ЭТЫЛЕ́Н, этэн,

арганічнае ненасычанае злучэнне, першы член гамалагічнага рада алкенаў, CH2=CH2 У прыродзе практычна не сустракаецца. У нязначнай колькасці ўтвараецца ў тканках раслін і жывёл як прамежкавы прадукт абмену рэчываў. Мае ўласцівасці фітагармонаў.

Бясколерны газ са слабым эфірным пахам, шчыльн. пры 0 °C 1,245 кг/м³, tпл -169.5 °C, tкіп -103,7 °C. Слаба раствараецца ў вадзе, добра — у дыэтылавым эфіры і вуглевадародах. З паветрам утварае выбухованебяспечныя сумесі. Э. вельмі рэакцыйназдольны. Асн. метад атрымання — піроліз нафтапрадуктаў. Выкарыстоўваюць як зыходнае злучэнне для атрымання поліэтылену, вокісу этылену і інш., для дэфаліяцыі раслін і зніжэння заўчаснага ападання пладоў. Валодае слабым наркатычным дзеяннем; ГДК 50 мг/м³.

т. 18, кн. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́БЛЫЧНАЯ КІСЛАТА́ гідраксібурштынавая кіслата,

дыкарбонавая аксікіслата, HOOCCH(OH)CH2COOH; адзін з прамежкавых прадуктаў абмену рэчываў у жывых арганізмах (удзельнічае у выглядзе малату ў трыкарбонавых кіслот цыкле). У свабодным стане пашырана ў раслінах (яе шмат у яблыках, вішнях, слівах, рабіне і інш., лісці махоркі, вегетатыўных органах сукулентаў). Існуе ў выглядзе стэрэаізамераў і рацэмату.

Бясколерныя крышталі. tпл для стэрэаізамераў 100 °C, для рацэмата — 128 °C. Добра раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў бензоле. Солі і эфіры Я.к. — малаты. Выкарыстоўваюць у прам-сці пры вытв-сці він. фруктовых вод і кандытарскіх вырабаў; у медыцыне — састаўная ч. слабільных сродкаў і прэпаратаў ад хрыпаты.

т. 18, кн. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, аліфатычныя злучэнні,

арганічныя злучэнні, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у адкрытыя лінейныя ці разгалінаваныя ланцугі. Ацыклічныя злучэнні з простымі сувязямі паміж атамамі вугляроду адносяцца да насычаных злучэнняў, з адной ці некалькімі двайнымі або трайнымі вуглярод-вугляроднымі сувязямі — да ненасычаных злучэнняў. Пад уздзеяннем каталізатараў і высокіх т-р адбываюцца хім. ператварэнні паміж насычанымі і ненасычанымі ацыклічнымі злучэннямі, а таксама паміж ацыклічнымі злучэннямі і аліцыклічнымі злучэннямі. Практычнае значэнне мае ператварэнне ацыклічных злучэнняў у араматычныя (гл. Араматызацыя). Да ацыклічных злучэнняў належаць вуглевадароды і іх вытворныя (спірты, кіслоты, эфіры, аміны і інш.), тлушчы і вугляроды (цукры, крухмал, клятчатка і інш.). Асн. крыніца ацыклічных злучэнняў — нафта, прыродны газ, прадукты расліннага паходжання.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТА́ТЫ ЦЭЛЮЛО́ЗЫ, ацэтылцэлюлоза,

вытворныя цэлюлозы (воцатнакіслыя эфіры) формулы [C6H7O2(OH)3-x (OCOCH3)x] n; тэрмапластычныя палімеры. Мал. м. 25—115 тыс., 52—61,5% звязанай воцатнай кіслаты, т-ра размякчэння 190—210 °C, шчыльн. (1,29—1,33)∙10​3 кг/м³, нерастваральныя ў вадзе, спірце. Ацэтат цэлюлозы, які мае 60—61,5% воцатнай кіслаты (трыацэтат), у тэхніцы наз. першасным, пры яго частковым гідролізе ўтвараецца другасны ацэтат цэлюлозы з колькасцю воцатнай кіслаты 52—58%. Ацэтаты цэлюлозы няўстойлівыя да разбаўленых кіслот і шчолачаў, маюць добрыя валокна- і плёнкаўтваральныя ўласцівасці. Трыацэтат атрымліваюць апрацоўкай бавоўнавай ці драўніннай цэлюлозы воцатным ангідрыдам, другасны — амыленнем трыацэтату водным растворам воцатнай кіслаты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ацэтатнага валакна, электраізаляцыйных плёнак і кінаплёнак, пластмасаў (напр., этролы).

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛАВАЯ КІСЛАТА́, 3, 4, 5-трыгідраксібензойная кіслата,

арганічнае злучэнне, C6H2(OH)3COOH. Адкрыў у 1786 швед. хімік К.​Шэеле ў выцяжках з чарнільных арэшкаў (галаў).

Існуе як монагідрат (C7H6O5∙H2O) — бясколерныя крышталі, цямнеюць на святле, шчыльн. 1694 кг/м³ (6 °C), пры 100—120 °C трацяць ваду, tпл бязводнай 240 °C (з раскладаннем). Добра раствараецца ў кіпячай вадзе і спірце. Аднаўляе солі (напр., золата і серабра) да металаў, з хларыдам жалеза (FeCl3) дае сіне-чорную афарбоўку. Складаныя эфіры галавай кіслаты — антыаксіданты тлушчаў і алеяў. Галавую кіслату маюць у сабе чай, дубовая кара, дубільныя экстракты. Атрымліваюць гідролізам танінаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пірагалолу, лек. сродкаў, фарбавальнікаў, у аналіт. хіміі.

