хара́ктар, ‑у, м.

1. Сукупнасць устойлівых псіхічных уласцівасцей чалавека, яго асабістых рыс, якія праяўляюцца ў паводзінах і дзейнасці. Мяккі характар. Цяжкі характар. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Брыль. — Гануля ўмее несці крыж пакуты, — казалі пра яе людзі, дзівячыся яе трываламу характару. Гурскі.

2. Цвёрдая воля, настойлівасць у дасягненні чаго‑н. Але Барбара і рада была, што.. [Лёша] рос не такім падатлівым, ціхоняй, а быў з характарам, мог пастаяць за сябе. Грамовіч.

3. які або чаго. Адметная асаблівасці ўласцівасць, якасць чаго‑н. Заўвагі крытычнага характару. □ Цудоўная мясцовасць паміж вёскаю Купа і пасёлкам рыбгаса пачала набываць курортны характар. В. Вольскі. Па характару свайго таленту Ул. Дубоўка — лірык. Глебка.

4. У літаратуры, мастацтве — сукупнасць псіхічных асаблівасцей, што ствараюць вобраз, які мае тыповыя, абагульняючыя рысы якой‑н. групы людзей. У Коласа характар пераходзіць у мову, а мова робіцца формай раскрыцця гэтага характару. «Полымя». Сіла Барадуліна менавіта ў гэтым уменні праз трапную дэталь, жыццёвы выпадак вымаляваць характар, сацыяльны тып, паставіць праблему. «Маладосць».

•••

Камедыя характараў гл. камедыя.

Народны характар — характар, які адлюстроўвае тыповыя рысы прадстаўніка з народа.

Нацыянальны характар — характар, які выяўляе своеасаблівасць псіхічнага складу прадстаўніка пэўнай нацыі.

Тыповы характар — мастацкі вобраз, у індывідуальных рысах якога абагульнены характэрныя асаблівасці людзей пэўнага сацыяльнага асяроддзя, пакалення і пад.

Вытрымаць характар гл. вытрымаць.

З характарам хто — чалавек з вытрымкай, настойлівасцю, прынцыповасцю.

Паказваць (паказаць) характар — выяўляць (выявіць) настойлівасць у чым‑н.

[Грэч. charaktēr.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каланты́р1, кыланты́р ’пост, пікет, варта’ (Бяльк.). Фармальнае супадзенне з калантырыцца ’валаводзіцца’ дазваляе меркаваць аб магчымасці ўтварэння прамежкавых семем, аб значэнні якіх можна здагадвацца паводле полац. калантыр, калантырыць ’праводзіць час без сур’ёзных заняткаў’, адкуль, магчыма, ’збор людзей, не занятых справай і да т. п.’ Гэта, аднак, вельмі няпэўна па семантыцы, ілюстрацыя ў слоўніку пацвярджае дакладнасць дэфініцыі («Сылдаты йшлі і на кылантыр нямецкі пупалі», с. 241). Можна дапусціць магчымую сувязь з каланча ’вартавая вышка’, мяркуючы аб замене суфіксацыі. Верагоднасць такой замены давесці цяжка, семантыка слова таксама няпэўная. Фармальнае падабенства ст.-рус. калантарь, колонтарь ’кальчуга’ відавочнае, аднак семантыку двух лексем параўнаць нельга. Адзначым, што ‑н‑ у разглядаемым слове можа быць другасным (экспрэсіўны інфікс), што дазваляе фармальна параўнаць бел. слова з рус. колотыр, колотырь, але значэнне рус. слоў (’ілгун, праныра і да т. п.’) зусім іншае. Магчыма, сапсаванае карантин (Краўчук, вусн. паведамл.).

