вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урадСаюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у 1946—91. Створаны ў выніку пераўтварэння Савета Народных Камісараў (закон ад 15.3.1946). Да 1989 утвараўся Вярхоўным Саветам СССР на 1-й сесіі чарговага склікання ў складзе старшыні, першых намеснікаў, намеснікаў старшыні, міністраў СССР, старшынь дзярж. к-таў СМСССР, старшыні к-таДзярж. бяспекі пры СМСССР (да ліп. 1978). Уваходзілі таксама паводле сваіх пасад старшыні Саветаў Міністраў саюзных рэспублік. СМСССР аб’ядноўваў і накіроўваў работу агульнасаюзных і саюзна-рэсп. міністэрстваў, рабіў захады па ажыццяўленні планаў сац.-эканам. развіцця, умацаванні крэдытна-грашовай сістэмы, кіраваў агульным будаўніцтвам узбр. сіл краіны, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва ў галіне зносін з замежнымі дзяржавамі і г.д.; выдаваў пастановы і распараджэнні на падставе дзеючых законаў. Паводле закона СССР ад 1.12.1988, які ўнёс змены ў Канстытуцыю СССР 1977, пастаянна дзеючы Вярх. СаветСССР зацвярджаў склад СМСССР і прызначаў яго старшыню, якога зацвярджаў З’езд народных дэпутатаў СССР. У студз. 1991 замест СМСССР утвораны Кабінет Міністраў СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кабіне́т, ‑а, М ‑неце, м.
1. Рабочы пакой у доме, кватэры. Як пісьменнік працуе над словам? Звычайна адбываецца гэта ў цішыні кабінета, за зачыненымі дзвярамі.Шкраба.// Службовае памяшканне ва ўстанове, на прадпрыемстве для адказнага работніка. Кабінет старшыні. □ Кабінет Ніны Іванаўны, дырэктара дзіцячага дома, быў квадратным з адным шырокім акном на паўднёвы ўсход.Васілевіч.Начальніка цэха, які.. ўсіх навічкоў прымаў асабіста, .. [Міхал і Лёдзя] знайшлі ў кабінеце.Карпаў.
2. Спецыяльнае памяшканне, абсталяванае для заняткаў, працэдур (у навучальных і навукова-даследчых установах, паліклініках і пад.). Хімічны кабінет. Рэнтгенаўскі кабінет. Кабінет мовы і літаратуры.
3.Урад у некаторых дзяржавах (Індыі, Аўстраліі і інш.), які складаецца з міністраў. Змена кабінета.
4. У Расіі 18 — пачатку 19 ст. — назва некаторых урадавых устаноў (асабістай канцылярыі цара, кіраўніцтва гаспадарчымі і фінансавымі справамі царскага двара). Кабінет яго вялікасці.
•••
Кабінет міністраў — тое, што і кабінет (у 3 знач.).
[Фр. cabinet.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРГАНІ́ЧНАЯ ШКО́ЛАў сацыялогіі,
кірунак у зах. сацыялогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., звязаны са спробамі тэарэт. абгрунтаваць сутнасць і развіццё грамадства на аснове аналогіі з прыродай жывога арганізма. Абапіраючыся на дасягненні біялогіі (клетачнай будовы арганізмаў і эвалюцыйнай тэорыі Дарвіна), імкнулася, каб сацыялогія заняла прамежкавае месца паміж прыродай чалавека і чалавечым грамадствам. Асобныя прынцыпы такой тэорыі вядомы яшчэ ў сац.-філас. канцэпцыях Платона, Арыстоцеля, Гобса, Мантэск’е і інш. У поглядах Кона і Спенсера ідэя біял. рэдукцыянізму набыла больш выразны сацыялагічны характар. Класічныя прадстаўнікі школы А.Шэфле (Германія), Р.Вормс і А.Эспінас (Францыя), П.Ліліенфельд (Расія) сцвярджалі, што грамадства і ёсць арганізм, атаясамліваючы чалавека з клеткай, сац. інстытуты з яго органамі (напр., урад з галаўным мозгам, трансп. зносіны з кровазваротам, сувязь з нерв. сістэмай і г.д.). Сац. канфлікты яны зводзілі да хвароб, а іх прафілактыку і лячэнне звязвалі з «сацыяльнай гігіенай». Падобныя аналогіі стваралі бачнасць тэарэт. вырашэння сац. праблем, але не давалі адказаў на шматлікія пытанні, з якімі сутыкаліся і навукоўцы, і практыкі (палітыкі, эканамісты, кіраўнікі і г.д.). Таму да пач. 20 ст. ідэі арганічнай школы саступілі месца больш строгім тэарэт. канцэпцыям, якія арыентуюцца на вывучэнне грамадства як больш складанай і самаст. сістэмы.
