ячэ́йка, ‑і, ДМ ячэйцы; Р мн. ячэек; ж.

1. Паглыбленне, адтуліна (у цэлай сістэме падобных), кожнае асобнае звяно ў чым‑н. Ячэйкі сотаў. Зубныя ячэйкі. □ — У кожнай культурнай канюшні.. павінны быць.. ячэйкі на кожнага каня. Мележ.

2. Невялікая арганізацыйная група; адзінка, якая ўваходзіць у склад якога‑н. буйнога аб’яднання. [Лютынскі:] Я хачу да якой-небудзь вытворчай ячэйкі прымацавацца. Крапіва. Аднойчы да члена падпольнай ячэйкі Ільі Паша звярнуліся з прапановай паставіць у яго хаце друкарскі станок. Карпюк. Успомнім хоць бы гады Вялікай Айчыннай вайны, калі савецкая сям’я, як маленькая ячэйка вялікай Савецкай Радзімы, была падвергнута суроваму выпрабаванню. «Беларусь». // Уст. Пярвічная арганізацыя якога‑н. таварыства, саюза. У школе ўсё жыццё пачало кружыцца наўкола ячэйкі. Галавач. Увечары ў хаце адной дзяўчыны, што жыла са старой маці, сабралася ўпотай восем чалавек: пяць хлопцаў і трое дзяўчат — вясковая ячэйка. Хадкевіч.

3. Адзіночны стралковы акоп. Былі таксама ячэйкі для стралкоў. Кулакоўскі. Пад дрэвамі, пад кустамі былі ячэйкі-акопчыкі. Ермаловіч.

•••

Камсамольская ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВЛКСМ да 1934 г.

Партыйная ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВКП (б) да 1934 г.

Ячэйка памяці — састаўная частка збіральніка запамінальнага блока; элемент памяці вылічальнай машыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КРЫ́МСКІЯ ГО́РЫ,

на Пд Крымскага паўвострава. Працягваюцца з З на У на 145 км, з Пн на Пд на 40—50 км. Складаюцца з 3 паралельных град: асноўнай — Гал. хрыбет (Яйла) з макс. абсалютнай адзнакай 1545 м (г. Раман-Кош), сярэдзіннай — выш. да 500—750 м, паўн. — выш. да 350 м. Горы ўтвораны структурамі мезазойскага ўзросту, складзены пераважна з гліністых сланцаў, перакрытых вапнякамі. Канчаткова К.г. сфарміраваліся ў альпійскую складкавасць. Гал. града мае стромкія схілы, глыбока парэзаныя рэчкамі, ручаямі і часовымі вадацёкамі. Вяршыня грады — «яйла» (на крымска-тат. мове — летняя паша; пл. каля 320 км²), спадзістахвалістая з разнастайнымі формамі карставага рэльефу — варонкамі, сподкамі, далінамі, праваламі, пячорамі. Паўд. схіл стромкі, разбіты апоўзнямі на буйныя блокі. На ўзбярэжжы (гл. Паўднёвы бераг Крыма) выяўлены марскія тэрасы, ёсць стараж. вулканічныя ўтварэнні (Мядзведзь-гара, Карадаг). Сярэдзінная і паўн. грады з’яўляюцца куэстамі, маюць слабы нахіл на Пн і стромкія схілы на Пд. Ёсць радовішчы буд. матэрыялаў (вапнякі, жвір, туф, дыябаз), паўкаштоўных камянёў і інш. Мінер. крыніцы. Клімат К.г. умераны на б.ч. тэрыторыі, субтрапічны міжземнаморскі на паўд. схіле Гал. грады і ўзбярэжжы. Гал. града перашкаджае пранікненню ўмераных паветр. мас на Пд, а субтрапічных — на Пн. У раёнах з умераным кліматам сярэдняя т-ра студз. каля -2, -4 °C, у ліп. каля 24 °C, у гарах каля 16 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 600 мм, выпадаюць пераважна летам. Устойлівае снегавое покрыва ўтвараецца зімой толькі ў гарах. У зоне субтрапічнага клімату ў студз. каля 4 °C, у ліп. каля 24 °C, ападкаў ад 600 мм на ўзбярэжжы да 1200 мм у гарах, выпадаюць пераважна зімой. Рэчкі невялікія, летам большасць перасыхае, маюць пераважна грунтавое жыўленне, паводкавы рэжым; бываюць селі. Расліннасць, глебы і жывёльны свет падпарадкаваны вышыннай пояснасці. На паўд. схілах Гал. грады да выш. 300 м — зона ксерафітных ядлоўцава-дубовых нізкіх лясоў з вечназялёных і лістападных хмызнякоў на чырвона-бурых і карычневых глебах. Вышэй дубовыя і букавыя лясы з эндэмічнымі відамі хвой. Пад шыракаліста-хваёвымі лясамі фарміруюцца горна-лясныя бурыя глебы. На паверхні вяршынь Гал. грады горныя лугі, лугавыя стэпы з ядлоўцавым сланікам, купы дрэў і хмызнякоў на горна-лугавых чарназёмападобных глебах. Паўн. схіл Гал. грады, сярэдзінная і паўн. грады маюць падобную вышынную пояснасць, аднак адсутнічаюць эндэмічныя субтрапічныя віды. Каля падножжа гор развіты лесастэпавыя ландшафты на горных чарназёмах. У фауне горна-лясной зоны — высакародны алень, казуля, каменная куніца, кажан, барсук, шматлікія віды птушак і інш. На схілах Гал. грады — Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Ялцінскі і Карадагскі запаведнікі, Нікіцкі бат. сад, унікальныя помнікі прыроды: Вял. каньён Крыма, цясніна Уч-Кош, вадаспады Учан-Су, Яўзлар, Джур-Джур і інш. К.г. — адзін з папулярных раёнаў турызму і альпінізму.

