ПРО́ХАРАЎ (Якаў Васілевіч) (6.11.1870, в. Пажаркі Калужскай вобл., Расія — 1942),
рас. і бел. кампазітар, муз. этнограф. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1904, кл. М.Рымскага-Корсакава). З 1921 супрацоўнік Дзярж. ін-та муз. навукі ў Маскве, уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 выкладчык Бел.муз. тэхнікума ў Мінску. Збіраў песні народаў Расіі, бел.нар. песні (запісаў у розных мясцовасцях больш за 150 песень). Сярод муз. твораў: харавыя апрацоўкі 82 бел.нар. песень (у т. л. «Ой рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»), рамансы на словы Я.Купалы і Я.Коласа. Аўтармуз.-этнагр.прац. Сярод яго вучняў М.Аладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГА́РА (Марыя Аркадзеўна) (20.2.1908, Масква — 8.9.1983),
украінская пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Кіеўскі ін-тнар. асветы (1931). Друкавалася з 1924. Аўтар зб-каў вершаў «Дарогай вайны» (1944), «Напярэдадні» (1947), «Сёстры» (1948), «Надвячорак» (1977), вершаваных твораў для дзяцей, кніжак казак, гіст. аповесці «Міхаська — слуга казацкі» (1969). Перакладала пераважна са слав. моў, у т. л. з бел.: асобныя творы Я.Купалы, П.Броўкі, М.Танка, М.Машары, А.Стаховіча, Н.Тарас, Э.Агняцвет. На бел. мову творы П. перакладалі Э.Агняцвет, В.Вітка, Е.Лось, М.Танк. Літ. прэмія імя Лесі Украінкі 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНІ́, Пуньі (Pugni) Цэзар (Чэзарэ; 31.5.1802, г. Генуя, Італія — 26.1.1870), італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі. З канца 1820-х г. пісаў балеты, якія прынеслі вядомасць. Больш за 20 гадоў супрацоўнічаў з М.Петыпа. З 1851 у Расіі ў якасці «стваральніка балетнай музыкі» пры пецярб. імператарскіх т-рах. У Пецярбургу напісаў 35 балетаў (усяго 312), у т. л. «Дачка фараона» (1862), «Канёк-Гарбунок» (1864; доўгі час адзіны балет на рускі сюжэт), «Цар Кандаўл» (1868). Аўтар балетаў «Эсмеральда» (1844), «Мармуровая прыгажуня» (1847); 10 опер, у т. л. «Кантрабандыст» (1833); сімфоній; мес (каля 40), камерна-інстр. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХА́ЛЬСКІ (Уладзімір Вячаслававіч) (2.4.1848, Мінск — 23.2.1933),
рас. і ўкр. піяніст, педагог, кампазітар і муз. дзеяч. Засл.праф. Украіны (1928). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1874) і выкладаў у ёй. З 1876 у Кіеўскім муз. вучылішчы (з 1877 дырэктар). З 1913 праф. Кіеўскай кансерваторыі (у 1913—14 першы дырэктар). Зрабіў значны ўклад у развіццё ўкр.муз. культуры і адукацыі. Стварыў школу піяністаў, вядомую за межамі Украіны. Аўтар оперы «Валерыя» (паст. 1923), «Маларасійскай (Украінскай) фантазіі» для аркестра, канцэрта для фп. з арк., «Эцюдаў у арпеджыях», фп. п’ес, рамансаў і інш. Сярод вучняў А.Браілоўскі, У.Горавіц, Р.Коган, Л.Нікалаеў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦЕ́ЙКА (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 5.4.1941, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). У 1967—91 на Мінскім маст. камбінаце. Працуе пераважна ў галіне жывапісу, у т. л. акварэлі. Творы вызначаюцца дакладнасцю перадачы выяў, скульптурнасцю мадэліроўкі аб’ёму, гарманічным спалучэннем чыстых каляровых плям, ураўнаважанасцю кампазіцыі: «Аўтапартрэт» (1961), «Край партызанскі» (1967), «Танцы ў Паланзе» (1975), «Новае возера» (1978), «Сям’я» (1979), «Эстафета» (1987), «Вясна» (1989), «Рыбакі на Прыпяці» ( 1993), «Аўтапартрэт з галубамі» (1997), «Няміга. Вячэрні звон» (1999), «Музыка» (2001), серыя «Пейзажы Іспаніі» (2000). Аўтар акварэльнага цыкла па матывах рамана М.Булгакава «Майстар і Маргарыта» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШКО́Ў (Іван Васілевіч) (16.2.1918, в. Трэскіна Інжавінскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 21.7.1986),
