навалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Налегчы, націскаючы сваім цяжарам. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Прачнуўся Язэп ад таго, што хтосьці наваліўся, прыціснуў да ложка. Асіпенка. Камендант сеў у крэсла і наваліўся грудзьмі на стол. Корзун.

2. Напасці; абрушыцца. [Ермакоў] непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе, бо хацеў наваліцца нечакана. Мележ. Эсэсаўцам не ўдалося наваліцца на лагер нечакана. Шамякін. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Навалілася машкара на збожжа. / перан. Аб з’явах прыроды. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Ноч навалілася на зямлю густой цемрай і нечаканым ветрам. Хомчанка.

3. перан. Дружна ўзяцца за якую‑н. работу; пайсці ў наступ на што‑н. «Трэба будзе дапамагчы.. [Булаю], — рашыў Алесь, — навалімся гамузам — справа рушыць хутчэй». Шыцік. Нам трэба ўсімі сіламі наваліцца на балота! «Звязда». // Накінуцца з прагнасцю на што‑н. [Старшы лейтэнант:] — Пасвілі.. [хлапчукі] цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. Чыгрынаў.

4. перан. Накапіцца, сабрацца ў вялікай колькасці; нахлынуць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Але справы, якія наваліліся на.. [Максіма Сцяпанавіча] адразу, як толькі ён сеў за пісьмовы стол, неўзабаве ўзялі ўсю яго ўвагу. Карпаў. // Авалодаць, ахапіць (аб пачуццях, настроі і пад.). Ахуталі шэрыя хмары зямлю, І сум наваліўся на плечы гарою. Лужанін. // Нечакана спасцігнуць, напаткаць каго‑н. Бяда навалілася. Ліха навалілася. Хвароба навалілася. // Змарыць (аб сне, дрымоце). Змора, сон наваліліся на.. [Ганну] адразу — у момант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Мележ.

5. Разм. Нападаць у вялікай колькасці. Цяжка было даць веры, што ўсё гэта [кучы ламачча, зламаныя дрэвы] навалілася тут выпадкова. Маўр.

6. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі. [Мікола Шклянка] мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі. Чарот. Шалюта яшчэ доўга сядзеў за сталом, курыў, пускаў дым у адчыненае акно і ўсё думаў, за што на яго наваліўся Варановіч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папа́сціся, ‑падуся, ‑падзешся, ‑падзецца; ‑падзёмся, ‑падзяцеся; пр. папаўся, ‑палася; заг. пападзіся; зак.

1. Апынуцца ў якіх‑н. абставінах, умовах (звычайна непрыемных). — Нічога цяпер не паробіш... — ідучы за Віктарам, вінавата гаварыў Іван. — Прыйдзецца ўсё аднесці дырэктару. Прыходзь вечарам да мяне... — Няма дурных, — сказаў Віктар.. — Сам папаўся, сам і выкручвайся. Васілёнак. — Куды [едзем]? — перапытаў Барыс і ўхмыльнуўся. — Папаўся ты, брат. Едзем мы на свята песні, ведаеш такое? Жычка.

2. Быць схопленым, злоўленым на чым‑н., выкрытым у чым‑н. — Я тут табе лістоўкі перадам, — панізіла голас Алаіза.. — Ты зможаш раздаць рабочым?.. Толькі асцярожна, каб не папаўся. Арабей. — Што, на кражы папаўся? — спытаў [капітан] у паставога міліцыянера. Паставы далажыў аб здарэнні. Капітан слухаў уважліва, сяды-тады паглядаючы на Віцю. Якімовіч. // Быць затрыманым, сустрэтым з намерам выкрыць што‑н., паквітацца за што‑н. і пад. — А-а, фашысты, папаліся! — злосна працадзіў праз зубы Барыс і доўгай чаргой секануў па казарме. М. Ткачоў. // Быць злоўленым (пра жывёл). Мужчыны ціха падводзяць сетку пад бераг і топчуць. Вось папаўся першы шчупак. Невялічкі, але для пачатку няблага. Жычка.