А.​М.​Матузка.

На схілах Крымскіх гор.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

баро́ўка

1. Месца, дзе растуць чарніцы Vaccinium myrtillus L. (Слаўг., Гом. Грыг. 1850).

2. Пясчаная глеба, дзе рос бор (Слаўг.).

□ ур. Бароўка (паша) каля в. Бабінавічы Арш., б. х. Бароўка каля в. Кульшычы Слаўг., в. Бароўка ў Крыч. старостве (Меер, 1786, 117).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Бу́бен 1 ’бубен’. Рус. бу́бен, укр. бу́бен, бу́бон, чэш. buben, польск. bęben, серб.-харв. бу̑бањ і г. д. Прасл. *bǫbьnъ, *bǫbьniti. Словы гукапераймальнага паходжання, якія маюць паралелі ў іншых мовах (літ. bambė́ti, bam̃bti, грэч. βομβέω ’глуха гучаць’ і г. д.). Фасмер, 1, 226. Параўн. бу́бен 2. Сюды бубні́ць, бубне́ць.

Бу́бен 2 ’месца, высокае і беднае травастоем; балота, якое можна перайсці’ (Яшкін), бубён ’высокае месца; высокая і бедная травастоем паша’ (Яшкін), бу́бʼён ’голая прастора, без расліннасці’ (Клім.), бубен ’неўрадлівая, голая мясцовасць’ (Прышч.). Гэтага слова, здаецца, няма ў суседніх мовах. Параўн. толькі Бу́бен ’назва гары ў гуцулаў’ (Грабец, Nazwy, 133). Можна меркаваць, што гэта метафарычнае ўжыванне ў якасці геаграфічнага тэрміна слова бу́бен ’бубен’ (слав. *bǫbьnъ). Першапачаткова ’месца, выпуклае, як бубен’. Але не выключаецца і іншае тлумачэнне. Слав. *bǫbьnъ (гл. бу́бен 1) звязана з асновай, якая азначае глухое гучанне. Таму можна думаць, што бу́бен ’высокае і голае ўзвышша’ ад *bǫbьnъ ’глухі гук’, *bǫbьneti ’глуха гучаць і да т. п.’ Адносна магчымасці такіх утварэнняў параўн. бел. буко́та ’ўзгорак’, ’глыбокае месца ў рацэ’ (гл.; там і слав. паралелі). Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аўся́нішча Поле, на якім зжаты авёс (БРС); паша на месцы, дзе рос авёс (Мін. Станк. 1851). Тое ж оўсішча, воўсішча, аўсі́шча, аўся́нне, аўся́ніска, оўсіска, воўсіска, аўсі́ска, аўсе́нішча, аўсянне́, гаўсяны́ска, аве́сышча, аўся́нік, аўся́нка (ДАБМ, к. 273), аўёсішча (Стол.), аўся́нне, аўсі́шча, аўсе́нішча, аве́сішча, аўся́ннічышча, аўсе́нішча, аўся́ннічча, аўся́ннічывішча (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

праго́н

1. Абгароджаная або неабгароджаная дарога, па якой гоняць жывёлу на пашу, вадапой (БРС).

