КАНСЭ́НСУС (ад лац. consensus згода, аднадушша, саўдзел),

1) адзінства поглядаў, меркаванняў, узаемная згода людзей. Неабходнасць дасягнення К. адзначалі заснавальнікі і прыхільнікі ідэі грамадзянскай супольнасці і грамадскага дагавору Т.​Гобс, Д.​Дзідро, Дж.​Лок, Ш.​Мантэск’ё, Ж.​Ж.​Русо і інш. Паводле Г.​Гегеля, забеспячэнне ўзаемнага «прызнання» людзьмі адзін аднаго (аж да прымусовага К.) з’яўляецца найбольш агульнай умовай рэалізацыі магчымасцей грамадства. У процілегласць такому падыходу прадстаўнікі франц.

Асветніцтва, а потым Э.​Дзюркгейм і яго паслядоўнікі лічылі К. рацыянальна ўсвядомленай салідарнасцю, арган. уласцівасцю «нармальнага» сац. жыцця людзей. М.​Вебер разглядаў К. не толькі як атрыбут «нармальнага» (ідэальнага) стану грамадства, але і як неад’емную характарыстыку любога грамадства, калі яно валодае элементарным парадкам, згодай — гармоніяй яго элементаў. Г.​Тард, наадварот, выводзіў К. з псіхал. «законаў пераймання», а Г.​Лебон — з пастуліраванага ім закону «духоўнага адзінства», што дзейнічае ў любым чалавечым калектыве. Паводле тэорыі традыцыяналізму (Ч.​Морыс, А.​Конт, Ф.​Ніцшэ, М.​Хайдэгер), К. звязаны з ажыццяўленнем прынцыпу «адзінства ў разнастайнасці», як спалучэння ў адзіным арганізме вялікай федэрацыі разнастайных аўтаномных супольнасцей (сямейных, прафес., этн., рэліг., рэгіянальных), кожная з якіх з’яўляецца прамежкавым звяном паміж індывідамі і дзяржавай. Аб радыкальным парушэнні грамадзянскага К. сведчаць грамадзянскія войны, рэвалюцыі, сац., рэліг. і міжнац. канфлікты.

2) Прыняцце рашэнняў або дагавораў на аснове агульнай згоды ўдзельнікаў. Метад К. прыняты ў шэрагу органаў ААН і інш. міжнар. арг-цый. Напр., прынцып К. выкарыстаны пры прыняцці кардынальных рашэнняў па міжнар. палітыцы на Нарадзе па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975.

3) Дамоўленасць, згода наконт умоў ажыццяўлення якой.-н. аперацыі або дзейнасці, у якіх зацікаўлены некалькі бакоў (напр., дагавор куплі-продажу, дагавор падраду, дагавор камісіі і г.д.).

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 600

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЯНО́СНАЯ СІСТЭ́МА,

сістэма сасудаў і поласцей у арганізме чалавека і жывёл, па якой цыркулюе кроў. Праз К.с. клеткі і тканкі забяспечваюцца пажыўнымі рэчывамі, кіслародам і вызваляюцца ад прадуктаў абмену рэчываў. Гал. орган К.с. — сэрца. Ад сэрца кроў ва ўсе органы і часткі цела ідзе па артэрыях, да сэрца — па венах. Артэрыі разгаліноўваюцца на больш дробныя сасуды, пераходзяць у артэрыёлы, потым у капіляры, якія ўтвараюць капілярную сетку. З капілярнай сеткі кроў паступае ў венулы, з іх — у вены. У чалавека, наземных пазваночных жывёл і дваякадыхальных рыб 2 кругі кровазвароту: вялікі (артэрыяльная кроў па артэрыях паступае ў органы і тканкі, праходзіць праз капілярную сетку органаў, пераходзіць у вянозную сістэму і па буйных венах вяртаецца ў сэрца) і малы (вянозная кроў з сэрца па лёгачных артэрыях ідзе ў лёгкія, дзе праз іх капілярную сетку абагачаецца кіслародам і па лёгачных венах вяртаецца ў сэрца). У чатырохкамерным сэрцы артэрыяльная кроў поўнасцю аддзелена ад вянознай; тканкі і органы забяспечваюцца толькі артэрыяльнай крывёю.

