навука, якая даследуе працэс мэтанакіраванага развіцця і фарміравання ва ўмовах яе выхавання, адукацыі і навучання; навуч. прадмет сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, якія рыхтуюць настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў. Вывучае аб’ектыўныя сувязі паміж развіццём асобы і знешнімі фактарамі (выхаванне, асвета, навучанне), распрацоўвае тэорыю і методыку выхавання. Разглядае фарміраванне асобы ў асн. сферах яе жыццядзейнасці (сям’я, калектыў, грамадства і інш.). Уключае пед. навукі: агульную П., пераддашкольную, дашкольную, школьную, сямейную, спецыяльную, параўнальную, вытворчую, прафтэхпадрыхтоўчую, вышэйшай школы, ваенную, спартыўную, інжынерную, сацыяльную, андрагогіку (тэорыя і практыка выхавання і адукацыі дарослых), гісторыю П. і інш.
Як сістэма фарміравання асобы П. пачала складвацца ў стараж. дзяржавах (Грэцыя, Рым, Егіпет, краіны Усходу), калі з’явіліся ўстойлівыя погляды на выхаванне, якія адлюстроўвалі менталітэт народаў, іх сац. склад, характар вытв-сці, погляды на дабро і зло. Як асобная навука вылучылася з сістэмы філас. ведаў у пач. 17 ст. Першае абагульненне пед. вопыту зрабіў Я.А.Каменскі. У працы «Вялікая дыдактыка» ён разгледзеў асн. праблемы адукацыі і выхавання, упершыню падкрэсліў прынцыпы дыдактыкі і асновы прыродазгоднага выхавання дзіцяці, заклаў базіс класна-ўрочнай сістэмы навучання ў школе. Уклад у П. зрабілі Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, І.Г.Песталоці, І.Ф.Гербарт, А.Дыстэрверг і інш.; у Расіі — К.Дз.Ушынскі, В.І.Вадавозаў, М.І.Пірагоў, Дз.Дз.Сямёнаў, В.П.Астрагорскі, П.Ф.Лесгафт, Л.М.Талстой, П.Ф.Капцераў, К.М.Вентцэль і інш.
На Беларусі з развіццём пісьменнасці і ўзнікненнем школ канцэпцыі выхавання і навучання складваліся пад уздзеяннем хрысц. маралі (Ефрасіння Полацкая) і ідэі стараж. філосафаў. Пед. ідэі, заснаваныя на нар. традыцыях, выказвалі М.Гусоўскі, Ф.Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі, Л.Зізаній і інш. У 17—18 ст. уклад у развіццё П. зрабілі М.К.Сарбеўскі, К.Нарбут, Я.Снядэцкі і інш. Асветнікі і вучоныя 19 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, Я.Карскі і інш.) разглядалі асветніцкія і пед. ідэі як сродак абуджэння самасвядомасці народа. У 20 ст. пэўны ўклад у пед. навуку Беларусі зрабілі Цётка («Першае чытанне для дзетак беларусаў», 1906, і артыкулы пра выхаванне), Я.Колас (падручнікі «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў», 1909, і «Методыка роднае мовы», 1926), П.Я.Панкевіч, У.І.Пічэта, І.І.Замоцін, М.І.Гарэцкі, Д.А.Жарыкаў, М.Я.Байкоў, Л.В.Шашкоў і інш. Развіццё мовы яны разглядалі як частку агульнага падыходу да праблемы грамадскага жыцця. У канцы 20 — пач. 21 ст. арганізацыя набывае грамадска-дзярж. характар; у яе ўключаюцца сям’я, паліт. партыі, канфесіі, грамадскія аб’яднанні. Адраджаюцца гімназіі, ліцэі, каледжы, акадэміі, галіновыя ун-ты. Пытанні тэорыі і практыкі П. распрацоўваюць Нацыянальны інстытут адукацыі, кафедры П. ВНУ, адпаведныя кафедры Рэсп. ін-та прафес. адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, абл. ін-таў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, аддзяленне псіхолага-пед.навук. грамадскага аб’яднання «Бел. акадэмія адукацыі» і інш.
Літ.:
Харламов И.Ф. Педагогика. 5 изд. Мн., 1998;
Вадзінскі Д.І. Асновы педагогікі вышэйшай школы. Мн., 1993;
Антология педагогической мысли Белорусской ССР. М., 1986;
Мещеряков В.П. Братские школы Белоруссии (XVI — первая половина XVII в.). Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁННАЯ ПЛАНІРО́ЎКА,
праектныя прапановы па планіровачнай арганізацыі тэрыторыі эканам. ці адм. раёнаў краіны; від навук. і практычнай горадабуд. дзейнасці; сувязное звяно паміж нар.-гасп. планаваннем і горадабудаўніцтвам. Дазваляе ўдакладняць і развіваць нар.-гасп. планы асобных эканам. раёнаў і ствараць устойлівую горадабуд. базу для развіцця населеных месцаў. Гал. задача Р.п. — комплекснае тэр.-гасп. ўпарадкаванне праектуемага раёна і фарміраванне яго планіровачнай структуры, якая забяспечвае рацыянальнае размяшчэнне прадукц. сіл і найлепшыя ўмовы для працы, быту і адпачынку насельніцтва. Прадугледжвае стварэнне ўзаемазвязаных сістэм рассялення, рац. размяшчэнне новых і прапарцыянальнае размяшчэнне існуючых гарадоў і сельскіх населеных месцаў, аптымальнае развіццё і размяшчэнне прам-сці, с.-г. вытв-сці, паляпшэнне і ахову прыроднага асяроддзя на аснове эфектыўнага і комплекснага выкарыстання прыродных, мат.-тэхн. і працоўных рэсурсаў.
Праектная дакументацыя па Р.п. ўключае схему і праект. Схема Р.п. служыць для тэхн.-эканам. абгрунтавання праектаў размяшчэння і буд-ва буйных прамысл. і энергет. комплексаў, баз буд. індустрыі, магістральных, трансп. і інш. камунікацый, стварэння арганізаваных сістэм рассялення і размяшчэння ў іх новых і развіцця існуючых гарадоў і сельскіх паселішчаў, праектавання курортаў, нац. і прыродных паркаў, запаведнікаў, а таксама міжраённых зон і комплексаў масавага адпачынку насельніцтва. Праект Р.п. распрацоўваецца на аснове схемы Р.п. і з’яўляецца асновай для ген. планаў развіцця гарадоў і інш. населеных месцаў, прамысл. вузлоў, курортных і турысцкіх комплексаў, размяшчэння культ.-быт. устаноў раённага значэння. На аснове праекта Р.п. складаюцца таксама праекты міжгасп. і ўнутрыгасп. земле- і лесаўладкавання, вылучаюцца буйныя зямельныя ўчасткі для розных відаў выкарыстання, распрацоўваюцца праекты зон сан. аховы.
На Беларусі работы па Р.п. пачаліся ў канцы 1950-х г. Першымі аб’ектамі Р.п. былі Полацка-Віцебскі прамысл. раён, Маладзечанскі прамысл. вузел і інш. З пач. 1970-х г.асн. кірункам работ па Р.п. стаў метад комплекснай планіровачнай сац., эканам. і экалагічнай арг-цыі тэр. рэспублікі. У 1971 распрацавана «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 года» — першая ў практыцы праектных работ Беларусі спроба ўзаемазвязанага вырашэння пытанняў гар. і сельскага рассялення на тэр. ўсёй Беларусі на больш далёкую перспектыву. У 1970-я г. праведзена даследчая і праектная работа па выяўленні рэкрэацыйных рэсурсаў, выкананы праекты Р.п. зон адпачынку Нарач і Вілейка Мінскай, Горваль Гомельскай, Ушачы Віцебскай, Чыгірынка Магілёўскай абл. У 1987 распрацавана ген. схема комплекснай тэр. арг-цыі Беларусі, у якой выкладзены прапановы па фарміраванні шматузроўневых сістэм рассялення, аптымізацыі урбанізаванага і прыродна-экалагічнага каркаса, упарадкаванні адм.-тэр. падзелу. Схема карэкціравалася і ўдакладнялася ў сувязі з паліт., экалагічнымі і сац.-эканам. зменамі. У 1990-я г. актывізавалася праца па тэр. арг-цыі памежных раёнаў, асабліва з Польшчай, зон асаблівага дзярж. рэгулявання (радыяцыйна забруджаных, прыгарадаў вял. і буйных гарадоў, свабодных эканамічных і інш.).