Каланты́р2 ’папрашайка’ (Мат. Маг., Нас.), колонтырка, колонтырник, колонтырнык (Нас.). Рус. кур., новааск. калантырь, аднак значэнне яго невядомае (СРНГ, 12, 335). Сухамлін (Совещание по ОЛА, 1975, 173) мяркуе аб матэрыяльным падабенстве бел. калантырка, рус. колотырка, укр. колотуха ’дакучлівая жанчына’. У рус. мове колотырь, колотыра, колотырник і да т. п. лексемы ў розных значэннях адзначаны на рознай тэрыторыі, у тым ліку і на пагранічнай да беларускай. Рус. слова лічыцца вытворным ад колотить (Праабражэнскі, 1, 337–338), што на першы погляд выклікае пярэчанні паводле семантычнага крытэрыю. Параўн., аднак, рус. колотить ’плявузгаць, пляткарыць, таргавацца, набываць з цяжкасцю’, колотиться ’прасіць; пабірацца; жабраваць; жыць у галечы; бадзяцца без справы; пляткарыць’: «Матрена все колотится, прямая колотуха» (СРНГ, 14, 184). Суфіксацыя ў разглядаем слове, відаць, экспрэсіўная, што датычыць спосабу ўтварэння, то, магчыма, спачатку быў утвораны экспрэсіўны дзеяслоў: колотить, колотырить. Бел. слова ў любым выпадку ўтворана даўно (фанетычны крытэрый), але статус яго не вельмі ясны, як гэта можна меркаваць паводле значэнняў бел. калаціць. Не выключана, што тут мела месца інфільтрацыя лексікі з сумежных рус. гаворак, аднак нельга выключыць магчымасці захавання старой слав. тэндэнцыі. Параўн. серб.-харв. кла́тити ’бадзяцца і да т. п.’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй — клата́рити се ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́ўкнуць ’рабіцца жоўтым, жаўцець (пра зеляніну)’ (ТСБМ). Рус. же́лкнуть, укр. жо́вкнути, польск. żółknąć, славац. žltnúť, дыял. žlknuť, балг. жлътвам се, серб.-харв. жу̏тнути ’жоўкнуць’, чэш. žluknoutiнабываць непрыемны запах і горкі смак, псавацца (пра тлушч)’, славен. žółgniti, žółkniti ’псавацца (пра арэхі, муку і г. д.)’. Балг., серб.-харв., славац. формы з ‑t‑ адлюстроўваюць кантамінацыю з жоўты (гл.). Для іншых рэканструюецца прасл. *žьlknǫti са значэннем ’псавацца, горкнуць, жоўкнуць (пра зеляніну)’, дзе ‑nǫ‑ti — дзеяслоўныя суфіксы. Элемент *žьlk‑ (Брукнер, 665) выступае ў значэнні ’горкі’ (жоўклы агурок, жаўкляк таксама, як і тлушч, і арэхі, горкі); ён, аднак, ужо адлюстроўвае ўплыў *žьlt‑. Зыходнай слав. формай можна лічыць *zьlknǫti. Магчыма, такая форма адлюстравана ў чэш. дыял. zelknouti, zliknút ’жоўкнуць’, zalklý ’затхлы’, якія прыводзіць Махэк₂, 729. Менавіта ад формы *zьlk‑ ’горкі’ ўтвораны адцягнены назоўнік ад прыметніка на > ‑ь: *zьlčь ’жоўць’, адлюстраваны ў ранейшых. ст.-слав. помніках як злъчь. Назва жоўці (гл.) потым зазнала ўплыў слова жоўты, як і жоўкнуць. І.‑е. адпаведнікам для *zьlk‑ ’горкі’, магчыма, трэба лічыць занатаваную у Покарнага (1, 434) форму gʼhēlā: ст.-інд. hālā ’гарэлка’, грэч. χάλις ’неразбаўленае віно’. Але магчыма, што сюды і корань gʼhel‑ (Покарны, 1, 429), прадстаўлены грэч. χολος ’жоўць, злосць’, ст.-в.-ням. galla ’тс’. ‑к‑ звычайна — пашырэнне кораня. Магчыма, без гэтага пашырэння корань прадстаўлены ў *zъlъ (гл. злы), які ў Покарнага (1, 489–90) семантычна не вельмі верагодна аднесены да сям’і *g̑h​uel ’згінацца’: не выпадкова так шырока вядома пераноснае значэнне *žьlčь ’злоба’. Іншыя тлумачэнні: Махэк₂ (729) супастаўляў žluknouti (бел. форму ён не ўказваў) з рус. ёлкийбел. ёлкі, ёлкнуць, гл.) і выводзіў žluknouti з jьz‑jьlъk‑nǫti. Фасмер (2, 43 і 45), спасылаючыся на познюю фіксацыю желкнуть, схільны лічыць яго прадуктам трансфармацыі желтый, а ўзнікненне ‑к‑ на месцы ‑т‑ тлумачыць праз форму *žьltlъ (адкуль желклый), у якой, відаць, адбылася дысіміляцыя. Так ці іначай форма жоўкнуць*zьlčь > жоўць) у далейшым семантычна развівалася побач з жоўты і пад яго моцным уплывам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́дзіць1 ’настройваць’: radzić krosny ’укідаць у ніты і бёрда і затыкаць’ (Варл.), радзі́ць ’прыбіраць, упрыгожваць’, радзі́цца ’прыбірацца, апранацца’ (ТС), ст.-бел. радити ’падрыхтоўваць’ (Аповесць пра Трыплана). Сюды ж раджаный ’падрыхтаваны для ткацтва’, ’вытканы з узорамі’ (Юрч. СНЛ), рус. ряди́ться ’святочна апранацца’, укр. ряди́тися ’збірацца’, ’рыхтавацца’. Да прасл. *rędъ (> бел. рад1), *ręditi, першапачатковым значэннем якога было, відаць, ’прыводзіць у парадак’, ’парадкаваць’, параўн. укр. ряди́ти ’парадкаваць’, ’прыводзіць у належны выгляд’, в.-луж. rjadować ’ставіць у рад’, ’прыводзіць у парадак’, серб. ре́дити, харв. réditi ’тс’, балг. редя́ ’тс’. Развіццё семантыкі ішло наступным чынам: ’ставіць у рад’ > ’парадкаваць’ > ’упрыгожваць’.