3. Сустрэцца, знайсціся; трапіцца. І зноў папаліся лісічкі — раз, другі, а потым у бярэзніку.. знайшоў я абабак і брылястыя чырвоныя сыраежкі. М. Стральцоў. Нам, што б там ні было, трэба сёння дабрацца да Закружнага. Аўтобус мы празявалі, а выпадковых машын не папалася. Пянкрат.

•••

Папасціся (трапіць) на вочы (вока) каму — з’явіцца ў полі зроку каго‑н., нечакана ўбачыць, сустрэць каго‑н.

Папасціся (трапіць) на вудачкудаць магчымасць падмануць, ашукаць, правесці сябе.

Папасціся на язык каму — стаць прадметам размоў, абмеркавання. Пападзіся цяпер [Марозу] на язык які Шэмет — жартачкамі душу выняў бы. Лобан.

Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму — апынуцца ў залежнасці ад каго‑н.

Папасціся (трапіць) у рукі каго, чые, каму — а) апынуцца ў залежнасці ад каго‑н.; б) быць злоўленым, схопленым кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

подве́ргнуть сов. падве́ргнуць; однако лучше переводить (и чаще так и переводится) глаг., соответствующими определённым сущ., а также оборотами с другими глаг., в частности, в знач. поставить в какое-л. положение, сделать предметом какого-л. действия; паста́віць (каго, што, пад што, на што); вы́ставіць (каго, што, пад што, на што); падста́віць (каго, што, пад што); падве́сці (каго, што, пад што); зрабі́ць (каму, чаму, у каго, у чаго, з кім, з чым, над кім, над чым, што); накла́сці (што, на каго, на што); адда́ць, даць (каго, што, на што, пад што, а также с неопр.); узя́ць (пад што, на што, у што); уздзе́йнічаць (чым, на што);

подве́ргнуть обстре́лу абстраля́ць, падве́ргнуць абстрэ́лу;

подве́ргнуть обсужде́нию абмеркава́ць, паста́віць на абмеркава́нне;

подве́ргнуть наказа́нию пакара́ць, накла́сці ка́ру;

подве́ргнуть испыта́нию узя́ць на выпрабава́нне;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Лу́чыць ’трапіць, пацэліць’ (ТСБМ, Шат.; КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ), ’трапіцца, надарыцца’ (дзярж., Нар. сл.), ’натрапіць, сустрэць’ (ТС; КЭС, лаг.). Укр. лу́чити ’цэліць, прыцэльвацца’, рус. дан., сіб. лучи́ть ’здарацца, дапускаць’, лука́ть ’кідаць што-небудзь’, ’кідаць каменне з прашчы’, уладз., сарат. ’трапляць у цэль’; у выразе: коли бог лучит ’як бог дасць’, ст.-рус. лучити ’дасягаць чаго-небудзь’, ’знаходзіць, сустракаць’, ’даць’; лучитися ’здарацца, адбывацца’, ’прыйсціся’, ст.-польск. łuczyć ’лучыць’, н.-луж. (nad)łucyś se ’здарацца’, чэш. lučiti ’кінуць’, славац. lúčiť ’тс’; славен. lučíti ’кідаць у цэль’, серб.-харв. lúčiti ’знаходзіць, атрымліваць; сустракаць што-небудзь’, макед. лучи ’кідае’, балг. луча ’намерваюся, цэлю, дапускаю, трапляю ў цэль’, ст.-слав. лоучити ’здарацца’. Прасл. lučiti ’цэліць, кідаць у цэль, трапіць’ > ’дасягаць, атрымліваць, сустракаць’ (Слаўскі, 5, 283–285). Да і.-е. *leuk‑ ’глядзець’ (як і *leuk‑ ’свяціць, блішчэць’). І.‑е. адпаведнікі: літ. láukti, lū́čioti ’чакаць’, suláukti ’дачакацца, атрымаць’, ст.-прус. laukīt ’шукаць’, лат. lũkât ’глядзець, спрабаваць’, nùolũkât ’азірацца, назіраць’, nùo‑lũks ’цэль’, ст.-інд. lókate ’назірае’, lokáyati ’бачыць, аглядае’, lōcanam ’вока’, кімр. go‑lwg ’твар’, llygad ’вока’ (< *lukato‑), ст.-грэч. λεύσσω ’бачу, прымячаю’. Асноўнае значэнне і.-е. *leuk‑ было ’глядзець’, якое ў славян змянілася ў ’глядзець вакол сябе’ > ’знаходзіць, дасягаць’, у балтаў — ’глядзець вакол сябе’ > ’чакаць’, ’шукаць’ (Скок, 2, 324–325; Фасмер, 2, 538; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 529–530; Шустар-Шэўц, 11, 784).