Літ.:
Вормс Р. Биологические принципы в социальной эволюции: Пер. с фр. Киев, 1912;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧА ПАХО́Д 1920,
ваенная акцыя Рус.нар. добраахвотніцкай арміі (з рус. і бел. вайсковых часцей) на чале з ген. С.Н.Булак-Балаховічам у ліст. 1920 на Палессі. Паліт. кіраўнік акцыі — старшыня Рус.паліт.к-та ў Польшчы Б.В.Савінкаў. Акцыя была разлічана на падтрымку сялянства, незадаволенага палітыкай «ваеннага камунізму». Меў на мэце стварэнне незалежнай Бел. дзяржавы і саюзнай з ёй Рас.дэмакр. рэспублікі. Падтрыманы начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім.
Сканцэнтраваўшы свае сілы ў раёне Лунінец—Мікашэвічы—Тураў, армія Булак-Балаховіча (20 тыс.чал.) 6.11.1920 пачала наступленне ўздоўж р. Прыпяць. Разбіўшы часці Чырв. Арміі, яна заняла Петрыкаў, Калінкавічы, Мазыр, падышла да Рэчыцы. У Мазыры Булак-Балаховіч абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы», галоўнакамандуючым усімі ўзбр. сіламі Беларусі і пракламаваў незалежнасць Беларусі; выдаў загад пра фарміраванне бел. войска, назначыў «урад Беларусі» на чале з П.П.Алексюком і абвясціў «звергнутымі» ўрады БССР і Бел.Нар. Рэспублікі. 16 ліст.Чырв. Армія пачала контрнаступленне і 20.11.1920 узяла Мазыр. Асн. сілы Булак-Балаховіча прабіліся на польскі бок фронту, большасць арміі была раззброена польск. ўладамі; інтэрніраваныя ў Белавежскай пушчы асобныя атрады ўдзельнічалі ў нападах на БССР да 1922.
Літ.:
Историко-стратегический очерк XVI-й армии. Могилев, 1921. С. 148—160;
Simanskij P. Kampanja białorusko-rosyjskiej armji ludowo-ochotniczej gen. Bułak-Bułachowicza w r. 1920 // Bellona. Warszawa, 1931. Т. 37, z. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1937.
Прынята 19.2.1937 Надзвычайным XII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 11 глаў, 122 артыкулаў. Поўнасцю адпавядала Канстытуцыі СССР 1936. БССР абвяшчалася сацыяліст. дзяржавай рабочых і сялян, у якой уся ўлада належала Саветам дэпутатаў працоўных, што складалі паліт. аснову рэспублікі. Эканам. асновай з’яўлялася сацыяліст. сістэма гаспадаркі і сацыяліст. ўласнасць на сродкі вытв-сці ў 2 формах: дзярж. і кааператыўна-калгаснай. Праца вызначалася як абавязак кожнага працаздольнага грамадзяніна па прынцыпе «ад кожнага — па яго здольнасці, кожнаму — па яго працы». Канстытуцыя канстатавала добраахвотнае аб’яднанне БССР на роўных правах з інш. саюзнымі рэспублікамі, суверэнітэт БССР з улікам норм Канстытуцыі СССР. Кожны грамадзянін БССР з’яўляўся грамадзянінам СССР, законы якога былі абавязковымі на тэр. Беларусі. Замацоўваліся асн. правы і свабоды грамадзян: права на працу, адпачынак, адукацыю, свабоду слова, друку, сходаў, мітынгаў; устанаўліваліся абавязкі грамадзян: выконваць законы, захоўваць дысцыпліну, прытрымлівацца правіл сацыяліст. жыцця, берагчы сацыяліст. ўласнасць, абараняць айчыну. Вышэйшым органам дзярж. ўлады быў Вярх. СаветБССР, а ў перыяд паміж сесіямі — яго Прэзідыум. Вярх. Савет ствараў урад — Савет Нар. Камісараў. Органы ўлады фарміраваліся праз выбары. Канстытуцыя рэгламентавала дзейнасць суда і пракуратуры. Зацвярджаліся дзярж. сімвалы, сталіца БССР — г. Мінск. Пасля Вял.Айч. вайны ў Канстытуцыю ўнесены шэраг змен і дапаўненняў, замацаваны правы рэспублікі ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІ́СЦКАЯ ПА́РТЫЯ, Нацыянал-сацыялісцкая германская рабочая партыя (Nationalsozialistische Deutsche Arbeiterpartei; НСДАП),
