СТРУКТУ́РНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,
сукупнасць поглядаў на мову і метады яе даследавання, у аснове якіх разуменне мовы як знакавай сістэмы з дакладна вылучанымі структурнымі элементамі (адзінкамі мовы, іх класамі і інш.) і імкненне да строга фармальнага яе апісання, што набліжаецца да дакладных навук; галіна мовазнаўства. Для С.л. характэрна асаблівая ўвага да структуры мовы як да сеткі адносін (проціпастаўленняў) паміж элементамі моўнай сістэмы (гл. Апазіцыя ў мовазнаўстве). Разглядаецца ў 2 кірунках мовазнаўства: асн. (агульная тэорыя навукі для лінгвістыкі — інфарматыка для лінгвістыкі) і прыкладным (лінгвістыка для агульнай тэорыі навукі — лінгвістыка для інфарматыкі). Лінгвістычныя універсаліі суадносяцца са знакавымі сістэмамі, генератыўнай лінгвістыкай, лінгвістычнай тыпалогіяй і інш.; матэматычныя методыкі — з інфарматыкай, аўтам. перакладам і інш.
Склалася ў 1920—30-я г. Пачалі яе Ф. дэ Сасюр (жэнеўская школа), М.С.Трубяцкой, Р.В.Якабсон (Маскоўскі і Пражскі гурткі), Л.Ельмслеў, В.Брэндаль (капенгагенская школа). Уклад у С.л. зрабілі І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Е.Курыловіч, А.Марцінэ, Э.Бенвеніст, Л.Тэньер і інш.
На Беларусі ў галіне С.л. працавалі і працуюць А.В.Зубаў, Г.П.Кліменка, В.У.Мартынаў, А.Я.Міхневіч, Б.Ю.Норман, Б.А.Плотнікаў, А.Я.Супрун, Г.А.Цыхун і інш.
Літ.:
Апресян Ю.Д. Идеи и методы современной структурной лингвистики. М., 1966;
Мельчук И.А. Опыт теории лингвистических моделей «смысл ⇆ текст». М., 1974;
Шенк Р.К. Обработка концептуальной информации: Пер. с англ. М., 1980;
Мартынов В.В. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;
Яго ж. Основы семантического кодирования: Опыт представления и преобразования знаний. Мн., 2001.
В.У.Мартынаў.
т. 15, с. 211