Лучы́ць1 ’яднаць, злучаць’ (ТСБМ), лу́чыць ’сябраваць’ (смарг., Сцяшк. Сл.), лучы́цца ’злучацца, далучацца, прыставаць да кампаніі’ (ТСБМ; КЭС, лаг.), ’сватацца’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. лу́чи́ти, лучи́тися ’тс’, ст.-рус. лучиты ’аддзяляць, расшчапляць’, лучитися ’аддзяляцца; уцякаць, аддаляцца’; польск. łączyć ’злучаць, яднаць, кантактаваць’, ’злучацца ў пары’, каш. ląčëc ’тс’, ’сутыкацца’, łǫčënë ’заручыны’, з XV ст. з’яўляецца значэнне ’аддзяляць, раздзяляць’, сілез. ’развівацца, заставацца’; н.-луж. łucyś ’з’яднаць, звязваць’, łycyś se ’здарацца’, чэш. loučiti ’дзяліць, разлучаць’, loučiti se ’пакідаць’, славац. lúčiť ’аддзяляць’; славен. lǫčiti (se) ’тс’, ’адрознівацца’, ’раздвойвацца (аб дарозе)’, серб.-харв. лу́чити се ’аддзяляць, адлучаць (цяля)’, ’зганяць у адно месца, напр., свіней’; макед. лачам ’аддзяляю’, ’адлучаю дзіцё ад грудзей’, ’аддзяляць ад асадку’, балг. лъча́ ’тс’, лъча се ’аддзяляцца, быць збоку, пазбягаць людзей’, ст.-слав. лѫчити ’аддзяляць, раз’ядноўваць’. Прасл. lǫčiti ’гнуць, згінаць’ — гэта значэнне часткова захавалася ў чэш. lúčiti se ’згінацца, хіліцца’, славен. lǫ́čiti ’гнуцца’, а пасля ў слав. гаворках адбылося развіццё значэння ў двух процілеглых кірунках: ’аддзяляць, раздзяляць’ ⟷ ’злучаць’ (Слаўскі, 5, 77–79). Уплывалі на гэта і прэфіксы дзеяслова. З’яўляецца першасным ітэратывам да прасл. lękti ’гнуць, выгінаць, скрыўляць’. Адпавядаюць лексеме лучыць літ. lankýti ’наведваць’, ’згінаць, схіляць’, lánkioti ’абыходзіць’, lankúoti ’гнуць, рабіць гнуткім’, лат. lùocît ’нахіляць, накіроўваць’ (Фасмер, 2, 537–538; Шустар-Шэўц, 11, 784; БЕР, 3, 565–566 з л-рай).