Ра́дзіць2 ’даваць раду’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., навагр., ашм., ваўк., Сл. ПЗБ; Гарэц., Мал., Шпіл., Бес.), ’рабіць’ (Ян.), ра́дзіцца ’прасіць рады’, ’мець раду, раіцца’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), ра́дца ’той, хто раіць, дарадца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. радити ’раіць’, укр. ра́дити ’даваць параду’, ’разам абмяркоўваць пытанні’, ’шукаць выйсця’, польск. radzić ’раіць, абмяркоўваць’, radzić się ’радзіцца’, в.-луж. radzić ’раіць’, чэш. řadiť ’тс’. Да ра́да (гл.), якое з’явілася на аснове значэння ’рабіць’.

Радзі́ць1 ’нараджаць’, ’даваць ураджай’ (ТСБМ, Варл.), родзі́ць ’тс’ (ТС), ’весціся’ (смарг., Сл. ПЗБ), радзі́ць, родзі́ці, роды́ты ’нарадзіць’, ’урадзіць’ (калінк., навагр., лід., свісл., віл., в.-дзв., пруж., бяроз., Сл. ПЗБ), радзі́цца ’нарадзіцца’, ’даваць ураджай’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.), рус. роди́ть, укр. роди́ти, польск. rodzić, палаб. rudi să (3 ас. адз. л. цяп. ч.), в.-луж. rodźić, н.-луж. roźiś, чэш. roditi, славац. rodiť, серб. ро̀дити, харв. roditi, славен. roditi, макед. роди, балг. родя, ст.-слав. родити. Прасл. *roditi, звязана з род1 (гл.), параўн. лат. radît ’радзіць, тварыць’, rads ’родзіч, радня, род’, далейшыя сувязі з ст.-інд. várdhati ’памнажацца, павялічвацца, набываць сілу’ (Фасмер, 3, 492; Бязлай, 3, 190; Шустар-Шэўц, 2, 1230; БЕР, 6, 146).