Літ.:

Парин В.В., Меерсон Ф.З. Очерки клинической физиологии кровообращения. 2 изд. М., 1965;

Проссер Л., Браун Ф. Сравнительная физиология животных: Пер. с англ. М., 1967.

А.​У.​Чантурыя.

Да арт. Крывяносная сістэма. I. Замкнёная сістэма кровазвароту (у дажджавога чарвяка); 1 — сэрца, сасуды, што пульсуюць і праганяюць кроў па замкнёнай сістэме крывяносных сасудаў; 2 — крывяносныя сасуды. II. Незамкнёная крывяносная сістэма (крывяносная сістэма рака): 1 — сэрца з адтулінамі, у якія ўсмоктваецца кроў з поласцей паміж органамі; 2 — сасуды, па якіх кроў паступае да органаў. III Схема кровазвароту чалавека: 1 — сэрца; 2 — малы (лёгачны) круг кровазвароту; 3 — вялікі круг кровазвароту. Чырвоны колер — артэрыяльная кроў, сіні — вянозная, жоўты — лімфатычныя сасуды.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЗГА́ЙЛЫ, Кежгайлы,

магнацкі род герба «Задора». Паходзяць са стараж. літ. баярства, ахрышчанага ў каталіцтва пасля 1385, ад баярына Бушкі (каля 1320 — пасля 1385) і яго сына Валімонта (каля 1350 — пасля 1398). Прозвішча роду К. паходзіць ад імя трэцяга з сыноў Валімонта — Кезгайлы (Міхала, каля 1380 — каля 1450), намесніка вількамірскага (1409—12, старосты жамойцкага ў 1412—32, 1440—41 і з 1442), кашталяна віленскага (з 1445). Найб. вядомыя К.:

Міхаіл (каля 1410—76), сын Кезгайлы, канцлер ВКЛ (1444), адначасова ваявода віленскі (з 1459). Ад вял. кн. Казіміра атрымаў у 1451 частку Лукомскай вол., Дварэц і Ельну ў Новагародскім пав., воласць Бакшты (пазнейшыя Дукора і Смілавічы) у Менскім пав., у 1465 — Любчу на Нёмане і Ракаў. Я н (каля 1415—85), сын Кезгайлы, атрымаў у 1451 ад вял. кн. Казіміра Мсцібогаў у Ваўкавыскім пав., у спадчыну пасля бацькі — частку Дзевялтова, Крожаў і інш. маёнткаў у Літве і Жамойці. Староста жамойцкі (з 1465) і адначасова кашталян віленскі (з 1478). Станіслаў (мянушка Рэкуць, каля 1450—1527), сын Яна, атрымаў частку Дзевялтова, Крожаў, Мсцібогаў, Ракаў, частку Бакштаў, Налібак і Дзераўную ў Менскім пав. і інш. Староста жамойцкі (1485), часова гетман найвышэйшы (1501—02), кашталян віленскі (з 1522). Трэці сын Станіслаў (каля 1500—1532), староста жамойцкі (з 1527), адначасова кашталян трокскі (з 1528). Мікалай (1461? — 1512), малодшы сын Яна, атрымаў частку Крожаў, Налібак, Дзевялтова, Ельну. Яго ўнук Станіслаў Мікалаевіч (каля 1520—54) паступіў у світу вял. кн. Жыгімонта Аўгуста. У 1545 кухмістр, потым стольнік ВКЛ. У 1549 атрымаў тытул графа «Свяшчэннай Рымскай імперыі». З 1551 падчашы ВКЛ. Пасля яго смерці род К. згас, уладанні падзялілі родзічы па жаночай лініі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЧЫ (Carracci),