Лучы́ць2 ’калоць рыбу ноччу васцямі пры святле пучка лучыны’ (полац., З нар. сл.). Да луч3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

голова́ в разн. знач. галава́, -вы́ ж.;

забра́ть в го́лову убі́ць (набра́ць) у галаву́;

ско́лько голо́в, сто́лько умо́в погов. што галава́, то ро́зум;

голова́ идёт кру́гом галава́ кру́ціцца, галава́ ідзе́ кру́гам;

пове́сить го́лову зве́сіць (апусці́ць) галаву́;

быть голово́й вы́ше быць на галаву́ вышэ́й;

го́лову дать на отсече́ние галаву́ даць на адсячэ́нне;

закружи́лось в голове́ закруці́лася галава́;

вскружи́ть го́лову закруці́ць галаву́;

как снег на́ голову як снег на галаву́;

с больно́й головы́ на здоро́вую з хво́рай галавы́ на здаро́вую;

в пе́рвую го́лову у пе́ршую чаргу́;

быть о двух голова́х не шкадава́ць галавы́;

вы́дать с голово́й вы́даць з галаво́й;

сломя́ го́лову, очертя́ го́лову на злом галавы́а́рку); (стремглав) стрымгало́ў;

лома́ть го́лову (над чем-л.) лама́ць галаву́ (над чым-небудзь);

уйти́ с голово́й во что́-л. ца́лкам адда́цца чаму́е́будзь;

без головы́ без галавы́;

в голова́х (в изголо́вье) у галава́х;

вы́бросить из головы́ вы́кінуць з галавы́;

заплати́ть голово́й заплаці́ць галаво́й;

на голове́ ходи́ть на галаве́ хадзі́ць;

намы́лить го́лову (кому) намы́ліць галаву́ (каму);

на све́жую го́лову (делать что) на све́жую галаву́ (рабіць што);

на свою́ го́лову на сваю́ галаву́;

не выходи́ть из головы не выхо́дзіць з галавы́;

отвеча́ть голово́й (за кого, что) адка́зваць галаво́й (за каго, што);

сам себе́ голова́ сам сабе́ галава́;

с головы́ (с каждого) з галавы́;

с головы до ног, с ног до головы́, с (от) головы́ до пят з галавы́ да ног, з ног да галавы́, з (ад) галавы́ да пят;

сложи́ть го́лову злажы́ць галаву́;

ударя́ть (уда́рить) в го́лову дава́ць (даць) у галаву́;

че́рез го́лову чью (кого) це́раз галаву́ чыю (каго);

мяки́нная голова́ мякі́на ў галаве́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ręka

ręk|a

ж. рука;

z rąk do rąk — з рук у рукі;

rozkładać ręce — разводзіць рукамі;

trzymać w ~u — трымаць у руках;

mam wolną ~ę — у мяне рукі развязаныя;

dać wolną ~ę — даць свабоду дзейнасці;

wziąć co w swoje ręce — узяць што ў свае рукі;

podnieść ~ę na kogo — падняць руку на каго;

na ~ach nosić kogo — насіць каго на руках;

wypuścić z rąk okazję — прапусціць зручны момант;

~a sprawiedliwości — рука правасуддзя;

wyjść obronną ~ą — выйсці цэлым;

to mi na ~ę — гэта мне на руку;

umywać ręce — умываць рукі;

iść ~a w ~ę — ісці поплеч (поруч);

jak ~ą odjął — як рукой зняло;

do rąk własnych — асабіста;

dać ciepłą ~ę — даць шчодрай рукой;

lepszy wróbel w ~u niż sokół na sęku — лепш сініца ў руцэ, чым журавель у небе;

~a ~ę myje, noga nogę wspiera — рука руку мые;

z pierwszej ~i — з першых рук;

z pustymi ~oma — з пустымі рукамі;

siedzieć z założonymi ~oma — сядзець склаўшы рукі;

ręce do góry! — рукі ўгору!;

mieć związane ręce — мець звязаныя рукі;

prosić kogo o ~ę — прасіць чыёй рукі; сватацца да каго;

precz z ~ami! — рукі прэч!;

ręce przy sobie! — рукі прэч!; не чапаць!