Радзі́ць2 ’прарэджваць’ (смарг., брасл., Сл. ПЗБ; Юрч. СНЛ), ’рэдка сеяць’ (Варл.), радча́ны ’прарэджаны’ (докш., Сл. ПЗБ). Ад рад1 (гл.) з пачатковым значэннем ’фарміраваць рады’ або ад рэдкі (гл.), г. зн. ’рабіць радзей’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уцягну́ць, уцягну, уцягнеш, уцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, завалачы, увалачы каго‑, што‑н. у што‑н. Уцягнуць сані ў вазоўню. □ Абедзвюма рукамі Аўгіння падхапіла цяжкае цела і ўцягнула ў хату. Дзятлаў. // Сілаю ўвесці ў якое‑н. памяшканне, унутр чаго‑н. — Біттэ, біттэ, — зноў запрасіў.. немец у акулярах, а другі, у жоўтых скураных пальчатках, узяў Раю за руку і сілаю ўцягнуў у машыну. Арабей.

2. Усунуць у якую‑н. адтуліну што‑н. Уцягнуць нітку ў іголку. □ І ніхто нават не згледзеў, як уцягнула.. [бабіна дачка] ў чар[а]ціну моцны сталёвы прут. — Ідзі, — кажа ўдовінаму сыну. Ён і пайшоў па чар[а]ціне. Якімовіч. // Зашнураваць. Уцягнуць шнуркі ў чаравікі.

3. Удыхнуць. Пярэдні мамант падняў угару хобат, з шумам уцягнуў паветра і затрубіў. В. Вольскі. Нос казытала свежая, толькі што скошаная трава, якая пачынала ўжо набываць пах сена. Міхась уцягнуў у лёгкія саладкаваты ап’яняючы водар. Дамашэвіч.

4. Утуліць, увабраць унутр (галаву, шчокі, жывот і пад.). Паліводскі ўцягнуў ніжнюю губу ў рот і сціснуў яе. Чорны. [Алег] скурчыўся, уцягнуў шыю ў плечы, але не пакідаў сачыць за ракой. Гамолка. Сотнікаў ўцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да.. спіны Рыбака і заплюшчыў вочы. Быкаў. // безас. Запасці. Яму ўцягнула жывот. Шчокі ўцягнула.

5. перан. Угаварыць, схіліць каго‑н. уступіць у што‑н., прыняць удзел у чым‑н. Уцягнуць таварыша ў драмгурток. Уцягнуць у спрэчку. □ Як хлопцы ні стараліся ўцягнуць мяне зноў у сваю кампанію, я не паддаваўся. Сабаленка. На кавалкі разрывалася Дуня, каб стварыць атмасферу весялосці і ўцягнуць у яе малазнаёмага тут новага настаўніка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

gewnnen*

1. vt

1) выйграва́ць (von D – у каго-н.)

2) горн. здабыва́ць

3) атры́мліваць, набыва́ць;

influss ~ набы́ць уплыў;

j-n für sich ~ схіля́ць каго́-н. на свой бок;

berhand ~ узя́ць верх (над кім-н.);

den indruck ~ атрыма́ць ура́жанне

2. vi

1) (an D, bei D) вы́йграць (у якіх-н. адносінах);

die Sche gewnnt an Klrheit спра́ва стано́віцца больш я́снай;

zwei zu eins ~ спарт. вы́йграць з лі́кам два-адзі́н

2) (von D) атры́мліваць вы́гаду [кары́сць] (з чаго-н.)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

ВЕСНАВЫ́Я ПЕ́СНІ,

жанрава шматскладовы цыкл каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх земляробчых народаў, асабліва ў славян і прыбалтаў. Прымяркоўваюцца да веснавога перыяду, найб. працяглага ў каляндарна-песенным крузе (у розных этнічных традыцыях амаль ад зімовага да летняга сонцавароту). Звязаны з абуджэннем прыроды, абнаўленнем зямлі і ўсяго жывога на ёй.

