вар’я́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы вар’яту; такі, як у вар’ята. Вар’яцкі смех. Вар’яцкія вочы. □ [Іван] прахапіўся адразу і ў тое ж імгненне пачуў недарэчны вар’яцкі крык. Быкаў.

2. Неразумны, шалёны; дзікі. Вар’яцкія ідэі, планы.

3. перан. Разм. Які характарызуецца крайняй ступенню праяўлення, выключны (па сіле, велічы, напружанасці). Вар’яцкая злосць. □ Мы перамаглі буру, вар’яцкую сілу стыхіі і хутка паднімем парус зваротнага плавання. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адыгра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Іграючы, вярнуць прайгранае; тое, што і адыграць (у 1 знач.). Хто прайграў, таму хацелася адыграцца і яшчэ зарабіць. Колас.

2. перан. Разм. Умела выйсці з няёмкага становішча, не астацца ў даўгу, спагнаць. [Іваніцкі] уступіў у спрэчку, думаючы адыграцца тут, пасля спрэчкі з Ігнасём. Мурашка. // Спагнаць злосць на кім‑н. [Роб:] — Вы хацелі адыграцца на нас — але не ўдалося! Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злава́ць, злую, злуеш, злуе; злуём, злуяце; незак.

1. каго-што. Выклікаць, абуджаць злосць у каго‑н. Мяне.. асабліва злавала чамусьці прысутнасць дзяўчыны. Карпюк. Лёдзя села за стол і, каб не злаваць бацьку, узялася сілком есці. Карпаў.

2. Тое, што і злавацца. [Таня] злавала на дзяўчат, калі тыя пачыналі размаўляць, не вытрымліваючы маўчання. Шахавец. Бурліць вадаспад, злуе, успенены злосцю, імчыцца па каменных глыбах. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зло́ба, ‑ы, ж.

Тое, што і злосць (у 1 знач.). Нянавісць і злоба заслала.. вочы. Колас. [Мікалай:] Гэтулькі ў ім злобы, гэтулькі неміласэрнасці, што, здаецца, гэта не чалавек. Ніякага спачування, ніякай ласкі. Чорны.

•••

Злоба дня — пра тое, што прыцягвае ўвагу, займае ўсіх у даны момант. Адбор сцэн дыктаваўся ідэйнай задачай, злобай дня. У. Калеснік.

На злобу дня — на актуальную, надзённую тэму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нудлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны нуды, тужлівага настрою. Нудлівая песня.

2. Які наганяе нуду, сум. [Варашкін] заснуў пад непрыемны і нудлівы посвіст ветру за акном. Савіцкі.

3. Які трывожыць бесперастанку (пра боль і інш.). Застаўшыся на месцы са жменькай мужчын, Сцёпка нерухома глядзеў услед натоўпу. Нудлівы боль і злосць — не то на іх, не то на сябе, што не здолеў угаварыць [людзей]. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Афе́кт ’моцнае хваляванне; запальчывасць і злосць’, ст.-бел. афектъ, аффектъ ’моцнае жаданне, страсць’ (канец XVI — пачатак XVII ст., Нас. гіст.; Булыка, Запазыч.). Запазычана праз польскую мову або непасрэдна з лац. affectus ’прыхільнасць, пачуццё, любоў’, гл. Гіст. лекс., 108; Булыка, Запазыч., 34; параўн., аднак, Краўчук, ВЯ, 4, 1968, 123, дзе адмаўляецца насуперак Рудніцкаму, 1, 41, непасрэднае запазычанне ўкр. афе́кт з лацінскай па акцэнталагічных прычынах — наяўнасці ў Бярынды слова з двума націскамі: а́фект і афе́кт. Магчыма, паўторнае запазычанне ў беларускую літаратурную мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), пра што сведчыць сучасная семантыка слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́жба ‘смутак, маркота’, ‘клопат’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Байк. і Некр., Янк. БП): u dware służba ni wielika tużba (Арх. Федар.). Укр. тужба́ ‘журба, маркота’, рус. тужба́ ‘клопат’, польск. tużba ‘смутак’, в.-луж. tužba ‘сум, журба, маркота’, чэш. tužba ‘моцнае жаданне’, tužby ‘спадзяванне’, славац. túžba ‘сон, мара’, ‘цяга, імкненне да чаго-небудзь’, ‘смутак, туга’, харв. tùžba, чак. tužbȁ ‘скарга, нараканне’, серб. ту̀жба ‘скарга, іск’, балг. тъ́жба ‘скарга’, ‘сум, журба, гора’, макед. тужба ‘судовы іск’. Прасл. *tǫg‑ьba > *tǫžьba. Да туга́, тужыць1, 2 (гл.). Літ. tūžbàзлосць’ запазычана з беларускай, гл. Фрэнкель, 2, 1147.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бу́дзень, ‑дня; мн. будні, ‑дняў; м.

1. Будны, не святочны дзень. Ці то ў будзень, ці то ў свята, Як адчыніш толькі дзверы — У каго які занятак, Можна ведаць па кватэры. Непачаловіч.

2. перан. Штодзённае жыццё. Працоўныя будні. □ Мы ідзём з пуцёўкаю райкома праз гарачыя крутыя годы ў камунізма будзень, як дадому. Вялюгін. Не выгрызе сцежкі Асенняя злосць, Дзе творыцца новы І радасны будзень. Хадыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дваі́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з дзвюх аднародных частак; падвойны. Дваістыя лініі. Дваісты след.

2. Які заключае ў сабе дзве розныя якасці, прыметы; супярэчлівы. Дваістая натура. □ У душы бунтавала незразумелае дваістае пачуццё: гарачае, шчырае спачуванне гору Якімцава і злосць на ўсіх гэтых людзей, што сабраліся ў хаце. Савіцкі. // Які праяўляецца ў двух відах, формах. Жыць пачаў .. [Васіль Пятровіч] дваістым жыццём: адным на рабоце, другім — дома. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які раз’ядае, разбурае што‑н. хімічна. Едкая шчолач. Едкая фарба. // Які выклікае моцнае фізічнае раздражненне. Едкі дым. □ Трэба даць уціхнуць зморы ў руках,.. адпачыць целу ад едкага поту. Мележ.

2. перан. З’едлівы, колкі. Едкі сарказм. □ І смех тут быў, былі і жарты, І кпіны едкія, і злосць. Колас. / Пра чалавека. — Вот ты едкая, Параска. Нашто табе мяне калоць гэтым пасагам? Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)