сістэма норм звычаёвага і пісанага феад. права, якая дзейнічала на тэр.Полацкага княства, а пазней Полацкага ваяводства. Аб выключным становішчы Полацкай зямлі ў ВКЛ сведчаць палажэнні дагавора /388 паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам і дагавора Полацка і Рыгі 1478 аб дружбе і гандлі. Права палачан прымаць паслоў з Ноўгарада, Пскова, Лук і «Немец» і вырашаць на месцы ўсе спрэчныя пытанні было замацавана ў спец. грамаце, выдадзенай вял.кн. Аляксандрам у 1499. Важнейшымі крыніцамі П.п. да прыняцця Статута ВКЛ 1529 былі прывілей Полацку 1498 на магдэбургскае права, грамата 1499 аб намесніцкім і войтаўскім судзе, пацвярджальная грамата 1502 аб царкоўным судзе полацкага архіепіскапа і «Прывілей баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай на правы і вольнасці іх...» (гл. таксама Полацкія прывілеі). Найважнейшым элементам дзярж.-прававога жыцця палачан у канцы 15—1-й пал. 16 ст. было права вырашаць важнейшыя пытанні гар. жыцця на сходзе-сойме. Аўтаномнасць Полацкай зямлі была і ў тым, што полацкі ваявода прызначаўся толькі са згоды палачан. Паводле П.п. нават вял. князь не меў права судзіць палачан па-за межамі Полацкай зямлі, а таксама перадаваць яе ў чыё-небудзь уладанне. Абмежаванымі былі правы цэнтр. ўрада ў царк. і маёмасных справах палачан і паўнамоцтвы полацкага ваяводы. Палачанам гарантаваліся і асобныя прывілеі: яны вызваляліся ад гандлёвых пошлін на тэр. ўсёй дзяржавы і ад некаторых падаткаў, ім гарантавалася права вольнага распараджэння маёнткамі. Рашэнні і прыгаворы, вынесеныя ў Полацкай зямлі, не пераглядаліся ў вышэйшых судах дзяржавы. Нормы П.п. былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЖЭ́Н ((Vergennes) Шарль Граўе дэ) (28.12.1717, г. Дыжон, Францыя — 13.2.1787),
французскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. На дыпламат. службе з 1739. Працаваў у франц. пасольствах у Партугаліі (1739—42 і 1746—49) і Германіі (1742—45). Франц. пасланнік у герм. гарадах Кобленц (1750—52), Гановер (1752) і Мангейм (1753). У 1755—68 пасол у Турцыі, у 1771—74 у Швецыі. У 1774—83 міністр замежных спраў. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 падтрымліваў каланістаў, удзельнічаў у заключэнні амерыкана-французскага дагавора 1778, амер. палітыку замацаваў у Версальскім мірным дагаворы 1783. У 1783—87 узначальваў фін. савет. Заключыў англа-французскі (1786) і руска-французскі (1787) дагаворы аб гандлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БУ́РСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1902,
захопніцкая вайна Англіі супраць бурскіх рэспублік Паўд. Афрыкі Трансвааль і Аранжавая. Англія імкнулася захапіць землі, багатыя золатам і алмазамі, забяспечыць брыт. панаванне на вялізнай тэр. ад Каіра да Кейптаўна. Падставай да вайны з’явілася адмова прэзідэнта Трансвааля даць выбарчыя правы англ. каланістам. 11.10.1899 пачаліся ваен. дзеянні, на пачатку якіх буры атрымалі некалькі перамог. Аднак вял. перавага ў жывой сіле і тэхніцы дазволіла англічанам у 1900 акупіраваць рэспублікі. Буры разгарнулі партыз. барацьбу, але, не атрымаўшы чаканай дыпламат. дапамогі з боку Германіі, Францыі і Расіі, спынілі супраціўленне. Паводле мірнага дагавора 31.5.1902 Аранжавая і Трансвааль далучаны да Брыт. імперыі і сталі англ. калоніямі. У 1910 іх тэр. ўвайшлі ў англ. дамініён Паўднёва-Афрыканскі Саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АГУ́ЛЬНЫ ДАГАВО́Р» 1952,
Бонскі дагавор. Падпісаны паміж урадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі з аднаго боку і ФРГ з другога 26 мая ў Боне. Адмяняў акупац. статут на тэр.Зах. Германіі і ствараў дагаворную аснову для адносін паміж гэтымі дзяржавамі.
