ПРА́ВІЛА АПЯРЭ́ДЖВАННЯ, правіла пастаянства месца пражывання,
заканамернасць, адпаведна якой паўн. вільгацелюбівыя расліны ў межах паўд. граніцы свайго арэала размяшчаюцца на паўн. схілах і на дне лагчын, а паўд. па меры руху на Пн пераходзяць на паўд. схілы, якія лепш праграваюцца. Вызначана рас. батанікам В.В.Алёхіным (1951).
Найб. праяўляецца П.а. на паўд. і паўн. межах лясной зоны. Напр., на паўд. схілах з сярэдняй тайгі далёка на Пн пранікаюць ельнікі-чарнічнікі і ельнікі-кіслічнікі. У Якуціі на паўн. схілах растуць холадатрывалыя лясы лістоўніцы даурскай, а паўд. схілы пакрыты хваёвымі лясамі. Адхіленні маюць адносны характар і звязаны з вуглом падзення сонечных праменяў. П.а. мае практ. значэнне для картаграфавання сучаснага і адноўленага расліннага покрыва, дазваляе прагназіраваць склад расліннасці на неабследаваных месцах і аднаўляць яе папярэдні склад там, дзе яна знішчана. П.а. можа праяўляцца і ў адносінах да жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГНЕ́ДА РАГВАЛО́ДАЎНА (?, г. Полацк —1000),
полацкая князёўна, дачка полацкага кн.Рагвалода, жонка вял.кн.Уладзіміра Святаславіча, маці кн.Ізяслава Уладзіміравіча. Паводле летапісаў, адхіліла сватанне Уладзіміра Святаславіча, які тады княжыў у Ноўгарадзе. Каля 980 Уладзімір захапіў Полацк, забіў бацьку, маці і двух братоў Р.Р., а яе гвалтоўна зрабіў сваёй жонкай і даў слав. імя Гарыслава. З пачуцця помсты Р.Р. зрабіла няўдалы замах на жыццё мужа. Уладзімір хацеў пакараць Р.Р., але за маці заступіўся сын Ізяслаў. Тады Уладзімір саслаў Р.Р. і сына ў г. Ізяслаўль (Заслаўе). Паводле падання, пасля хрышчэння Уладзіміра і ліквідацыі яго гарэма Р.Р. адмовілася другі раз выйсці замуж і пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Каля Заслаўя назвы ўрочышчаў звязаны з імем Р.Р.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Рагнеда Рагвалодаўна. Рагнеда і Уладзімір. Мастак С.І.Грыбкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́НЫ,
у беларусаў і інш.слав. народаў сямейна-быт. свята, якім урачыста адзначаецца нараджэнне дзіцяці. У старажытнасці Р. мелі магічнае значэнне — яны павінны былі забяспечыць парадзісе і яе дзіцяці шчасце, здароўе, доўгі век; з’яўляліся святам прыняцця ў грамадства новага прадаўжальніка роду. Пасля прыняцця хрысціянства Р. былі звязаны з абрадам хрышчэння (хрэсьбіны). Бабка-павітуха купала дзіця, потым, трымаючы яго на руках, разам з кумамі абыходзіла 3 разы вакол стала, на якім ляжаў хлеб, які яны за кожным разам цалавалі. Пасля гэтага кумы з нованароджаным адпраўляліся ў царкву. Калі кумы з дзіцем вярталіся — збіраліся госці (толькі жанатыя мужчыны і замужнія жанчыны), гаспадар запрашаў усіх за стол. Пад канец святочнага абеду падавалі бабіну кашу. Р. суправаджаліся радзіннымі песнямі, рознымі абрадамі. Вял. значэнне на Р. меў абмен падарункамі, ручнікамі, наміткамі, палатном, хлебам. Пашыраны і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПУ́ХІсапраўдныя
(Bufonidae),
