расквітне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Расцвісці, распусціцца (пра кветкі, расліны). [Міхась:] Ёсць папараць-кветка. Толькі яна пакуль што ў нас для адных паноў цвіце... Але хутка яна і для нас расквітнее. Козел. Занядбаныя, без догляду,.. [цюльпаны] нейкім цудам расквітнелі. Ус.

2. перан. Стаць прыгожым, здаровым; дасягнуць росквіту. Расквітнела ты, дзяўчына, Як чырвоная каліна, Жаніхоў хапае ў нас, Пра вяселле думаць час. Дзеружынскі. Адэля на будоўлі была падобна на ўсіх тынкоўшчыц брыгады, дзе яна працуе разам з Васілінай. Затое ў гэтым вось блакітным плацці яна расквітнела незвычайна. Савіцкі. [Жанчына:] — Маша ажно расквітнела. Люба паглядзець на маладзіцу! Шамякін.

3. перан. Дасягнуць высокай ступені развіцця; праявіцца з большай сілай. Расквітнела жыццё. Расквітнеў талент мастака. □ На ніве разгорнутага камуністычнага будаўніцтва пышна расквітнела і культура Малдавіі, яе літаратура і мастацтва. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расцвісці́, ‑цвіту, ‑цвіцеш, ‑цвіце; ‑цвіцём, ‑цвіцяце, ‑цвітуць; пр. расцвіў, ‑ла, ‑ло; зак.

1. Пакрыцца цветам, кветкамі; распусціцца. Расцвіў перад акном духмяны белы бэз. Брыль. Краска свеціцца, нібыта Толькі расцвіла. Прыходзька. / у перан. ужыв. Панурая выспа ўраз ажыла. Раней халодная і насцярожаная, яна зазвінела цёплым дзявочым смехам, расцвіла задорнымі ўсмешкамі хлопцаў. Паслядовіч.

2. перан. Дасягнуць пары росквіту фізічных і духоўных сіл. Лабановіч бачыў мілую дзяўчынку-падлетка і ўспрымаў яе такою, як яна ёсць — маладзенькая, гатовая расцвісці ў поўнай сваёй красе. Колас. // Стаць радасным, ажыўленым. Жанкі аж расцвілі ад задавальнення. Васілевіч. Каля інтэрната .. [студэнты] спаткалі Ганчарова.. Умомант .. вочы [Маі] загарэліся, уся яна ажывілася, расцвіла. Карпюк.

3. перан. Дасягнуць высокага развіцця, працвітання. Талент расцвіў. □ Беларусь, мая радзіма, Як жа расцвіла ты За час гэты, за кароткі, Як выгнала катаў! Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сусве́т, ‑у, М ‑свеце, м.

1. Увесь свет, бясконцы ў часе і прасторы і бясконца разнастайны па формах, якія прымае матэрыя ў працэсе свайго развіцця. Недзе ў бяздонных глыбінях сусвету Вымпел чырвоны праносіць ракета. Макаль. Самуіла, які любіў кнігу і хацеў пазнаць тайны сусвету, не мог задаволіць рэлігійны дыдактызм. Каваленка.

2. Зямны шар, Зямля з усім, што існуе на ёй. [Восень] усім людзям сусвету ў дарунак плён зямлі прыносіць. Дубоўка. І «Аўрора», агнём скалануўшы планету, аддавала салют маладосці сусвету. А. Вольскі.

3. Тое, што і свет (у 3 знач.). Але наш паэт і натураліст не дабіраецца да другой, не менш важнай ісціны — да класавага падзелу большай часткі гэтага сусвету на паноў і нявольнікаў. Кудраўцаў. Ён [Ленін] скалануў стары сусвет, Да камунізма шлях намеціў. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэмп, ‑у, м.