праваэкстрэмісцкая паліт. партыя ў Веймарскай рэспубліцы (1920—33), адзіная дзярж. партыя ў «Трэцім рэйху» (1933—45), старшынёй і «фюрэрам» (правадыром) якой быў А.Гітлер (ад скарачэння першага слова назвы партыі «нацы» паходзяць тэрміны «нацысты», «нацызм»). Узнікла на базе невялікай Герм. рабочай партыі, засн. у 1919 у г. Мюнхен пад старшынствам слесара А.Дрэкслера. Мела іерархічную і ваенізаваную структурную будову (гл.СА, СС), антыкамуніст. і антысеміцкую накіраванасць, выступала за рэвізію Версальскага мірнага дагавора 1919 і аднаўленне Германіі як вял. дзяржавы; ідэалогія — нацыянал-сацыялізм (гл.Нацызм). Сац. база — сярэднія пласты, ч. рабочых, ветэранаў 1-й сусв. вайны і буйных прамыслоўцаў (апошнія падтрымлівалі партыю грашамі). Пасля «піўнога путчу» 1923 у Мюнхене забаронена ўладамі Баварыі (да 1925). Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 атрымала большасць месцаў у рэйхстагу (1932) і Гітлер узначаліў урад (1933). Апіраючыся на тэрор СА і СС, інш. структуры партыі (у т. л.Гітлерюгенд), Гітлер хутка ўстанавіў у краіне фаш. дыктатуру. Найб. колькасць членаў — 8,5 млн. (1945). Пасля паражэння Германіі ў 2-й сусв. вайне на Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй, што падлягала ліквідацыі (гл.Дэнацыфікацыя). У 1930—40-я г. ў Вільні і інш. месцах дзейнічала Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (лідэр — Ф.Акінчыц, друкаваны орган — час.«Новы шлях»), Гл. таксама Фашызм, Неафашызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУ́БЛІКА (лац. respublica ад res справа + publicus агульны, усенародны),
форма дзярж. праўлення, пры якой вярх. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін органам; краіна з такім дзярж. ладам. Першыя Р. ўзніклі як антыпод манархіі яшчэ ў ант. эпоху. Існавалі ў рабаўладальніцкім (Карфаген, Афіны, Стараж. Рым) і феад. (Венецыя, Ноўгарад, Пскоў) грамадствах. У наш час Р. з’яўляецца асн. формай праўлення ў большасці краін. Форма праўлення, заснаваная на нар. прадстаўніцтве, лічыцца Р. незалежна ад таго, з’яўляецца права грамадзян на ўладу рэальным ці яно толькі дэкларуецца. Ступень забяспечанасці асабістых і паліт. правоў грамадзян ва ўмовах Р. залежыць ад сац.-эканам. ладу і суадносін паліт. сіл у грамадстве.
У залежнасці ад таго, перад кім нясе адказнасць урад — перад парламентам або прэзідэнтам — адрозніваюць Р. парламенцкія і прэзідэнцкія. У парламенцкіх Р. (напр., Індыя, Італія, Латвія, Малдова, ФРГ) прэзідэнт краіны выбіраецца парламентам, а ўрад утвараецца паліт. партыяй ці парт. кааліцыяй, якая мае большасць месцаў у парламенце. У прэзідэнцкіх Р. (Беларусь, ЗША, Мексіка, Рас. Федэрацыя і інш.) прэзідэнт выбіраецца непасрэдна насельніцтвам, або калегіяй выбаршчыкаў, адначасова ўзначальвае органы дзярж. улады і ўрад, які ён фарміруе.
Усталяванне рэсп. формы праўлення на Беларусі звязана з утварэннем 1.1.1919 БССР. 19.9.1991 на сесіі Вярх. Савета БССР была зацверджана новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь.
