хвароба, якая ўзнікае ад празмернага і частага ўжывання спіртных напіткаў; выяўляецца ў псіхічнай і фізічнай залежнасці ад алкаголю, сацыяльнай і маральнай дэфармацыі асобы, у псіх., неўралагічных і саматычных расстройствах. Развіваецца часцей у 25—40 гадоў. Адзначаецца і спадчынная схільнасць. Першая стадыя хваробы на фоне працяглага быт. п’янства цягнецца 3—6 гадоў. Характарызуецца стратай ірвотнага рэфлексу, псіх. залежнасцю (неабходнасць спіртнога, каб палепшыць настрой або зняць напружанне), стратай колькаснага кантролю над выпітым, ап’яненнем з частковым забываннем падзей. Асн. асаблівасць другой стадыі — фізічная залежнасць з пахмельным сіндромам, пры якім узнікаюць цяжкія псіх. і самата-вегетатыўныя перажыванні. Каб палепшыць стан, хворы пахмяляецца. Могуць быць і алкагольныя псіхозы. Адзначаны таксама змены асобы з сац. дэградацыяй, парушэннямі ўвагі, памяці. На трэцяй стадыі хворы п’янее ад нязначнай дозы спіртнога, часта пераходзіць на сурагаты. Адсутнічаюць усе формы кантролю, хворы становіцца бесклапотным і лагодным. Узнікаюць неўралагічныя расстройствы, пагаршаецца агульны стан здароўя. Лячэнне: выпрацоўка адмоўнай рэакцыі на алкаголь з дапамогай лякарстваў, псіхатэрапія і інш.
Сістэма барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Рэспубліцы Беларусь уключае комплекс выхаваўчых, санітарна-асветных, адм. і мед. мерапрыемстваў, якія спалучаюцца з мерамі грамадскага і дзярж. ўздзеяння супраць тых, хто не жадае выконваць маральныя і прававыя ўстанаўленні грамадства. Паводле дзеючага заканадаўства асобы, якія ўчынілі ў стане ап’янення правапарушэнні і злачынствы, не вызваляюцца ад адм. ці крымін. адказнасці. Учыненне злачынства ў стане ап’янення лічыцца акалічнасцю, якая абцяжвае адказнасць. Да хранічнага алкаголіка, які ўчыніў злачынства, адначасова з пакараннем за яго суд можа прызначыць яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Асоба, якая ў выніку злоўжывання алкаголем ставіць сваю сям’ю ў складанае матэрыяльнае становішча, па рашэнні суда можа быць абмежавана ў дзеяздольнасці, і над ёю ўстанаўляецца апякунства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРУ́С, настольнік, настольніца,
тканы, вязаны або плецены выраб для засцілання стала. Абавязковы атрыбут традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (накрывалі стол на святы, уваходзіў у пасаг маладой). Выконваў важную ролю і ў дэкар. афармленні інтэр’ера вясковай хаты. Абрус (даўж. 1,5—2 м, шыр. 1—1,5 м) звычайна складаўся з 1 ці 2 сшытых полак ільняной даматканіны. Упрыгожваўся вышываным, набіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі, махрамі; полкі часта злучалі паскам карункаў, пазней карункавай прошвай, вязанай кручком. Вылучаюцца святочныя ўзорыстыя абрусы з каляровымі (пераважна чырвонымі) гладкімі ці арнаментальнымі палосамі па краях. У 1930—40-я г. былі пашыраны вышываныя абрусы па плеценай, вязанай або тканай сетцы. Разнастайнасцю арнаменту, дэтальнай распрацоўкай узораў вылучаюцца тонкія льняныя абрусы Віцебшчыны (паўажурныя, з празрыстым вытанчаным малюнкам і сеткавыя, вышытыя раслінным буйнарапортным паліхромным арнаментам). Абрусы Магілёўшчыны з простымі ўзорамі, сціплай каларыстычнай гамаю. Багацце арнаментальных формаў, разнастайнасць сродкаў аздаблення ў абрусах Гомельшчыны. На Тураўшчыне абрусы аздаблялі раслінным арнаментам, вышытым крыжыкам (чырвона-чорнымі ніткамі) і яркай паліхромнай гладдзю. Дасканаласць прыёмаў аздаблення, тонкасць малюнка характэрны для неглюбскіх, калінкавіцкіх, лоеўскіх, нараўлянскіх абрусаў. У Зах. Палессі вылучаюцца тонкія драгічынскія абрусы, тканыя з высакаякаснага адбеленага кужалю, паўажурныя камянецкія, іванаўскія абрусы, дэкарыраваныя ляхавіцкія абрусы, уся паверхня якіх заткана сакавітымі чырвонымі палосамі ўточных прокідак з шырокім шлякам па краі. Белае поле мотальскіх абрусаў падзелена каляровымі ніткамі асновы і ўтку на клеткі і палоскі з дадаткам некалькіх радоў раслінна-геаметрызаванага арнаменту. Тканыя абрусы Панямоння і цэнтр. Беларусі стрыманыя па каларыце (пераважаюць серабрыстыя адценні шэрага і адбеленага кужалю). Бытавалі разнастайныя па тэхніцы ажурныя сеткавыя абрусы.