З усіх песень каляндарна-земляробчага круга ў веснавых песнях найб. яскрава выступае функцыя інспірацыйная (функцыя ўнушэння), якая ў старажытнасці мела магічнае, а пазней набыла асацыятыўна-сімвалічнае значэнне. Гэта асн. функцыя неаддзельная ад эстэтычнай, што вызначае прыўзняты эмац. лад песень і маляўнічыя фарбы вобразнай сістэмы. Таму пры ўсёй жанрава-тэматычнай разнастайнасці і багацці муз. адценняў веснавых песень розных народаў агульнае ў іх — усеабдымнасць гучання чалавечага голасу (які нібы пераклікаецца з галасамі прыроды), няўпыннасць рознага роду шэсцяў і карагодаў, а таксама культ расліннасці, які можа набываць розныя структурна-жанравыя характарыстыкі і стылявую афарбоўку.

У Беларусі веснавы цыкл з’яўляецца найважнейшым кампанентам разгорнутай каляндарна-песеннай сістэмы. Ядро цыкла ўтвараюць песні з устойлівымі рытуальнымі тыпалагічна акрэсленымі абагульненымі палітэкставымі напевамі: масленічныя песні, уласна «вясна» або гуканне вясны, валачобныя песні, веснавыя карагоды (гл. ў арт. Карагод), юраўскія песні, траецкія песні, куставыя, русальныя. Другую групу складаюць песні з больш індывідуалізаванымі напевамі (паставыя, што спяваліся ў вял. пост, веснавая талака, мікольскія, «як абходзяць зялёнае жыта») і многія лірычныя, умоўна прыстасаваныя да вясны («лугавыя», «лесавыя») і інш. Спяваюць іх з пач. сакавіка («як на снезе паявяцца праталіны», «як на вясну пацягне») і да чэрвеня («дакуль зязюля кукуе»). Асн. лейтматыў вобразнай сістэмы веснавых песень — збліжэнне чалавека з прыродай, якое праходзіць як бы тры этапы: спачатку вясну клічуць (гушкальныя «на калысках» на масленіцу, абрадавыя гуканні на ўзгорках на Благавешчанне), потым выходзяць ёй насустрач (валачобныя абходы двароў, абрадавы выган жывёлы «на расу» на Юр’я, шэсці і карагоды), нарэшце як бы непасрэдна збліжаюцца з ёю («водзяць куст», «завіваюць вянкі» на Сёмуху) і праводзяць яе («пахаванне стралы», «провады русалкі» ў русальны тыдзень, які завяршае Сёмуху). Асаблівую ўстойлівасць у веснавых песнях адпаведна набываюць сюжэтна-тэматычныя комплексы: гуканне вясны (з тыповымі зачынамі «Благаславі, маці, / Вясну загукаці!», «Жавароначкі, прыляціце!», «Ой, чырачка, пташэчка»); «адмыканне лета» («Зіма з летам страчалася»), масленічныя гушкалкі («А на гарэ сонца / Калышуцца дзеўкі»), абуджэнне ўсяго жывога («Вол бушуе — вясну чуе, / Баран блее — ў поле хоча»), няўпыннае веснавое шэсце («Памажы нам, божа, / На вулачку выйсці»), дары вясны, якія пералічваюцца ў форме пытання-адказу («Ой, вясна-красна, / Што нам прынесла?»); зварот да адушаўлёнай вясны-вясняначкі (русалачкі, купалачкі) з далейшым развіццём матываў кахання. Існуюць таксама сюжэты, спецыфічныя для асобных жанраў песень веснавога цыкла (валачобных, юраўскіх, куставых, карагодных), але ва ўсіх іх аграрна-магічныя матывы і культ расліннасці пераплятаюцца з матывамі кахання і шлюбу, як і рэальных гасп. клопатаў земляроба. Паводле характару мелодыкі веснавыя песні ўключаюць (у залежнасці ад жанру і мясц. традыцыі) гранічна сціслыя напевы-формулы і больш распетыя (у межах сярэдняга меладычнага дыяпазону). Яны вызначаюцца вобразна-эмац. разнастайнасцю (у іх чутны інтанацыі закліку, заклінання, святочна прыўзнятыя, лірычныя), багаццем тэмбравых фарбаў. Выкананне тыповае для песень, якія спяваюць на вольным паветры (менавіта з імі звязана свайго роду нар. школа галаснога спеву). Для рытуальных веснавых песень характэрна антыфоннае спяванне з зычнай пераклічкай галасоў, заклікавае заключэнне на тэрцавым ці квартавым верхнім гуку, доўгія воклічы («Гу!» ці «У-у-у!») з глісандуючымі ўзлётамі ў канцы, а часам і ў сярэдзіне меластрафы («каб адгалоскі ішлі»). Веснавыя песні вядомы на ўсёй Беларусі, але размеркаванне іх у розных этнагр. зонах неаднолькавае. Гуканне вясны і карагоды канцэнтруюцца пераважна на Палессі, ва ўсходнім і цэнтр. рэгіёнах, юраўскія ў заходнім рэгіёне, гушкальныя масленічныя — на Паазер’і, валачобныя — на Паазер’і, у зах. і цэнтр. рэгіёнах, траецкія — ва ўсходнім рэгіёне і на Палессі, веснавая талака — у паўн.-ўсх., русальныя — у паўд.-ўсх. раёнах, «пахаванне стралы» — на ўсходнім, «куст» — на зах. Палессі. У сучасным побыце бел. вёскі апрача прымеркаваных да вясны лірычных найб. захаваліся абходныя песні, перш за ўсё нацыянальна вызначальныя валачобныя. Даволі жывучымі аказаліся веснавыя гуканні і карагодныя песні, але цяпер іх носьбіты — старэйшыя жанчыны, што вядзе да адпаведных змен у характары іх бытавання (іх проста спяваюць без адпаведных дзеянняў, якімі яны суправаджаліся раней). Наогул, выяўляецца тэндэнцыя адмацавання веснавых песень ад абраду пры строгай, аднак, замацаванасці ў свядомасці вяскоўцаў іх сімвалічнай значнасці і пэўнага часу выканання.

