узвы́шша, ‑а, н.
1. Узгорыстая або даволі высокая мясцовасць, якая ўзвышаецца над наваколлем. Арабіна стаяла на ўзвышшы, і ад яе да хаты полем вілася сцяжынка. Чорны. Нейкі час мы моўчкі суправаджаем .. [дзеда Хведара] вачыма, потым бяром рыбалоўныя снасці і ідзём да пазелянелага куста вярбоўніку на ўзвышшы. Ігнаценка. // У геаграфіі — гарыстая або ўзгорыстая мясцовасць, якая падымаецца над узроўнем мора больш як на 200 метраў. Валдайскае ўзвышша. Мазырскае ўзвышша.
2. Тое, што і узвышэнне (у 2 знач.). Зборная была прасторная, як абора. Па процілежным яе канцы, на ўзвышшы, адгароджаным балясамі, стаяў вялізны стол, абіты зялёным сукном. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упра́ўны, ‑ая, ‑ае.
Спрытны і жвавы ў рабоце. Стала.. [цётка] жвавая, упраўная, усё ў руках гарыць: снеданне гатуе, .. па бадоўлі цесляру памагае. Сяркоў. [Анішчук:] Упраўная [Вясніна] каля работы. Калі возьмецца ці то араць або касіць, работа ў яе гарыць. Гурскі. / Пра рухі, рукі. [Салдаты] ўпраўнымі, звычнымі рухамі земляробаў, не разгінаючыся, моўчкі закідвалі тугімі лустамі.. зямлі вузкую, чорную яму. Самуйлёнак. // Які паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі. Чалавек, што памагаў.. [Марыне] сеяць,.. распрагаў коней і пахмура бубніў: — Твой дзевер, Марына, вельмі ж упраўны. Куды ні прыеду, а ў яго ўжо гатова. Узарана і пасеяна. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыск, ‑а, м.
1. Прадмет або дэталь якой‑н. машыны, прыстасавання ў выглядзе плоскага круга. Дыск маятніка. Дыск магнітафона. Дыск электрапілы. □ Нумар быў заняты, і.. [дзяўчына] вешала трубку, чакала якую хвіліну і зноў круціла тэлефонны дыск. Арабей. // Спартыўны снарад у форме круга, які прымяняецца ў лёгкай атлетыцы для кідання. Кінуць дыск. // Магазін ручнога кулямёта, аўтамата, у якім змяшчаюцца патроны. Дыск аўтамата. □ Я набіваю моўчкі дыскі, Рыхтую к бою кулямёт. Прыходзька. // Бачны з Зямлі абрыс Сонца, Месяца і іншых планет. Сонца садзілася за небасхіл. Вось яно дакранулася сваім дыскам да зямлі. Сергіевіч.
2. толькі мн. (ды́скі, ‑аў). Разм. Дыскавая барана. Апрацаваць поле дыскамі.
[Грэч. diskos.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запа́рыць 1, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Апрацаваць варам, парай драўляную пасудзіну. Запарыць дзежку.
2. Заліць варам сухі корм, каб размякчыць, распарыць. Запарыць мякіну. □ Усціння спярша запарыла сеч[ку] карове, занесла ў хлеў, пасля пачала таўчы бульбу. Чыгрынаў. // Прыгатаваць настой, заліўшы варам. Запарыць ліпавы цвет.
3. Разм. Доўга парачы ў лазні, давесці да знямогі.
4. Разм. Стаміць шпаркай або працяглай яздой, хадой, цяжкай працай. Запарыць каня. □ — Ды і нам пара адпачыць, — адгукнулася Аня, якая дагэтуль пакорліва ішла моўчкі. — Запарыла ты мяне, Шурачка: сарочка — хоць выкручвай. Шамякін.
запа́рыць 2, ‑рыць; безас. зак.
Пачаць парыць (у 7 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што ў што. Апускаць, акунаць у што‑н. вадкае або сыпкае. Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Караткевіч. Ладымер .. мачаў цыбулю ў соль і запіваў квасам. Чорны. // што. Расходаваць што‑н. мачаннем. А раз нядзеля, дык і бліны. А раз бліны, дык і мачанка. А раз яна, мачанка, дык і мачаць яе павінны. Крапіва.