В.Я.Фадзеева.
Абрус. Вёска Сычоўка Мсціслаўскага раёна. 1930-я г.Абрус. Веткаўскі р-н Гомельскай вобл.Абрус, вязаны кручком. Лоеўскі раён Гомельскай вобл. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВЫ ЦЭНТР,
комплексны тып грамадскіх будынкаў, у складзе якіх прадпрыемствы гандлю, грамадскага харчавання, быт. абслугоўвання і інш.Часта аб’ядноўваюцца з культ.-асв., відовішчнымі, спарт., трансп. і інш. ўстановамі, утвараючы т.зв. грамадска-гандл. цэнтры. Пры ўключэнні ў іх склад адм.-дзелавых устаноў, офісаў, банкаў, прадпрыемстваў сувязі, гасцініц і інш. ствараюцца шматфункцыянальныя грамадска-дзелавыя цэнтры. У залежнасці ад кантынгенту абслугоўвання бываюць гандлёвыя цэнтры раённыя (крамы харч. і прамысл. тавараў, сталоўкі, кавярні, рэстараны, пошта, аптэка, банк) і агульнагарадскія (універмаг, спецыялізаваныя крамы, супермаркеты, Дамы быту, крытыя рынкі).
Гістарычна гандлёвыя цэнтры развіліся са старых рынкаў і кірмашоў, гасціных двароў 17—19 ст. Сучасныя гандлёвыя цэнтры з’явіліся ў 1930-я г. ў ЗША («Рузвельтфілд» каля Нью-Йорка) і звязаны з канцэнтрацыяй гандлю ў руках буйных манаполій і канкурэнцыяй паміж імі на ўнутр. рынку, а таксама з працэсам дэцэнтралізацыі насельніцтва буйных гарадоў, перасяленнем часткі яго на ўскраіны і ў загарадныя зоны, развіццём грамадскага і індывід. транспарту. У Зах. Еўропе пашыраны з 1950-х г. у сувязі з рэканструкцыяй старых гар. цэнтраў і буд-вам новых гарадоў («Лейнбан» у Ротэрдаме). У 1960-я г. ўзведзены буйныя грамадска-гандл. цэнтры ў Франкфурце-на-Майне, Парыжы, Манчэстэры, Токіо і інш.
На Беларусі будуюцца з 1960-х г.: у Мінску — на вул. Талбухіна (арх. Ю.Шпіт, Я.Саманчук), «Паўднёвы Захад» (арх. В.Хрышчановіч, М.Сірата), у Гродне — «Вясёлка» (арх. Л.Мельнік), у Брэсце — на вул. Маскоўскай (арх. С.Неўмывакін, у сааўт.), вёсках Расна Брэсцкай вобл. (арх. Г.Бяганская), Сарачы Мінскай вобл. (арх. Г.Заборскі) і інш. У арх.-маст. вырашэнні выкарыстоўваюць прыёмы дызайну, рэкламы, малыя арх. формы, элементы добраўпарадкавання (кветнікі, газоны, фантаны), каркасныя канструкцыйныя схемы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Т ДАНА́ТАРСКІ,
выява данатара — заказчыка твора выяўл. мастацтва або заснавальніка храма. Трапляецца ў розных відах мастацтва, часцей у жывапісе. Заснавальніка храма часта малявалі з мадэллю будынка ў руках на абразе ці манум. размалёўцы (перад Ісусам Хрыстом, Маці Божай, святым заступнікам) або асобна, але ў кантэксце агульнай сістэмы размалёвак і дэкору храма або кнігі ў спалучэнні з інш. выявамі. Адметныя рысы П.д.: адлюстраванне данатара звычайна ўкленчаным у малітоўнай позе са складзенымі рукамі, арыентаванасць кампазіцыйнага цэнтра на святога-заступніка, самапаглыбленасць і сузіральнасць стану партрэтаванага, адсутнасць знешніх калізій і падкрэсленых сувязей са знешнім светам.