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

імя́, імя і імені, імю і імені, імем і іменем, (аб) імі і імені; мн. імі і імёны, імяў і імён, імям і імёнам, імямі і імёнамі, (аб) імях і імёнах; н.

1. Асабістая назва чалавека, якая даецца яму пры нараджэнні. Даць імя. □ Імя ён, меў Сцяпан, але ўсе звалі яго проста Сцёпка. Якімовіч. Праз нейкі час яму захацелася праведаць імя дзяўчыны, каб ямчэй было з ёю абыходзіцца. Гартны. // Поўная асабістая назва чалавека з імем па бацьку, а таксама яго прозвішчам. Неўзабаве ў кішэні ў Івана Кабушкіна ўжо ляжалі дакументы на імя Аляксандра Бабушкіна. Новікаў. Мужчына назваў сваё імя адразу — Іван Пятровіч Пуліхаў. Мехаў. // Назва прадметаў, жывёл, з’яў, паняццяў. «Першы асоба-казацкі атрад» вырас і набыў паўнагучнае імя — «Першай беларускай партызанскай кавалерыйскай брыгады». Брыль. З маленькага слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака, з тонкім хвастом, і імя яму даў сам Ігнась. Мурашка.

2. Вядомасць, папулярнасць, слава. Вучоны з імем. // Пра асобу, якая стала вядомай дзякуючы сваёй дзейнасці ў якой‑н. галіне ведаў, тэхнікі, мастацтва. Справа тут, вядома, не толькі ў вялікіх імёнах. Брыль. // (звычайна з азначэннем). Рэпутацыя. Ганьбіць сваё імя.

•••

Уласнае імя — слова або спалучэнне слоў, якое з’яўляецца асобнай назвай каго‑, чаго‑н., напрыклад: Міхась, Мінск, Старыя Дарогі, Белавежская пушча.

Ад імя каго — па даручэнню каго‑н., спасылаючыся на каго‑н. Ад імя ўсяго калектыву.

З імем каго — у гонар чыйго‑н. імя рабіць, гаварыць і пад. З імем Леніна ў сэрцах арліных Новы быт мы будуем у краі. Журба.

Імем каго-чаго — уладай, якая належыць каму‑, чаму‑н. Імем закона.

Імя каго-чаго — названы ў гонар каго‑, чаго‑н. Завод імя У.І. Леніна. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

Імя па бацьку — назва чалавека, якая складаецца з асновы імя бацькі і суфікса ‑авіч, ‑евіч, ‑іч (‑оўн, ‑еўн, ‑ічн‑) і звычайна дадаецца да ўласнага імя.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

На імя чыё — адрасаваны, прызначаны каму‑н. Заява на імя старшыні райвыканкома. □ Назаўтра на імя Міхала крывы Пракоп прынёс тэлеграму. Васілевіч.

У імя каго-чаго (высок.) — у гонар, дзеля, для каго‑, чаго‑н. У імя дружбы. У імя міру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мой, майго́, м.; мая́, маёй, ж.; маё, майго́, н.; мн. мае́, маі́х; займ. прыналежны да я.

1. Які мае адносіны да мяне, належыць мне. Мае гады. Мая хата. Мае кнігі. □ Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай. Лось. [Туляга:] Шчырую праўду кажу вам, паверце майму вопыту. Крапіва. Мой дом — амшалай пушчы сховы, Сяліба ясеняў, сасон. Купала. // Які ажыццяўляецца мною. [Булай:] — Браць ад абсталявання ўсё, што яно можа даць, і нават больш. Такі мой загад. Шыцік. // у знач. наз. маё, майго́. Тое, што з’яўляецца маёй уласнасцю, уласцівасцю, асаблівасцю. Маё — мне, а чужога не трэба. // Які мае адносіны да мяне як члена якога‑н. калектыву; які належыць мне разам з іншымі; які складаецца з каго‑н., уключаючы і мяне. Цвіце, каласіцца мой край, Ці сонейка захад, ці ўсход. Купала. [Враніслаў:] — Усе нашы людзі абвясцілі бязлітасную партызанскую вайну гітлераўцам... Твая дапамога патрэбна майму атраду. Якімовіч.