сямейства бясхвостых земнаводных. Вядомы з верхняй юры і ніжняга мелу (каля 140 млн.г. назад). 21 род, 304 віды. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Найб.вял. род — уласна Р. (Bufo) — каля 200 відаў. Пераважна наземныя жывёлы. Актыўныя ў змроку. 6 відаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 3 віды Р.: зялёная (B. viridis); шэрая, або звычайная (B. bufo); чаротная (B. calamita), занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 25 см. Тулава звычайна шырокае, грузнае, канечнасці кароткія. Зубы ў большасці часткова або цалкам рэдукаваныя. Р. роду Bufo маюць гарыз. зрэнку, пальцы задніх канечнасцей часткова звязаны плавальнай перапонкай. За вачамі — буйныя ядавітыя залозы (паратыды), а па ўсёй спіне — дробныя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Большасць размнажаецца ў вадаёмах, некат. на сушы; ёсць яйцажывародныя і жывародныя віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОБАТАТЭХНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
структурнае вытворчае падраздзяленне (рабатызаваны тэхналагічны комплекс, участак, цэх і інш.), у склад якога як сродак аўтаматызацыі ўваходзяць прамысловыя робаты. Аб’екты Р.с. звязаны паміж сабой, узаемазалежныя; іх функцыі і дзеянні (аперацыі), што імі выконваюцца, забяспечваюць выпуск прадукцыі. Аптымальная Р.с. вызначаецца макс. прадукцыйнасцю пры мінім. затратах.
Кожная Р.с. ўключае падсістэмы апрацоўкі (формаўтварэння) дэталей, патоку (транспартавання) вырабаў, інструментаў і прыстасаванняў. кантролю якасці прадукцыі, кіравання і інфармацыі і дапаможную падсістэму (для падтрымання работаздольнасці Р.с.). Робаты ў складзе Р.с. забяспечваюць індывідуальнае абслугоўванне абсталявання, групавое яго абслугоўванне пры лінейным, лінейна-паралельным або кругавым размяшчэнні.
Літ.:
Белянин П.Н. Робототехнические системы для машиностроения. М., 1986;
Соломенцев Ю.М., Сосонкин В.Л. Управление гибкими производственными системами. М., 1988;
Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;
Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987;
Гавриш А.П., Ямпольский Л.С. Гибкие робототехнические системы. Киев, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТАР (ад лац. roto вярчуся) у тэхніцы, вярчальная частка ротарных машын. Робіцца ў выглядзе барабанаў, дыскаў, колаў.
На Р. размяшчаюць органы, якія атрымліваюць энергію ад рабочага цела (як у рухавіку Ванкеля) або аддаюць яе рабочаму целу (як у ротарнай помпы). Р. рухавікоў звязаны з вядучым валам, рабочых машын — з прывадным. У лапатачных, ці лопасцевых, машынах Р. — кола з лапаткамі, якое пад дзеяннем патоку вадкасці, пары ці газу круціць вал машыны; Р. вентылятара, кампрэсара, помпы вярчэннем вала стварае паток газу ці вадкасці. Р. пераменнага току машыны — цыліндрычнае цела з пазамі для размяшчэння абмоткі, магн. поле якой узаемадзейнічае з магн. полем статара. Р. асінхронных машын бываюць фазныя і каротказамкнёныя. сінхронных машын — яўна- і неяўнаполюсныя. Р. машыны пастаяннага току наз.якарам. У буравых устаноўках Р. выкарыстоўваецца для вярчэння бурыльных труб у свідравіне.
