белыя крывяныя клеткі, бясколерныя шарападобныя клеткі крыві і лімфы пазваночных жывёл і чалавека. Маюць ядры, самастойна рухаюцца (могуць і супраць цёку крыві), выконваюць пераважна ахоўную функцыю. Адрозніваюць Л. зярністыя — гранулацыты (базафілы, нейтрафілы, эазінафілы) і незярністыя — агранулацыты (лімфацыты, манацыты). Маюць агульнае паходжанне з эрытрацытамі і трамбацытамі. У 1 л крыві здаровага чалавека 3,8—9 × 109 Л. Функцыянуюць у тканках арганізма: знішчаюць мікраарганізмы, змярцвелыя клеткі, прадукты распаду і інш. (гл.Імунітэт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКО́З (ад грэч. leucos белы),
белакроўе, лейкемія, пухліннае захворванне крывятворнай тканкі ў жывёл і чалавека, пры якім пашкоджваюцца касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнка, кроў і інш. Апісаны Р.Вірхавым (1845). Адрозніваюць Л. вострыя і хранічныя. Вострыя падзяляюцца на міэла-, лімфа-, мона-, эрытрабластавыя і інш.; хранічныя — на міэлалейкоз, міэлафіброз, лімфалейкоз, эрытрамію, тромбацытамію і інш. Прыкметы Л.: малакроўе, слабасць, хуткая стамляльнасць, павелічэнне селязёнкі, печані, лімфатычных вузлоў, боль у касцях, бластоз крыві і парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне — аўта- і алатрансплантацыя касцявога мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАЎТВАРЭ́ННЕ,
працэс утварэння лімфы, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Механізм Л. звязаны з фільтрацыяй плазмы крыві праз крывяносныя капіляры і выхадам вадкасці (з растворанымі ў ёй малекуламі бялкоў, ліпідаў і інш.) у міжклетачныя поласці. Частка тканкавай вадкасці зваротна ўсмоктваецца ў кроў, частка паступае ў лімфатычныя капіляры і ўтварае лімфу. Рэгуляцыя Л. накіравана на павелічэнне ці памяншэнне фільтрацыі вады і інш. элементаў плазмы крыві: мясц. рэгуляцыя забяспечваецца біялагічна актыўнымі рэчывамі, што выдзяляюцца клеткамі, цэнтральная — вегетатыўнай нерв. сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКА́ШЫК (Мікалай Канстанцінавіч) (7.6.1934, в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Канд.мед.н. (1966), праф. (1991). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1959). З 1959 у Гродзенскім мед. ін-це (у 1968—87 прарэктар, у 1975—97 заг. кафедры). Навук. працы па біяхіміі вітамінаў, абмене рэчываў у арганізме жывёл і чалавека, педагогіцы і псіхалогіі.
Тв.:
Метаболические эффекты недостаточности функционально связанных B-витаминов. Мн., 1987 (у сааўт);
Справочник врача общей практики. Т. 2. Мн., 1995 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦЭ́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 29.2.1944, в. Працавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1993), праф. (1995). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1969). З 1976 у Гродзенскім с.-г. ін-це (у 1994—99 заг. кафедры). Навук. працы па марфалогіі с.-г.жывёл, вет. медыцыне.
Тв.:
Параўнальная ацэнка шкілета і мускулатуры ў двух- і трохпародных помесных бычкоў // Весці АНБССР. Сер. с.-г.навук. 1989. № 1;
Методические разработки по основам ветеринарии. Гродно, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНЬКО́Ў (Вячаслаў Іванавіч) (1.10. 1915, г. Алматы, Казахстан — 14.8. 1969),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарнай мікрабіялогіі. Д-рвет.н. (1961), праф. (1967). Скончыў Алма-ацінскі вет.ін-т (1941). З 1966 заг. аддзела Бел.н.-д.вет. ін-та. Навук. працы па патагенезе, імунітэце і прафілактыцы яшчуру, бруцэлёзу, вібрыёзу, інфекц. атрафічнага рыніту і анаэробных інфекцыях жывёл. Прапанаваў тыпаспецыфічныя сывараткі і вакцыны для дыягностыкі і прафілактыкі інфекц. энтэратаксеміі.
Тв.:
Анаэробные желудочно-кишечные заболевания молодняка сельскохозяйственных животных. Мн., 1974 (разам з В.А.Ляньковай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́ЧНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ, млечныя залозы,
парныя скурныя органы млекакормячых жывёл і чалавека. У асобін жаночага полу ў перыяд лактацыі выдзяляюць малако, у асобін мужчынскага на працягу жыцця застаюцца рудыментарныя і не функцыянуюць. Найб. рост і развіццё М.з. адбываецца пры палавым выспяванні, цяжарнасці, лактацыі пад уплывам нерв. сістэмы і эндакрынных залоз. У залежнасці ад віду жывёлы бываюць множныя па ўсёй даўж. брушной паверхні (свінні), або грудныя (сланы), ці похвенныя (коні), мяняецца іх колькасць (2—20) і здольнасць выдзяляць малако пэўнага якаснага складу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВЫ АДБО́Р,
адбор раслін або жывёл па знешніх паказчыках (фенатыпе) без праверкі атрыманых у спадчыну ўласцівасцей (генатыпу). Выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, селекцыі і насенняводстве для адбору асобін з патрэбнымі якасцямі (напр., вял. настрыг воўны ў авечак, павышаная марозаўстойлівасць вінаграду). Поспех селекцыі М.а. дасягаецца павольна, але без яго скарыстання сарты і пароды ў працэсе вытв-сці хутка трацяць свае якасці. Эфектыўнасць залежыць ад каэфіцыента атрымання ў спадчыну адзнакі. Сарты і пароды нар. селекцыі (мясцовыя) ствараліся з дапамогай М.а. на працягу доўгага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВА́Я КІСЛАТА́ (2, 6, 8-трыоксіпурын),
канчатковы прадукт абмену пурынаў і бялкоў у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раскладаюцца ніжэй т-ры плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. М.к. адкрыў швед. хімік К.Шэеле (1776) у мачы. Утвараецца пераважна ў печані, невял. колькасць ёсць у тканках (мозг, кроў), мачы і поце. Пры некат. парушэннях абмену рэчываў адбываецца назапашванне М.к. і яе кіслых солей (уратаў), што выклікае нефрыты, артрыты, артрозы, таксікозы цяжарных і інш. хваробы. Зыходны прадукт для прамысл. сінтэзу кафеіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАВЫДЗЯЛЕ́ННЕ,
рэфлекторны акт выдалення мачы з арганізма чалавека і жывёл. Адбываецца перыядычна па меры напаўнення мачавога пузыра (мочаўтварэнне — бесперапынна). У здаровага чалавека сутачны дыурэз (колькасць мачы, якая выдаляецца за суткі) складае да 75% ад колькасці выпітай вадкасці. Выцяканню мачы з пузыра перашкаджаюць 2 кальцавыя слоі мышачных валокнаў: унутр. і вонкавы сфінктэры. Пры М. рэфлекторна расслабляецца вонкавы сфінктэр і скарачаюцца мышцы сценак пузыра. М. рэгулюецца нерв. цэнтрамі спіннога і галаўнога мозга. Парушэнні ўзнікаюць пры пашкоджанні мышцаў мачавога пузыра, некат. хваробах нерв. сістэмы.