Вядомы з эпохі ранняга сярэднявечча ў мастацтве многіх еўрап. краін, росквіту дасягнуў у 14—15 ст. (размалёўка «Энрыка Скравеньі прыносіць у дар капэлу» работы Джота ды Бандоне ў Капэле дэль Арэна ў г. Падуя, Італія, 1305; алтарныя карціны «Мадонна з канцлерам Раленам» Я. ван Эйка, 1435; «Св. Кацярына і св. Магдаліна з данатарамі» Х. ван дэр Гуса, 1476—78).
На Беларусі першыя П.д. вядомы з 11 ст. (выявы тураўскага кн. Яраполка Ізяславіча, яго маці Гертруды і яго жонкі Ірыны ў «Кодэксе Гертруды», паміж 1078 і 1087). Найб. пашыраны ў 16—18 ст. у іканапісе: абразы «Пакланенне вешчуноў» (каля 1514) з выявай данатара Я.Сегеня (выява данатара — 2-я пал. 17 ст.), «Маці Божая са святымі Ігнаціем Лаёлам і Францыскам Ксаверыем» (1-я пал. 17 ст.), дзе святым нададзены партрэтныя рысы кн. М.К. і Ю. Радзівілаў, і інш. Вядомы і познія ўзоры П.д. (фрэска «Спас з данатарамі» М.Кошалева ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, 1902—11).
Б.А.Лазука, А.Ю.Хадыка.
Партрэт данатарскі. Фрагмент абраза «Пакланенне вешчуноў» з партрэтам данатара Я.Сегеня. 2-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́СА (ад франц. piéce кавалак, частка),
1) у музыцы — невялікі закончаны пераважна інстр. твор для сольнага, ансамблевага або аркестравага выканання. Вылучаецца разнастайнасцю зместу і формы. У муз. практыцы абазначае сінонім паняцця «твор» або прыналежнасць да сферы камернай музыкі, што выяўляе ўзаемасувязь паняцця «П.» з рознымі муз. жанрамі, прадстаўленымі самаст. творамі — мініяцюрамі.
У бел. музыцы сярод. П.: прэлюдыі (М.Аладава, П.Падкавырава, Р.Суруса і інш.), імправізацыі (для віяланчэлі сола Г.Гарэлавай, імправізацыя і танец для скрыпкі з фп. Э.Тырманд), рапсодыі для 2 цымбалаў і нар.арк. Дз.Смольскага, фантазіі (на 2 бел.нар. песні для нар. аркестра Я.Глебава), экспромты, муз. моманты (для ансамбля скрыпачоў і фп. А.Мдывані), скерца (для цымбалаў з фп. І.Лучанка), вальсы, маршы і інш. Часам інстр. П. ўзнікаюць як сінтэз муз. жанраў з літаратурнымі (балада, незакончаная казка для скрыпкі з фп. А.Багатырова; казка, П. для фп. С.Картэса; эпіталама, канцэртная П. для ансамбля скрыпачоў і фп. К.Цесакова; навелета, П. для скрыпкі і фп. У.Солтана; паэма для фп. Ф.Пыталева), тэатр.-драматычнымі (2 драм. маналогі для габоя сола Смольскага, Маскі для скрыпкі з фп. Г.Вагнера), жывапіснымі (Акварэлі для віяланчэлі з фп. Цесакова, фрэскавыя ўзоры для цымбалаў сола Л.Шлег). Інстр. П. ўзнікаюць таксама на аснове вак. жанраў (напр., раманс, калыханка для віяланчэлі з фп. Аладава; арыета для валторны з фп. Багатырова).
2) У літаратуры — усе творы драматычнага роду, сінонім паняцця драма. Тэрмін «П.», які напачатку абазначаў невял. муз. твор, у 19 ст. выкарыстоўваўся і ў дачыненні да лірычных вершаў. У 20 ст. П. сталі называць драмы; часта гэта слова замяняе іх жанравае абазначэнне аўтарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІТАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад полі... + танальнасць),
адначасовае выкладанне розных гукавышынных пластоў, кожны з якіх належыць да розных канкрэтных танальнасцей (або арыентуецца на розныя танальнасці) адзінай танальна-гарманічнай сістэмы. П. — складаны сінтэз некалькіх танальнасцей, спец. драматургічны эфект у сістэме выразных сродкаў музыкі 20 ст.Гіст. перадумовы і аснова для ўзнікнення П. — храматызаваная ладатанальная структура з шматгучнай дысананснай акордыкай, якая пры ўспрыняцці падзяляецца на больш простыя акорды (субакорды) часта тэрцавай будовы. Існуюць П. акордавыя (аб’яднанне рознатанальных акордаў), меладычная (аб’яднанне рознатанальных меладычных ліній), мяшаная (рознатанальнае аб’яднанне акордаў і меладычных ліній).