1. Ступень хуткасці выканання музычнага твора. Тэмп арыі. Тэмп уверцюры. / Пра спектакль, чытанне, мову і пад. Тэмп спектакля. Тэмп песні. □ Гукі полькі запоўнілі хату. Гетманскі лёгка кружыўся, набіраючы тэмп. Алешка. // У спорце — ступень хуткасці мерных або паўторных рухаў, дзеянняў. Тэмп бегу. Тэмп стральбы. □ На трэніроўцы маё сэрца хутка набірала адпаведны тэмп, і я адчуваў сябе зусім свабодна якраз у той час, калі спрытныя гарадскія юнакі ўжо выдыхаліся і выглядалі, як мокрыя кураняты. Карпюк.

2. Хуткасць ажыццяўлення, выканання або інтэнсіўнасці развіцця чаго‑н. Тэмпы росту цяжкай прамысловасці. □ Сельская гаспадарка дасягнула высокіх тэмпаў росту. «Работніца і сялянка». Шаманскі ўсёй сваёй душой адчуў, што цяпер, у дні агульнага працоўнага ўздыму калгаснікаў, самы час набіраць тэмпы. Дуброўскі.

•••

У тэмпе — хутка, энергічна (рабіць што‑н.).

[Іт. tempo.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узлёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. узлятаць — узляцець (у 1 знач.).

2. перан.; чаго. Кульмінацыя развіцця; росквіт, уздым. Як і ў гісторыі іншых старажытных гарадоў, у гісторыі Полацка мы бачым і перыяды бурнага ўзлёту, і перыяды заняпаду. Хадкевіч. Жыццё без узлётаў, пралікаў і спадаў, Вёз спрэчак калючых, нібыта асцё, Без спёкі, без хмар і густых снегападаў — Расклад ці інструкцыя, а не жыццё. Грахоўскі.

3. перан.; чаго. Уздым, натхненне. Узлёт сіл. Узлёт творчай думкі. Паэтычны ўзлёт. □ Многім паэтам вядомы ўзлёты і спады, з-пад аднаго і таго ж пяра выходзяць творы наўздзіўнай сілы і, поруч з імі, рэчы больш-менш бедныя і недасканалыя. Лужанін. Сапраўдным узлётам Купалы-лірыка былі чэрвень-ліпень 1911 года. .. У гэты час было напісана больш трыццаці вершаў. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАТА́НІКА (грэч. botanikē ад botanē трава, расліна),

навука пра расліны; адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць раслін (сістэматыка), іх будову (марфалогія і анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія раслін, біяхімія), заканамернасці індывід. і гіст. развіцця (эмбрыялогія, эвалюцыя), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (геаграфія раслін), узаемаадносіны з навакольным асяроддзем (экалогія), структуру расліннага покрыва (геабатаніка).

Развіццё батанікі як навукі ішло адначасова з ростам практычных патрэбнасцяў чалавека і непасрэдна звязана з агульнай гісторыяй чалавецтва. Шмат звестак пра расліны было вядома людзям з глыбокай старажытнасці. Бацькам батанікі лічаць стараж.-грэч. прыродазнаўца і філосафа Тэафраста. Як стройная сістэма навук. ведаў батаніка аформілася ў 18 ст. дзякуючы ў асноўным працам швед. прыродазнаўца К.Лінея. Франц. вучоныя М.Адансон, Ж.Б.Ламарк, А.​Жусьё і інш. распрацавалі натуральную класіфікацыю раслін, паводле якой расліны аб’ядноўваліся па сукупнасці гал. прыкмет (кветка, плод, семя) у парадкі, якія ўпершыню размешчаны ў адзіны рад — ад водарасцяў да кветкавых. У 19—20 ст. інтэнсіўна развівалася батаніка, як і інш. біял. навукі, пад уплывам эвалюцыйнай тэорыі Ч.​Дарвіна. У Расіі першыя бат. даследаванні звязаны са стварэннем АН (1724) і арганізацыяй шэрагу экспедыцый для вывучэння расліннасці краіны (І.​Г.​Гмелін, П.С.Палас, С.П.Крашаніннікаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. рус. батанікі І.​Н.​Гаражанкін, М.С Варонін, У.І.Паладзін, С.Г.Навашын, К.А.Ціміразеў і інш. зрабілі буйныя адкрыцці (двайное апладненне ў кветкавых раслін, раскрыццё энергетычных заканамернасцяў фотасінтэзу і інш.), якія паўплывалі на развіццё бат. навукі ў свеце.