Літ.:
Перцик Е.Н. Районная планировка. М., 1973;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн. 1983;
Иодо И.А., Сенкевич И.И., Хачатрянц К.К. Опыт работы и новые направления в районной планировке Белорусской ССР. Мн. 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАЛО́ГІЯ (ад позналац. Sina Кітай + ...логія),
кітаязнаўства, сукупнасць грамадскіх навук, якія вывучаюць гісторыю, філасофію, эканоміку, мовы, л-ру і культуру Кітая. Ужываецца як паняцце па-за межамі гэтай краіны. Першыя звесткі пра Кітай еўрапейцы атрымалі ў канцы 13 ст. з нататак Марка Пола Да сярэдзіны 19 ст. ў Еўропе працягвалася назапашванне навук. звестак пра Кітай. У канцы 16—18 ст. ўклад у С. зрабілі каталіцкія місіянеры-езуіты, у т. л. М.Рычы, які першы з еўрапейцаў азнаёміўся з кіт. класічнымі літ. помнікамі. Важнае значэнне мелі нататкі рас. пасланніка ў Пекіне ў 1655—57 Ф.І.Байкова, даследаванні супрацоўнікаў Рас. духоўнай місіі ў Пекіне (1727—1866), у іх ліку М.Я.Бічурына, П.І.Кафарава, ураджэнцаў Беларусі І.А.Гашкевіча і А.М.Кульчыцкага. Пашырэнне кантактаў Кітая з зах. светам пасля паражэнняў у т.зв. опіумных войнах 1840—42 (з Вялікабрытаніяй) і 1856—60 (з Вялікабрытаніяй і Францыяй) стымулявала рост цікавасці да яго ў Еўропе і станаўленне С. як навукі. У канцы 19 ст.англ. вучоны Дж.Лег пераклаў усе кананічныя кнігі канфуцыянства і даасізму з каментарыямі. У 2-й пал. 19—пач. 20 ст. склаліся ням.-галандская, франц. і англ. школы С. Іх найб. выдатныя прадстаўнікі: немцы В.Грубе (кіт. звычаі, абрады) і О.Франке (гісторыя канфуцыянства, ідэалогія імператарскага Кітая), нідэрландзец Я.Я. дэ Гроат (рэлігія, гісторыя і культура Кітая, 6-томная праца «Рэлігіі Кітая»); французы Э.Шаван (канфуцыянства, даасізм, будызм), П.Пельё (кіт.-будысцкая традыцыя), А.Масперо (кіт. міфалогія); англічане Г.А.Джайлс (л-ра і філасофія) і А.Уэйлі (маст. культура). У 1930—50-я г. ўзнікла гіст. фаналогія кіт. мовы (Б.Карлгрэн, Швецыя), з’явіліся працы па кіт. простанар. вераваннях і абрадах (Э.Эбергард, Германія), філасофіі даасізму і канфуцыянства гісторыі Стараж. Кітая (Э.Грэм і Х.Х.Дабс, Вялікабрытанія), гісторыі кіт. грамадскай думкі (Э.Балаш, Францыя—Германія), філасофіі і міфалогіі (Д.Бодэ, ЗША). З сярэдзіны 20 ст. ў самаст.навук. дысцыпліны вылучыліся даалогія (вывучэнне даасізму; А.К.Зайдэль, Г.Крыл, Н.Сівін, К.М.Скіпер), сіна-будалогія (вывучэнне будызму; Э.Цюрхер, Р.Х.Робінсан, К.Чэнь), вывучэнне гісторыі і культуры Стараж. Кітая (Д.Н.Кітлі, М.Лёве, Дж.Мейджар, К.Чан), гісторыя літ.-тэарэт. і маст.-эстэт. думкі ў Кітаі (Дж.Лю, А.Райт, Ф.Такеі). Заснавальнік С. ў Расіі — В.П.Васільеў, арганізатар і першы кіраўнік кафедры кіт. мовы ў Пецярб. ун-це (1855). Яго паслядоўнік С.М.Георгіеўскі (1851—93) — спецыяліст у галіне міфалогіі і традыц. культуры Кітая. У сав. час пытанні С. распрацоўвалі В.М.Аляксееў, Ю.К.Шуцкі, А.А.Штукін, М.І.Конрад, Л.Дз.Пазднеева, В.Л.Фішман, у 1990-я г. — Л.С.Васільеў, Ю.Л.Кроль, У.В.Малявін. Л.С.Пераломаў, М.Я.Краўцова і інш. У Рэспубліцы Беларусь філалагічнай С. займаецца А.М.Гардзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНІ́Н (Bènin),
Рэспубліка Бенін (Rèpublique Populaire du Bènin), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Тога, на Пн з Буркіна-Фасо і Нігерам, на У з Нігерыяй. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Пл. 112,6 тыс.км². Нас. 4,9 млн.чал. (1992). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Порта-Нова. Падзяляецца на 6 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (1 жн.).
Дзяржаўны лад. Бенін — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. савет, у склад якога ўваходзяць 64 дэпутаты, выканаўчы орган — Нац. выканаўчы савет (урад). Рашэнні пра адпаведнасць законаў канстытуцыі выносіць канстытуцыйны суд.
Прырода. Большую ч.тэр. займае плато, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод, перакрытых на Пд і Пн кайназойскімі пясчанікамі. На ПнЗ горы Атакора выш. да 635 м, на Пд прыморская нізіна шыр. 50—100 км.
На ўзбярэжжы шмат лагунаў. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы нафты (на Пд), золата, алмазаў, буд. матэрыялы. Клімат на Пд экватарыяльны з 2 сезонамі дажджоў (сак.—ліп., вер.), на астатняй тэр. экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім і сухім зімовым сезонамі. Сярэдняя т-ра паветра 24—27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн да 1500 мм на Пд. Гал. рака — Веме, на паўн. граніцы — р. Нігер. Пераважаюць саванны з гаямі алейнай пальмы, на Пд — вільготныя трапічныя лясы (каля 1/5тэр.). Нац. паркі Пенджары і Дубль-Ве.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — бенінцы. Складаюцца з групы блізкіх па мовах народаў фон, аджэ, іоруба, насяляюць пераважна Пд і цэнтр краіны. Жывуць таксама народы сомба, барыба, тэм, фульбе і інш. 70% насельніцтва прытрымліваецца стараж. традыцыйных культаў (політэізм), каля 16% — хрысціяне (пераважна католікі, на Пд), каля 14% — мусульмане (на Пн). Сярэдняя шчыльн. 43 чал. на 1 км², на Пд да 200 чал. на 1 км², на Пн месцамі менш за 10 чал. на 1 км². У гарадах каля 20% насельніцтва. Найб. горад і порт Катану (каля 400 тыс.ж.), Порта-Нова (каля 170 тыс.ж.).
Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека на тэр. Беніна вядомы з часоў неаліту. Археал. раскопкі сведчаць аб даволі высокім узроўні матэрыяльнай культуры стараж. насельніцтва. У 15 ст. на тэр. Беніна з’явіліся партугальцы, у 17 ст. — галандскія, франц. і англ. купцы і гандляры рабамі. У 2-й пал. 17 ст. цэнтр гандлю нявольнікамі (Нявольніцкі Бераг), у канцы 17 ст. пад кантролем Каралеўства Дагамея. У канцы 19 ст. захоплены французамі. З 1904 уваходзіў у федэрацыю Франц.Зах. Афрыка. З 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
1.8.1960 Бенін абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1975 наз. Дагамея). 1960-я г. адзначаны шэрагам дзярж. пераваротаў (1963, 1965, 1967, 1969). У 1972—91 краінай кіравалі ваенныя на чале з М.Керэку: быў абвешчаны курс на сацыяліст. арыентацыю. Партыя нар. рэвалюцыі Беніна (адзіная легальная партыя) утрымлівала ўсю паліт. ўладу. У 1990 узніклі новыя паліт. партыі, 3 з якіх утварылі «Саюз дзеля перамогі аднаўлення дэмакратыі». У 1991 адбыліся першыя свабодныя выбары. У 1993 афіцыйна зарэгістраваны 34 паліт. партыі. Прафсаюзы прадстаўлены Нац. аб’яднаннем прафсаюзаў і Каардынацыйным цэнтрам працоўных. У 1991—96 краіну ўзначальваў прэзідэнт Н.Сагло, з 1996 прэзідэнт — М.Керэку. Бенін — член ААН (з 1960), Эканам. супольніцтва дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны член Еўрап. супольніцтва.
Гаспадарка. Бенін — слабаразвітая агр. краіна. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю сельскай гаспадаркі прыпадае 50%, прам-сці і транспарту — па 10%, гандлю і паслуг — каля 30%. Дзяржава кантралюе асн. галіны прам-сці, вытв-сць і размеркаванне электраэнергіі, асн. банкі і страхавыя кампаніі, водазабеспячэнне, сувязь, кінапракат, значную ч. экспартных і імпартных аперацый. У сельскай гаспадарцы занята 70% самадзейнага насельніцтва. Характэрны феад. адносіны, нізкая прадукцыйнасць працы. 80% тэр. прыдатныя для развіцця земляробства і жывёлагадоўлі, але пад ворывам толькі 2 млн.га (10,6% тэр.), пад лугамі і пашай каля 490 тыс.га (4%). На Пд развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Асн. культуры (1993): алейная (каля 30 млн. дрэў) і какосавая пальмы (вытв-сць алею каля 40 тыс.т, копры каля 9 тыс.т), арахіс (82 тыс.т), бавоўна (68 тыс.т), бананы, манга, кава і тытунь. Вырошчваюць на Пн кукурузу (550 тыс.т), сорга (124 тыс.т), ямс (1,2 млн.т), на Пд рыс (10 тыс.т), маніёк (каля 1 млн.т), у цэнтр. раёнах проса (30 тыс.т), бабовыя, батат. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, пераважна на ПнУ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 1100, авечак 940, козаў 1180, свіней 530. Каля 5,5 млн. галоў свойскай птушкі. Рачное і марское рыбалоўства. Вядучая галіна прам-сці — вытв-сць алею. Працуюць 6 прадпрыемстваў па вытв-сці пальмавага алею, з-ды па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення. Ачыстка арахісу, рыбакансервавы, мылаварны, керамічны, лесапільны з-ды, тытунёвая ф-ка і інш. Прадпрыемствы па вытв-сці метал. канструкцый, посуду, метал. мэблі. Невял. прадпрыемствы па вырабе мэблі ў Катану. Параўнальна развіта тэкст.прам-сць: 6 бавоўнаачышчальных прадпрыемстваў, палатняная ф-ка, тэкст. комплекс. У харч. прам-сці шмат дробных прыватных прадпрыемстваў па выпечцы хлеба, з-дмінер. водаў, аграпрамысл. комплекс па вытв-сці рафінаванага цукру. Горназдабыўная прам-сць: распрацоўка буд. матэрыялаў, у т. л. мармуру і вапняку, здабыча нафты (295 тыс.т у 1991), старацельская здабыча золата і алмазаў. Працуюць цэментны з-д (200 тыс.т за год), 6 дызельных электрастанцый (21 тыс.кВт). Зборка веласіпедаў і матацыклаў, транзістарных радыёпрыёмнікаў. Ткацтва, разьбярства па дрэве і інш. саматужныя рамёствы. Даўж. чыгунак каля 600 км, шашэйных дарог 8,5 тыс.км, у т. л. 800 км асфальтаваных, 2,7 тыс.км брукаваных. Значны марскі порт Катану (грузаабарот каля 1,5 млн.т у год). Паблізу міжнар. аэрапорт. Важнае значэнне для эканомікі краіны мае транзіт грузаў з Буркіна-Фасо і Нігера да порта Катану. Экспарт — прадукцыя сельскай гаспадаркі (пальмавы і арахісавы алей, бавоўна, арахіс, садавіна, тытунь і інш.), цэмент, баваўняныя тканіны, крэветкі. Імпарт: спажывецкія і харч. тавары, паліва, абсталяванне, паўфабрыкаты. Знешнегандлёвы баланс дэфіцытны. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва каля 400 дол. ЗША на год. Асн. знешнегандл. партнёры: Францыя, Нідэрланды, Іспанія, ЗША. Грашовая адзінка — афр. франк.
З.М.Шуканава (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Беніна.Да арт.Бенін. Вёска народа сомба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,
каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Государственный бюджет. Мн., 1995.
М.І.Ткачук.
Табліца 1 Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення
Гады
1993
1994
1995
Акцызы
16,8
11,0
9,1
Падатак на дабаўленую вартасць
29,6
27,2
23,0
Падатак на прыбытак і даходы
22,9
34,2
32,3
Падаткі з насельніцтва
8,2
10,9
10,5
Падатак на паліва
4,5
4,2
3,0
Падатак на нерухомасць
2,9
0,7
0,3
Плата за зямлю
1,6
2,1
0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый
0,2
0,3
0,6
Зборы і непадатковыя даходы
1,4
3,8
9,1
Адлічэнні на ахову здароўя
—
28,0
—
Іншыя даходы
11,8
2,8
14,9
Табліца 2 Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКА́,
адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз.вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз.рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз.вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл.бас. больш за 50 тыс.км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл.бас. 2—50 тыс.км²) і малая Р. (пл.бас. да 2 тыс.км²) цякуць ў адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.І.Львовіча, П.С.Кузіна, Б.Дз.Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс.км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).
На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс.км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах. Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс.км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс.км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн.т завіслых наносаў і каля 6,5 млн.т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл.Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсахкраіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл.Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж. — палеапатамалогія.
Літ.:
Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;
Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;
Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл.Мн., 1994.
А.А.Макарэвіч.
Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕНЦІ́НА (Argentina),
Аргенцінская Рэспубліка (República Argentina), дзяржава ў Паўд. Амерыцы. Абмываецца водамі Атлантычнага ак. Займае паўд.-ўсх.ч. Мацерыка, усх. палову в-ва Вогненная Зямля і суседнія з ёй астравы. Мяжуе на З з Чылі, на Пн з Балівіяй і Парагваем, на ПнУ з Бразіліяй і Уругваем. Падзяляецца на 22 правінцыі, адну федэральную (сталічную) акругу і нац. тэрыторыю Вогненная Зямля; Фалклендскія, або Мальвінскія, а-вы — спрэчная з Вялікабрытаніяй тэрыторыя. Пл. 2,8 млн.км² (8-я па велічыні краіна свету), нас. 33,9 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Буэнас-Айрэс. Афіц. мова іспанская, пашыраны італьян., ням., французская, англ.Нац. святы — гадавіна Майскай рэвалюцыі (25 мая), Дзень незалежнасці (9 ліп.).