Літ.:
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, 1994 г. (са змян. і дап.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗАВІ́ТАЎ (Канстанцін Барысавіч) (17.11.1893, г. Даўгаўпілс, Латвія — 23.5.1946),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч. Скончыў Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916), Паўлаўскае ваен. вучылішча. Ўдзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917—18 нам. старшыні і сакратар ваен. аддзела Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Удзельнік абвяшчэння БНР (25.3.1918), чл. яе Рады, нар. сакратар ваен. спраў у 1-м урадзе БНР. У 1919 нач. канцылярыі Мін-вабел. спраў ва ўрадзе Літвы, кіраўнік Вайскова-дыпламат. місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Па даручэнні ўрада БНР устанавіў дыпламат. адносіны з урадамі Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, звяртаўся да ўрада ЗША з просьбай аб аказанні ваен. дапамогі БНР, вёў работу па арганізацыі бел. войска. У 1920 урадБНР прысвоіў Е. званне ген.-маёра. З 1921 у Рызе, займаўся публіцыстычнай, грамадска-паліт. і культ.-асв. дзейнасцю сярод беларусаў. У 1923—24 дырэктар Люцынскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. Удзельнік Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921) і Берліне (1925). Неаднаразова быў арыштаваны сав. і латв. ўладамі. У жн. 1941 ва ўмовах ням. акупацыі стварыў і ўзначаліў у Рызе Бел.цэнтр.к-т (у 1942 пераўтвораны ў Бел.нац. аб’яднанне). На 2-м Усебел. кангрэсе (чэрв. 1944, Мінск) абраны ў склад Беларускай цэнтральнай рады, дзе ўзначаліў гал.ваен. ўпраўленне, быў ген. інспектарам «беларускага вызваленчага войска», якое фарміравалася на тэр. Германіі. У чэрв. 1944 эвакуіраваўся ў Рыгу, у жн. 1944 — у Берлін. 26.4.1945 затрыманы сав. контрразведкай і перапраўлены ў Маскву, у ліст. 1945 — у Мінск. Памёр у турэмнай бальніцы ў час следства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІ КАНФЛІ́КТ 1929,
канфлікт з-за Кітайскай Чанчуньскай чыгункі (КЧЧ). Паводле сав.-кіт. пагаднення 1924 (гл.Савецка-кітайскія пагадненні) КЧЧ знаходзілася ў сумесным валоданні СССР і Кітая, але фактычна кіравалася сав. бокам. Пасля пашырэння ўлады Нац.кіт. ўрада ў Нанкіне да 1929 на тэр. Маньчжурыі (гл.Рэвалюцыя 1925—28 у Кітаі) ён запатрабаваў усталявання над КЧЧ кіт. суверэнітэту, лічачы гэта часткай барацьбы Кітая супраць няроўных дагавораў і пагадненняў. 10—11 ліп. войскі ваен. правіцеля Маньчжурыі маршала Чжан Сюэляна ў аднабаковым парадку захапілі КЧЧ, адхіліўшы ад працы сав. работнікаў. У адказ урадСССР разарваў дыпламат. адносіны з Кітаем. 6 жн. была створана Асобая Далёкаўсх армія (АДУА) на чале з В.К.Блюхерам. 17 ліст. часці АДУА на чале з С.С.Вастрацовым перайшлі сав.-кіт. граніцу ў раёне станцыі Маньчжурыя. У 3-дзённых баях яны разбілі 2 брыгады кіт. арміі (20 тыс.чал.), узяўшы ў палон больш як палавіну іх асабовага складу. У баявых дзеяннях на р. Сунгары ўдзельнічала Амурская ваен. флатылія, якая разграміла Сунгарыйскую флатылію праціўніка. 21 ліст.кіт. бок прапанаваў пачаць перагаворы. З снеж. быў падпісаны пратакол у Нікольску-Усурыйскім з прадстаўнікамі Чжан Сюэляна, а 22 снеж. — у Хабараўску з прадстаўнікамі Нац.кіт. ўрада пра аднаўленне на КЧЧ статус-кво Канчаткова канфлікт урэгуляваны з аднаўленнем сав.-кіт.дыпламат. адносін у 1932.
