падстрахава́ць, ‑страхую, ‑страхуеш, ‑страхуе; зак., каго-што.

Засцерагчы ад чаго‑н. (непрыемнага, непажаданага). — Грыша! Правядзём разведку. Скарыстаем абедзенны час. Калі жанчыны пойдуць з поля дадому, пашлём туды нашых дзяўчат, як быццам мяняць вопратку на харчы. Цяпер такіх тысячы, ходзяць па сёлах... Толькі трэба іх падстрахаваць. Каго пашлём? Няхай. Нічога не зробіш: абрываем дрот рукамі. Толькі б паспець у час падстрахаваць групу Сіманава. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́льмавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пальмы, пальмаў. Пальмавы ліст. // Які складаецца з пальмаў (пра лес, парк і пад.). Цяпер і я сяджу у пальмавых алеях, Гляджу у даль і слухаю прыбой. Гурло. // Які зроблены, атрыманы з пальмы, яе пладоў. Пальмавы цукар. Пальмавае віно.

2. у знач. наз. па́льмавыя, ‑ых. Сямейства аднадольных раслін, якія растуць у тропіках і субтропіках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панаса́джваць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

1. Насадзіць ​1 вялікую колькасць якіх‑н. раслін. [Астаповіч:] — Цяпер мы пасадзім з табой дрэвы каля свае хаты! Усялякіх дрэў папасаджваем. Чорны.

2. Змясціць, размясціць дзе‑н. вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Панасаджваць людзей на аўтамашыну. Панасаджваць булак у печ.

панаса́джваць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Насадзіць ​2, шчыльна надзець на што‑н. усё, многае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Пакрыцца потам, спацець — пра ўсіх, многіх. Пілуючы сухастоіны і кладучы вазы, яны папацелі. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Запацець — пра ўсё, многае. Вокны папацелі.

3. Пацець некаторы час. Дарога да горада цяпер не здоўжылася. Затое пакуль [Язэп] перайшоў увесь горад — папацеў. Асіпенка. — Бачу, што здорава табе давялося папацець над гэтымі разлікамі, — загаварыў Дзямід Сыч. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Спароць усё, многае. І цяпер тыя дзед і баба, тая нізкая, чорная хата здаюцца Раі сном, хоць яна і ведае, што гэта быў не сон, што тыя дзед і баба яе ратавалі. Паспорвалі жоўтыя латы з яе адзежы, сюды, у бальніцу, прывезлі. Арабей. — [Задрапей] падкраўся, як злодзей, да млына, узлез на плот і паспорваў [ластаўчыны гнёзды]. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць сталым; памужнець. Цяпер Ліда пасталела і трымалася ў адносінах да настаўніка стрымана і нават як бы трохі холадна. Колас. Леташнія васьмікласнікі сталі дзевяцікласнікамі. Пасталелі, паразумнелі. Пачалі больш сур’ёзна ставіцца да ўсіх пытанняў школьных і жыццёвых. Дубоўка. Што за карысць, што малады і прыгожы, калі кручаны і невядома калі пасталее. Чорны. Я дарос, пасталеў на вайне. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасябрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. Стаць сябрамі; наладзіць, распачаць сяброўства з кім‑н. Усе [калгаснікі] неяк пасябравалі, згуртаваліся і цяпер былі як адна сям’я. Асіпенка. Дзяўчынкі пасябравалі з ласкавай бабуляй, прывыклі да яе, як да роднае маці. Мяжэвіч.

2. каго. Зрабіць сябрамі, зблізіць, здружыць. Нас Латвія пасябравала, Насмешлівы Вітаўтас Бложа. Барадулін.

3. Сябраваць некаторы час. Хлопчыкі пасябравалі дзень і пасварыліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́жыцца, ‑жыцца; незак.

1. Падвяргацца пражанню.

2. Разм. Пячыся на сонцы. Вымушаная раней увесь час пражыцца на санцапёку, .. [Паліна Фёдараўна] цяпер заўсёды знаходзіла вольнае месца пад парусінавым грыбам. Паслядовіч.

3. Зал. да пра́жыць (у 1 знач.).

пражы́цца, ‑жыву́ся, ‑жыве́шся, ‑жыве́цца; ‑жывёмся, ‑жывяце́ся; зак.

Разм. Патраціць на пражытак. Але Бачурка ведаў, што Сашка рызыкне пайсці да бацькі толькі тады, калі яны пражывуцца да апошняй капейкі. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праката́цца ​1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Спец. Падвергнуцца пракатцы.

праката́цца ​2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Тое, што і пракаціцца (у 2 знач.). Пракатацца на машыне. □ А цяпер Васілінка не бегла, а ляцела да таго лесу з надзеяй пракатацца, ды не як-небудзь, а стоячы на возе і трымаючы ў руках лейцы. Ус.

2. Катацца некаторы час. Пракатацца на санках цэлы дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпо́мніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

1. Прыйсці на памяць, успомніцца. Прафесару прыпомніўся адзін са шматлікіх завулкаў вялікага горада. Галавач. І чамусьці прыпомнілася Ірыне — так, толькі на адзін няўлоўны міг, — як некалі перасаджваў гэтую ігрушу яе Якаў. Даніленка.

2. Разм. Не забыцца, не даравацца; быць пастаўленым у віну. Цяпер усе яго грахі прыпомніліся яму, і яго зноў сталі цягаць і калоціць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)