Мяркуюць, што ўпершыню П. выкарыстаў амер. кампазітар Ч.Айвз у сімф. мініяцюры «Пытанне, якое засталося без адказу». Пазней П. выкарыстоўвалі Б.Бартак (п’еса для фп. «Стаката» з цыкла «Мікракосмас»), І.Стравінскі (тэма Пятрушкі з аднайм. балета), С.Пракоф’еў (у цыкле для фп. «Мімалётнасці»), Рысы П. сустракаюцца ў музыцы В.А.Моцарта («Музычны жарт»), М.Мусаргскага («Два яўрэі» з «Карцінак з выстаўкі»), у нар. музыцы (літоўскі сутарцінес).
У бел. музыцы П. шырока прадстаўлена ў выглядзе цэласных ладавых фармацый і прыёмаў ва ўсіх разнавіднасцях: П. акордавая — у музыцы А.Мдывані («Ванька-ўстанька»), В.Помазава («Батлейка»), меладычная — у творчасці Я.Глебава (1-я сюіта з балета «Выбранніца»), мяшаная — у В.Войціка (канцэрт для цымбалаў), Н.Усцінавай (канцэрты для скрыпкі з арк.), С.Картэса (канцэрт для фп. «Капрычас»). Маст. функцыі П. разнастайныя. Так, у «Капрычас» Картэса — дынамічны фактар, у араторыі «Ванька-ўстанька» — сродак стварэння вобразнай 2-планавасці, у канцэрце для скрыпкі з арк. Г.Гарэлавай — сродак вытанчанай экспрэсіі і інш.
Літ.:
Паисов Ю.И. Политональность в творчестве советских и зарубежных композиторов XX в. М., 1977;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭР’Е́Р (ад франц. interieur унутраны) у архітэктуры, унутраная прастора будынка або памяшкання.
Функцыян прызначэнне вызначае яго арх. вырашэнне (памеры, прапорцыі) і характар убрання (мэбля, абсталяванне). Сінтэз арх. форм і манум.-дэкар. мастацтва стварае ў ім маст. вобраз — асяроддзе, здольнае выклікаць у чалавека пэўную эмацыянальную рэакцыю (грандыёзныя І. храмаў Стараж. Егіпта і сярэдневяковай Еўропы, пышныя залы італьян. палацца эпохі Адраджэння, парадныя І. рус. архітэктуры 18—19 ст.). Сродкі гэтага ўздзеяння: характар асяроддзя, асвятленне і колеравае вырашэнне, метрарытміка яго элементаў і іх падпарадкаванне зададзенаму маштабнаму строю. Для розных арх. стыляў характэрна пэўная планіровачная і прасторавая структура, канстр. сістэма, аддзелачныя матэрыялы, мэбля і інш. На Беларусі ў 11—12 ст. характар І храмаў вызначала сістэма масіўных слупоў і цыліндрычных скляпенняў, значную ролю адыгрывалі фрэскі. У 13—16 ст. І. замкаў, некат. культавых пабудоў адлюстроўваў абарончы характар раманскай і гатычнай архітэктуры. Значную дэкар. ролю мелі крыжовыя і зорчатыя скляпенні. З 16 ст. пад уплывам барока І. палацаў вызначаўся анфіладнай планіроўкай, багатым аздабленнем (творы жывапісу, маст. тканіны, шпалеры, разная мэбля, абліцаваныя кафляй каміны і інш.). У культавай архітэктуры павялічылася роля разных іканастасаў і алтароў са скульптурай. У І. класіцызму гарманічная строгасць форм, прапорцый, маштабнасці. Рысамі эклектыкі адзначаны І. 2-й пал. 19 ст., пач. 20 ст. — рысамі стылю мадэрн.