Літ.:
Кулагин В.М., Яковлев Н.Н. Подвиг Особой Дальневосточной. М., 1970;
Конфликт на КВЖД: Из истории Сов. Вооруж сил. Хабаровск, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (БНР),
абвешчана ў 1918. Ідэю афармлення бел. дзяржаўнасці выпрацоўвалі ў 1915—18 розныя партыі і арг-цыі, у т. л.Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), Беларускі народны камітэт, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Напачатку разглядаліся варыянты: аўтаномія ў складзе дэмакр.Рас. федэрацыі, літоўска-бел. канфедэрацыя, незалежная бел. дзяржава. Ідэя БНР упершыню выказана на Усебеларускім з’ездзе 1917. Незалежніцкія настроі ў бел. руху ўзмацніліся пасля разгону Усебел. з’езда. Удзельнікі Беларускай канферэнцыі 1918 (Вільня) і выбраная на ёй Віленская беларуская рада (ВБР) не адмаўляліся ад ідэі бел.-літ. канфедэрацыі, але пасля абвяшчэння 16.2.1918 незалежнасці Літвы цалкам сталі на незалежніцкія пазіцыі.
Пасля зрыву мірных перагавораў у Брэсце і наступлення Германіі (18.2.1918) Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту 19.2.1918 перабраліся з Мінска ў Смаленск. Дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Устаноўчага сейма. 21.2.1918 Выканком Рады прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я.Я.Варонкам. Аднак Выканком яшчэ трымаўся рэзалюцыі з’езда, паводле якой Беларусь павінна была ўвайсці ў склад Рас.дэмакр. рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэсп. ладам. Пасля падпісання Брэсцкага міру 1918 незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся. Выканком Рады Усебел. з’езда прыняў 9.3.1918 Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якой краіна фармальна абвяшчалася Бел.Нар. Рэспублікай. 18.3.1918 Рада Усебел. з’езда ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.3.1918 прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Але незалежная Беларусь не адпавядала інтарэсам суседніх дзяржаў: Расія і Польшча лічылі яе часткай сваёй тэрыторыі; на часткі зямель Беларусі прэтэндавалі Літва, Украіна, Латвія. Праціўнікамі незалежнай бел. дзяржавы былі польск. і рус. арг-цыі на Беларусі, пэўныя яўр. колы. Германія таксама не прызнала акт 25 сак., бо разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР. Такія абставіны вымусілі кіраўніцтва БНР пайсці на аб’яднанне з апазіцыйнымі дзеячамі «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (П.П.Аляксюк, Р.А.Скірмунт і інш.), што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за бел.-герм. збліжэнне. 25.4.1918 яны разам са старшынёй Рады БНР І.М.Серадой, старшынёй Нар. сакратарыята Варонкам, А.Аўсянікам, П.А.Крачэўскім, Я.Ю.Лёсікам ад імя ўсёй Рады ў тэлеграме на імя кайзера Вільгельма II заявілі, што добрую будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Гэта стала адной з прычын расколу БСГ і крызісу ўрада БНР. У маі 1918 створана часовая Рада пяцёх сацыялістаў-федэралістаў на чале з Варонкам, але правыя лідэры адхілілі яе і стварылі новы ўрад БНР на чале са Скірмунтам. Такім чынам, з’явіліся 2 урады БНР, што выклікала абурэнне левых. У чэрв. створаны кааліцыйны ўрад (увайшлі правыя і левыя) на чале з Серадой, старшынёй Рады БНР стаў Лёсік. Герм.ваен. камандаванне, разглядаючы Раду БНР як пасрэдніка паміж ням. ўладамі і бел. народам, перадало ў кампетэнцыю Нар. сакратарыята гандаль, прам-сць, сац. апеку, асвету і культуру. Нар. сакратарыят БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі бел.нац. інстытутаў, прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы. Працавалі ад 150 да 350 бел. школ, гімназіі ў Будславе, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Гродне, Свіслацкая настаўніцкая семінарыя і Мінскі пед.ін-т. У крас. 1918 засн. Мінская вышэйшая муз. школа, Каталіцкая духоўная семінарыя, створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Бел. ун-та ў Мінску. У Вільні створана Бел.навук.т-ва. Працавалі выдавецтвы, выходзілі бел. газеты, ствараліся культ.-асв. т-вы, тэатр. калектывы. Летам 1918 адкрыты консульствы БНР на Украіне і ў Літве, дыпламат. місіі накіраваны ў шэраг еўрап. краін, уводзіўся пашпарт БНР, у т. л. дыпламатычны, узаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пасля паражэння Германіі на Зах. фронце і пачатку эвакуацыі ням. войскаў БНР засталася безабароннаю перад бальшавікамі і польск. легіёнамі. Гэтыя абставіны падштурхнулі да Рады БНР прадстаўнікоў нац. меншасцяў і іх правых партый. У такой сітуацыі на чале ўрада стаў дзеяч бел. руху А.