ЦІМЧУ́К Іван Мацвеевіч (14.2.1901, с. Грушка Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 16.10.1982),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, дзярж. дзеяч Беларусі. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Смаленскае ваенна-паліт. вучылішча (1924), Харкаўскі камуніст. ун-т імя Арцёма (1929), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1956). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, баёў на Паўд. фронце, пасля на гасп. рабоце. У Вял. Айч. вайну з 1941 вёў падп. дзейнасць у Лагойскім р-не, у лют. 1942 — лют. 1943 камісар партыз. атрада «Мсцівец», адначасова з ліст. 1942 сакратар Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, з вер. 1943 камісар, у маі—ліп. 1944 камандзір 1-й антыфаш. партыз. брыгады ў Мінскай вобл. У 1944—59 нам. старшыні Дзяржплана БССР, у 1960—68 старшыня Дзярж. к-та СМ БССР па ахове прыроды. Аўтар успамінаў.

І.М.Цімчук.

т. 17, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНУШЭ́ВІЧ Аляксандр Анікеевіч (1899, г. Капыль Мінскай вобл. — 29.10.1937),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. Удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну, потым барацьбы з бандытызмам. З 1922 на парт. рабоце: сакратар Грэскага райкома КП(б)Б, заг. аддзелаў Бабруйскага і Віцебскага акр. к-таў партыі, культуры і прапаганды ЦК КП(б)Б. З кастр. 1932 сакратар Мінскага гаркома КП(б)Б. З сак. 1933 да лют. 1936 нарком асветы БССР, потым заг. аддзела Бел. геал. разведкі. Чл. ЦК КП(б)Б у 1929—36, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1931—34, канд. у чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1935—36. Чл. ЦВК БССР у 1931—36, чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1933—36. 19.6.1937 арыштаваны органамі НКУС БССР і 28.10.1937 Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР засуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

Я.​С.​Фалей.

т. 17, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЎЧАВА́ДЗЕ Ілья Рыгоравіч (8.11.1837, с. Кварэлі, Грузія — 12.9.1907),

грузінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1857—61). Працаваў суддзёй і інш., быў старшынёй Т-ва пашырэння пісьменнасці сярод грузін, праўлення Груз. драм. т-ва. Чл. Дзярж. савета (1906). Адзін з заснавальнікаў (з А.Цэрэтэлі) груз. рэв.-дэмакр. плыні 1860—70-х г. «Цергдалеўлебі». Літ. дзейнасць з 1857. Паэзія Ч. прасякнута гуманіст. матывамі, грамадз. пафасам. Пісаў вершы-замалёўкі роднай прыроды. У паэме «Пустэльнік» (1883) тэма грамадз. служэння. Саслоўна-класавыя супярэчнасці груз. грамадства ў паэмах «Здань» (1859, апубл. 1872—73), «Некалькі малюнкаў, або Выпадак з жыцця разбойніка» («Разбойнік Како», 1860), аповесцях «Ці ж ён чалавек?» (1859—63), «Апавяданне жабрака» (1859, апубл. 1873). Аповесць «Атарава ўдава» (1887) пра жыццё вёскі пасля адмены прыгоннага права. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Х.​Жычка.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—2. Тбилиси, 1978;

Стихотворения и поэмы. Л., 1979.

І.Р.Чаўчавадзе.

т. 17, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́СЕР (Chaucer) Джэфры (каля 1340, Лондан — 25.10.1400),

англійскі паэт, грамадскі дзеяч; заснавальнік агульнаангл. літ. мовы і рэалізму ў англ. л-ры. Быў прыдворным, чл. парламента, займаў шэраг дзярж. пасад. З дыпламат. місіяй наведаў Францыю, Італію, дзе пазнаёміўся з мастацтвам і л-рай Адраджэння. Пад іх уплывам пераклаў помнік сярэдневяковай франц. л-ры «Раман пра Ружу» (каля 1370), напісаў у рэчышчы куртуазнай л-ры элегію «Кніга герцагіні» (1369—70). Аўтар паэм «Дом славы», «Птушыны парламент», «Траіл і Хрызеіда», «Легенда пра добрых жанчын» (усе нап. паміж 1380—86). Вяршыня яго творчасці — «Кентэрберыйскія апавяданні» (1387—1400, выд. 1478), у якіх стварыў рэаліст. галерэю вобразаў людзей усіх класаў і саслоўяў тагачаснай Англіі.

