стэрэатыпнае псеўдамастацтва, якое не мае маст.-эстэт. каштоўнасці; спецыфічная з’ява, якая адносіцца да ніжэйшых пластоў масавай культуры. Тэрмін «К.» узнік у 19 ст. ў Германіі. Для К. характэрны імітацыя форм, звязаных у масавай свядомасці з прэстыжнымі формамі культуры, фабрыкацыя прымітыўнай, разлічанай на знешні эфект пачуццёва-прыемнай прыгажосці. Праявіўся практычна ва ўсіх галінах культуры, найб. пашырэнне атрымаў у жывапісе (т. зв. «салонны» жывапіс), літаратуры (бульварная літаратура), эстр. музыцы і розных формах быт. аздаблення. З 1960-х г. элементы К. выкарыстоўваюць поп-арт і некат. кірункі постмадэрнізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУПЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
сельскагаспадарчыя расліны, зерне якіх перапрацоўваецца пераважна на крупы. Большасць К.к. (магар, полба, проса, рыс, сорга, чуміза) з сям. метлюжковых, грэчка — з сям. драсёнавых. Крупы вырабляюць таксама з зерня аўса, пшаніцы, ячменю, гароху, кукурузы. Багатыя бялкамі, вітамінамі і вугляводамі. З зерня К.к. атрымліваюць крухмал, муку, спірт, іх выкарыстоўваюць на корм жывёле. З саломы вырабляюць паперу (рысавая папера), плеценыя вырабы, скормліваюць жывёле. Грэчка — добры меданос. Вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах. Найб. плошчы займаюць рыс (Азія), проса, сорга (Азія, Афрыка), грэчка (Еўропа, Паўн. Амерыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТ,
шматгадовая дрэвавая расліна, якая ў адрозненне ад дрэва разгаліноўваецца каля паверхні глебы. Гал. ствол маюць маладыя расліны, потым ён губляецца сярод новых стволікаў, якія ўтвараюцца са спячых пупышак каля асновы парасткаў. Выш. К. 0,8—6 м, працягласць жыцця — да некалькіх соцень гадоў. Пашыраны ва ўсіх раслінных зонах. У лясах умеранага пояса звычайна ўтвараюць падлесак. Форму К. могуць набываць дрэвы ў неспрыяльных кліматычных і глебава-прыродных умовах. Многія К. лек. (напр., бузіна, каліна, шыпшына), харч. (напр., агрэст, барбарыс, ляшчына, парэчкі), дэкар. (напр., бружмель, брызгліна, жарновец) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСІВА́Ж (ад франц. lessivage вышчалочванне, вымыванне),
перамяшчэнне ілістых (тонкадысперсных) часцінак глебы ў форме водных суспензій (без іх хім. пераўтварэння) з верхніх гарызонтаў у ніжнія. Характэрны для кантынентальнага і ўмеранага клімату з вял. колькасцю ападкаў у летні перыяд, са слабымі сезоннымі кантрастамі (атл., міжземнаморскі) на розных паводле генезісу глебаўтваральных пародах. Адбываецца ў шэрых, лясных, падзолістых і інш. глебах, з разнастайнай расліннасцю (лістападныя і шыракалістыя лясы цёплага пояса, мяшаныя і лісцевыя лясы больш халоднага клімату). У рознай ступені інтэнсіўнасці праяўляецца ва ўсіх глебава-кліматычных зонах Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙКЕЛЬСАНА ДО́СЛЕД,
фізічны эксперымент, пастаўлены з мэтай выявіць уплыў руху Зямлі на скорасць распаўсюджвання святла. Праведзены ў 1881 А.А.Майкельсанам і паўтораны ў 1886—87 (разам з амер. фізікам Э.У.Морлі). Даказаў незалежнасць скорасці святла ад руху Зямлі. Гэты факт не знайшоў тлумачэння ў класічнай фізіцы і даў падставу лічыць скорасць святла інварыянтнай велічынёй — аднолькавай ва ўсіх інерцыяльных сістэмах адліку, што з’явілася адным з пастулатаў спец.адноснасці тэорыі. Вынікі М.д. з вялікай дакладнасцю пацверджаны амер. фізікамі ў 1964 у эксперыменце, праведзеным пры дапамозе лазерных крыніц святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я ЕЎРО́ПА»,