Дзяржаўны лад. Аргенціна — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1853 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (46 чал.) і палаты дэпутатаў (254 чл.).
Прырода. Тэр. Аргенціны выцягнута з Пн на Пд на 3700 км (ад 22° да 55°паўд. ш.), з З на У да 1577 км. Берагі слаба парэзаны залівамі Ла-Плата, Эль-Рынкон, Сан-Матыяс, Сан-Хорхе, Баія-Грандэ і інш. У рэльефе вылучаюцца раўніны і нізіны: на Пн і У Гран-Чака, Пампа, Аргенцінскае Міжрэчча; у цэнтр.ч. Лаплацкая нізіна; на Пд Патагонскае пласкагор’е (да 2000 м) з плоскімі столападобнымі паверхнямі — мясетамі; на З Анды з найвыш. пунктам Паўд. Амерыкі гарой Аканкагуа (6960 м), на ПнЗ заходзіць ч. высакагорнага плато Пуна з шматлікімі вулканамі, на ПнУ — Бразільскае пласкагор’е. Клімат раўніннай ч. трапічны і субтрапічны, на Пд — умераны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (студз.) на Пн 28 °C, на Пд 10 °C, самага халоднага (ліп.) адпаведна 18 °C і 1 °C. У гарах клімат умерана халодны. Ападкаў за год ад 100—300 мм у Патагоніі да 1400—1600 мм на ПнУ, на ўсх. схілах Андаў да 5000 мм. Рачная сетка найб. развітая ў нізіннай і вільготнай паўн.-ўсх.ч.краіны. Буйныя паўнаводныя і суднаходныя ў нізоўях рэкі Парана (з прытокам Парагвай) і Уругвай зліваюцца ў агульнае вусце — эстуарый Ла-Плата. Да іх басейна належаць рэкі Пількамайо, Рыо-Бермеха, Рыо-Салада. Рэкі Патагоніі (Рыо-Каларада, Рыо-Негра, Чубут з Рыо-Чыко і інш.) багатыя гідраэнергарэсурсамі. Каля падножжа Андаў шматлікія, пераважна ледавіковыя, азёры Наўэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Лага-Архенціна, Фаньена (на Вогненнай Зямлі). Каля 20% тэр. Аргенціны пад вечназялёнымі і лістападнымі лясамі, пераважна ў гарах. На Гран-Чака сухое рэдкалессе на чырвоных глебах, ва Усх. Пампе лугавыя стэпы на чарназёмах (разараныя), у Патагоніі паўпустыні. У фауне шмат відаў, якія невядомы ў краінах Старога Свету: браняносцы, скунсы, магеланаў сабака, пампаскі кот і інш. Шмат птушак і паўзуноў. Найб.нац. паркі: Ігуасу, Лос-Гласьярэс, Ланін, Лос-Алерсес, Наўэль-Уапі і інш.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва — аргенцінцы, нашчадкі эмігрантаў з Іспаніі, Італіі, Францыі і інш. краін Еўропы. Жывуць таксама італьянцы, украінцы, беларусы, іспанцы, палякі, немцы, яўрэі і інш. Карэнных жыхароў — індзейцаў — засталося каля 100 тыс.чал.; кечуа, тупі-гуарані і інш. Жывуць каля мяжы з Балівіяй і Парагваем, араўканы, тэхуэльча (патагонцы) — у Патагоніі. Метысаў, што гавораць на мове кечуа, каля 200 тыс.чал. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 12,1 чал. на 1 км² (1994). Большасць сканцэнтравана ў Пампе, менш населеная тэр. на Пд Аргенціны. Гар. насельніцтва 86%, трэцяя частка яго ў Вял. Буэнас-Айрэсе. Іншыя вял. гарады: Кордава, Мендоса, Расарыо, Ла-Плата, Марон, Мар-дэль-Плата, Тукуман, Санта-Фэ.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 66, у жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 25,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Гісторыя. Тэр. Аргенціны заселена чалавекам у 8—7-м тыс. да н.э. Напярэдадні еўрап. заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны, якія знаходзіліся на розных ступенях першабытнага ладу. На ПнЗ жылі дыягіты (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і серабро. На ПнУ і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны. Пазней сюды прыйшлі гуарані, чыёй мовай да гэтага часу карыстаецца сельскае насельніцтва Аргенціны. На тэр. сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; з Паўн. Патагоніі сюды прыходзілі для менавага гандлю качавыя плямёны араўканаў. У 16 ст.тэр. Аргенціны каланізавалі іспанцы. Новыя землі яны назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — будучую сталіцу краіны. У 1617 на тэр. Аргонціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 б.ч. Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб’яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. Аселыя на гэтых землях ісп. каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясц. індзейскае насельніцтва, утварыўшы паўд.-амер. тып метысаў. Нашчадкаў ісп. каланістаў і дзяцей ад змешаных шлюбаў са светлай скурай сталі называць крэоламі. Ісп. заваяванне перапыніла самаст. развіццё індзейскіх плямёнаў. Жорсткая іх эксплуатацыя ў рудніках, адцясненне ў больш халодныя раёны і перадгор’і Андаў рэзка зменшылі колькасць мясц. насельніцтва. У абарону яго выступіла каталіцкая царква. У 1610 ордэн езуітаў стварыў для індзейцаў Аргенціны, Парагвая і Уругвая 30 пасяленняў-рэдукцый, дзе яны займаліся земляробствам, знаёміліся з еўрап. культурай. У 17 ст. ў сувязі з недахопам рабочых рук іспанцы пачалі завозіць неграў-рабоў з Афрыкі. Палітыка каланізатараў неаднойчы выклікала нар. хваляванні (1580, 1630, 1657, 1712, 1720, 1770). Шматлікія абмежаванні, якімі метраполія тармазіла сац.-эканам. развіццё Ла-Платы, выклікалі супраціўленне крэолаў. Вайна паўн.-амер. калоній за незалежнасць, франц. рэвалюцыя канца 18 ст., буйныя паўстанні індзейцаў Перу і Чылі стымулявалі вызв. барацьбу і ў Аргенціне. Крызіс ісп.калан. сістэмы спрабавала выкарыстаць Вялікабрытанія. Аднак 2 яе інтэрвенцыі ў 1806—07 пацярпелі паражэнне. У выніку антыісп. паўстання 1810 у Буэнас-Айрэсе скінуты віцэ-кароль і ўлада перайшла да Патрыят.т-ва, якое сфарміравала часовы ўрад Ла-Платы. Гэта паўстанне стала састаўной ч.Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. 9.7.1816 Нац. кангрэс у Тукумане абвясціў незалежнасць Аб’яднаных правінцый Ла-Платы, у 1826 яны пераўтвораны ў Федэратыўную Рэспубліку Аргенціна. Першым прэзідэнтам Аргенціны стаў Б.Рывадавія. У 1829 1835 у Аргенціне ўстаноўлены дыктатарскі рэжым Х.М.Росаса, які ў выніку нар. руху ў 1858 1852 быў скінуты. Канстытуцыя 1853 паскорыла працэс аб’яднання краіны. Прагрэсіўна-ліберальныя ўрады Д.Сарам’ента (1868—74), Н.Авельянеды (1874—80) правялі шэраг рэформаў. Паступова Аргенціна стала буйным экспарцёрам збожжа. Да пач. 20 ст. ў асн. склалася аргенцінская нацыя. Выразнікам патрабаванняў далейшых пераўтварэнняў стала партыя Грамадз. радыкальны саюз (ГРС), створаная ў 1891. У 1916 яна перамагла на прэзідэнцкіх выбарах і яе ўрады, што кіравалі краінай да 1930, ажыццявілі шэраг рэформаў, нацыяналізавалі нафтавую прам-сць, умацавалі дзярж. сектар, увялі 8-гадзінны рабочы дзень. З 1930 да 1946 краінай правілі ваен. рэжымы. На прэзідэнцкіх выбарах 1946 перамог лідэр хустысіялісцкага руху (гл.Хустысіялізм) Х.Д.Перон, які правёў новыя рэформы. У выніку ваен. перавароту ў вер. 1955 Перон скінуты, і да 1983 Аргенцінай правілі пераважна ўрады ваенных. Гады праўлення апошняга ваен. рэжыму пазначаны абвастрэннем унутр. і знешняга становішча, што найб. выявілася ў англа-аргенцінскім канфлікце 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы. У выніку выбараў 1983 прэзідэнтам Аргенціны стаў Р.Альфансін ад партыі ГРС. Пагаршэнне эканам. сітуацыі ў краіне вылілася ў сац. хваляванні. На выбарах 1989 перамог кандыдат ад Хустысіялісцкай партыі К.Менем. Ён аднавіў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй, умацаваў сувязі з дзяржавамі ЕЭС; Аргенціна выйшла з Руху недалучэння і арыентуецца на пазіцыю ЗША і інш. развітых краін. У 1991 падпісана пагадненне з Бразіліяй, Парагваем і Уругваем пра ўтварэнне паўд.-амер. агульнага рынку. На выбарах у 1995 прэзідэнтам краіны зноў выбраны К.Менем. Аргенціна — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамерыканскай асацыяцыі інтэграцыі і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 6.11.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Хустысіялісцкая партыя, Грамадз. радыкальны саюз, Саюз дэмакр. цэнтра, Хрысц.-дэмакр. партыя. Адзіны праф. цэнтр краіны — Усеагульная канфедэрацыя працы.