Тв.:

Рус. пер. — Кентерберийские рассказы. М., 1973.

Літ.:

Кашкин И.А. Джефри Чосер // Кашкин И.А. Для читателя-современника. М., 1968;

Сапрыкин Ю.М. От Чосера до Шекспира: Этич. и политич. идеи в Англии. М., 1985.

Дж.Чосер.

т. 17, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́СІЧ Добрыца (н. 29.12.1921, Веліка-Дрэнава, Сербія),

сербскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (1982). Скончыў Школу журналістыкі і Вышэйшую паліт. школу. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у югасл. партыз. руху. У 1992—93 прэзідэнт Саюзнай Рэспублікі Югаславіі. Друкуецца з 1943. Вядомасць прынёс першы раман «Сонца далёка» (1951), які ўвасобіў пераадоленне ідэалагізацыі і схематызму, азначыў новыя тэндэнцыі ў развіцці л-р народаў Югаславіі. У творчасці, выяўляючы на кожным этапе наватарскія рысы, сцвердзіўся як раманіст эпічнага складу, здольны глыбока асэнсоўваць і дэміфалагізаваць гісторыю народа і чалавецтва, ствараць універсальныя метафары і тыпы: раманы «Карані» (1954), «Казка» (1966), «Грэшнік» (1984), «Адступнік» (1986), «Вернік» (1990) і гісторыка-панарамныя творы «Падзелы» (1961), «Час смерці» (1975), «Час улады» (1995), «Час ліха» (1996). Аўтар кніг публіцыстыкі і эсэістыкі, у т. л. «Перамены» (1992).

Тв.:

Рус. пер. — Солнце далеко. М., 1956.

І.​А.​Чарота.

т. 17, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАБУ́НЯ Антон Апалінаравіч (1876—3.2.1920),

бел. паліт. дзеяч; адзін з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ, падп. мянушка Фама). Скончыў Маскоўскі ун-т. У 1905—07 працаваў пам. прысяжнага паверанага ў Мінску. Дэлегат 2-га з’езда БСГ (студз. 1906) у Мінску. Яго кватэра па вул. Праабражэнскай (цяпер вул. Інтэрнацыянальная) і фальварак у Ігуменскім пав. (каля г.п. Пухавічы) былі канспіратыўнымі. Адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва «Мінчук». У студз. 1906 мінская жандармерыя завяла справу па абвінавачанні Ш. ў распаўсюджванні «супрацьурадавых выданняў» (спынена ў 1909 за недастатковасцю ўлік).

Літ.:

Каганец К. Творы. Мн., 1979;

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел. паліт. арг.: Бел. рэв. грамада, Бел. сац. грамада. Мн., 1991. С. 9, 22—23;

А[ляксандр] У[ласаў]. Страты інтэлектуальных сіл Менска // Беларусь. 1920. 5 сак.;

Автобиография... Ефима Гальперина // Народны камісарыят сацыяльнай апекі БССР. Мн., 1924. С. 47.

В.​У.​Скалабан.

т. 17, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАВЯЛУ́ХА Віктар Сцяпанавіч (н. 11.1.1929, с. Лялекаўка Пятроўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін; дзярж. дзеяч Беларусі. Д-р біял. н. (1972), праф. (1973). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя Ціміразева (1955). З 1958 на парт. і сав. рабоце ў Яраслаўскай вобл. З 1964 у БСГА (з 1972 заг. кафедры). З 1973 дырэктар і заг. аддзела Бел. НДІ земляробства. З 1974 сакратар і член Бюро ЦК КПБ. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80. З 1979 нам. міністра сельскай гаспадаркі СССР. З 1984 акадэмік-сакратар аддз. раслінаводства і селекцыі УАСГНІЛ. Навук. працы па вывучэнні заканамернасцей роставых і інш. фізіял. працэсаў у культ. раслін, павышэнні прадукцыйнасці збожжавых і інш. культур.

