КРЫВО́ШЫН,

вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Ліпнянка. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад і Ляхавічы, 216 км ад Брэста, 18 км ад чыг. ст. Райтанаў. 782 ж., 338 двароў (1998).

У 17 ст. належаў кн. Радзівілам. У 1772 перададзены літ. падскарбію А.Тызенгаўзу, потым належаў Патоцкім. У 1670 нясвіжскія езуіты заснавалі ў К. касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1800—09 у маёнтку Рэпіхава каля К. (цяпер парк у межах вёскі) жыў паэт Я.Чачот. 9.6.1863 у Рэпіхаўскім лесе ў час паўстання 1863—64 адбыўся бой паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав., 290 ж., 18 двароў, царква. З 1921 у складзе Польшчы. у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ляхавіцкага р-на Баранавіцкай вобл. У 1972—783 ж., 280 двароў.

Лясніцтва, цэх перапрацоўкі драўніны. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, 2 бальніцы, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, мемарыяльны знак Я.Чачоту, курган Памяці ў гонар паўстанцаў 1863. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (гл. Крывошынскі касцёл езуітаў).

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)