разго́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з разгонам (у 2 знач.); які бывае пры разгоне (у 2 знач.). Разгоністая хада. Разгоністы галоп. □ Аўчарка разгоністымі скачкамі набліжалася, прыцяўшы да галавы вушы. Быкаў. // Моцны, хуткі. Разгоністы вецер. Разгоністая хваля.

2. Шырокі, з вялікім разгонам (у 3 знач.); размашысты. Асветленая безліччу ліхтароў, узнікла перад вагонамі разгоністая камяніца вакзала. Шынклер. [Павел] стаяў непадалёку, безуважна ўзіраўся ў разгоністае палатно шашы, у разлегласць палёў і сасновых пералескаў. Вышынскі. // Залівісты, працяглы (пра голас, брэх і пад.). За перагародкай нешта сіпела, патрэсквала, узрывалася шорганнем і піскам, а потым наплываў разгоністы моцны, але не вельмі выразны голас. М. Стральцоў.

3. З вялікімі прамежкамі паміж літарамі (пра почырк, друк).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рашо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Загарадка з пераплеценых радоў драўляных ці металічных пруткоў, палосак і пад. Рашотка, што прыкрывала ўваход у падвал, адкінута ад сцяны дома. Гарбук. Пачнём новае жыццё ладзіць, — адказвае Дзямід. — Пакуль тое новае, — гаворыць бацька і прымайстроўвае да перадка выразаную з ліпавай дошкі рашотку. Асіпенка.

2. Абл. Агароджа з пруткоў, планак. Садовая рашотка. □ Потым праз некалькі мінут.. [Тамара] выйшла вунь на той балкон з пагнутай рашоткай. Я яшчэ хацеў выправіць. Не давялося. Пінчук.

3. Частка топкі, прызначаная для спальвання на ёй цвёрдага паліва; каласнік.

•••

За рашотку — у турму (сесці, пасадзіць і пад.).

За рашоткай — у турме (сядзець, апынуцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успе́рці, узапру, узапрэш, узапрэ; узапром, узапраце; пр. успёр, ‑перла; зак., каго-што.

Разм.

1. Падняўшы, ускласці што‑н. цяжкае, грувасткае на каго‑, што‑н., куды‑н. Усперці мяшок на спіну.

2. Надзець, абуць што‑н. цеснае. Боты цесныя, ледзь успёр на ногі.

3. Абаперці (рукі, ногі і пад.) на каго‑, што‑н. Лапы сам [заяц] На пень успёр, Азірнуў натоўп і бор. Калачынскі.

4. Узнесці. Усперці шафу на чацвёрты паверх.

5. перан. Пералажыць якія‑н. цяжкія абавязкі, віну і пад. на каго‑н. другога. Добра, што Лейкі не было. А каб была! Яна б завыла, залямантавала, вылаяла б увесь свет, а потым усю віну ўсперла б на Алтара. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хру́мстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што, чым і без дап. Есці або жаваць, утвараючы храбусткі гук. Людзі хрумсталі крамяныя яблыкі, мядовыя грушы. Жычка. Цімох жа сапраўды схапіў з талеркі [а]гурок і пачаў гучна хрумстаць і прычмокваць. Ваданосаў. / Пра жывёлу. Распрэжаныя коні хрумсталі сена. Гартны. Лось паслухаў, варухнуў галавою. Потым супакоіўся і ў цішыні ночы пачаў хрумстаць аўсом. Лупсякоў. Начлег... За рэчкай луг з духмянымі травамі, смачна хрумстаюць спутаныя коні. Васілеўская.

2. Утвараць хруст. А там, дзе хрумсталі сярпы, Вятрам адкрыты далі. Калачынскі. Чаравікі парудзелі, пад нагамі хрумсталі цвёрдыя тарфяныя грудкі. Грахоўскі. / Пра пыл, пясок і пад. [Дачка] піша: «Цяжка і горача, Хрумстае пыл на зубах». Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

частава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго.

Даваць або прапаноўваць паесці, папіць, пакурыць; карміць або паіць каго‑н., выказваючы ўвагу, гасціннасць. Маці частавала дачку, слухала яе і не магла надзівіцца. Грамовіч. Шпілеўскі, які дапамагаў разгружаць машыну, весела частаваў усіх папяросамі. Савіцкі. // перан. Разм. Рабіць каму‑н. што‑н. прыемнае. Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Брыль. [Вышамірскі] хадзіў ад хаты да хаты і частаваў людзей паляўнічымі апавяданнямі. Бядуля. // перан. Разм. Біць таго, хто лезе не ў сваё. — Жывём, гасцей не клічам І ў госці не паўзём, Няпрошаных па лычу Частуем таўкачом. Лужанін. А потым аплявухамі як след [Янук] Зладзюгу частаваць узяўся. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́йка, ‑і, ДМ шы́йцы; Р мн. шы́ек; ж.