І.Луцкевіч, Нар. сакратарыят перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. 11.10.1918 Рада БНР зацвердзіла часовую канстытуцыю. Урад Луцкевіча гатовы быў увесці на Беларусі сав. канстытуцыю пры ўмове прызнання Сав. Расіяй незалежнасці БНР. Аднак гэта прапанова не была прынята Масквой. У снеж. 1918 урадБНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна (лічылася сталіцай БНР да вер. 1919, пакуль Рада БНР не вярнулася ў Мінск). У Гродне дзейнічалі 2 дзярж. структуры: урадБНР і Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У гэты час урадБНР выступаў супраць прэтэнзій Польшчы на бел. тэрыторыі і прызыву беларусаў у Войска Польскае, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. Абвяшчэнне 1.1.1919 Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзеячы БНР успрынялі як перамогу іх справы, аднак разглядалі гэты акт як тактычны крок бальшавікоў. У 1919 прадстаўнікі Рады БНР, ВБР, Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны вялі кансультацыі і перагаворы з польск. ўладамі, спадзеючыся на іх дапамогу ў будаўніцтве бел. дзяржавы і аб’яднанні бел. зямель. Аднак урад Пілсудскага не прызнаў права Беларусі на дзярж. самастойнасць, хоць у 1919—20 у Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Фінляндыі, Турцыі працавалі дыпламат. і вайскова-дыпламат. місіі, консульствы і прадстаўніцтвы БНР. Рада ў выніку складанага ваенна-паліт. становішча не змагла рэалізаваць ідэю дзярж. суверэнітэту БНР. Пазіцыю с.-д. кіраўніцтва БНР не падтрымалі сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты, абвінаваціўшы яго ў згодніцтве і здрадзе, і патрабавалі дадатковых выбараў у Раду БНР. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У сак.—маі 1920 Найвышэйшая рада працягвала перагаворы з польск. ўладамі адносна дзярж. ўладкавання Беларусі. Нар. рада шукала кантакты з РСФСР, але іх намаганні аказаліся марнымі з прычыны савецка-польскай вайны 1920, падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, Рыжскага мірнага дагавора 1921. Падзел тэр. Беларусі [далучэнне Зах. Беларусі да Польшчы і знаходжанне Віцебскай і Магілёўскай (Гомельскай) губ. у складзе РСФСР] прывёў да стварэння адзінага бел.нац. блока. Нар. рада была прызнана адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа і перайменавана ў Раду БНР. У канцы 1920 кіраўніцтва БНР пераехала ў сталіцу Літвы Каўнас. Першая Усебеларуская канферэнцыя (Прага, вер. 1921) пацвердзіла акт 25.3.1918, прызнала Раду і ўрад БНР як адзіныя законныя органы і ўладу Беларусі. У 1922 кіраўнікі ўрада БНР В.Ю.Ластоўскі і міністр замежных спраў А.І.Цвікевіч спрабавалі паставіць бел. пытанне на Генуэзскай канферэнцыі. У жн. 1923 сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Цвікевічам. У кастр. 1923 кіраўніцтва БНР выехала ў Прагу. Новая эканам. палітыка (нэп), утварэнне СССР, палітыка беларусізацыі, узбуйненне БССР спарадзілі ў Зах. Беларусі і бел. эміграцыі прасав. настроі. Пасля амністыі праціўнікам сав. улады некаторыя дзеячы БНР і бел. культуры вярнуліся ў БССР. У гэтых умовах у Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам нац. адраджэння Беларусі, але рашэнні яе не былі прызнаны Прэзідыумам Рады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. В.І.Захарка не прызналі Сав. Беларусь. Дзярж. пячатка і дзярж. архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці Крачэўскага старшынямі Рады БНР былі Захарка (з 1928), М.С.Абрамчык (з 1943), В.Жук-Грышкевіч (з 1970), Я.Сажыч (з 1982).
Літ.:
Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918 (репр. изд. Мн., 1990);
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928. Тое ж.Мн., 1991;
Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дакументы і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Яго ж. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;
Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992.
А.М.Сідарэвіч.
Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Злева направа: сядзяць — А.Бурбіс, Я.Серада, Я.Варонка, В.Захарка; стаяць — А.Смоліч, П.Крачэўскі, К.Езавітаў, А.Аўсянік, Л.Заяц. Мінск. 1918.Члены Беларускай калегіі ў Латвіі і Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі. Рыга. 1920. БДАМЛМ.