Традыцыйныя І. нар. жылля перыяду феадалізму вызначаўся сціпласцю, стрыманасцю, адсутнасцю аздаблення. У канцы 19 ст. ў І. з’яўляюцца мэбля, часта аздобленая разьбой, дэкар. тканіны, размалёўкі. Сучасны І. вызначаецца арган. спалучэннем традыц. прыёмаў і сродкаў аздаблення з новымі (маст. вырабы прамысл. характару, рэпрадукцыі з карцін і інш.). І. сучаснага гар. жылля ствараецца індустр. метадамі на аснове тыпізацыі элементаў жылога дома і яго абсталявання. З 1960-х г. у І. шырока выкарыстоўваюць металапластыку, кераміку, габелены, вітражы, мазаіку, сграфіта і інш. І. сучасных грамадскіх будынкаў вызначаюцца высокімі эстэт.-выразнымі якасцямі, выкарыстаннем найноўшых матэрыялаў і тэхналогій, спалучэннем сродкаў архітэктуры і выяўл. мастацтваў, сувяззю з нац. традыцыямі.
У выяўленчым мастацтве І. — жанр, які адлюстроўвае прастору грамадскіх, культавых, жылых, прамысл. і інш. памяшканняў Звязаны з адпаведным стылем эпохі, характарам жылля, спосабам жыцця гаспадара Часта спалучаецца з інш. жанрамі мастацтва як элемент вобразнага свету (быт. і гіст. жанры).
Элементы І. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта і Двухрэчча, у ант. мастацтве (арх. кампазіцыі фрэсак у Пампеях з незвычайнай фантаст. перспектывай). У Італіі ў эпоху Адраджэння набыў рысы самаст. жанру (творы Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна і інш.). У І. нідэрл. мастакоў асн. ўвага аддавалася адлюстраванню свету жыцця гаспадара (творы Я. ван Эйка, Р. ван дэр Вэйдэна). Вял. значэнне для развіцця І. мела адкрыццё лінейна-геам. і паветр, перспектывы, распрацаванай Леанарда да Вінчы і А.Бальдавінеці, і адлюстраванне ў жывапісе трохмернай прасторы. У 17 ст. пашырыўся ў франц., англ., італьян. мастацтве, дасягнуў росквіту ў галандскім і флам. жывапісе (Я.Стэн., А. ван Астадэ). У рус. мастацтве 17—18 ст. выкарыстоўваўся ў якасці арх. фону ў абразах і фрэсках (т.зв. «нутровыя палаты») і выконваўся па законах адваротнай перспектывы. У еўрап. мастацтве 18 ст. цікавасць да адлюстравання І. ўзмацнілася ў час панавання сентыменталізму, што было звязана з імкненнем да перадачы ідэальнага асяроддзя і настальгіяй па мінулым. Успрымаўся як правобраз новага перспектывізму, часам уяўляў сабой умоўна пабудаваную перспектыўную схему з канкрэтнымі рэчамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. з аналітычнай дакладнасцю І. стваралі прадстаўнікі класіцызму (Ж.Л.Давід, Ж.А.Д.Энгр). Прадстаўнікі рэалізму аддавалі перавагу сац. характарыстыцы (Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле), прадстаўнікі рамантызму — суадносінам І. з характарам чалавека, прадстаўнікі імпрэсіянізму кадравалі прастору памяшканняў, якую адлюстроўвалі. Найб. росквіту дасягнуў ў рус. жывапісе 1820—30-х г. (мастакі кола А Венецыянава). З сярэдзіны 19 ст. ў развіцці жанру адбываецца пэўны спад; І. сталі больш эмацыянальныя, пачуццёвыя (творы П.Сезана, А.Тулуз-Латрэка, В. ван Гога, В.Сярова і інш), у канцы 19 ст. — больш камерныя, ненаўмысна арганізаваныя («выпадковыя»). З’явіліся разнавіднасці І. (заводскі, інтымны і інш.). Цікавасць да І. як да самаст. жанру пабольшала ў 20 ст. (творы П.Сіньяка, А.Матыса, П.Пікасо, М.Урубеля і інш.). Вельмі пашыранай разнавіднасцю І. сталі кампазіцыі «ў майстэрні мастака».