Публ.:

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1, ч. 1. СПб., 1887;

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Веснавыя песні. Мн., 1979 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;

Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975. С. 77—128;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ННАЕ ПРА́ВА,

прымацаванне сялян да зямлі законамі феад. дзяржавы; залежнасць сялян ад феадалаў у асабістых, маёмасных, зямельных, адм.юрыд. адносінах. Вынікала з уласнасці феадалаў на зямлю, на якой жылі сяляне. Уключала забарону сялянам пакідаць свае зямельныя надзелы, спадчыннае падпарадкаванне адм. і суд. уладзе феадала, пазбаўленне сялян права адчужаць свае надзелы і набываць нерухомасць, прымусовую працу сялян у гаспадарцы феадала (паншчыну) і ўплату выплату яму розных грашовых і натуральных павіннасцей (аброку). У Зах. Еўропе П.п. было пашырана з 8—9 ст., з развіццём таварна-грашовых адносін паступова адмянялася (з 12—13 ст.). У шэрагу краін Цэнтр. і Усх. Еўропы (Германія, Чэхія, Польшча і інш.) у 16—18 ст. прыгонная залежнасць узмацнілася (т.зв. другое выданне П.п.). П.п. тут паступова скасоўвалася з сярэдзіны 18 ст. Пытанне аб існаванні П.п. ў Азіі застаецца дыскусійным. Але ў цэлым у большасці краін Усходу адсутнасць развітой паншчыннай гаспадаркі і звязанай з ёй адработачнай рэнты абумовіла адсутнасць такога юрыд. ін-та П.п., які адпавядае пэўнай сістэме памешчыцкай і сял. гаспадаркі. Аднак гэта не азначала існавання поўнай свабоды пераходу.