2. што. Спец. Вырабляць што‑н. апусканнем у які‑н. раствор. Мачаць запалкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Панаванне ў пэўным грамадскім асяроддзі тых ці іншых густаў, якія праяўляюцца пераважна ў асаблівасцях адзення. Апраналася панна Ядвіга паводле апошняй моды з Вільні. Бядуля. // перан. Агульнае прызнанне, вядомасць у даны час. Мода на эстрадную песню. Мода на кнігу.
2. толькі мн. (мо́ды, мод). Навейшыя фасоны ўбораў. Часопіс мод.
3. Разм. Звычай, прывычка. Аграном колькі часу ідзе моўчкі за фурманкай. Мода ў яго такая. Б. Стральцоў.
•••
(Апошні) крык моды гл. крык.
Выйсці з моды гл. выйсці.
Мець моду гл. мець.
Увайсці ў моду гл. увайсці.
Узяць (займець, паняць) моду гл. узяць.
[Фр. mode.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няёмка,
1. Прысл. да няёмкі.
2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне нязручнасці, невыгоды, выкліканых чым‑н. [Сімону] было няёмка сядзець на крэсле, ножкі якога груз ні ў зямлю. Самуйлёнак.
3. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё ніякаватасці, збянтэжанасці, сораму, якое перажывае хто‑н. Хлопцы моўчкі ішлі следам за дырэктарам. Ім было няёмка перад Мікалаем Пятровічам за Апанаса, за тое, што ён уцёк. Нядзведскі. Люба не прывыкла саромецца сваёй адзежы, а цяпер ёй стала няёмка. Чорны. // з інф. Аб усведамленні няёмкасці зрабіць што‑н. — Я не пайшла да дырэктара, бо менш ведаю яго!.. — успыхнула Дзіміна. — Пятру таксама няёмка ўмешвацца. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкалупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак., каго-што.
Разм.
1. Тое, што і падкалупнуць (у 1 знач.).
2. перан. Сказаць што‑н. непрыемнае. І хадзіў Амелька сярод людзей, цёрся ды ўсё азіраўся: ці няма якіх хітрыкаў збоку, ці не збіраецца падкалупіць цябе хто. Лынькоў. Анціп разгортвае газету і пачынае яе моўчкі ўважліва чытаць... Макейчык, ведаючы, што кулі зусім непісьменны, вырашыў у сваю чаргу падкалупіць яго. — Дык што там пішуць? — і хітра прыжмурыў вока. Рылько. Валя ўвесь час услухоўвалася ў маю размову па тэлефоне, і як толькі я паклаў трубку, яна, як бы хочучы падкалупіць мяне, сказала: — Усё ж такі знайшла яна цябе. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скла́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязны, плаўны (пра мову, пісьмо і пад.). Складныя думкі не лезлі ў галаву. Броўка. // Разм. Мерны, рыфмаваны (пра мову). Складныя прыпеўкі. // Разм. Стройны, зладжаны (пра спеў, музыку). Я шчаслівы, што я разам Пяю песні з камсамолам. Пяём песні складным сказам, Ажно рэхі йдуць наўкола! Купала.
2. Добры, удачны. Складнае жыццё.
3. Разм. Добра складзены, зграбны, стройны. Складны хлопец. □ [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах. Кавалёў.
складны́, ‑а́я, ‑о́е.
Такі, што можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складны бумажнік. Складное вудзільна. □ Даніла моўчкі выцягнуў з зямлянкі дошкі, дастаў з кішэні драўляны складны метр. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́зы, ‑ая, ‑ае.
1. Цёмна-шэры з сіняватым адлівам; шэра-блакітны. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў. На змярканні з-за лесу папаўзлі шызыя, змрочныя хмары. Быкаў. Сонна пакружыўшы над шызым кустом вярбы на лузе,.. [вароны] таксама моўчкі разляцеліся ў розныя бакі. Ігнаценка. // З сіняватым адлівам (пра колер скуры). Чырвоны твар Пачулія стаў шызым. Самуйлёнак. Сашунчык ці «Казлянятка» — гэта Аляксандр Пятровіч Казлоў — франт перадпенсійнага ўзросту з шызым носам. Вірня. Першы ўкаціўся ў кабінет Гамбіцкі, нізкі, тоўсты, з галавой-шарам, бліскучым, аж шызым ад частага галення. Шамякін.
2. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў. Шызы голуб. Шызая чайка. Шызая плесень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)