На Беларусі фарміраванне батанікі як навукі пачалося ў канцы 18 — пач. 19 ст. Першыя бат. даследаванні пераважна апісальнага характару зрабілі І.​І.​Ляпёхін, В.​М.​Севяргін, В.​Г.​Бесэр. Сучасны этап развіцця батанікі звязаны з працамі Ц.М.Годнева, В.Ф.Купрэвіча, М.А.Дарожкіна, М.​Дз.Несцяровіча, М.У.Смольскага, А.А.Шлыка, А.С.Вечара, В.М.Цярэнцьева, І.Д.Юркевіча, В.С.Гельтмана, В.І.Парфёнава, Н.В.Казлоўскай і інш. Навук. праца па батаніцы вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Гомельскім ун-це, пед. і с.-г. ін-тах, запаведніках. Вызначаны заканамернасці фарміравання, дынамікі флоры і расліннасці, распрацаваны навук. асновы выкарыстання і аховы раслінных рэсурсаў, антрапагеннага ўплыву на расліннае покрыва. Шэраг даследаванняў звязаны з выкананнем міжнар. біял. праграмы.

Літ.:

Базилевская Н.А., Белоконь И.П., Щербакова А.А. Краткая история ботаники. М., 1968;

Жизнь растений. Т. 1—6. М., 1974—82;

Хржановский В.Г. Курс общей ботаники. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982;

Жуковский П.М. Ботаника. 5 изд. М., 1982.

т. 2, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАКІ,

сістэмы завіслых у атмасферы прадуктаў кандэнсацыі вадзяной пары — кропелек вады, крышталікаў лёду або іх сумесей. Сукупнасць воблакаў называецца воблачнасцю. Утвараюцца воблакі пры кандэнсацыі вадзяной пары ў стане насычэння на ядрах кандэнсацыі. Дыяметр кропель — каля некалькіх мікронаў, маса вады ў 1 м³ паветра воблакаў — ад долі грама да некалькіх грамаў. Каля зямной паверхні яны ўтвараюць туман. Узбуйненне прадуктаў кандэнсацыі выклікае ападкі атмасферныя (дождж, снег, град).

Узнікненне воблакаў — вынік адыябатычнага ахалоджвання паветра пры яго пад’ёме, радзей — вынік ахалоджвання ад подсцільнай зямной паверхні і турбулентнага перамешвання паветра. Пад’ём паветра, неабходны для ўтварэння воблакаў, адбываецца пры канвекцыі ў атмасферы (канвекцыйныя воблакі), пры ўзыходзячым слізгальным пад’ёме паветра на франтах атмасферных (франтальныя воблакі), пры хвалевых рухах у атмасферы і інш. Большая ч. воблакаў засяроджана ў трапасферы, але зрэдку назіраюцца ў стратасферы (пераважна перламутравыя воблакі) і ў мезасферы (серабрыстыя воблакі). Па міжнар. класіфікацыі воблакі ў залежнасці ад іх ніжняй мяжы адносяцца да аднаго з трох ярусаў — верхняга, сярэдняга або ніжняга. Паводле знешняй будовы і размяшчэння на ярусах воблакі маюць 10 асн. формаў: у верхнім ярусе перыстыя воблакі, перыста-слаістыя воблакі і перыста-кучавыя воблакі (на выш. больш за 6 км), у сярэднім — высокакучавыя воблакі і высокаслаістыя воблакі (на выш. 2—6 км), у ніжнім — слаіста-кучавыя воблакі, слаістыя воблакі і слаіста-дажджавыя воблакі (выш. іх ніжняй мяжы менш за 2 км). Вылучаюць таксама воблакі вертыкальнага развіццякучавыя воблакі і кучава-дажджавыя воблакі з вертыкальнымі памерамі аднаго парадку з гарызантальнымі, іх асновы звычайна знаходзяцца ў ніжнім ярусе, а верхнія ч. могуць дасягаць сярэдняга ці верхняга яруса. Воблакі ўкрываюць каля паловы нябеснай сферы на Зямлі і змяшчаюць каля 10​9 т вады. На працягу года розныя тыпы воблакаў маюць розную паўтаральнасць. Воблакі ўплываюць на фарміраванне надвор’я і ападкаў, на цеплавы рэжым паветра, сушы і мора, з’яўляюцца звяном кругавароту вады на Зямлі. Яны могуць перамяшчацца на тысячы кіламетраў, пераносіць і пераразмяркоўваць вялізныя масы вады. На Беларусі зімой пераважае нізкая воблачнасць слаістых формаў, у цёплае паўгоддзе — воблачнасць вертыкальнага развіцця.