1. Памянш.-ласк. да шыя. Ева толькі што распачала сваю гутарку з цялушачкаю і гладзіла яе бліскучую шыйку. Колас.

2. Вузкая, завужаная частка чаго‑н. Шыйка пазванка. □ Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. Крапіва. Пракоп Дубасаў сказаў, што Сямён Дзікун хоча сумясціць у адну тры аперацыі па шліфоўцы шыек каленчатага вала. Шыцік. У руцэ пана Цабы пагойдваўся жоўты збанок, падвязаны за шыйку вяровачкай. Брыль.

3. Хваставая частка цела прэснаводнага рака. Стаў рак на шыйцы, клешні ўгору падняў. Якімовіч. Трактарыст хуценька аблупіў клюшню, потым адным махам управіўся з шыйкай і нарэшце ўзяўся за ножкі. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вярхо́ўе 1 ’частка ракі ля яе вытокаў’ (БРС, КТС), укр. верхівʼя, рус. верховье ’тс’. Усходнеславянская лексема (на астатняй слав. тэрыторыі слова мае іншыя значэнні; параўн. славен. vrhóvje ’горы’), утвораная ад vьrx‑ъ, дзе ‑ъ паходзіць з й < *‑ой; яго рэфлекс мы назіраем у пазнейшым суф. ‑ov‑ (Экерт, ВСЯ, 4, 104). Спачатку vьrxovьje абазначала ’верх чаго-небудзь’; ’вяршыня гары’, потым (ва ўсходніх славян) — ’месца на вяршыні, адкуль рака выцякае’ (Шанскі, 1, В, 69).

Вярхо́ўе 2 ’першы ачос ільну’ (Касп.); ’нізкагатунковая пража з пачасся льну’ (Уладз.), вярхо́ўя ’горшы гатунак ільнянога валакна’ (Бяльк.); ’зрэб’е, ачоскі з атрапанага льну’ (Янк. II, III, барыс., Янк. Мат.), пін. вэрхо́вʼе ’зрэб’е’ (Шатал.). Рус. верховье: йонаўск. (ЛітССР), прэйл. (ЛатССР), пск., смал. ’першыя вычаскі’, таксама с.-урал. ’слой ільновалакна’, пск., йонаўск., прэйл. ’пража з першых вычасак’, йонаўск. ’палатно з гэтай пражы’. Бел. інавацыя. Да вярхоўе 1 < прасл. vьrxovьje ’вярхі чаго-небудзь’.

*Вярхо́ўе 3, вярхо́ўя (зборн.) ’вярхі дрэў’ (Бяльк.), укр. верхівʼя, польск. wierzchowie, славен. vrhǫ̑vje ’тс’, якое магло б быць другасным. Да вярхо́ўе 1 < прасл. vьrxovьje ’вярхі, верхнія часткі чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стол ‘від мэблі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Маг.), ‘харчаванне, харчы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘памінкі’ (Барад., Мат. Маг.), ‘под у жорнах’ (рас., Шатал.). Параўн. укр. стіл, рус. стол, стараж.-рус. столъ ‘стол; прастол; сядзенне’, польск. stół, в.-луж., н.-луж. stoł ‘крэсла, стол; прастол’, чэш. stůl, славац. stôl, серб.-харв. сто̄, славен. stòl ‘крэсла; стол’, балг., макед. стол ‘крэсла’, ст.-слав. столъ. Прасл. *stolъ ‘сядзенне; стол’ з’яўляецца дэрыватам ад прасл. *stьlati, *steljǫ (гл. сцяліць) і генетычна роднаснае літ. stãlas ‘стол’, ст.-прус. stalis, гоц. stōls ‘крэсла’, якія Фасмер (3, 765), Покарны (1007), Фрэнкель (893), Бязлай (3, 319–320) далей узводзяць да прасл. *stojati < і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Але Курыловіч (JP, 33, 69) і Слаўскі (JP, 38, 229) указваюць, што націск Р. скл. адз. л. (стала́) сведчыць аб тым, што гэта жывое вытворнае ад *stьlati. Махэк₂ (590), Борысь (579) семантыку слова тлумачаць тым, што *stolъ першапачаткова — гэта што-небудзь пасланае (напрыклад, на зямлі) для яды і сядзення на ім; толькі потым яно пачало абазначаць мэблю. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1359; Бязлай, 3, 319; ЕСУМ, 5, 419.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДЛЮСТРАВА́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