сям’я італьян. мастакоў Балонскай школы жывапісу канца 16 — пач. 17 ст. Прадстаўнікі акадэмізму. Нарадзіліся ў Балонні. Ладавіка (хрышчаны 21.4.1555—13.11.1619). Вучыўся ў Балонні ў П.​Фантаны (каля 1570—80), там і працаваў. Творчасці ўласцівы простая і строгая кампазіцыя, рэзкая святлоценявая мадэліроўка («Абарачэнне Паўла», 1587; «Мадонна Барджэліні», 1588; «Мадонна Скальцы»; «Бічаванне Хрыста»; «Мадонна са св. Францыскам і Іосіфам», 1591; «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1592; «Ператварэнне», каля 1595—97). Агасціна (15.8.1557—22.3.1602), стрыечны брат Ладавіка. Вучыўся ў Балонні ў Фантаны. Працаваў у Балонні, Рыме і Парме. Рабіў гравюры па карцінах Я.​Тынтарэта, П.​Веранезе, Карэджа. Сярод жывапісных твораў: «Прычашчэнне св. Іераніма», «Узнясенне Марыі» (абодва паміж 1591—93) і інш. Анібале (3.11.1560—15.8.1609), брат Агасціна, стрыечны брат і вучань Ладавіка. Да 1595 працаваў у Балонні, потым у Рыме. Рабіў алтарныя карціны, у балонскі перыяд у натуралістычнай манеры пісаў партрэты і жанравыя карціны, рамант. пейзажы. У рымскі перыяд творчасць больш строгая і ўрачыстая, што адпавядала канцэпцыі «прыгожага ідэала», якая ўвасобілася ў тэатралізаваным адлюстраванні героікі вял. падзей з жыцця людзей і багоў. Сярод твораў: «Крама мясніка», «Бабовая поліўка», «Аплакванне Хрыста» (сярэдзіна 1580-х г.), «Венера і Адоніс» (1588—89), аўтапартрэт (1590-я г.), «Узнясенне Марыі» (1592), «Міласэрнасць св. Роха» (1595), «Уцёкі ў Егіпет» (каля 1603—04), «Святыя жонкі ля труны ўваскрэслага Хрыста» (каля 1605), «Партрэт Джавані Габрыэлі з лютняй».

Сумесныя работы К.: фрэскі ў палацах Фава (1580—85) і Маньяні (1588—90) у Балонні і Фарнезе (1597—1604), у Рыме і інш. Каля 1585 у Балонні заснавалі «Акадэмію тых, хто стаў на правільны шлях».

Л.Карачы. Бічаванне Хрыста.
Анібале Карачы. Венера і Адоніс. 1588—89.

т. 8, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВЫ́Х БЯЛКО́ВЫХ РЭ́ЧЫВАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна мікрабіялагічнай прамысловасці. Вырабляе бялковыя кармавыя рэчывы, пераважна кармавыя дрожджы, з вуглевадароднай і расліннай сыравіны для жывёлагадоўлі. Уключае таксама прадпрыемствы гідролізнай прамысловасці і арган. сінтэзу лесахімічнай прамысловасці.

Прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць вуглевадародную сыравіну з-за высокай матэрыялаёмістасці прадукцыі найчасцей арыентуюцца на цэнтры нафтаперапрацоўкі. Для атрымання 1 т бялку неабходна 2,5 т вуглевадароднай сыравіны. Найб. перспектыўнай сыравінай для атрымання кармавых бялковых рэчываў шляхам мікрабіял. сінтэзу з’яўляецца нафта. Прадпрыемствы, што працуюць на вуглевадароднай сыравіне маюць больш высокі выхад бялковай прадукцыі ў параўнанні з прадпрыемствамі, якія працуюць на сыравіне расліннага паходжання. На сучасным этапе значную ч. ўсіх кармавых дражджэй атрымліваюць на прадпрыемствах гідролізнай прам-сці з расліннай сыравіны (адходы лесапілавання, нетаварная драўніна і нехарч. адходы сельскай гаспадаркі). Прадпрыемствы гідролізнай прам-сці вызначаюцца найбольшай матэрыялаёмістасцю. Для вытв-сці 1 т кармавых дражджэй трэба 6,2 т зыходнай сыравіны, у т. л. 5 т сухой драўніны, а таксама серная к-та, сульфат амонію, суперфасфат, вапна, значная колькасць вады і паліва, таму гідролізная прам-сць таксама арыентуецца на сыравінныя базы.