У бел. мастацтве фрагменты І. трапляюцца ў фрэсках і абразах 16—18 ст., партрэтах і мініяцюрах 16—17 ст. Як самаст. жанр упершыню сустракаецца ў гравюрах канца 16 ст., пабудаваных па законах перспектывы. Найб. пашырэнне атрымаў у 19 ст. У творах І.Хруцкага, С.Жукоўскага, Ф.Гарэцкага, Б.Залескага асн. месца займае камерны, хатні І. з адлюстраваннем жылых пакояў («рэтраспектыўны» І.), які вылучаецца агульным настроем сумнага любавання мінулым, вытанчанасцю маст. стылю. У бел. мастацтве 20 ст. І. вял. пашырэння не меў і часта ператвараўся ў рэчава-прасторавы дадатак да кампазіцыі. Новы рост цікавасці да І. пачаўся з 1970-х г. Ён становіцца ўсё больш разнастайным па жывапіснай арганізацыі і тэматыцы, вызначаецца імкненнем да эмацыянальнасці і перадачы настрою. Пашыраны т.зв. канцэптуальны І., які вылучаецца дэталёва распрацаванай арх. прасторай. У жанры І. працавалі А.Казак, П.Данелія, М.Бут, І.Бархаткоў, Я.Красоўскі, У.Ткачэнка, У.Сулкоўскі і інш.
Літ.:
Пономарева Е.С. Интерьер гражданских зданий. 2 изд. Мн., 1991.
Інтэр’ер сялянскай хаты. Канец 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Інтэр’ер сучаснага гарадскога жылля.Інтэр’ер касцёла бернардзінак у г. Слонім Гродзенскай вобл.Да арт.Інтэр’ер. В. ван Гог. Начная кавярня ў Арлі. 1888.Да арт.Інтэр’ер. П.Тутукін. Павільённая зала ў Эрмітажы (С.-Пецярбург). 1837.Да арт.Інтэр’ер. С.Жукоўскі. Інтэр’ер. 1916.
М.Л.Цыбульскі (у выяўл мастацтве), Я.С.Аграновіч-Панамарова, Я.М.Сахута (у архітэктуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
я́маж.
1.я́ма, род.я́мы ж.;
во́лчья я́маохотн., воен. во́ўчая я́ма;
возду́шная я́маав. паве́траная я́ма;
2.(тюрьма) уст. турма́, -мы́ж.; астро́г, -га м.;
◊
рыть себе́я́му на сябе́ нож вастры́ць; пятлю́ шука́ць;
не рой друго́му я́мы — сам в неё попадёшьпосл. хто на друго́га я́му капа́е, сам ча́ста ў яе ўпада́е; не рабі́ каму́ бяды́, бо сам яе́ сустрэ́неш; не бі чужо́га це́ла — бу́дзе сваё цэ́ла.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
дарава́ць, ‑ру́ю, ‑ру́еш, ‑ру́е; зак. і незак.
1.што. Зняць (знімаць) віну за што‑н.; прабачыць (прабачаць). Усё магу дараваць, а хлусню — ніколі.Асіпенка.Крытык! Родненькі! Даруй Мне з маёю музай! Кіраваць то ты кіруй, Ды не вельмі тузай.Крапіва.
2.што. Вызваліць (вызваляць) ад якога‑н. абавязацельства. Дараваць доўг.
3.што. Падарыць (дарыць). Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі.Купала.
4.заг.дару́й(це), частаўзнач.пабочн. Ужываецца пры звароце да каго‑н. для папярэджання аб чым‑н. ці для выражэння просьбы прабачыць у чым‑н. Даруйце, я затрымаўся. □ — Вы мне даруйце, шаноўны дзядзька Ян, — лагодна заўважыў Лабановіч. — Вы валіце ў адну кучу рускую школу і русіфікатарства.Колас.
•••
Дараваць жыццё — памілаваць засуджанага да пакарання смерцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
1. Біць у барабан (бубен), іграць на барабане (у 1 знач.). Вову крыкнула Рая: — Бубен на, барабань!.. Ды ўсё роўна іграе Штосьці сумна баян.Смагаровіч.
2.Разм.Часта і дробна стукаць па чым‑н. І вось, нібы сярэбраны гарох, Дождж барабаніць па вагонным даху.Бураўкін.Дзяжурны барабаніў у павешаную бляху.Чарот.Толькі паслухалі [падпольшчыкі] зводку, як нехта пачаў барабаніць у дзверы.Новікаў.// Бразгаць ад холаду, ветру. Ад ветру барабанілі шыбы. □ Ва ўсім целе .. [Панасюк] адчуваў холад. Сціснуў зубы, каб не барабанілі.Бядуля.//перан.; што і без дап. Гучна, без майстэрства, невыразна гаварыць, чытаць, іграць на якім‑н. інструменце. За кулісамі хтосьці барабаніў польку на раялі. □ Адзін з артыстаў, стоячы на калідоры, барабаніў вершы.Гартны.— Ты, Іван, сёння барабаніш і барабаніш, дай жа чалавеку сказаць, — перапыніла яго Мар’я Андрэеўна.Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)