2. Дарога да былога панскага двара (Нясв.); праезд ад хаты да вуліцы (Слаўг.).

3. Часовая паша для жывёлы (Слаўг.).

4. Адлегласць паміж двума парамі калоў у прасле (Слаўг.).

□ ур. Ля прагона (поле, луг) каля в. Малева Нясв.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

бараві́на́

1. Чысты сасновы лес, бор (Слаўг.).

2. Пясчанае, неўрадлівае месца, якое парасло сасновым лесам (ЛМ 83, 302).

3. Грыбное месца ў сасновым ці змешаным лесе (Слаўг.). Тое ж баравое (Нясв., Слаўг., Шчуч.), баровае (Крыч.).

4. Паша ў хвойным, іглістым лесе, дзе расце верас і іншыя травы (Сміл. Шат.).

□ в. Баравое Лельч., Пол., Чав.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Луг 1, лужок ’сенажаць, пераважна заліўная, пакрытая шматгадовай травой’, ’забалочанае месца, парослае хмызняком і дрэвамі, поплаў’ (Нас., Яруш., ТСБМ, Зеньк., Бес., Бяльк., Клім., Сцяшк., Касп., ТС, лях., Янк. Мат.), ’балоцістая сенажаць’ (Сл. ПЗБ), луог ’лагчына’ (Сержп., Грам.); ’сухадольны лог’ (мазыр., пух., слаўг., шчуч., Яшк.), ’лес, лісцевы лес на абалоні’, ’лес на нізкім месцы, парослы травой’ (Зеньк., Шн., Бяс.; жытк., Талстой), ’алешнік у нізіне’ (Сержп. Грам.), лужок ’некалькі дрэўцаў у лагчыне сярод поля’ (Прышч., дыс.), лужэйка ’поплаў, лужок’ (калінк., Сл. ПЗБ). Укр. луг ’лес у нізіне’, ’сенажаць, луг, парослы травой і кустамі’; рус. луг ’заліўная сенажаць, лясістая абалона’, ’забалочаная нізіна, паша’, ст.-рус. лугъ ’лес, дуброва’, ’балота’, ’заліўная сенажаць’, ’нізіна, нізкі бераг, пакрыты травою, кустамі, трыснягом’, ’лес, дуброва, лесастэп’; польск. ląg, łęgi ’забалочаны (у даліне ракі) луг, парослы кустамі’, ’лес, поле на такіх лугах’, ’роўнае поле, нізіна’, н.-луж. ług ’забалочаная даліна’, ’мокры луг’, чэш. luh ’лес над ракой’, ’луг’, ст.-чэш. ’лес, гай’, ’луг у лесе’, ’даліна’, славац. luh ’лес над вадой’, ’высокі лес на мокрай глебе’, славен. lǫ̂g ’нізкі лес’, ’луг над вадой з рэдкімі дрэвамі’, серб.-харв. лу̑г ’лес, гай’, ’чарот’, макед., балг. лаг, лак, лък, лъг, лъгъ́т ’нізіна, абалона’, ’луг, сенажаць’, ’лясок на мокрым лузе’, ’яр, парослы густым лесам’, ’раўніна ля ракі’, ’гай, дуброва’, ’лес уздоўж ракі’, ’ручэй з парослымі лесам берагамі’, ’нізкае месца на лузе’, ’лес з вялікіх дрэў’, тырнаўск. луг ’паляна, паша’, ’клін паміж дзвюма рэкамі’, ст.-слав. лѫгъ ’гай, малы лес’. Прасл. lǫgъ ’лука, балонь, нізкі лес на поплаве, багна’ (параўн. яшчэ каш. lëgnoc są ’пакрывіцца на дажджы і сонцы’, lëgti ’нізінны’, legńica ’яма’, lëga ’нізіна’, рус. сіб. ла́га ’вільготнае месца ў зарасніках’, ’яма з вадой, лужа’), і.-е. адпаведнікам да якога з’яўляецца літ. léngė ’поле, луг у нізіне і інш.’ Узыходзіць да і.-е. *leng‑ ’згінаць’, сіноніма да блізкага *lenk‑ > лука́ (Слаўскі, 5, 79–82; Фасмер, 2, 527; Махэк₂, 343; Скок, 2, 327; Бязлай, 2, 147–148; БЕР, 3, 336–537).