Ротар сінхроннага электрарухавіка (кампенсатара) магутнасцю 60 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОШ-ХАША́НА,
іудзейскае свята Новага года. У залежнасці ад штогодняга цыкла Месяца адзначаецца ў пач. верасня або ў пач. кастрычніка. У Бібліі названы «днём трубнага гуку». Магчыма, быў звязаны са святам Месяца, які адзначаўся гукамі труб, што быццам бы адганялі злых духаў. У 1-ы дзень свята іудзеі ідуць да вады (возера, рака і інш.) і сімвалічна кідаюць свае грахі ў ваду, выварочваюць кішэні (т.зв. ташліх). На 2-і дзень у сінагогах праводзяцца асаблівыя богаслужэнні і трубяць у бараноў рог (шофар) для закліку да пакаяння. Кульмінацыя абраду — 10-ы дзень Новага года Іом-Кіпур. Дарослыя іудзеі ў гэты дзень не ядуць і не п’юць, праводзяць яго ў роздуме і малітвах; Бог выносіць прысуд усяму жывому і запісвае ў асобныя кнігі, што чакае кожнага ў наступным годзе залежна ад таго, як пражыў гэты год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛАКСА́ЦЫЯ МАГНІ́ТНАЯ,
працэс устанаўлення раўнавагі тэрмадынамічнай у сістэме магн. момантаў рэчыва. Складаны шматступеньчаты працэс, які характарызуюць рознымі значэннямі часу рэлаксацыі.
Магн. ўласцівасці рэчываў абумоўлены макраскапічнымі магн. момантамі, якія звязаны са спінам электронаў і ядзер і ўтвараюць магн. (ці спінавую) сістэму. Энергія гэтай сістэмы складаецца з яе ўзаемадзеяння са знешнім магн полем (зееманаўская энергія; гл.Зеемана з’ява), унутрыкрышталічным полем і паміж самімі мікраскапічнымі момантамі. Р.м., пры якой поўная энергія сістэмы не мяняецца, а толькі пераразмяркоўваецца паміж ступенямі свабоды магн. момантаў, наз.спін-спінавай. Р.м., што змяняе поўную энергію сістэмы, наз.спін-рашотачнай, яна ўстанаўлівае раўнавагу паміж сістэмай і тэрмастатам («рашоткай»). Выкарыстоўваецца ў прыстасаваннях магн. памяці і магн. запісу (вызначае іх хуткадзеянне і частотны дыяпазон), пры атрыманні звышнізкіх т-р з дапамогай адыябатычнага размагнічвання (гл.Магнітнае ахаладжэнне), у квантавых парамагн. узмацняльніках (мазерах) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБАДА́,
тып сельскага паселішча. Назва звязана з тым, што ў перыяд феадалізму жыхары С. карысталіся часовым вызваленнем ад падаткаў. У зах. рэгіёнах Беларусі (асабліва ў Пінскім Палессі) такія пасяленні наз. Волямі, Вулькамі. Такія назвы атрымлівалі паселішчы, жыхары якіх вызваляліся (станавіліся вольнымі) на тэрмін ад 2 да 12 гадоў ад чыншу і павіннасцей з прычыны неўрадлівасці зямель, якія яны на інш. умовах адмаўляліся апрацоўваць. Такая сістэма асабліва пашырылася пасля Паўночнай вайны 1700—21. Пазней С. сталі называць невял. пасёлкі гар. тыпу каля павятовых гарадоў, дзе жылі рамеснікі, што пакінулі абшчыну і толькі часткова былі звязаны з сельскай гаспадаркай. Пад уплывам розных сац.-эканам. і паліт. прычын С. зліліся з гарадамі або трансфармаваліся ў звычайныя сельскія паселішчы і сталі назвамі вёсак (напр., Слабада ў Мінскім р-не) або часткамі назвы вёсак (напр., Чырвоная Слабада ў Салігорскім р-не).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
клу́нак, ‑нка іклу́мак, ‑мка, м.
Дробныя рэчы, пажыткі, звязаныя хусткай, кавалкам матэрыі або складзеныя ў торбу. Спакаваўшы ўсю дробязь у клункі, Маша яшчэ раз агледзела пакой: ці не забылася чаго-небудзь.Гроднеў.У кожнага з.. хлопцаў быў сякі-такі скарбік: у каго цесна звязаны клумак пад пахаю, у каго торбачка з хлебам.Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)