Элементы П.п. ў Кіеўскай Русі ў адносінах да асобных катэгорый сялян (закупы, смерды), якія эксплуатаваліся на паншчыне, прасочваюцца з 11—12 ст. У Паўн.-Усх. Русі з сярэдзіны 15 ст. рост плошчы ворыва суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі феад. залежных сялян у выглядзе паншчыны. аброку і інш. павіннасцей. Асабістая залежнасць сялян ўзмацнялася даўгавой пасткай, у якую сяляне траплялі пасля атрымання ад феадалаў пазык грашыма, насеннем і інш. Сяляне, каб пазбавіцца ад гэтай залежнасці, часта мянялі ўладальнікаў шляхам пераходаў (гл. Выхад сялянскі) Феад. дзяржава імкнулася абмежаваць сял. пераходы праз устанаўленне для сялян некат., асабліва паўночных, зямель акрэсленага тэрміну змены ўладальнікаў: тыдзень да Юр’ева дня (26 ліст.) і тыдзень пасля яго. З утварэннем у канцы 15 ст. Рус. цэнтралізаванай дзяржавы Судзебнік 1497 пашырыў гэтую норму на ўсю яе тэр., чым быў пакладзены пачатак юрыд. запрыгоньванню сялян. Пераход сялян да інш. уладальнікаў быў магчымы пасля выплаты феадалу за т.зв. пажылое. У 1581 Іван IV увёў забарону на сял. пераходы і ў наступныя гады пацвердзіў яе. Сяляне бестэрмінова замацоўваліся за феадаламі. што фіксавалася ў пісцовых кнігах. У 1597 уведзены 5-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян («урочныя» гады). У 1607 гэты тэрмін павялічаны да 15 гадоў і ўзаконена права феадалаў на сялян паводле запісаў у пісцовых кнігах 1591—92. Саборнае ўлажэнне 1649 устанавіла бестэрміновы вышук збеглых сялян. Сяляне пасля 1649 сталі прыгоннымі, фактычнай уласнасцю сваіх феадалаў-землеўладальнікаў. Была ўстаноўлена спадчыннасць прыгоннага стану і права феадала распараджацца маёмасцю селяніна. Указы 1675, 1682, 1688 санкцыянавалі продаж сялян без зямлі, указ 1760 афіцыйна дазваляў раздзяляць пры продажы бацькоў і дзяцей. Дваране-землеўладальнікі атрымалі права ссылаць сваіх прыгонных у Сібір (1760), адпраўляць на катаргу (1765) і ў турму (1775). У 1741 памешчыцкія сяляне адхілены ад прысягі імператару, у 1767 ім пад пагрозай цяжкага пакарання забаронена падаваць скаргі на сваіх уладальнікаў. П.п. ў Рас. імперыі ў 2-й пал. 18 ст. амаль не адрознівалася ад рабства (дваране не мелі толькі права караць смерцю сваіх прыгонных). У 1783 яно пашырана на Левабярэжную Украіну, у 1796 — на Наваросію. Найб. бяспраўныя катэгорыі прыгонных — дваровыя людзі і пазбаўленыя надзелаў месячнікі, якія працавалі ўвесь час на паншчыне і штомесячна атрымлівалі харч. паёк.