І.​Я.​Афнагель.

Высокаслаістыя воблакі над воз. Шо ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл.
Слаіста-кучавыя і кучавыя воблакі.
Высока-кучавыя воблакі пад крылом самалёта.
Кучава-дажджавыя воблакі.
Кучавыя воблакі добрага надвор’я.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІТАЛО́ГІЯ (ад арніта... + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае птушак, іх біялогію, геагр. пашырэнне, шляхі міграцыі, экалогію і гасп. значэнне. Даныя арніталогіі ляжаць у аснове развіцця сістэматыкі, біягеаграфіі, папуляцыйнай біялогіі, выкарыстоўваюцца ў біёніцы, паразіталогіі, эпідэміялогіі.

Першы твор з апісаннем птушак вядомы з 4 ст. да н.э. («Гісторыя жывёл» Арыстоцеля). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. з’явіліся працы натуралістаў франц. П.​Белона, швейц. К.​Геснера і італьян. У.​Альдравандзі, якія абагульнілі звесткі па арніталогіі таго часу. У 1713 апублікавана класіфікацыя птушак, распрацаваная англ. біёлагам Дж.​Рэем, у 1735 — навук. наменклатура птушак швед. Вучонага К.​Лінея. Даследаванні вучоных англ. Т.​Гекслі, рус. М.​А.​Мензбіра і ням. М.​Фюрбрынгера, Г.​Гадова і Э.​Зеленкі ў канцы 19 ст. паслужылі асновай сучаснай класіфікацыі птушак і вызначылі іх важнейшыя філагенетычныя сувязі.

На тэр. Беларусі першыя арніталагічныя звесткі належаць да сярэдзіны 18 — пач. 19 ст. (Г.​Ржанчынскі, Э.​Эйхвальд), у 2-й пал. 19 ст. звязаны з працамі К.​Тызенгаўза, В.​Тачаноўскага. Пэўным укладам у развіццё арніталогіі з’яўляюцца даследаванні ням. арнітолагаў А.​Рэйханава, О.​Цэдлітца, Х.​Захтлебена і інш. у час 1-й сусв. вайны. Асновай сістэматычнага развіцця арніталогіі сталі даследаванні У.​М.​Шнітнікава і яго першая грунтоўная зводка «Птушкі Мінскай губерні» (1913). Далейшае развіццё арніталогіі звязана з дзейнасцю А.​Штама, У.​В.​Стачынскага, С.​В.​Кірыкава, Я.​Даманеўскага, І.​М.​Сяржаніна, А.​У.​Фядзюшына, М.​С.​Долбіка і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі АН Беларусі, у запаведніках, ВНУ. Праведзена біяцэналагічнае вывучэнне найб. важных у гасп. адносінах птушак (курыных, драпежных, галянастых, вадаплаўных); удакладнены склад фауны, стан і дынаміка насельніцтва птушак розных біятопаў у залежнасці ад уздзеяння на іх асн. антрапагенных фактараў, высветлена відавая разнастайнасць, эколага-фізіял. асаблівасці, феналогія размнажэння і інш. пытанні біялогіі найб. пашыраных відаў. Даследуюцца рэдкія віды птушак, абгрунтавана ўключэнне ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь відаў, якія патрабуюць асаблівай аховы, многія даныя арніталогіі выкарыстоўваюцца для распрацоўкі нац. сістэмы ахоўных тэрыторый.