2. Які належыць мне па сваяцкіх, сяброўскіх і пад. адносінах. [Міхась:] — Мой бацька добры. Паглядзіш. Ён будзе табе рады. Якімовіч. На Дняпры, на правай кручы, Друг мой кіеўскі жыве. Бялевіч. — Гэта мой стары прыяцель, дзед Талаш, у яго я жыў на кватэры, — сказаў.. [камандзір] да вайскоўцаў. Колас. / Пры зваротках. [Скуратовіч:] — Бачыце рэчку? Яна шырэе нейк раптам. Яшчэ каля майго хутара — гэта толькі .. ручаіна. А тут, пане мой, бачыце, шырэй. Чорны. // у знач. наз. мой, майго́; мая́, маёй. Муж, гаспадар; жонка, гаспадыня. [Старая:] — А ты, родненькая, пабудзь трошкі ў нас. Зараз павінен мой вярнуцца, дык скажы, што мы з Волькаю ў Дымаўку пайшлі. Крапіва. // у знач. вык. Пра любімага чалавека, мужчыну, пра любімую жанчыну. — Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі звяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант — і ты мая на векі вечныя. Купала.

3. Уласцівы мне; такі, як у мяне. Мой характар. У сына мая паходка.

4. Той, пра каго ідзе размова (з пункту погляду аўтара). Даніла, мілы мой Даніла! Ох, натварыў сабе ты бед! Колас.

•••

Божа мой; божухна мой! гл. бог.

Мой (твой, яго, яе і г. д.) верх гл. верх.

На маё (яго) выйшла гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; ‑глядзім, ‑гледзіце; зак.

1. Накіраваць позірк на каго‑, што‑н., каб убачыць, разгледзець. Паглядзець у акно. Паглядзець на неба. □ Мікуць паглядзеў навокал — нікога нідзе не было. Чорны. Я раніцою адчыніў акно, Каб паглядзець, што робіцца на нівах. Свірка. // Паназіраць за кім‑, чым‑н. пры дапамозе аптычных прылад. Паглядзець у мікраскоп. Паглядзець у бінокль.

2. Панаглядаць за кім‑, чым‑н.; зрабіць прадметам сваёй увагі. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца. Чарот. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець. Чорны. // што і без дап. Пашукаць што‑н. дзе‑н. Паглядзі, куды заваліўся нож. □ [Камандзір:] — Паглядзі ў .. [таварышаў] пад падушкамі. Там у іх кніжкі. Брыль. // Упэўніцца, пераканацца ў чым‑н. Паглядзім, чыя праўда! □ [Люба:] — [Млынар і яго швагер] зараз паглядзяць, што дошкі на месцы і адыдуцца. Чорны.

3. каго-што. Пабыць гледачом. Аднойчы кіраўнік семінара сказаў: «Зараз мы паглядзім замежны фільм, дубліраваны на рускую мову». «Маладосць». // Агледзець, выслухаць. Доктар паглядзеў хворага. // Пазнаёміцца з кім‑, чым‑н.; убачыць каго‑, што‑н. — Можна паглядзець маршрут па карце? — папрасіў Мікола. Новікаў. Толю зноў захацелася паглядзець роднае папялішча. Якімовіч.

4. каго-што, за кім-чым. Падаглядаць нейкі час. Паглядзець хату. Паглядзець гадзіну за дзіцём.

5. Аднесціся пэўным чынам да каго‑, чаго‑н.; даць ацэнку каму‑, чаму‑н. Паглядзець на справу з гаспадарчага боку. □ Лазука зірнула на сакратара, відаць, хочучы даведацца, як ён паглядзіць на тое, што яна спасылаецца на яго. Сабаленка. // (звычайна з адмоўем). Палічыцца з кім‑, чым‑н. [Паўліна Цітаўна:] — Ну, ну, не смейся з маці, а то паска атрымаеш, не пагляджу і на ранг. Шамякін.