Луг 2 ’нізкае месца, лужа з вадой’, ’невялікі вадаём у полі ці ў лесе, які часам перасыхае ўлетку’ (Федар. I, Федар. 2, Яшк., ТС, Сл. ПЗБ), лужок ’азярцо сярод лугу, натуральны вадаём’, ’невялікая балаціна, дзе не высыхае вада’ (ТСБМ, Сл. Брэс., Сл. ПЗБ; слуц., КЭС; Бір. дыс.). Ст.-польск. ług ’багна, дрыгва’, славінск. łuk, каш. ług ’тс’, ług ’лужок сярод поля’, палаб. lai̯g ’луг, паша’, н.-луж. ług ’дрыгва, якая зімою пакрываецца вадой, а летам высыхае, і там расце трава’, в.-луж. łuk ’дрыгва’. Прасл. паўн.-зах. lugъ ’балота, дрыгва’. І.‑е. адпаведнікі: літ. liū̃gas ’дрыгва, лужа’, lū́gos, lū̃gas ’глыбокае месца, напоўненае вадой’, ’балота’, ’дрыгва’, ’ставок’, ’яма на дне ракі’, ілір. lugas/luga ’дрыгва’ > алб. lëgatë ’лужа, балота’ (Слаўскі, 5, 298–299). У сучасных слав. мовах і дыялектах семантыка луг 1 і луг 2 часта змешваецца.

Луг 3, малар. луз ’шчолак з попелу, залітага варам’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Грам., Бір. дыс., Клім., Сцяшк., Уладз., Бяльк., Шат., Касп., ТС; зэльв., Сцяц. Словаўтв.; лях., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.; КЭС, лаг.). Укр. луг, рус. смал., кур. луг ’тс’, луга ’раствор галына’, польск. ług ’луг’, каш. lug (lëgu) ’луг, мыла, змыліны’, палаб. lau̯g ’луг, шчолак’, н.-луж. ług ’тс’, в.-луж. łuh ’пратрава, дубільнік’; чэш. louh, ст.-чэш. lúh ’луг’, ’мача’, славац. lúh ’брудная вада пасля мыцця’, ’раствор, у якім апрацоўваюцца маткі пражы’, славен. lúg, lùg ’луг’, серб.-харв. лу̑г ’тс’, ’попел’, чак. (з XV–XVII стст.) luga ’тс’, макед. луга ’луг’, балг. луга́, лу́га, лугя ’луг’, ’асадак, які застаецца, калі вараць мыла’. Прасл. lugъ/luga ’луг як мыючы і адбельваючы сродак’ (Машынкі, Kultura Sl., 1, 616). Мартынаў (Лекс. взаим., 166–168) не выключае запазычанне з прасл. у прагерм. (laugō), у чым сумняваецца Слаўскі (5, 296–298), паводле якога прасл. lugъ — запазычанне са ст.-в.-ням. louga (с.-в.-ням. louge, суч. ням. Lauge ’луг’), luhhen ’мыць’ < і.-е. *lou‑/*louə ’мыць’ (параўн. ст.-грэч. λούω ’мыюся’, лац. lavō, lavāre ’тс’, ’купацца’, арм. loganam ’купаюся’, хецк. lah(h)u‑ ’ліць’. Гэтак жа БЕР, 3, 485; Скок, 2, 326; Бязлай, 2, 155. Бернекер (744), Брукнер (314), Фасмер (2, 527–528), а таксама Курыловіч (Przegląd Zach., 1951, 5/6, 201–202) меркавалі, што lugъ з’яўляецца запазычаннем з с.-в.-ням. louge або нават з ням. Lauge. Слаўскі (5, 297) указвае на польск. мову як пасрэднік для ўзнікнення бел. і ўсх.-слав. луг, а Фасмер (2, 527) — польск. і чэш. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́бар 1 ’стан або абоз цыганоў’, ’умацаваны лагер з абозам’, ’часовая стаянка; бівак’ (ТСБМ, Нас., Ласт.), та́бор ’тс’ (Вруб.), сюды ж вытворныя та́барышча ’месца стаянкі цыганоў; выган, паша’ (Бяльк.), ’скопішча, стан’ (Нас.), та́бірышча ’месца жыхарства’ (барыс., Сл. ПЗБ), табо́ры мн. л. ’лагер’ (вільн., Сл. ПЗБ), та́барыцца ’сяліцца’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. та́бір, та́бур, рус. та́бор, польск. tabor, чэш., славац. tábor, славен. tábor, серб.-харв. та̑бор, балг. та́бор ’тс’, макед. табор. Ст.-бел. таборъ ’абоз, табар’ запазычана ў канцы XVI ст. са ст.-польск. tabor, якое, у сваю чаргу, лічыцца запазычаннем XV ст. са ст.-чэш. tábor. Першапачаткова азначала гусіцкі лагер і паходзіла ад аднайменнай назвы зададзенага гусітамі горада Tábor, якая ад наймення біблейскай гары Thabor (Фавор у Назарэце), гл. Трубачоў, Дополн. (4, 7, з літ-рай.), Голуб-Ліер, 475; Рэйзак, 648. Мажліва, таксама з крым.-тат. tabur ’вайсковы абоз’ (Фасмер, 4, 6–7; ЕСУМ, 5, 499; Булыка, Лекс. запаз., 122), дзе з польск. tabor або венг. tábor (Брукнер, 563). Вывядзенне з тур. tabur ’полк, батальён, пастроены ў выглядзе квадрата’, першапачатковая семантыка ’месца, прастора, якую атаварыў полк’ (Сной₁, 651), абвяргаецца цюрколагамі, гл. Немет, Acta Ling. Hung., 3, 431–436; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 387. Параўн. атабарыцца, гл.