Літ.:

Федюшин А.В., Долбик М.С. Птицы Белоруссии. Мн., 1967;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989;

Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982.

М.​Я.​Нікіфараў.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНАСЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. gnōsis веды + ...логія),

вучэнне аб пазнанні; раздзел філасофіі, які вывучае суадносіны суб’екта і аб’екта ў працэсе пазнавальнай дзейнасці, магчымасці і межы пазнання свету чалавекам, шляхі і сродкі дасягнення ісціны. Гнасеалогія даследуе: месца і ролю ведаў у адносінах чалавека да сусвету, у развіцці індывід. чалавека (асобы) і ў эвалюцыі грамадства, яго трансфармацыі; асаблівасці пазнання як спецыялізаванай дзейнасці і шляхі яго ўваходжання ў інш. віды дзейнасці; суадносіны пачуццёвага і рацыянальнага ў працэсе пазнання, перадумовы і крытэрыі сапраўднасці ведаў, суадносіны паміж ісціннасцю і памылковасцю апошніх.

Гісторыя гнасеалогіі фактычна пачынаецца з пытання аб тым, што такое веды, чым яны забяспечваюцца (пачуццямі ці розумам). Платон сцвярджаў, што сапраўдныя веды маюць агульнаабавязковы характар, г. зн. не залежаць ад індывід. асаблівасцей суб’екта. Арыстоцель абгрунтоўваў тэзіс пра адзінства ведаў і прадмета пазнання, пра лагічную структуру пазнавальнага працэсу. У 17—18 ст. Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт, Г.​Лейбніц, Д.​Дзідро і інш. раскрылі вял. ролю навук. метадаў, своеасаблівасць спалучэння пачуццёвых і рацыянальных момантаў у пазнавальным працэсе, суадносіны з рэчаіснасцю. Прадстаўнікі ням. класічнай філасофіі 19 ст. (І.​Кант, Г.​Гегель і інш.) абгрунтавалі неабходнасць пераадолення разрыву паміж гнасеалагічнай і анталагічнай праблематыкай, дыялектычнае адзінства эмпірычнага і рацыянальнага ў працэсе пазнання, наяўнасць узаемапераходаў гэтых катэгорый, узаемасувязь тэарэт. і практычнага розуму. Марксісцкая гнасеалогія асабліва падкрэслівала дзейсную прыроду пазнання, ролю практыкі як асновы і крытэрыю сапраўднасці ведаў, значэнне пазнання ў перабудове навакольнага асяроддзя, перш за ўсё сац. рэчаіснасці. Філас. фенаменалогія (Э.​Гусерль і інш.) лічыць, што найб. фундаментальнай характарыстыкай пазнавальнага працэсу з’яўляецца інтэнцыяльнасць — скіраванасць свядомасці на прадмет пазнання. У сярэдзіне і канцы 20 ст. прадстаўнікі аналітычнай філасофіі (Б.​Расел, Дж.​Мур, Р.​Карнап, Л.​Вітгенштэйн, К.​Попер і інш.) прааналізавалі месца і ролю знакава-сімвалічных сродкаў навук. мыслення, спосабы верыфікацыі навук. ведаў.

У апошнія дзесяцігоддзі гнасеалогія надае ўсё большае значэнне распрацоўцы агульнаметадалагічных праблем развіцця навукі, яе сац. прыроды. Даследаванні праведзеныя ў Беларусі (Я.​Бабосаў, Г.​Несвятайлаў, В.​Русецкая і інш.) паказалі, што перспектывы развіцця гнасеалогіі шмат у чым абумоўлены сац. сітуацыяй, назапашваннем ведаў.