тайнае міжнар. аб’яднанне рэв.-дэмакр. арг-цый некаторых краін Еўропы ў 1834—36. Створана Дж.Мадзіні ў Швейцарыі ў крас. 1834 з мэтай спрыяння ўсталяванню рэсп. ладу ў еўрап. краінах. У аб’яднанне ўваходзілі пераважна паліт. эмігранты (рэспубліканцы розных кірункаў), якія прадстаўлялі тайныя саюзы «Маладая Італія», «Маладая Германія» і «Маладая Польшча». Асн. дзейнасць «М.Е.» была накіравана на стварэнне ва ўсіх краінах Еўропы рэсп. арг-цый: заснаваны саюзы «Маладая Францыя», «Маладая Іспанія», «Маладая Бельгія». У 1836 улады Швейцарыі выслалі з краіны членаў «М.Е.», што прывяло да спынення яе дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я ІРЛА́НДЫЯ»
(«Young Ireland»),
палітычная групоўка маладой ірл. інтэлігенцыі ў 1842—48. Узнікла ў межах Асацыяцыі рыпілераў. Выступала за разгортванне руху за незалежнасць Ірландыі і аб’яднанне ўсіх ірландцаў у адзінай незалежнай дзяржаве, задавальненне патрабаванняў ірл. сялян, супраць кампрамісаў з англ.калан. ўладамі, прапагандавала ірл.нац. культуру. Лідэры — Ч.Дафі, Т.Дэвіс, Дж.Ф.Лалар, Дж.Мітчэл і інш. З 1842 выдавала час. «Nation» («Нацыя»). У канцы 1846 «М.І.» пакінулі леварадыкальныя члены, якія стварылі Ірландскую канфедэрацыю. Спыніла дзейнасць у сувязі з паражэннем ірл.нац.-вызв. паўстання 1848 і рэпрэсіямі з боку англічан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я НАРО́ДНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ двухгадовыя пач.навуч. ўстановы ў Рас. імперыі ў 1786—1803. Засн. паводле Статута 1786 пераважна ў пав. гарадах (доследныя ствараліся ў Пецярбургу з 1782). Прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, акрамя прыгонных сялян. Выкладаліся пісьмо, чытанне кнігі «Аб пасадах чалавека і грамадзяніна», катэхізіс, арыфметыка, граматыка, чыстапісанне, маляванне. Утрымліваліся на мясц. сродкі. Навучанне бясплатнае. У канцы 18 ст. існавала каля 300 М.н.в. (17 тыс. навучэнцаў). На Беларусі ў пач. 19 ст. такія вучылішчы існавалі ў Полацку, Оршы, Мсціславе, Чэрыкаве, Чавусах і Копысі. У 1803 яны рэарганізаваны ў прыходскія і пав. вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ІГО́ЛКІ,
іголкавыя (Syngnathidae), сямейства рыб атр. колюшкападобных (пучкашчэлепных). Каля 50 родаў, больш за 180 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некат. віды — у прэсных вадаёмах. У Азоўскім, Балтыйскім, Каспійскім, Чорным і Японскім м. трапляюцца 3 роды: марскія канькі, іголкі-рыбы (Syngnathus) і марское шыла (Nerophis).
Даўж. да 60 см. Цела ўкрыта касцянымі кольцамі. Афарбоўка зменлівая. Ёсць спінны плаўнік, у некат. відаў — грудныя і хваставы. Шчэлепы ў выглядзе пучкоў. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, маляўкамі рыб. Самка адкладвае ікру ў вывадковую камеру самца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖПАРЛА́МЕНЦКІ САЮ́З (МС),
міжнародная няўрадавая арг-цыя, якая аб’ядноўвае нац. парламенцкія групы розных дзяржаў. Створаны ў 1889. Мэта М.с. — заахвочванне асабістых кантактаў паміж членамі ўсіх парламентаў і аб’яднанне іх для сумеснай дзейнасці ў справе ўмацавання міжнар. міру, супрацоўніцтва. М.с. мае кансультатыўны статус 1-й катэгорыі пры ААН, падтрымлівае кантакты з яе Сакратарыятам і спецыялізаванымі ўстановамі ААН, асабліва з ЮНЕСКА. У 1999 у саюз уваходзіла больш за 110 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. Сакратарыят М.с. на чале з ген. сакратаром знаходзіцца ў Жэневе (Швейцарыя).