смуро́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Непрыемны, агідны пах. У бочцы было гулка, душна ад пары і нейкага густога смуроду. Самуйлёнак. У бруднай і цеснай майстэрні стаяў страшэнны смурод ад скур і дзёгцю. С. Александровіч. // перан. Пра якую‑н. абстаноўку, асяроддзе, што выклікаюць агіду. [Лабановіч:] — Што прайшло, таго не вернеш, і няма тут чаго каяцца. Добра ўжо і тое, што хоць пачулі смурод местачковага балота... Тфу, паскудства! Колас.

2. Разм. пагард. Пра чалавека. [Зыгмусь:] І давядзі справу да канца так, каб праз некалькі дзён гэты стары смурод узяў цябе замуж. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАРА́НАВІЦКІ ПАКРО́ЎСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў 1924—31 у г. Баранавічы. Мураваны крыжова-купальны храм з 3 паўкруглымі апсідамі. Да асн. квадратнага ў плане аб’ёму (перакрыты вял. купалам) прымыкае 3-ярусная вежа-званіца, завершаная шлемам са шпілем. Бакавыя фасады вылучаны ўваходамі з 3-калоннымі порцікамі, увянчаны трохвугольнымі франтонамі. Вокны і нішы разнастайнай формы з прафіляванымі абрамленнямі. Сабор упрыгожваюць 7 з 16 мазаічных кампазіцый з сабора Аляксандра Неўскага ў Варшаве: «Маці Божая з дзіцем» (маст. В.​Васняцоў), «Сабор архістратыга Міхаіла», «Маці Божая з анёламі» (маст. М.​Бруні), «Спас з данатарам» і «Дэісус» (маст. М.​Кошалеў), партрэтныя выявы Іосіфа Волацкага і мітрапаліта Аляксія (маст. В.​Думітрашка). Кампазіцыі на кардонах (простым і адваротным наборам шліфаванай смальты) выкананы ў 1902—11 у майстэрні У.​Фралова ў Пецярбургу.

Г.​М.​Ярмоленка.

Баранавіцкі Пакроўскі сабор.
Баранавіцкі Пакроўскі сабор. Фрагмент іканастаса.

т. 2, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНЯСТРЭ́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,

агульная назва сродкаў, у якіх для выкідвання з канала ствала снарада (кулі, міны) выкарыстоўваецца сіла ціску ад згарання парахавых зарадаў ці спец. гаручых сумесяў. Бывае гладкаствольная і наразная, аднаразовая і аўтаматычная, баявая, спартыўная і паляўнічая; паводле абслугоўвання і выкарыстання — індывідуальная і калектыўная. Баявая агнястрэльная зброя падзяляецца на артылерыйскую (гарматы, мінамёты, гаўбіцы і інш.), стралковую (рэвальверы, пісталеты, аўтаматы, вінтоўкі, карабіны, кулямёты і інш.); да агнястрэльнай зброі адносяцца таксама гранатамёты.

Агнястрэльныя зброі з’явіліся пасля вынаходства пораху і ўпершыню выкарыстана ў Кітаі ў 11 ст. У Еўропе, у т. л. на Беларусі, вядома з 14 ст. Выраблялася на Беларусі з канца 14 ст. У 16—18 ст. людвісарні (ліцейныя майстэрні), дзе адлівалі гарматы, існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Урэччы, Быхаве, Магілёве і інш гарадах. Буйнейшыя вытворцы сучаснай агнястрэльнай зброі і інш. ўзбраення — ЗША, Расія, Францыя і інш. прамыслова-развітыя краіны.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЭНС ((Behrens) Петэр) (14.4.1868, г. Гамбург, Германія — 27.2.1940),

нямецкі архітэктар і мастак-канструктар; адзін з заснавальнікаў новай ням. архітэктуры. Вучыўся ў Карлсруэ і Дзюсельдорфе (1886—89). Дырэктар Маст.-прамысл. школы ў Дзюсельдорфе (1903—07), праф. Венскай (1922—36) і Берлінскай (1936—40) АМ. Удзельнічаў у дзейнасці мюнхенскага Сецэсіёна і ням. Веркбунда. У ранніх арх. творах спалучаў прасторавыя рашэнні ў духу «мадэрн» з геам. дакладнасцю планіровачнай структуры і дэкору (крэматорый каля Хагена, 1907). З 1909 працаваў пераважна ў прамысл. архітэктуры; творы адлюстроўвалі неакласіцыстычныя тэндэнцыі: ф-кі ў Берліне (1909—12), Обергаўзене (1921—25), Хёхстэ (1925—26), ням. пасольства ў Пецярбургу (1911—12). У апошніх работах імкнуўся да функцыянальнай абумоўленасці ў планіроўцы (тытунёвая ф-ка ў г. Лінц, 1932—36). У яго майстэрні працавалі Ле Карбюзье, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ.