Тв.:

Резервы хлебной нивы. Мн., 1978 (у сааўт.);

Устойчивость зерновых к факторам среды. Мн., 1978 (у сааўт.);

Периодичность роста сельскохозяйственных растений и пути ее регулирования. 2 изд. М., 1980.

т. 17, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВА́РЦЭ Браніслаў (7.10.1834, Лакрыст каля г. Дынан, Францыя — 18.2.1904),

дзеяч рэв. руху на Беларусі і ў Польшчы ў 1860-я г. Скончыў інж. школу ў Парыжы (1855). З 1860 інжынер на буд-ве Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі, вёў рэв. прапаганду сярод сялян Гродзенскай губ., стварыў Беластоцкую рэв. арг-цыю і кіраваў ёй. Прыхільнік апоры паўстання на нар. масы, на рэв. саюз з рус. і інш. народамі. Арганізаваў выданне агітац. л-ры на бел. мове («Гутарка старога дзеда» і інш.). З ліп. 1862 чл. Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве па падрыхтоўцы паўстання, адзін з лідэраў «чырвоных». Выступаў супраць «сепаратызму» К.​Каліноўскага. 23.12.1862 арыштаваны і зняволены ў Шлісельбургскую крэпасць, потым высланы ў Сібір, дзе супрацоўнічаў з нарадавольцамі. З 1891 у Галіцыі, перакладаў на польск. мову творы М.​Някрасава, А.​Пушкіна. Аўтар успамінаў «Сем гадоў у Шлісельбургу» (1893) і інш.

Г.​В.​Кісялёў.

Б.Шварцэ.

т. 17, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМО́ЛАЎ Аляксей Пятровіч (4.6.1777; Масква — 23.4.1861),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1818) і артылерыі (1837). Вучыўся ў Маскоўскім універсітэцкім шляхетным пансіёне. З 1791 у арміі. Удзельнік вайны з Рэччу Паспалітай (1794), персідскага паходу (1796). У 1798, як удзельнік Смаленскага афіцэрскага паліт. гуртка, арыштаваны і высланы «на вечнае жыццё» ў Кастраму. У 1801 вернуты са ссылкі. Вызначыўся ў войнах з Францыяй 1805—07. У вайну 1812 нач. штаба 1-й Зах. арміі, нач. штаба аб’яднаных армій. У час замежных паходаў 1813—14 нач. артылерыі саюзных армій, камандаваў дывізіяй, корпусам. З 1816 камандзір Асобнага Груз. (пазней Каўк.) корпуса, галоўнакамандуючы ў Грузіі ў час Каўк. вайны і адначасова ў 1827 надзвычайны і паўнамоцны пасол у Іране. Праводзіў жорсткую палітыку на Паўн. Каўказе. За заступніцтва за дзекабрыстаў у 1827 звольнены ў адстаўку. У час Крымскай вайны 1853—55 быў выбраны нач. Маскоўскага губ. апалчэння.

т. 18, кн. 1, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ Парфен Пятровіч (28.10.1904, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.8.1954),

бел. гісторык, дзярж. дзеяч БССР. Канд. гіст. н. (1948). Скончыў камуніст. ун-т Беларусі (1933), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (1948). Працаваў настаўнікам. З 1925 на сав., гасп. і парт. рабоце ў Прапойскім р-не, Мінску. У 1933—35 выкладчык Камуніст. ун-та Беларусі. З 1936 заг. аддзела, сакратар Мінскага гаркома КП(б)Б. У 1938—41, 1943—17 рэктар БДУ, у 1941—42 дырэктар Ніжнетагільскага пед. ін-та. З 1947 заг. кафедры асноў марксізму-ленінізму Бел. політэхн. ін-та, у 1949—52 дацэнт БДУ. Чл. ЦК КП(б)Б у 1938—41, Рэвіз. камісіі КП(б)Б у 1940—46. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47.

Літ.:

Гісторыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў біяграфіях яго рэктараў, 1921—2001. Мн., 2001. С. 78—91.

А.​Г.​Зелъскі.

т. 18, кн. 1, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)