Гаспадарка. Аргенціна — адна з найб. развітых у эканам. адносінах краін Лац. Амерыкі. Валодае разнастайнымі прыродна-эканам. рэсурсамі, урадлівымі землямі, энерганосьбітамі (нафта, газ, гідраэнергія, найб. ў Лац. Амерыцы запасы уранавых рудаў) і інш. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 112 млрд.дол. (1992), 3,4 тыс.дол. на душу насельніцтва, што прыкладна ўдвая перавышае сярэдні ўзровень па рэгіёне.
Прамысловасць. Аснова эканомікі — высокаразвітая апрацоўчая прам-сць, дае каля 24% ВУП і амаль цалкам забяспечвае патрэбы краіны. Каля 50% кошту прамысл. прадукцыі дае чорная металургія (выплаўка чыгуну і сталі, пераважна на прывазной сыравіне), каляровая металургія (выплаўка свінцу, цынку, алюмінію), маш.-буд. (аўта-, трактара-, судна- і станкабудаванне, с.-г. машыны), нафтаперапр., нафтахім. і хім.прам-сць. Развіта вытворчасць трубаў, электратэхн., цэлюлозна-папяровая, цэментная прам-сць. У Аргенціне раней, чым у інш. краінах Лац. Амерыкі, узніклі галіны, звязаныя з высокімі тэхналогіямі (электронная, атамная). Удзельная вага традыц. галін прам-сці — харчасмакавай (тытунёвая, вытв-сць парагвайскага чаю матэ) і тэкстыльнай — знізілася. Вельмі развіта харч.прам-сць (мясная, цукровая, маслабойная, кансервавая, мукамольная, вінаробчая і інш.). Значная гарбарна-абутковая прам-сць. У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча нафты і прыроднага газу, поліметалічных, уранавых, жалезных, марганцавых, медных, берыліевых і вальфрамавых рудаў, а таксама вугалю. У 1992 выпрацавана 51,4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (каля 48% на ЦЭС, 46% на ГЭС, 5% на АЭС). Буйныя прамысл. цэнтры: Буэнас-Айрэс (каля паловы прамысл. прадукцыі), Кордава, Ла-Плата, Расарыо, Санта-Фэ, Мендоса, Баія-Бланка, Саратэ і інш.
Сельская гаспадарка. Разам з рыбалоўствам дае 15% ВУП і забяспечвае краіну харч. прадуктамі і большай ч. сыравіны. Спецыялізацыя — таварная вытв-сць мяса і збожжа. Каля 75% зямельнага фонду належыць буйным латыфундыям (больш за 1000 га). Плошча с.-г. угоддзяў каля 180 млн.га, з іх 20% — ворныя землі. Асн. галіна — жывёлагадоўля: буйн. раг. жывёла мяснога кірунку і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Развіта птушкагадоўля. Земляробства канцэнтруецца ў Пампе. Асн.с.-г. культуры: пшаніца, кукуруза, ячмень, авёс, сланечнік. Вырошчваюць лён, жыта, цукр. трыснёг, цукр. буракі, сою, рыс, чай, бавоўнік, люцэрну, бульбу, тытунь, арахіс, вінаград, аліўкавыя і тунгавыя дрэвы, цытрусавыя. Вакол вял. гарадоў — агародніцтва, садаводства, малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля.
Транспарт. У знешніх перавозках гал. роля належыць марскому транспарту, ва ўнутраных — аўтамабільнаму. Найб. марскія парты: Буэнас-Айрэс, Ла-Плата, Расарыо, Баія-Бланка, Сан-Нікалас, Камадора-Рывадавія, Санта-Фэ, Мар-дэль-Плата. Даўж. аўтадарог 575 тыс.км, 55 тыс.км асфальтаваныя, чыгунак 37 тыс.км. У Аргенціне 10 міжнар. аэрапортаў, найбольшы ў Буэнас-Айрэсе. Каля 80% экспарту складае с.-г. прадукцыя: мяса, мясапрадукты, воўна, скуры, збожжа, маслічныя, малочныя прадукты, дубільны экстракт з кебрача, чай. Экспартуюць таксама абсталяванне, вальфрам. Імпарт: машыны, прамысл. абсталяванне, сыравіна, нафтапрадукты, паліва. Гандл. партнёры: ЗША, Бразілія, Балівія, Германія, Італія, Японія, Нідэрланды і інш. Беларусь у 1993 экспартавала ў Аргенціну грузавыя аўтамабілі, трактары, з Аргенціны прывозіла с.-г. прадукты. Грашовая адзінка — песа.
Узброеныя сілы Аргенціны ўключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 83 тыс.чал. (1991) і складаюцца з сухап. войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (45 тыс.чал.) зведзены ў 4 армейскія корпусы, маюць на ўзбраенні танкі і інш. бранятэхніку, артылерыю, ракеты і інш. У складзе ВПС (13 тыс.чал.) 10 авіяц. брыгад (143 баявыя, 164 дапаможныя самалёты, 45 верталётаў). ВМС (25 тыс.чал.) уключаюць флот, авіяцыю ВМС і падраздзяленне марской пяхоты (3 тыс.чал.); 36 баявых караблёў (1 авіяносец, 6 эсмінцаў, 7 фрэгатаў, 4 падводныя лодкі, 12 патрульных караблёў і 6 тральшчыкаў), 67 катэраў, 38 дапаможных суднаў, 33 самалёты і 24 верталёты марской авіяцыі. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульнай воінскай павіннасці, прызыўны ўзрост — 18 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках і ВПС — 1 год, у ВМС — 14 месяцаў. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. вучылішчах, а таксама за мяжой. Ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з жандармерыі (ваен. паліцыя, 13 тыс.чал.) і берагавой аховы (9 тыс.чал.). Агульная колькасць рэзерву — 377 тыс.чал. (1987).