Та́бар 2 ’гайня ваўкоў’ (чашн., круп., ЛА, 1), ’гайня, зграя ваўкоў і сабак’ (Жыв. св.). Метанімічны перанос з та́бар 1 са значэннямі ’група; скопішча’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыб 1 ‘квартальная вузкая прасека ў лесе, лясная прамая дарога’ (Сл. Брэс.; пруж., Яшк.; кам., Жыв. НС; кобр., Скар. НМ), тры́ба ‘прасека ў лесе для лакалізацыі ачага пажару ці размежавання лясных кварталаў’ (Скарбы; Чыгр.; слонім., Жыв. НС, Сцяц.; шчуч., З нар. сл., Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), трэб (треб) ‘граніца, мяжа’ (Дабрав.), трэ́ба ‘прасека, прагал’ (Сл. Брэс.), трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай’ (пруж., Чэрн.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘кірунак, лінія (у лесе); прасека’ (1554 г.), трыба ‘тс’ (1608 г.), трыбокъ ‘тс’, трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600 г.) (ГСБМ). Праз польск. tryb ‘дарога, сцежка’, tryba ‘тс’, ‘вузкая паласа поля, загон’, ‘мяжа’, ‘прасека’ з с.-в.-ням. trib ‘выган, паша’, н.-в.-ням. Trieb ‘дарога, па якой ганяюць быдла, прагон’, ‘плынь, цячэнне’ (Вінцэнц), што да с.-в.-ням. tríben ‘гнаць, праганяць’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 59), ст.-в.-ням. tríban, гоцк. dreiban, англ. drive ‘тс’, ‘прыводзіць у рух’ (SWO, 1980, 778; Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 634). Ст.-бел. трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600) запазычана са ст.-польск. trybować < с.-в.-ням. tríben ‘гнаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 93; Вінцэнц).

Трыб 2 ‘жыццёвы шлях’ (Варл.): ніякім тры́бам ‘ніяк, ніякім спосабам’ (Ян.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘парадак, звычай’ (Ст.-бел. лексікон), ‘спосаб, устаноўлены парадак’ (1588 г., ГСБМ). Апошняе запазычана са ст.-польск. tryb, якое з нова-в.-ням. Trieb ‘плынь, цячэнне’, што, паводле Вінцэнца (гл.), з’яўляецца метафарай на базе значэння ‘дарога’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)