6. Звярнуць увагу на каго‑, што‑н. Я на поплаў выйшаў, Клічу цябе ў сведкі: — Паглядзі, як вышыў Май даліну ў кветкі! Гілевіч. — О, паглядзі, — сказаў Толя, зноў прыгнуўшыся да акенца, — .. [Я. Колас] і цяпер у друкарню ідзе. Брыль.

7. Разм. Падумаць, перш чым зрабіць. Яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім! Прыказка.

8. Глядзець некаторы час. Паглядзець удалячынь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. прыбяры; зак.

1. каго-што. Адзець прыгожа, лепш, чым звычайна. Прыбраць да шлюбу. □ — Прыбраць бы іх прыгожа, — сумна ўсміхаецца Люська, — якраз як сёстры Фёдаравы... Ракітны. // Пакрыць чым‑н. для ўпрыгожвання; упрыгожыць. Сцены прыбралі самымі прыгожымі дыванамі, якія ўмелі ткаць бярозаўскія жанкі. Васілевіч. З іх [дзяўчат] адна вянком удала Галаву сабе прыбрала. Танк. Мароз прыбраў, як майскай квеценню, Сады, палеткі і дамы. Астрэйка.

2. што і без дап. Прывесці ў парадак што‑н., навесці чысціню дзе‑н. Прыбраць у хаце. □ Старанна прыбрала.. [Ганна] кухню, змяла, выцерла кожную пылінку. Колас. Собіч даўно прыбраў стол, але чакаў, глянуўшы на Марыну: яна стаяла каля акна задумаўшыся. Скрыган.

3. што. Прыняць, зняць, знесці адкуль‑н. Прыбраць посуд са стала. Прыбраць камень з дарогі. □ Вясной перад іхнім домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар, прыбралі хлуд. Лось. [Аканом] паклікаў усіх, хто забудаваўся з Гальвасавага лесу, і сказаў за лес заплаціць, а за самаўпраўства даць штраф. А хаты прыбраць з Гальвасавага поля. Чорны. // каго. Разм. Зняць, вызваліць. [Антон Васільевіч], відаць, дабіваецца, каб мяне прыбралі з пасады старшыні. Паслядовіч.

4. каго-што. Разм. Знішчыць, забіць. — Самі ведаеце, як тады жыццё наша калгаснае ішлося. Пабудовы спалены, зямля запушчана, ні цяпла, ні людзей... Усё вайна прыбрала. Сачанка. [Вінцук:] — Так то яно так, але поўзаюць жа па свеце такія гады. І не прыбярэ такую поскудзь ніхто. Машара. [Мікола-падпольшчык:] — Ваня, ты заставайся ў горадзе, прыбяры гада як мага хутчэй, пакуль ён не нарабіў бяды. Новікаў.

5. каго-што. Разм. Завалодаць чым‑н., прысвоіць каго‑, што‑н. Зямлю ж гектараў паўтара Прыбраў вясковы абдзірала, Прыслужнік панскага двара. Колас.

6. што. Разм. Сабраць (ураджай з поля, сена і пад.). — Збожжа прыбралі, азіміну пасеялі — чаму ж не пагасцяваць крыху ў добрага чалавека? Пянкрат. З поля прыбралі багаты ўраджай, сеялі жыта. Чорны. // Канчаткова зрабіць што‑н. на якой‑н. тэрыторыі. — Балота прыбралі ўжо? — Учора касілі ўсім сялом — скончылі! Краўчанка.

•••

Прыбраць да рук — а) захапіць сабе, прысвоіць; б) прымусіць каго‑н. быць паслухмяным. Вялая думка стала больш акрэсленай і перарасла ў рашэнне: прыбраць да рук гэтага.. ветрагона. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)