Асвета, навуковыя ўстановы. Паводле закону аб адукацыі 1976 сістэма адукацыі ў Аргенціне ўключае ўстановы дашкольнага выхавання для дзяцей 3—5 гадоў, абавязковую (пачатковую) школу (7 гадоў навучання) для дзяцей 6—12 гадоў, сярэднюю (5—7 гадоў навучання) з двума цыкламі: 3-гадовым базавым (8—10 кл.) і 2—4-гадовым агульнаадук. або спец. навучаннем (у залежнасці ад тыпу сярэдняй навуч. установы ці ВНУ). У 1989/90 навуч.г. дашкольныя дзіцячыя ўстановы (існуюць пры пач. школах) наведвала 720 тыс. дзяцей, у пач. школах займаліся 4,9 млн. вучняў, працавалі 252 тыс. настаўнікаў, у сярэдніх — каля 2 млн. вучняў і 262 тыс. выкладчыкаў. Вышэйшую адукацыю ў Аргенціне даюць у асноўным ун-ты (больш за 50), а таксама ін-ты і вышэйшыя каледжы. Каля паловы прыватных ВНУ кантралюе каталіцкая царква. У 1989/90 навуч.г. ў ВНУ займалася каля 903 тыс. студэнтаў, працавала каля 70 тыс. выкладчыкаў. Найбольшыя ун-ты: у Буэнас-Айрэсе (з 1821), Кордаве (з 1613), Ла-Плаце (з 1884), Санта-Фэ (з 1919), Мароне (з 1960) і інш. Найбольшыя б-кі: Нац.б-ка (з 1810), б-ка ун-та ў Буэнас-Айрэсе, Нац. кангрэса (з 1859). Музеі: прыродазнаўчых навук (з 1823), Нац. гістарычны (з 1889), Нац. музей прыгожых мастацтваў (з 1895), школьны імя Сарм’ента (з 1910, усе ў Буэнас-Айрэсе), прыродазнаўча-гістарычны ў Мендосе (з 1911) і інш. Навуковыя даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях навук, НДІ пры ун-тах і ін-тах, у навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аргенціне выходзіць 227 перыяд. выданняў агульным тыражом 2,75 млн.экз. (1990). Найбуйнейшыя газетныя выданні: «Clarin» («Гарніст», з 1945), «Cronica» («Хроніка», з 1963). Агенцтвы друку: Тэленатысіёса Амерыкана (з 1945), Дзыстрыбуідора Аргенціна дэ Натыскас (прыватнае інфарм. агенцтва, з 1964), Дыярыас і Натысіяс (з 1982). Дзейнічаюць 37 дзярж., 3 прыватныя і 72 мясц. радыёстанцыі. Галоўныя: Радыё Эль Мунда, Радыё дэль Плата, Радыё Насьёналь. 14 дзярж. тэлестанцый, 28 прыватных тэлеканалаў.
Літаратура. Літ. помнікі карэннага індзейскага насельніцтва Аргенціны не захаваліся. Творы калан. перыяду (пач. 16 — пач. 19 ст.) — гіст. хронікі Р.Дыяса дэ Гусмана, М. дэль Барка Сентынеры (л-ры Ла-Платы). У гады нац.-вызв. руху (1810—16) панаваў рэв.-патрыят. класіцызм (Х.Крус Варэла, Б. дэ Мантэагуда). Пасля абвяшчэння незалежнасці Аргенціны ідэйна-маст. кірункам у л-ры стаў рамантызм (Х.М.Гуцьерэс, Э.Эчыверыя, Х.Мармаль). Маст.-філас. твор «Факунда» (1845) Д.Ф.Сарм’ента лічыцца шэдэўрам арг.рамант. школы. Гіст. раман «Амалія» (1855) Х.Мармаля — першы нац. раман. Да канца 18 ст. склаліся традыцыі фальклору гауча (жыхароў Пампы). На іх аснове развіваецца ўласнаарг. «л-ра гауча» (І.Аскасубі, Э. дэль Кампа, Р.Аблігада). Яе вяршыня — эпічная паэма Х.Эрнандаса «Марцін Ф’ера» (ч. 1—2, 1872—79), адметная рысамі кастумбрызму (апісанне побыту і нораваў). Імкненне да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці характэрна для твораў прадстаўнікоў кастумбрысцкай л-ры (2-я пал. 19 ст.) Л.В.Лопеса, Л.Кане, Э.Вільдэ, К.Гіда-і-Спана. З пач. 20 ст. ўзмацніліся пазіцыі рэалізму [Х.Мартэль, Э.Камбасерас, Ф.Моча (Х.С.Альварэс), Р.Х.Пайра, Ф.Санчэс, Б.Лінч, М.Гальвес], мадэрнізму і постмадэрнізму (Л.Лугонес, Э.Лаэрта, Б.Фернандэс Марэна, Э.Карыега, А.Сторні, Э.Банчс, Р.А.Арыета, Э.Марцінес Эстрада і інш.). Вялікі ўплыў на развіццё літ. жыцця 1920-х г. зрабілі літ. аб’яднанні «Фларыда» (адстойвала «чыстае» мастацтва: Х.Л.Борхес, Э.Мальеа, Л.Марычаль) і «Баэда» (выступала за «мастацтва для жыцця»: А.Юнке, Р.Арльт, Р.Гансалес Туньён). У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у развіццё арг. і сусв. л-ры зрабілі Х.Картасар, Х.Л.Борхес, Э.Сабата і інш.
Архітэктура. У калан. перыяд архітэктура развівалася ў гарадах, што ўзніклі на шляхах пранікнення ў краіну іспанцаў. Выраслі гарады Буэнас-Айрэс, Кордава, Санта-Фэ і інш. з прамавугольнай сеткай вуліц, на гал. плошчы якіх узводзіліся сабор, ратуша, палац губернатара, арсенал. Архітэктура 17 ст. вызначалася прастатой і манументальнасцю (арх. Х.Краус, А.Бланкі, Х.Б.Прымалі). Найб. характэрны помнік гэтага перыяду царква Кампанья ў Кордаве (праект інж. Ф.Лемера, 1649—90). З 18 ст. панавалі барока і класіцызм (царква Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес), у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектызм і стылізацыя. У 1920-я г. склаліся рацыяналістычныя тэндэнцыі (арх. А.Вірасора, В.Акоста, Х.Віванка, А.Банет, А.Вільямс). З 1940—50-х г. архітэктары звяртаюцца да арган. архітэктуры, развітых прасторавых і структурных кампазіцый, выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (А.Агасціні, Х.Сальсон, К.Тэст, А.Гайда, Э.Лестан, Э.Амбаш і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Да каланізацыі Аргенціны ў 16 ст. было развіта мастацтва карэннага насельніцтва — індзейцаў (ткацтва, кераміка, культавая скульптура з каменю, дрэва і гліны, ювелірныя вырабы). У каланіяльны перыяд выяўл. мастацтва ў асн. было рэлігійнае (разнымі дэкар. скульптурамі ўпрыгожвалі алтары-рэтабла, кафедры); развіваўся і свецкі жывапіс (гал. чынам партрэт). Пасля вызвалення Аргенціны ад ісп. панавання (1816) пад уздзеяннем заходнееўрап. мастацтва сталі развівацца жывапіс, скульптура, графіка (літограф-жанрыст К.Марэль, пейзажыст П.Пуэйрэдон, скульптар Л.Карэа Маралес, жывапісец-рэаліст Э.Сіворы). На пач. 20 ст. распаўсюдзіўся імпрэсіянізм (жывапісцы Х.Бутлер, П.Куіда, М.Мальяра, П.Сонса Брыяна, Ф.Фадэр, скульптары Р.Іруртыя і інш.). У 1929 Р.Сольдзі стварыў «авангардысцкую школу» (Э.Петаруці, Р.Форнер), якая садзейнічала развіццю авангардных плыняў (Х.Ле Парк, А.Берні, М.Мінухін, Э.Майк-Інтайр, Р.Максіо). Вострыя сац. праблемы, жыццё народа адлюстроўваюць жывапісцы Х.К.Кастаньіна, Л.Э.Спілімберга, Б.Кінкуэла Марцін, графікі А.Р.Віга, А.Брыес, разьбяры А.Сібеліна, С.Фітула.