т. 4, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЫМІДЗІ́НАВЫЯ АСНО́ВЫ, пірымідзіны,

прыродныя вытворныя пірымідзіну. Уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, нуклеатыдаў, каферментаў і інш. біялагічна актыўных злучэнняў. У малекулах нуклеінавых кіслот акрамя кананічных П.а. — цытазіну (4-аміна-2-пірымідон), тыміну (5-метыл-пірымідзін-2,4-дыен), урацылу (пірымідзін-2,4-дыен) ёсць, у адносна невял. колькасці, т.зв. мінорныя П.а. (5-метылцытазін, 5-карбаксіметылурацын і інш.). Паслядоўнасць пурынавых і П.а. у полінуклеатыдным ланцугу вызначае генетычную інфармацыю ДНК і матрычных РНК.

П.а. — бясколерныя высакаплаўкія (tпл >300 °C) крышталі. Раствараюцца ў гарачай вадзе, нерастваральныя ў этаноле і дыэтылавым эфіры. Існуюць у таўтамерных формах. Біясінтэз П.а. у клетках адбываецца ў выніку ператварэнняў вытворных аротавай кіслаты. Атрымліваюць звычайна метадам кіслотнага гідролізу нуклеінавых кіслот.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІШЧЫМУ́КА Пётр Сямёнавіч (4.2.1879, г. Лубны Палтаўскай вобл. Украіна — 2.5.1965),

вучоны ў галіне арган. хіміі. Чл.-кар. АН Беларусі (1940), д-р хім. н. (1939), праф. (1917). Скончыў Новаалександрыйскі с.-г. ін-т (1904), Брэслаўскі ун-т (1914, Германія). З 1904 у Новаалександрыйскім, з 1916 у Харкаўскім с.-г. ін-тах, у 1928—33 заг. аддзела Ін-та лясной гаспадаркі ў г. Харкаў, у 1943—50 і 1957—63 заг. кафедры Харкаўскага с.-г. ін-та. Устанавіў, што пры зброджванні амінакіслот дражджавымі і плесневымі грыбкамі атрымліваюцца спірты і складаныя эфіры (як прамежкавыя прадукты). Распрацаваў сінтэз алкалоіду гардэніну.

Тв.:

Материалы по вопросу об анализе живицы (разам з Л.​І.​Каркузакі) // Лесохим. промышленность. 1934. №8 (20).

П.С.Пішчымука.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НЫ ВОСК,

тлушчападобнае жаўтаватае рэчыва, якое выдзяляецца васковымі залозамі пчол меданосных і выкарыстоўваецца імі для пабудовы пчаліных сотаў. На пабудову пчалінай ячэйкі ідзе каля 13—30 мг воску (50—120 васковых пласцінак). У склад П.в. ўваходзяць больш за 50 хім. злучэнняў: складаныя эфіры (да 75%), тлустыя кіслоты, вуглевадароды, вітамін A, мінер. солі, смолы, расл. пігменты і інш. Т-ра плаўлення 60—65 °C. Нерастваральны ў вадзе і гліцэрыне, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Сыравіна для атрымання П.в. — суш (васковыя нарасты, выбракаваныя соты), вытапкі, пасечная і заводская мерва. Пры сонечнай васкатопцы атрымліваецца больш чысты, светла-жоўты П.в. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, медыцыне, касметыцы, для вырабу штучных вашчын.

В.​І.​Сапега.

Пчаліны воск.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЯ́ЛАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

аднаасноўныя поліаксіамінакіслоты, вытворныя нейрамінавай кіслаты. У звязаным стане (уваходзяць у састаў глікапратэідаў, глікаліпідаў і інш.) прысутнічаюць ва ўсіх тканках жывёл і чалавека, у некат. мікраарганізмах. У свабодным выглядзе выяўлены ў спіннамазгавой вадкасці, слізістай абалонцы страўніка, шчытападобнай залозе.

Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, не раствараюцца ў эфіры, мала — у метаноле. Моцныя к-ты. С.к. вызначаюць антыгенныя рэцэптарныя ўласцівасці паверхні клетак, удзельнічаюць ва ўзаемадзеянні клетак з вірусамі, таксінамі, гармонамі. Надаюць высокую вязкасць сакрэтам слізістых абалонак дыхальных і палавых шляхоў, страўніка, што ахоўвае іх ад мех. і хім. пашкоджанняў, пранікнення бактэрый. Узровень С.к. у крыві павышаецца пры многіх запаленчых захворваннях, інфаркце міякарда, злаякасных пухлінах і інш., памяншаецца пры некат. прыроджаных захворваннях печані.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛЬФІ́ТЫ,

солі і эфіры сярністай к-ты H2SO3. Найб. шырока выкарыстоўваюць неарган. С. — сярэднія (з аніёнам SO32−) і кіслыя, ці гідрасульфіты (з аніёнам HSO3−), солі.

Сярэднія С. — крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе (акрамя С. шчолачных металаў і амонію). Моцныя аднаўляльнікі; пры награванні ў паветры лёгка акісляюцца да сульфатаў. Пры награванні крышт. кіслых С. натрыю і калію ўтвараюцца солі пірасярністай к-ты H2S2O5 (у свабодным стане не вылучана) — пірасульфіты Na2S2O5 i K2S2O5 — крышт. рэчывы, пры t>160 °C раскладаюцца; аднаўляльнікі. Выкарыстоўваюць С. і пірасульфіты пры адбельванні і фарбаванні тканін, валокнаў, скуры, С. кальцыю [Ca(HSO3)2 i CaSO3] як дэзінфіцыруючыя сродкі ў вінаробстве і вытв-сці цукру, K2S2O5 як кампанент фіксажу ў фатаграфіі, антыаксідант, антысептык.

т. 15, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)