На Беларусі вытворчасць карм. бялковых рэчываў развіваецца з канца 1960-х г., напачатку на аснове гідролізу драўніны, потым на вуглевадароднай сыравіне, якую атрымліваюць пры нафтаперапрацоўцы. З 1967 кармавыя дрожджы вырабляюць на Бабруйскім гідролізным з-дзе, з 1971 кармавыя, а з 1974 бялковыя дрожджы — на Рэчыцкім доследна-прамысл. гідролізным з-дзе. З 1978 дзейнічае Наваполацкі з-д бялкова-вітамінных канцэнтратаў (папрыну). Сыравінай для яго вытв-сці служаць ачышчаныя вадкія парафіны. З 1983 папрын для с.-г. жывёлы, птушак, пушных звяроў выпускае самы буйны ў краіне Мазырскі з-д кармавых дражджэй. Прадукцыя прадпрыемстваў выкарыстоўваецца ў камбікормавай прам-сці, у жывёлагадоўлі для абагачэння кармоў бялкамі, вывозіцца за межы краіны.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁЗНА,

гарадскі пасёлак, цэнтр Лёзненскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Мошна. Чыг. станцыя на лініі Віцебск—Смаленск. За 40 км на ПдУ ад Віцебска. Аўтадарогамі звязаны з Віцебскам, Смаленскам, Оршай, Янавічамі, Арэхаўскам. 7,6 тыс. ж. (1998).

У канцы 16 ст. сяло Л. ў складзе Мікулінскай вол. Віцебскага пав. З 1625 — уласнасць кн. Агінскіх. У 1654 Л. ўпамінаецца як мястэчка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у Рас. імперыі. цэнтр воласці Аршанскага пав. Магілёўскай губ. У 1786 Агінскія заснавалі тут мураваную правасл. царкву (знішчана ў 1961). У пач. вайны 1812 у Л. 2 тыдні стаяў 3-і франц. корпус маршала М.​Нея. З 1831 у Л. штогод праводзілася 4 кірмашы, былі развіты рамёствы. З адкрыццём у 1866—67 руху па Рыга-Арлоўскай чыгунцы на ўскраіне Л. пабудавана чыг. станцыя. У 1870 Л. перайшло да Храпавіцкіх, потым да А.​І.​Шабекі. У 1865 адкрыта нар. вучылішча, у 1875 (пры чыг. станцыі) — царк.-прыходская школа (у 1887 пераўтворана ў 4-класнае нар. вучылішча). У 1880 у Л. 1536 ж., 216 дамоў, 25 крам, валасное праўленне, бальніца. У 1897—2473 ж. З 1924 цэнтр Лёзненскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 17.7.1941 да 8.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. 1200 чал. У 1972—5,7 тыс. чал.

Працуюць малочны, хлебны з-ды, Лёзненскі кансервава-агароднінасушыльны завод, ільнозавод, аграпрамтэхніка, сельгасхімія. 2 сярэднія і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа мастацтваў, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, 2 б-кі, Дом піянераў і школьнікаў, кінатэатр, Лёзненскі ваенна-гістарычны музей, бальніца, паліклініка, аптэка. Могілкі сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму; помнік Вызвалення. Радзіма мастака М.​Шагала.