Музыка. У нар. музыцы Аргенціны пераважае крэольскі фальклор. Музыка індзейцаў-абарыгенаў захавалася толькі на ПдЗкраіны. Сярод песень і танцаў індзейцаў — араві, уайна, карнаваліта; муз. інструменты — кена, пінкілья, сіку і інш. Крэольскі муз. фальклор (песні — яраві, трыстэ, тона, эсціла, танцы — самакуэка, байлесіта, куанда і інш., мастацтва нар. паэтаў-спевакоў — паядораў) дасягнуў росквіту ў 19 ст.Прафес.муз. школа складваецца з канца 19 ст. пад уплывам еўрапейскіх, пераважна італьянскіх, жанраў і стыляў. Яе заснавальнік К.Вільямс. У канцы 19 ст. з’явіўся жанр оперы (А.Беруці). У 1929 арганізавана «Група музычнага абнаўлення». Працуюць кампазітары браты Х.М. і Х.З.Кастра, Х.Фішэр, Х.Пас, А.Хінастэра, Ф.Кропфль і інш.Муз. Цэнтр Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе дзейнічаюць: оперны т-р «Калон» (1908); аркестры філарманічны, Нац. сімфанічны, Нац. радыё; Нац. і Муніцыпальная кансерваторыі; Лац.-амер. цэнтр муз. даследаванняў «Тарквата ды Тэлья» і інш.
Тэатр. Першы т-р у Буэнас-Айрэсе адкрыты ў 1783. У 1880-я г. ўзнік жанр рамант. меладрамы, т.зв. «тэатр гауча», гал. герой якога — селянін-пастух (гауча), ахвяра сац. несправядлівасці. На пач. 20 ст.вял. значэнне для развіцця нац.т-ра мела рэаліст. творчасць драматурга Ф.Санчаса. У 1920-я г. ў процівагу камерцыйным узніклі «незалежныя» т-ры, якія вывучалі вопыт еўрап.т-ра, ставілі п’есы нац. драматургаў А.Кусані, А.Драгуна, К.Гарастыса, творы класічнай і тагачаснай драматургіі. Цэнтр тэатр. жыцця Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе працуюць незалежныя («Эль-Пуэбла», «Новы тэатр», «Ла Маскара») і камерцыйныя т-ры (Нац.т-р камедыі, «Архенціна» і інш.), Нац.ін-т вывучэння т-ра. Сярод рэжысёраў і акцёраў: А.Баэра, П.Аскіні, М.Села, Л.Сандрыні, Ф.Петроне.
Кіно. Упершыню кіназдымкі ў Аргенціне адбыліся ў 1897. У 1908 зняты першы маст. фільм «Расстрэл у Дарэга» (рэж. М.Гальа). Фільм «Танга смерці» (1917, рэж. Х.А.Ферэйра) паклаў пачатак серыі карцін, сюжэтна звязаных з папулярным у краіне танцам танга. У 1940—50-я г.найб. поспех мелі муз. камедыі з удзелам Л.Торэс, лепшая з якіх — «Узрост кахання» (1953, рэж. Х.Сарасэні). У 1950-я г. ў кіно прыйшло новае пакаленне рэжысёраў: Р.Куін, Л.Муруа, Л.Фавіа, Х.Марцінес Суарэс, творчасць якіх атрымала назву «новае аргенцінскае кіно». У 1956 заснавана Школа дакумент. кіно пад кіраўніцтвам Ф.Біры. Вядомыя рэжысёры: Л.Нільсен, Ф.Э.Саланас, Д.Ліпшыц, Л.Пуэнца.
Беларусы ў Аргенціне. Бел. дыяспара ў Аргенціне склалася з некалькіх значных эміграц. хваляў з Беларусі. Гэтаму спрыялі і адпаведныя законы Аргенціны: яе ўрад даваў усім эмігрантам роўныя правы, вызваляў іх ад падаткаў і г.д. Прадстаўнікамі 1-й эміграц. хвалі з Беларусі (канец 19 ст. — 1914, каля 300—400 тыс.чал.) былі сяляне пераважна з Гродзенскай і Віленскай, з 1905 — Мінскай і інш.усх. губерняў (асн. іх ч. пазней вярнулася на Бацькаўшчыну). У час 2-й хвалі эміграцыі ў 1921—39 з Зах. Беларусі каля 40 тыс.чал. перасяліліся ў правінцыі Масіёнес, Мэндэра, Сан-Жуан, каля 60 тыс. — у Буэнас-Айрэс і яго ваколіцы. У 1934 у Буэнас-Айрэсе склалася першае бел.культ.-асв.т-ва «Грамада», у 1935 — «Культура», у 1937 — «Т-ва бібліятэкі імя Івана Луцэвіча», у 1938 — Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», у 1939 — «Док Суд», Бел.культ.т-ва ў г. Берысо. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю бел. арг-цый у Аргенціне, дзейнасцю якой кіравала ўправа на чале з М.Мярэчкам, У.Гайлевічам і Я.Пятрушакам; выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». У пач. 2-й сусв. вайны пры Федэрацыі створаны Бел.дэмакр.к-т, які праводзіў збор дабрачынных ахвяраванняў; у 1943 з аналагічнымі мэтамі ўтвораны Славянскі саюз Аргенціны. У час 3-й хвалі ваен.-паліт. эміграцыі ў 1946—53 бел. дыяспара павялічылася прыкладна на 1—1,5 тыс.чал. Яе прадстаўнікі заснавалі альтэрнатыўнае даваен. т-ва Згуртаванне беларусаў Аргенціны (ЗБА; 1948—57, старшыня К.Мярляк), якое ў 1948 увайшло ў Антыкамуніст. славянскую лігу. ЗБА актыўна выступала супраць намаганняў пасольства СССР у Аргенціне прадстаўляць інтарэсы Беларусі. У 1949—54 у Аргенціне працавала прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з Мерляком. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страчваюць сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. У сувязі з рэпатрыяцыяй прыхільнікаў бел.нац. ідэі з ліку прац. эміграцыі (каля 15 тыс.чал.), выездам прадстаўнікоў ваенна-паліт. эміграцыі ў ЗША бел.нац. змястоўнасць ў грамадска-культ. жыцці суайчыннікаў амаль знікае. Паступова ліквідуецца і адна з найбуйнейшых арг-цый «Белорусский очаг» (з 1951, налічвала 15—18 тыс. пераважна сав. грамадзян). З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны» (больш за 2 тыс.чал.), куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У сучаснай бел. дыяспары Аргенціны каля 150 тыс. прадстаўнікоў бел. эміграцыі розных пакаленняў.
Літ.:
Пименова Р.А. Аргентина. М., 1987;
Культура Аргентины. М., 1977;
Arte argentino contemporaneo: [Catalogo]. Madrid, 1976.