Паводле «Агульнага дагавора» ўрад ФРГ абавязваўся выконваць усе заключаныя раней ад імя Зах. Германіі дагаворы і пагадненні. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя пакідалі за сабой права размяшчаць на тэр.ФРГ свае войскі. «Агульны дагавор» падлягаў ратыфікацыі ўсімі краінамі-ўдзельніцамі і павінен быў уступіць у дзеянне разам з Парыжскім дагаворам 1952. Паколькі Нац. сход Францыі 30.8.1954 Парыжскі дагавор адхіліў, «Агульны дагавор» страціў сваю сілу. З некаторымі папраўкамі ён быў уключаны ў Парыжскія пагадненні 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утвораны ў 1808 у складзе Беластоцкай вобласці, з 1842 у Гродзенскай губерні. Цэнтр — г.Беласток. Пл. 2904 км², нас. 210 132 чал. (1897). Падзяляўся на 12 валасцей. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 акупіраваны герм. войскамі, з канца 1918 у складзе адноўленай Польшчы, з 2.8.1919 у Беластоцкім ваяводстве, падзяляўся на гміны (б. воласці). 231,5 тыс.ж. (1919). З 2.11.1939 у БССР, з 4.12.1939 увайшоў у Беластоцкую вобл., дзе 15.1.1940 паветы скасаваны і праведзена раянаванне, у т. л. створаны Беластоцкі р-н. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Беластоцкага павета перайшла да Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́СЕНСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны 4.9.1776 у Полацкай губерні пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. 23.12.1796 скасаваны, яго тэр. перададзена Беларускай губерні. 11.3.1802 адноўлены ў складзе Віцебскай губерні. Цэнтр — г. Дрыса. Пл. 2568, 9 кв. вёрст, нас. 97 083 чал. (1897). Уключаў 17 валасцей: Асвейскую, Дзёрнавіцкую, Замашанскую, Зябкаўскую, Ігналінскую, Каменскую, Каханавіцкую, Клясціцкую, Прыдруйскую, Пустынскую, Сар’янскую, Стрыжанскую, Сушкоўскую, Таболкаўскую, Філіпаўскую, Юстыянаўскую і Юхавіцкую; 7 мястэчак, 811 паселішчаў сельскага тыпу. У студз. 1919 Клясціцкая вол. перададзена ў Полацкі павет. Паводле мірнага дагавора Расіі з Латвіяй ад 11.8.1920 Прыдруйская і Пустынская вол. ўвайшлі ў склад Латвіі. Скасаваны 15.2.1923, яго тэр. ўключана ў Полацкі пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ ЗАБАРО́НЕ РАЗМЯШЧЭ́ННЯ Я́ДЗЕРНАЙ ЗБРО́І НА МАРСКІ́М ДНЕ,
шматбаковае міжнар. пагадненне аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў і ў іх нетрах ядз. зброі і інш. відаў зброі масавага знішчэння. Адкрыты для падпісання ў Маскве, Вашынгтоне і Лондане 11.2.1971. Удзельнікамі дагавора з’яўляюцца больш за 100 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь (падпісала яго 3.3.1971, ратыфікавала 6.9.1971). Дагавор забараняе ўстанаўліваць і размяшчаць ядз. зброю і інш. віды зброі масавага знішчэння, пускавыя ўстаноўкі і інш. прыстасаванні, прызначаныя для захоўвання, выпрабавання ці выкарыстання такой зброі на дне мораў, акіянаў і ў іх нетрах за знешняй мяжой 12-мільнай узбярэжнай зоны (адлічваецца ад лініі найвялікшага адліву ўздоўж марскога ўзбярэжжа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ УТВАРЭ́ННІ СССР 1922,
дзяржаўны акт, які юрыдычна аформіў аб’яднанне 4 сав.сацыяліст. рэспублік (РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР) у дзяржаву — Саюз Сав.Сацыяліст. Рэспублік. Зацверджаны 30.12.1922 (разам з Дэкларацыяй аб утварэнні СССР) на I з’ездзе Саветаў СССР; пазней уключаны ў Канстытуцыю СССР 1924. Прадугледжваў адзінае саюзнае грамадзянства для ўсіх грамадзян сав. рэспублік, стварэнне саюзных органаў улады (ЦВК, 10 наркаматаў, Вярх. суда, Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення і інш.), права свабоднага выхаду з Саюза кожнай з рэспублік. Перастаў дзейнічаць у снежні 1991 у сувязі з абвяшчэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД; гл.Белавежскія пагадненні 1991). 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі прыняў пастанову аб дэнансацыі дагавора 1922 у адносінах да Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІКО́Ў (Віктар Георгіевіч) (н. 5.7.1921, с. Верхняя Любоўша Новадзеравенькаўскага р-на Арлоўскай вобл., Расія),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1977). Герой Сав. Саюза (1981). У арміі з 1939. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1953) і Генштаба (1959). У Вял.Айч. вайну на Паўднёва-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім і 2-м Бел. франтах пераважна на камандных пасадах у танк. часцях. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. З 1969 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. З 1971 нач. Генштаба, 1-ы нам. міністра абароны СССР. У 1977—89 галоўнакамандуючы аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора (гл.Варшаўскі дагавор 1955). Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮЧУ́К-КАЙНАРДЖЫ́ЙСКІ МІР 1774.
Заключаны паміж Расіяй і Турцыяй 21.7.1774 у в. Кючук-Кайнарджа (каля г. Сілістра, Балгарыя). Завяршыў рус.-тур. вайну 1768—74. Ануляваў Бялградскі мірны дагавор 1739. Устанавіў граніцу Расіі на Паўн.-Зах. Каўказе па р. Кубань, прызнаў незалежнасць Крымскага ханства ад Асманскай імперыі, права рас.гандл. караблёў бесперашкодна плаваць па Чорным м. і праходзіць праз пралівы Басфор і Дарданелы, далучэнне да Рас. імперыі чарнаморскага ўзбярэжжа з крэпасцямі Керч, Енікале (побач з Керчу), Кінбурн, захаванне ў складзе Расіі Вял. і Малой Кабарды, аўтаномію княстваў Малдовы і Валахіі і пераход іх пад апеку Расіі. Паводле сакрэтнага дадатку да дагавора Турцыя абавязалася выплаціць Расіі 4,5 млн.руб. кантрыбуцыі.