спецыфічная форма асваення рэчаіснасці. Метадалагічнай асновай разумення сутнасці адлюстравання мастацкага з’яўляецца адлюстравання тэорыя, якая раскрывае агульныя заканамернасці і спосабы адэкватнага спасціжэння свету. Ужо ў антычнасці піфагарэйцы, а потым Платон і Арыстоцель сцвярджалі ідэю аб мімесісе (перайманні) як асн. эстэт. прынцыпе і сутнасці мастацтва. Наследаванне прыродзе было дамінантай у эст. трактоўках эпохі Адраджэння, класічнай эстэтыцы 16—17 ст. Гётэ выступаў супраць змешвання прыроды і мастацтва, недаацэнкі суб’ектыўнай творчасці «сапраўднага мастака». М.​Г.​Чарнышэўскі замацаваў у тэорыі мастацтва паняцце «ўзнаўленне». Сцвярджэнне ў мастацтве прынцыпу канкрэтна-гіст. ўзнаўлення абумоўлівае рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці (гл. Рэалізм). Канцэпцыя актыўнага ўздзеяння мастацтва на духоўны свет чалавека праяўлялася ў адраджэнні ант. тэорыі мімесісу (М.​К.​Сарбеўскі), развівалася Ф.​Скарынам, М.​Гусоўскім, Сімяонам Полацкім і інш. У эпоху Асветніцтва элементы адлюстравання мастацкага выявіліся ў арыентацыі на пазнавальныя і выхаваўчыя функцыі мастацтва (А.​Доўгірд, Л.​Бароўскі). К.​Каліноўскі, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, А. і І.​Луцкевічы, А.​Гарун і інш. развівалі ўяўленне пра маст. праўду як адлюстраванне праўды жыцця, гісторыі і самабытнай культуры бел. народа. Адлюстраванне мастацкае прадугледжвае асабістыя адносіны творцы да аб’ектаў, што пазнаюцца. Сэнс маст. абагульнення заключаны ў адборы істотнага і заканамернага, у раскрыцці тыповых характараў і сітуацый.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;

Юлдашев Л.Г. Искусство: философские проблемы исследования. М., 1981;

Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́ГІ (познагрэч. Barangoi ад стараж.-сканд. vaeringjar нарманскія воіны, якія служылі ў візант. імператараў),

1) у Візантыі любы наёмны воін.

2) Назва скандынаваў (продкаў датчан, нарвежцаў і шведаў) ва Усх. Еўропе ў 2-й пал. 9 — 1-й пал. 11 ст. У час сваёй экспансіі ў Еўропе ў эпоху вікінгаў (793—1066) датчане і нарвежцы рабілі марскія паходы гал. чынам у Зах. Еўропу (гл. Нарманы), шведы — пераважна ва Усходнюю. Апошнія гандлявалі, рухаючыся па водным шляху «з варагаў у грэкі» (праходзіў праз Беларусь), і па Волзе — да булгараў, хазараў і закаспійскіх народаў; абкладалі данінай і часткова захоплівалі слабаразвітыя вобласці Балт. рэгіёна; асн. сферамі іх дзейнасці на Русі паступова сталі гандаль і служба ў дружынах князёў. Варажскія паселішчы на землях усх. славян былі разрозненыя і адзінкавыя, а самі варагі хутка асіміляваліся. Ад факта знаходжання варагаў на Русі паходзіць т.зв. нарманская тэорыя. У «Аповесці мінулых гадоў» пад 859 згадваюцца крывічы, якія плацілі даніну варагам. У 862 крывічы разам з інш. плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым чудзь, наўгародскія славяне і крывічы запрасілі да сябе варажскіх князёў. Летапіс паведамляе, што Полацк заснавалі крывічы, а варагі ў ім прышлыя. Пра кантакты стараж. насельніцтва Беларусі з варагамі сведчаць таксама археал. матэрыялы (знаходкі сканцэнтраваны пераважна ўздоўж Зах. Дзвіны і Дняпра, а таксама на Гродзеншчыне).

Літ.:

Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;

Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)