Герб і сцяг Аргенціны.Аргенціна. Статак авечак у Патагоніі. Правінцыя Санта-Крус.Аргенціна. Пейзаж аргенцінскай Пуны.Аргенціна. Нацыянальны парк Наўэль-Уапі.Аргенціна. Горад Кордава.Да арт.Аргенціна. Спартыўная зала-басейн у Буэнас-Айрэсе. Арх. Э.Лестан. 1988.Да арт.Аргенціна. Руіны царквы Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес. 18 ст.Да арт.Аргенціна. Э. Петаруці. Квінтэт. 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala),
Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м.Пл. 108,9 тыс.км². Нас. 10 446 тыс.чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г.Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.
Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх.ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш.Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.
Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс.н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж. пераварот. Урад Х.Р.Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац. адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.У.Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.—снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.В.Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен. кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспуск Нац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн.паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац.рэв. адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.
Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр.краіны, столькі ж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс.т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр.ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн.т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн.харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаў найб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс.т нафты, 1,4 тыс.т свінцу, 1,3 тыс.т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн.кВт∙гадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн.прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс.км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіныЛац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пра́ва1, ‑а, н.
1. Сістэма ўстаноўленых ці санкцыянаваных і забяспечаных дзяржавай агульнаабавязковых норм (правіл паводзін), якія выражаюць дзяржаўную, абумоўленую эканамічным ладам грамадства волю пануючых у грамадстве класаў (у сацыялістычнай агульнанароднай дзяржаве — волю ўсяго народа). Выбарчае права.
2. Навука аб гэтых правілах, аб правах. Факультэт права.
3. Правамоцтва, якое належыць пэўнай асобе. Права на працу. Права на адукацыю. □ Права на адпачынак ажыццяўляецца ў нашай краіне шляхам устанаўлення для рабочых і служачых штогадовых водпускаў.«Маладосць».// Афіцыйны дазвол, допуск да выканання якіх‑н. абавязкаў, для заняцця якой‑н. пасады. [Сцёпка] раптам набраўся смеласці і, трымаючы ў руках свой лісток на права здаваць экзамен, стаў у невялікую чаргу.Колас.//толькімн. (правы́, ‑оў). Дакумент, які дазваляе каму‑н. кіраваць аўтамабілем, матацыклам і пад. Атрымаць правы.
4. Магчымасць дзейнічаць якім‑н. спосабам. Закон і права ў долі роўнай Для ўсіх законаў, для ўсіх нацый Рукой жалезнай, непакорнай Напішаш, дыктатура працы.Купала.
5. Падстава, прычына. Сцвярджаць з поўным правам.
•••
Актыўнае выбарчае права — права грамадзян удзельнічаць у выбарах у прадстаўнічыя органы дзяржаўнай улады.
Дзяржаўнае права — сукупнасць юрыдычных норм, якія замацоўваюць асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу краіны.
Прыгоннае права — права памешчыка распараджацца прыгоннымі сялянамі, якія належалі яму, іх жыццём і маёмасцю.
Рымскае права — сукупнасць прававых норм, выпрацаваных у Старажытным Рыме, якія выражалі волю пануючага класа рабаўладальнікаў і былі засвоены многімі еўрапейскімі дзяржавамі.
Рэчавае права — частка грамадзянскай права, якая вызначае нормы валодання рэчамі.
Кулачнае права — панаванне моцнага над слабым, узброенага над няўзброеным і пад., заснаванае на адным толькі насіллі і не падмацаванае маральна і юрыдычна.
Сваё права правіцьгл. правіць.
пра́ва2,
У выразе: права руля — каманда, якая падаецца для павароту руля ўправа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГА́МБУРГ (Freie und Hansestadt Hamburg),
горад на ПнФРГ, на р. Эльба, за 110 км ад Паўночнага м. Утварае самаст.адм. адзінку — зямлю Гамбург (пл. 755,3 км²). Нас. 1702,9 тыс.ж., разам з прыгарадамі (у т. л. па-за адм. межамі зямлі) больш за 2 млн.ж. (1994). Трансп. вузел (аўтадарогі, чыгункі). Гал. марскі порт краіны (больш за 50% суднаў марскога флоту ФРГ; грузаабарот каля 85 млн.т штогод). Міжнар. аэрапорт Фульсбютэль. Другі па колькасці жыхароў горад ФРГ, важны прамысл., гандл., фін. і культ.цэнтр.Прам-сць: суднабудаванне і дапаможныя яму галіны машынабудавання, авіябудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная; каляровая металургія, дакладная механіка, нафтаперапр., хім. і гумавая, лёгкая, паліграф. і дрэваапр., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, алейная, тытунёвая, піваварная, маргарынавая, шакаладная, кансервавая, перапрацоўка кавы, чаю); вытв-сцьмуз. інструментаў (раялі). Кінапрамысловасць. Цэнтр газетна-выдавецкай справы. Буйныя гандл. прадпрыемствы, біржы, у т. л. фондавая і таварныя (кавы, чаю, цукру, каўчуку), банкі. Метрапалітэн. Ін-т ядзерных даследаванняў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Дзярж. опера. Заапарк Гагенбека.
Узнік каля 825 як умацаваны замак. З 831 цэнтр епіскапства, у 843—45 і 1043—72 — архіепіскапства. У 1215 аб’яднаны старая і новая ч. горада. Адзін з першых (з 1241) і найб. уплывовых (пасля Любека) чл.Ганзы. У 1376, 1458, 1483, 1685, 1693 адбыліся цэхавыя і плебейскія паўстанні супраць патрыцыяту, які канцэнтраваў уладу ў гар. савеце. З 1510 вольны імперскі горад. У 1529 у Гамбургу праведзена Рэфармацыя. У 1558 тут засн. першая ў Паўн. Еўропе біржа. Культ. росквіт у 17—18 ст. (у 1678 засн. першы ў Германіі оперны т-р, у 1767 — Гамбургскі нац.т-р). У 1806 акупіраваны франц. войскамі. Вольны горад у складзе Германскага (з 1815) і Паўн.-германскага (з 1867) саюзаў, Герм. імперыі (1871—1918, яе «марскія вароты»). У Гамбургу адбылося Гамбургскае паўстанне 1923. У 1938 у склад Гамбурга ўключаны гарады Альтана, Гарбург-Вільгельмсбург, Вандсбек і шэраг сельскіх раёнаў. У 2-ю сусв. вайну дзейнічалі антыфаш групы, горад амаль цалкам зруйнаваны бамбардзіроўкамі ў 1943—45. Пасля паражэння фат. Германіі ў брыг. зоне акупацыі. З 1949 мае статус зямлі ФРГ.
Сярод арх. помнікаў: у стылі т.зв. цаглянай готыкі — Катарыненкірхе (каля 1380—1426; вежа 1658) і Якабікірхе (2-я пал. 14 ст.), барока — Міхаэліскірхе (1751—78) з вежай «Вялікі Міхель» (1777—86; выш. 132 м). Захавалася некалькі кварталаў з будынкамі 17—19 ст. Пабудовы 20 ст.: дамы «Чылегаўз» (1922—23) і «Шпрынкенгоф» (1922, арх. абодвух Ф.Гёгер), парк для выставак і адпачынку «Плантэн ун Бломен» (1953), оперны т-р (1954—55, арх. Г.Вебер; у сааўт.), мост цераз Эльбу (1955, Б.Гермкес), царква св. Тройцы (1956, Р.Рымершмід) і інш. Помнікі: Бісмарку ў гавані (1906, скульпт. Г.Ледэрэр), ахвярам бамбардзіровак Гамбурга на могілках Ольсдорф (1949—52, скульпт. Г.Маркс). Музеі: Альтонскі, Кунстгале, этнаграфіі, мастацтва і рамёстваў, Дом Эрнста Барлаха і інш.
Да арт.Гамбург. Панарама горада. На пярэднім плане Міхаэліскірхе з вежай «Вялікі Міхель».