым ужыванні ў якасці мовы культу (копцкая мова як мова богаслужэння ў хрысціян-егіпцян, лацінская мова ў каталіцкай царкве, царкоўнаславянская мова ў праваслаўнай царкве, класічная тыбецкая мова ў ламаісцкай царкве ў манг. народнасцей). Больш рэдкім з’яўляецца адначасовае выкарыстанне М.м. ў якасці саслоўнай (каставай жрэцкай, што звязана з яе культавай роляй) і літаратурнай, напр., санскрыт у стараж. і сярэдневяковай Індыі. М.м. можа выкарыстоўвацца ў навуцы (лац. мова). Лексіка М.м. характарызуецца колькаснай абмежаванасцю, лексемамі, значэнне якіх застаецца невядомым, і лексемамі, якія трапляюцца ў тэкстах толькі адзін раз. У выключных сац. умовах магчыма пераўтварэнне М.м. культу ў размоўную (напр., іўрыт). Многія з М.м. сталі набыткам навукі ў выніку дэшыфроўкі іх пісьмовых помнікаў.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУДРАГЕ́ЛЬСТВА, мудрагелістая мова,

пазбаўленая сэнсавага значэння мова, у якой адносіны паміж тым, што абазначае, і тым, што абазначаецца, або не існуюць, або ўстанаўліваюцца адвольна і кожны раз нанава. Трапляецца ў стараж. магічных тэкстах, фальклоры (заклінанні, дражнілкі), у штодзённай мове (у экспрэсіўнай функцыі).

У рус. футурыстаў (тэрмін «М.» прапанаваў В.​Хлебнікаў) — эксперым. паэт. мова, якая будуецца на гукаперайманнях, адвольных гукаспалучэннях і алагічных словапераўтварэннях. У лінгвістаў і паэтаў, якія групаваліся вакол час. «ЛЕФ», праблема М. была звязана з дэклараваннем «лінгвістычнай тэхналогіі», свядомай «пераробкі» літ. мовы. Для футурыстаў М было своеасаблівай лабараторнай работай па выяўленні выразных магчымасцей слова. Пэўны водгук тэорыя футурыстаў знайшла ў бел. л-ры. У асобных творах 1920-х г. прагучала думка пра неабходнасць аднаўлення мовы бел. паэзіі з арыентацыяй на М. Тэрмін «М.» часта ўжываецца для абазначэння незмястоўнага эксперыментатарства. Мудрагелістасць выказвання можа быць сінонімам вобразнай ускладненасці.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сці́пры ’шчыльны, сціснуты, збіты’, ’моцны, цвёрды, трывалы’ (Ласт.). Паводле Ластоўскага (там жа, 448), у выніку кантамінацыі сціслы і сперты (гл. перці), што малаверагодна; хутчэй з літ. stiprùs ’моцны, цвёрды, трывалы’, старое stìpras ’моцны; мужны’, лат. stiprs ’моцны’, адносна якіх гл. Смачынскі, 604. Фіксацыя толькі ў слоўніку Ластоўскага можа сведчыць ігра штучнае ўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сярдзю́к ’ахоўнік гетмана ў Украіне’ (ТСБМ), параўн. укр. сердю́к ’тс’, што выводзіцца з тур. sürtük ’наглядчык’ (Фасмер, 3, 606; ЕСУМ, 5, 218). Няясныя адносіны да сярдзю́к экспр. ’багацей’ (Юрч. Вытв.), для якога можна дапусціць сувязь з сердзю́к ’гняўлівы чалавек’ (Нас.) ад сярдзіты, сердаваць (гл.), што можа ўспрымацца і як народнаэтымалагічнае асэнсаванне запазычання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талабо́ніць ’балбатаць, несці лухту’ (нясвіж., Сл. ПЗБ), толоба́ніць, талебе́ніць ’гаварыць, балбатаць’ (ТС). Параўн. укр. талаба́нити ’плявузгаць, гаварыць, балбатаць’, рус. дыял. талабо́нить, талаба́нитъ ’балбатаць, тарабаніць’. Відаць, не можа разглядацца асобна ад іншых імітатываў з пачатковымі тала‑ (тале‑, толе‑) і пад. З экспрэсіўным нарашчэннем ‑бон‑/‑бан‑ параўн. балабоніць, балабаніць, гл. Параўн. ЕСУМ, 5, 506.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Пялю́тка, пелю́тка ’палавіна качана, гарбуза’ (ТС), ’ягадзіцы; вульва’ (там жа), пэлю́тка ’ягадзіца; гузно’ (пін., Нар. лекс., Дразд.), ’сцягно’ (пін., Шатал.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад палутка (полутка, полудка) ’палавінка (звычайна качана)’ (ТС), што ўзыходзіць да *роlъtь ’палова тушы’ (Фасмер, 3, 316), гл. польць, полец; фармальна і семантычна збліжана з пялюстка, гл. пелюсць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Німама́та ’громка (вельмі)’ (Мат. Гом.)* Хутчэй за ўсё з ⁺няма мата, дзе мат ’голас’ (гл.), што можа трактавацца як ’так моцна, што не хапае голасу’, параўн. нямым голасам крычаць ’страшэнна, роспачна крычаць’. Не выключана і іншая версія на базе зыходнага выразу ⁺нямы мат як нямы голас. Ва ўсякім выпадку магчыма кантамінацыя абодвух выразаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасёстра ’прыяцелька, сяброўка’ (Маш.; Нікіф., Очерки), ’дваюрадная сястра’ (Бяльк.; Мат. Маг.; Яшк., Назвы, Інстр. 1), пасёстра і пасёстра ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. посестра ’тс’, ’каханая’. Прыстаўка па- (без націску) можа паходзіць з прасл. po‑ (Борысь, Prefiks., 54). Да сястри (гл.). Параўн., аднак, пасынак, якое з pa‑ і synъ: ст.-прус. pas‑sons ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бараба́ншчык. Рус. бараба́нщик. Натуральна гэта слова можна лічыць вытворным ад бараба́н (гл.). Але ёсць думка, што гэта запазычанне з цюрк. *darabančy (ад daraban ’барабан’). Так Залеман (аб гэтым гл. ИОРЯС, 10, 2, 76). Сумняваецца Шанскі, 1, Б, 37 (лічыць, што тут утварэнне суфіксам ‑щик ад бараба́н). Цюрк. версію можа падтрымліваць укр. бараба́нчик ’барабаншчык’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)