П.Берэнс. Турбінная фабрыка фірмы «АЭГ» у Берліне. 1909.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЛЬКАЛНС ((Zalkalns) Тэадор Эдуардавіч) (30.11.1876, хутар Заляйскалнс Рыжскага р-на, Латвія — 6.9.1972),

латышскі скульптар. Нар. мастак СССР (1957), сапраўдны чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Пецярбургу (1893—99), уваходзіў у гурток «Рукіс» («Працаўнік»); у 1899—1901 у Парыжы ў майстэрні А.​Радэна, вучань Э.А.Бурдэля і інш. У 1903—07 выкладаў у маст.-прамысл. школе ў Екацярынбургу, настаўнік І.​Дз.Шадра. З 1910 у Пецярбургу. У 1918—19 удзельнічаў у плане манум. прапаганды (помнікі М.​Г.​Чарнышэўскаму, Л.​А.​Бланкі ў Петраградзе, не захаваліся). З 1920 у Рызе; у 1944—58 праф. АМ Латвіі. Сярод твораў: партрэты (А.​Кірхенштэйна, 1946; Ф.​Блумбаха, 1956; К.​Барона, 1967, і інш.), 20 надмагілляў (Я.​Порука, 1930; О.​Лацыса, 1945, і інш.), помнікі Р.​Блаўманісу ў Рызе (1929) і А.​Кронвалдсу ў Сігулдзе (1938), творы анімалістычнага жанру, медалі.

Т.Залькалнс. Партрэт К.​Барона. 1967.

т. 6, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́МБА (сінгальскае Каламбу),

сталіца Шры-Ланкі. 2026 тыс. ж. (1993). Марскі порт у вусці р. Келані (90% імпарту і каля 50% экспарту краіны). Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Міжнар. аэрапорт. У К. і яго наваколлі больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў Шры-Ланкі: харч. (па перапрацоўцы чаю, алейні), гарбарна-абутковыя, суднарамонтныя, па перапрацоўцы каўчуку; мех. майстэрні, 2 нафтаперапр., шынны з-ды, сталепракатны цэх. Млынкамбінат. Рамёствы па вырабах з металаў і высакародных камянёў. АН (з 1976). Дзярж. ун-т, Будыйскі ун-т. Нац. музей, галерэя мастацтваў.

Упершыню згадваецца ў 5 ст., у сярэднія вякі вядомы пад назвай Калантота, важны гандл. цэнтр у бас. Індыйскага ак. Пры партуг. панаванні (16—17 ст.) пабудаваны ваен. форт (1520). У 1656 заваяваны галандцамі. З 1796 каланізаваны англічанамі, з 1815 адм. ц. іх калоніі Цэйлон. З 1948 сталіца дзяржавы Цэйлон, з 1972 — Рэспублікі Шры-Ланка.

т. 7, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІКУ́ШЫН (Рыгор Піліпавіч) (н. 4.12.1921, с. Сладкова Цюменскай вобл., Расія),

бел. графік. Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1956). Выкладаў у Віцебскі.м пед. ін-це (1959—70). Працуе ў тэхніках малюнка пяром і лінарыту. Стварыў станковыя серыі «Віцебск, любоў мая» (1960—64), «Вясковыя пейзажы» (1961—64), «Стары Віцебск» (1962—69), «Успамін пра малую радзіму» (1967—68), лінарыты «Сярод бяроз» (1962), «У майстэрні» (1970), якія вылучаюцца дасканалай пластыкай, графічнай і кампазіцыйнай выразнасцю. Аформіў кнігі твораў К.​Крапівы, Ч.​Дзікенса, А.​Дзюма, К.​Паустоўскага і інш. Аўтар арыгінальных шрыфтоў («Увага», «Віцебск», «Вольга», «Сувенір», «Народны», «Ініцыяльны», «Дзвіна» і інш.).

Тв.:

Шрифты. Мн., 1964;

Шрифты для художников-оформителей. 2 изд. Мн., 1984;

Декоративные шрифты для художественно-оформительских работ. Мн., 1987;

Рекламные шрифты. Витебск, 1989;

Книжные, плакатные, декоративные шрифты для художественно-оформительских работ. Витебск, 1991.