Лёзна. Вуліца Леніна.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІФА́Р ((Lifar) Серж) (Сяргей Міхайлавіч; 15.4.1905, Кіеў — 15.12.1986),

расійскі і французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Кіеўскай студыі Б.​Ніжынскай (з 1921), потым у Э.Чэкеці. З 1923 жыў у Францыі. Да 1929 саліст трупы «Рускі балет Дзягілева». У 1930—63 (з перапынкамі) і 1977 балетмайстар, саліст (да 1956) і педагог Парыжскай оперы. У 1944—47 кіраўнік трупы «Нуво бале дэ Монтэ-Карла». Заснаваў Ін-т харэаграфіі ў Парыжы (1947). З 1955 выкладаў у Сарбоне. Танцоўшчык класічнай школы, валодаў развітой тэхнікай, драм. экспрэсіяй, лірычным дарам. Выконваў гал. партыі ў балетах «Кошка» А.​Саге, «Ода» Н.​Набокава, «Стальны скок» і «Блудны сын» С.​Пракоф’ева, «Блакітны экспрэс» Д.​Міё, «Матросы» Ж.​Арыка, «Баль» В.​Рыеці, «Апалон Мусагет» і «Пятрушка» І.​Стравінскага і інш. Паставіў у розных т-рах больш за 200 балетаў, у т. л. на муз. Бетховена, С.​Пракоф’ева, К.​Дэбюсі, М.​Равеля, М. дэ Фальі, П.​Чайкоўскага, Стравінскага. Развіваў традыцыі акад. танца, распрацаваў прынцыпы т. зв. «трох харэаграфічных планаў», павялічыў ролю мужчынскага танца. Дзейнасць Л. паўплывала на сцвярджэнне прынцыпаў рус. харэаграфіі 20 ст. на франц. сцэне, адраджэнне франц. балета ў 1920—40-я г. Пад яго кіраўніцтвам балет Парыжскай оперы стаў адным з лепшых у Еўропе. Аўтар гіст. і тэарэт. прац, у якіх характарызаваў сваю творчасць як «неакласіцызм». У 1994 у Кіеве адбыўся прысвечаны Л. Міжнар. фестываль і конкурс балета.

Літ. тв.: Дягилев и с Дягилевым. М., 1994; Страдные годы. С Дягилевым: Воспоминания. Киев, 1994; Рус. пер. — Мемуары Икара. М., 1995.

Літ.:

Плещеев А. С.​Лифарь. Париж, 1938;

Иофьев М. Балет «Гранд-Опера» в Москве // Иофьев М. Профили искусства. М., 1965;

Тихонова Н. Девушка в синем. М. 1992.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬ ((Gaulle) Шарль дэ) (22.11.1890, г. Ліль, Францыя — 9.11.1970),

французскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Брыгадны генерал (1940). Скончыў ваен. вучылішча ў Сен-Сіры (1912) і Вышэйшую ваен. школу ў Парыжы (1924). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 ваен. саветнік у Польшчы. Выкладаў ваен. гісторыю ў Сен-Сіры (з 1921), служыў у штабе маршала А.Ф.Петэна (з 1925). У 1932 — 36 ген. сакратар Нац. савета абароны. У ваен.-тэарэт. працах «За прафесійную армію» (1934), «Францыя і яе армія» (1938) падкрэсліваў неабходнасць узмацнення абараназдольнасці краіны, хутчэйшай механізацыі франц. арміі, стварэння аператыўна самаст. танк. падраздзяленняў. У пач. 2-й сусв. вайны камандзір танк. Падраздзяленняў 5-й франц. арміі, потым 4-й бранятанк. дывізіі, нам. ваен. міністра. Перад капітуляцыяй Францыі эмігрыраваў у Лондан. Заснавальнік руху «Свабодная Францыя» (з 1942 «Змагарная Францыя»). З 1943 у Алжыры, сустаршыня (1943) і старшыня (1943—44) Французскага камітэта нацыянальнага вызвалення. У 1944—46 кіраўнік урада (да ліст. 1945 Часовага) Франц. Рэспублікі, у ліст. 1945 — студз. 1946 таксама яе часовы прэзідэнт (да ўстанаўлення парламенцкай Чацвёртай рэспублікі 1946—58). Стваральнік і старшыня (1947—53) паліт. руху «Аб’яднанне франц. народа». Ва ўмовах паліт. крызісу 1958 выбраны прэм’ер-міністрам. У 1958—69 прэзідэнт Францыі. Ініцыіраваў устанаўленне прэзідэнцкай Пятай рэспублікі, спыненне калан. вайны ў Алжыры і наданне яму незалежнасці (1962), заключэнне германа-французскага дагавора 1963, выхад Францыі з ваен. арг-цыі НАТО (1966) і інш. Пайшоў у адстаўку пасля прайгранага рэферэндуму 27.4.1969 аб новым адм.-тэр. падзеле краіны і рэарганізацыі Сената.