бел. жывапісец. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1938). Аўтар пейзажаў «На берагах сівога Нёмана» (1968), «Сімфонія палёў» (1970), «Зялёны май» (1971), «Вясна на Нёмане» (1972), «Маладое жыта» (1973), «Возера Свіцязь» (1977), «Залатая восень» (1979), «Край прынёманскі» (1981); сюжэтна-тэматычных карцін «Партызанскі налёт» (1946), «Праследаванне ворага» (1948), «А.Міцкевіч і Тамаш Зан на Свіцязі» (1955), «А.Пашкевіч (Цётка) у Э.Ажэшкі» (1965), «Э.Ажэшка і А.Пашкевіч» (1976). Творы вызначаюцца глыбокай змястоўнасцю, лірызмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІ́ЦА (Клаўдзій Барысавіч) (3.2.1911, г.п. Пронск Разанскай вобл., Расія — 6.1.1983),
расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937), у якой у 1938—41 і з 1943 выкладаў (з 1956 праф.). З 1936 гал. хормайстар Опернай студыі Маскоўскай кансерваторыі, хормайстар Маскоўскай філармоніі, у 1943—46 — Дзярж. хору рас. песні. З 1950 маст. кіраўнік Вял.акад. хору Дзяржтэлерадыё СССР. Адначасова ў 1946—60 дэкан дырыжорска-хар. ф-та Муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. Аўтар прац па мастацтву харавога дырыжыравання («Нарысы па тэхніцы дырыжыравання хорам», 1948; «Майстры харавога мастацтва ў Маскоўскай кансерваторыі», 1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НЦАЎ (Сяргей Міхайлавіч) (н. 22.10.1952, г. Броды Львоўскай вобл., Украіна),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975), у 1978—85 выкладаў у ім. Аўтар графічных твораў «Развянчаны час» (1984), «Раніца» (1987), «У рытме вадзяных кругоў» (1988), дыпціхаў «Кантрапункт» (1980), «Часовыя ўражанні» (1987), трыпціха «На краі» (1989), серыі «Загадкі вялікага лесу» (1988—90); жывапісных кампазіцый «Удар кап’ём» (1993), «Паток» (1995), «Збіранне ракавін», «На каўчэгу» (1998), «У рытме вадзяных кругоў» (2000), серыі «Татэмы» (1991—92), плакатаў, афармлення кніг. Творам уласцівы асацыятыўная і сімвалічная мова, спалучэнне выяўл. матываў і абстрактнай кампазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ВА (Людміла Іванаўна) (н. 8.2.1947, в. Паўлаўка Магілёўскага р-на),
бел. літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1992). Засл. дз. культуры Беларусі (1997). Скончыла БДУ (1971). З 1971 працавала ў выд-ве «Навука і тэхніка» (з 1995 — гал. рэдактар). З 1996 дырэктар выд-ва «Беларуская навука». Аўтар прац па праблемах тэатразнаўства, гісторыі бел. драматургіі, тэорыі і практыкі кнігавыдання. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Рамантыкі пранікнёнае святло: Бел. драматургія 20—30-х гг.Мн., 1987;
Выданне малатыражнай навуковай літаратуры ў арганізацыях НАН Беларусі // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 2001. №2;
Аўтарскае права ў кантэксце выдання навуковай літаратуры // Там жа. №3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ВІЧ (Барыс) (сапр.Сачанка Барыс Пятровіч; н. 17.7.1959, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1984). Працаваў у газ. «Гомельская праўда», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». З 2000 у час. «Полымя». Друкуецца з 1987. Аўтар зб-каў прозы «Ловы» (1992), «Сон між пачвар» (1994), «Фрэскі» (1998). Яго героі балансуюць на мяжы сну і явы, рэальнага і ўяўнага (нізкі апавяд. «Мроі», «Фрэскі», «Непатрэбныя рэчы»). Адметнасць твораў у спалучэнні традыцый рэалізму і постмадэрнізму. Аповесці «Спецкар» (1995), «Чаканне» (1997) пра праблемы складанага пошуку маладым чалавекам 1990-х г. свайго шляху ў жыцці.