дыск, ‑а, м.

1. Прадмет або дэталь якой‑н. машыны, прыстасавання ў выглядзе плоскага круга. Дыск маятніка. Дыск магнітафона. Дыск электрапілы. □ Нумар быў заняты, і.. [дзяўчына] вешала трубку, чакала якую хвіліну і зноў круціла тэлефонны дыск. Арабей. // Спартыўны снарад у форме круга, які прымяняецца ў лёгкай атлетыцы для кідання. Кінуць дыск. // Магазін ручнога кулямёта, аўтамата, у якім змяшчаюцца патроны. Дыск аўтамата. □ Я набіваю моўчкі дыскі, Рыхтую к бою кулямёт. Прыходзька. // Бачны з Зямлі абрыс Сонца, Месяца і іншых планет. Сонца садзілася за небасхіл. Вось яно дакранулася сваім дыскам да зямлі. Сергіевіч.

2. толькі мн. (ды́скі, ‑аў). Разм. Дыскавая барана. Апрацаваць поле дыскамі.

[Грэч. diskos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)