Тв.:

Рус. пер. — Военные мемуары. Т. 1—2. М., 1957—60.

Літ.:

Арзаканян М.Ц. Шарль де Голль // Вопр. истории. 1991. № 2—3;

Молчанов Н.Н. Генерал де Голль. 3 изд. М., 1988.

Ш. дэ Голь.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛКА (Picea),

род голанасенных раслін сям. хваёвых; адна з гал. лесаўтваральных парод. Каля 45 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Е. звычайная, або еўрапейская (P. abies), і 13 інтрадукаваных: Е. калючая (P. pungens), канадская, або белая (P. canadensis), сербская, або балканская (P. omorica), Энгельмана (P. engelmannii), сібірская (P. obovata), усходняя (P. orientalis) і інш. Е. звычайная распаўсюджана амаль па ўсёй тэр. Беларусі і мае паўд. мяжу арэала (адначасова гэта і паўд. мяжа Еўразіяцкай хвойна-лясной геабат. падвобласці). На Палессі трапляецца ў выглядзе ізаляваных астравоў. Вядома 31 астраўное насаджэнне, 5 з іх — ельнікі Гарбавіцкія, Добрушскія, Маларыцкія, Мяднянскія і Пажэжынскія — помнікі прыроды рэсп. значэння.

Даўгавечныя (жывуць да 300—500 і больш гадоў); аднадомныя, шматгадовазялёныя дрэвы з прамым ствалом і густой конусападобнай кронай. Е. звычайная мае мноства дэкар. форм: з пірамідальнай, ніцай, шарападобнай і інш. кронамі. Каранёвая сістэма часцей паверхневая. Кара тонкая, у маладых дрэў гладкая, потым пласціністая. Галінкі размешчаны даволі правільнымі кальчакамі. Лісце (ігліца) 4-граннае, радзей пляскатае, востраканцовае, спіральна або невыразна двухрадкова размешчанае, трымаецца на галінках 7—9 і больш гадоў. Стробілы (шышкі) паяўляюцца ўвесну на леташніх парастках: мікрастробілы (мужч. шышкі) — па некалькі ў пазухах лускападобнага лісця; мегастробілы (жан. шышкі) — адзіночныя, размешчаны бліжэй да верхавінак. Спелыя шышкі падоўжана-цыліндрычныя, верацёна- або яйцападобныя, звіслыя, ападаюць пасля выспявання насення. Насенне з лыжкападобнымі крыльцамі, выспявае восенню ў год апылення. Размнажаецца насеннем і зрэдку вегетатыўна (атожылкамі). Драўніна мяккая, выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы, муз. інструментаў; з яе атрымліваюць смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. Кара — асн. сыравіна ў вытв-сці дубільнікаў (танідаў). Большасць відаў — дэкар. дрэвы, выкарыстоўваюцца ў садова-паркавым буд-ве і як ахоўныя насаджэнні ўздоўж дарог.

Г.​У.​Вынаеў.

Елка звычайная.

т. 6, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,

кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст. ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.​А.​Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц. слав. знаццю.

Літ.:

Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;

Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст. Кн. 1. Мн., 1994.

С.​Дз.​Дзярновіч, Г.​В.​Штыхаў.

т. 11, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)