В.​В.​Шамшур.

Р.Клікушын. Шрыфты «народны» і «ініцыяльны».

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСЕ́НКА (Антон Паўлавіч) (10.8.1737, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 4.12.1773),

расійскі жывапісец і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургу ў майстэрні І.​Аргунова (1753—58) і АМ (1758—60). Пенсіянер АМ у Парыжы (1760—65), Рыме (1766—69). З 1770 праф. Пецярбургскай АМ, з 1772 — яе дырэктар. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя тэмы, працаваў у гіст. і партрэтным жанрах. У творчасці спалучаў патэтычнасць вобразаў і дынамічнасць кампазіцый позняга барока з традыцыямі класіцызму. Сярод твораў: «Дзівосны ўлоў рыбы» (1762), «Ахвярапрынашэнне Аўрама» (1765), «Каін» (1768), «Зеўс і Фетыда» (1769), «Уладзімір перад Рагнедай» (1770), «Развітанне Гектара з Андрамахай» (1773), партрэты П.​Шувалава (1760), Ф.​Волкава (1763) і інш. Яго малюнкам уласцівы дакладнасць форм і тонкая тэхніка. Склаў вучэбны дапаможнік «Тлумачэнне сціслай прапорцыі чалавека...» (1772).

Літ.:

Каганович А.Л. Антон Лосенко и русское искусство середины XVIII столетия. М., 1963.

А.Ласенка. Развітанне Гектара з Андрамахай. 1773.

т. 9, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕВА (Сара Дзмітрыеўна) (23.12. 1892, С.-Пецярбург — 7.3.1967),

расійскі скульптар-партрэтыст. Засл. дз. маст. Расіі (1945). Чл.-кар. АМ СССР (1958). У 1910—15 вучылася ў майстэрні Л.​Шэрвуда і інш. З 1926 чл. Т-ва рус. скульптараў. У ранні перыяд зазнала ўплывы імпрэсіянізму і кубізму, з пач. 1920-х г. імкнулася да спалучэння рыс гэтых стыляў з рэаліст. трактоўкай вобраза (партрэты Ф.​Дзяржынскага, 1925; А.​Цюрупы, 1927). Творам 1920—30-х г. уласцівы востры псіхалагізм, пластычная спецыфіка індывід. аблічча мадэлі і жывапісна-дынамічная трактоўка матэрыялу з захаваннем эцюднай непасрэднасці (партрэты В.​Чкалава, 1936; С.​Міхоэлса, 1939). Аўтар партрэтаў А.​Твардоўскага (1943), У.​Татліна (1943—44), Б.​Пастарнака (1961—63) і інш., серый партрэтных статуэтак («Дзяўчынка з матыльком», 1936), фігурак для фарфору і фаянсу, эцюдаў аголенай натуры і інш.

Літ.:

Сарра Лебедева. М., 1973.

С.Лебедзева. Дзяўчынка з матыльком. 1936.

т. 9, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НДЭС ((Méndez) Леапольда) (30.6.1902, Мехіка — 15.11.1969),

мексіканскі графік і жывапісец. Вучыўся ў АМ у Мехіка (1917—20) і ў Школе на адкрытым паветры ў Чымалістаку (1920—22). З 1932 кіраўнік секцыі пластычных мастацтваў Мін-ва асветы, з 1937 — «Майстэрні нар. графікі». Чл.-заснавальнік Лігі рэв. пісьменнікаў і мастакоў (1933—37). Працаваў пераважна ў тэхніцы лінагравюры, у творах спалучаў яркую экспрэсію з псіхал. глыбінёй вобразаў: гравюры для альбома «Мексіканская рэвалюцыя» (1947), цыклы да фільмаў «Рыо Эскандыда», «Сялянская дзяўчына» (абодва 1948), «Дзень жыцця» (1949), «Шаль Саледад» (1950) і інш. Аўтар манум. размалёвак у Нац. графічных майстэрнях (1936—57, з П.​О’Хігінсам і інш.) і жаночай клініцы № 1 (1946, з П.​О’Хігінсам) у Мехіка, ілюстрацый да кн. «Выпадковыя мелодыі» Х. дэ ла Кавады (1944) і інш. Міжнар. прэмія міру 1953.

Л.Мендэс. Я прагну! З серыі «Рыо Эскандыда». 1948.

т. 10, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)