Літ.:

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Гносеология в системе философского мировоззрения. М., 1983;

Познавательные действия в современной науке. Мн., 1987;

Пугач Г.В. Познавательная активность человека. М., 1985.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 5, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНІЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. genius геній, дух, ахоўнік),

найвышэйшая ступень творчай адоранасці і развіцця здольнасцей чалавека. Праяўляецца ў розных сферах жыццядзейнасці людзей: у навуцы, мастацтве, рэлігіі, палітыцы, ваен. справе, педагогіцы, медыцыне і інш. З’яўленне геніяльных людзей (геніяў) абумоўлена ўздзеяннем многіх фактараў; спадчыннасць, прыродныя здольнасці, сямейнае і грамадскае выхаванне, спрыяльныя абставіны сац.-эканам., паліт., культ.-рэліг. жыцця грамадства, уласнае імкненне да самаўдасканалення і самарэалізацыі. Большасць сучасных даследчыкаў прытрымліваецца меркавання, што на з’яўленне і развіццё геніяльных людзей адначасова ўплываюць прыродныя здольнасці, спадчыннасць, асаблівасці выхавання і сацыялізацыі асобы.

У розных народаў свету на працягу іх развіцця былі свае геніяльныя мысліцелі, музыканты, мастакі, пісьменнікі, грамадска-паліт., рэліг. і ваен. дзеячы. Не заўсёды дзейнасць геніяў, якія нярэдка значна апярэджвалі свой час, належным чынам ацэньвалася іх сучаснікамі, але яна часта вызначала цэлыя эпохі ў сац. і культ. жыцці грамадства. Пра наяўнасць геніяльнасці ў чалавека гавораць тады, калі ён з’яўляецца аўтарам вял. адкрыццяў, родапачынальнікам новых тэорый, канцэпцый і навук. школ, засн. арыгінальных маст. стыляў, жанраў, ініцыятарам і правадніком перспектыўных навацый у паліт., эканам., рэліг. і ваен. сферах. У перыяд антычнасці геніяльнасць лічылі боскім дарам (Платон, неаплатаністы), а яе носьбітаў (геніяў) — шчаслівымі выбраннікамі багоў. У эпоху Адраджэння пашырыўся культ генія як асобы з унікальным творчым пачаткам (Леанарда да Вінчы, Дж.Вазары, Ю.​Ц.​Скалігер). Геніяльнасць ужо лічылі не дарам багоў, а натуральнай прыроджанай якасцю, уласцівай пераважна дзеячам мастацтва. Тады ж тэрмін геніяльнасць пачалі выкарыстоўваць у сучасным сэнсе гэтага слова, хоць у дачыненні да навукоўцаў гэтае паняцце замацавалася толькі ў 19 ст. У перыяд росквіту рамантызму (18 — 1-я пал. 19 ст.) геніяльнасць нярэдка вызначалася як містычная, ірацыянальная, неасэнсаваная здольнасць чалавека да творчай дзейнасці. І.Кант лічыў геніяльнасць «прыроджанымі задаткамі душы», І.В.Гётэ — найвышэйшым узроўнем усякай прадуктыўнасці, а генія, адпаведна, «прадуктыўнай сілай, што робіць дзеянні, вартыя бога і прыроды»; Ф.​Шылер раскрываў прыроду геніяльнасці праз паняцце «наіўнасці» інстынктыўнага следавання прыродзе; Ф.​Ніцшэ трактаваў генія як «звышчалавека», які супрацьстаіць аморфным масам, натоўпу.

Літ.:

Гончаренко Н.В. Гений в искусстве и науке. М., 1991;

Грузенберг С.О. Гений и творчество. Л., 1924;

Жоли Г. Психология великих людей. СПб., 1894;

Оствальд В. Великие люди;

Пер. с нем. СПб., 1910.

Э.​Дубянецкі.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)