На Беларусі пачатак юрыд. афармленню П.п. паклаў Прывілей 1447 вял. князя ВКЛ Казіміра IV, якім забаронены пераход прыватнаўласніцкіх сялян (чэлядзь нявольная, людзі «непахожыя») у велікакняжацкія маёнткі. Гэтыя катэгорыі сялян абкладаліся павіннасцямі толькі на карысць сваіх землеўласнікаў, якія атрымалі над імі неабмежаваную, у т. л. судовую, уладу. «Устава на валокі» 1557, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 завяршылі працэс запрыгоньвання сялян. Статут 1529 устанавіў 10-гадовы тэрмін пражывання вольных сялян (людзей «пахожых») на землях феадалаў, пасля заканчэння якога яны рабіліся прыгоннымі. Гэтую норму пацвердзіў і Статут 1588, які павялічыў устаноўлены Статутам 1566 10-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян да 20 гадоў. Паводле асн. павіннасцей прыгонныя сяляне ўмоўна падзяляліся на цяглых сялян і асадных сялян. Да канца 16 ст. б. катэгорыі сялян — чэлядзь нявольная і людзі «непахожыя» ўтварылі адзіны клас-саслоўе прыгонных сялян. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (у 1772—95) рас. прыгонніцкае заканадаўства пашырылася і на яе тэрыторыю.

Эканам. неэфектыўнасць прыгоннага ладу, грамадскае асуджэнне яго антыгуманных праяў, сял. хваляванні абумовілі ў канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. шэраг урадавых захадаў па абмежаванні П.п. і з’яўленне афіц. праектаў яго паступовай адмены. У 1808 забаронена прадаваць прыгонных на кірмашах, у 1833 — раз’ядноўваць пры продажы сем’і. Частковае распрыгоньванне невял. часткі сялян адбылося паводле законаў аб вольных хлебаробах (1803) і часоваабавязаных сялянах (1842). Паводле рэформы 1838—42 на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне адменена арэндна-паншчынная (фактычна прыгонніцкая) эксплуатацыя дзярж. сялян. П.п. скасавана паводле Сялянскай рэформы 1861, але яго перажыткі захоўваліся ў выглядзе адпрацовак да Кастр. рэвалюцыі 1917.

Літ.:

Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;

Корецкий В.И. Формирование крепостного права и первая крестьянская война в России. М., 1975;

Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.). Мн., 1993.

Ж.​Б.​Чэпа.

т. 13, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

pick3 [pɪk] v.

1. выбіра́ць, падбіра́ць;

The students have to pick three courses from a list of 15. Студэнтам трэба выбраць тры курсы з пятнаццаці;

Let me pick a few examples at random. Дазволь мне выбраць наўгад тры прыклады.

2. (i)рва́ць, збіра́ць;

pick fruit збіра́ць плады́;

pick flowers(i)рва́ць кве́ткі

3. выкалу́пліваць; калупа́ць

pick and choose быць перабо́рлівым;

pick smb.’s pocket зале́зці каму́-н. у кішэ́ню;

pick up speed павялі́чваць (хуткасць);

pick one’s way выбіра́ць шлях

pick at [ˌpɪkˈæt] phr. v. : pick at one’s food калупа́ць е́жу (відэльцам)

pick on [ˌpɪkˈɒn] phr. v. выбіра́ць вінава́тага, чапля́цца (да каго-н.);

Why pick on me every time? Чаму я заўсёды вінаваты?

pick out [ˌpɪkˈaʊt] phr. v.

1. выбіра́ць

2. адро́зніваць

3. падбіра́ць мело́дыю на слых

pick up [ˌpɪkˈʌp] phr. v.

1. падыма́ць; падыма́цца;

He picked up his bag. Ён узяў сваю сумку.

2. збіра́ць;

Pick up your toys. Збяры свае цацкі.

3. набыва́ць, здабыва́ць;

pick up an accent набы́ць акцэ́нт

4. збіра́ць, падбіра́ць (пасажыраў)

5. лаві́ць па прыёмніку

6. infml пача́ць зноў; апа́мятацца; аднаві́ць сі́лы

7. паляпша́цца;

Trade is picking up again. Гандаль ажыўляецца.

8. infml арыштава́ць злачы́нцу

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),

паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.

Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.

На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛ гал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.

У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел. сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял. Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп. дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс. аддз. сувязі (1999).

Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав. ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер.ліст. 1939). У Вял. Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.

Літ.:

Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;

Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.

У.​К.​Зарзмскі (ваен.), Л.​Л.​Коласаў.

т. 12, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)