зялёнка ​1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Ядомы грыб з пласціністай зялёнай шапкай. Міця па-ранейшаму ходзіць у лес. Цяпер па зялёнкі, самыя познія, апошнія грыбы восені. Навуменка.

зялёнка ​2, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Вадкасць зялёнага колеру на спірце з антысептычнымі ўласцівасцямі для змазвання скуры. Апёкі на твары пачарнелі, едкая зялёнка распаўзлася да вушэй. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марынава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

1. што. Кансерваваць, прыгатоўваць харчовыя прадукты ў марынадзе. Марынаваць рыбу. Марынаваць грыбы.

2. перан., каго. Разм. Знарок затрымліваць каго‑н. у адным якім‑н. стане, званні. [Нэля:] — Мужа цэлы год .. марынавалі ў Азове — выкарыстоўвалі на самых звычайных работах на промыслах. Лупсякоў. // што. Знарок затрымліваць рашэнне, выкананне чаго‑н. [Шылаў:] Цяпер я ведаю, чаму ты заказ мой марынуеш. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жада́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад жадаць.

2. у знач. наз. жада́ючы, ‑ага, м. Той, хто жадае атрымаць што‑н., прыняць удзел у чым‑н. Перад смерцю Фрык завяшчаў, каб яго музей маглі бясплатна наведваць усе жадаючыя. Новікаў. Пункт, куды накіроўвалі Жадаючых трапіць да партызан.., знаходзіўся кіламетраў за пяць ад праезджай дарогі... Лынькоў.

3. Дзеепрысл. незак. ад жадаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мудрэ́ц, ‑раца, м.

1. Мудры, разумны чалавек. Многа ўсякіх падзей, змен адбылося на .. [Паўлавай] памяці, а цяпер ён стаіць як бы збоку ад усяго і са спакоем мудраца аглядае жыццё. Колас.

2. Іран. Пра таго, хто хітруе. Дырэктар, слухаючы Косцю, усё больш ды больш хмурыўся і дыміў. Потым з ноткай расчаравання ў голасе прамовіў: — Так вы ўсё і вырашылі? Мудрацы-ы! Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надыхо́дзячы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад надыходзіць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які набліжаецца, настае, пачынаецца (пра час, падзеі, стан і пад.). Гамонячы пра надыходзячыя канікулы, мы спусціліся з узгорка і выйшлі на сцяжынку, па якой усю зіму хадзілі ў школу. Рунец. Імчаўся рэактыўны карабель Насустрач надыходзячаму дню. Аўрамчык.

3. Дзеепрысл. незак. ад надыходзіць (гл. надысці ў 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неарганізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены арганізаванасці; бязладны, непланамерны. [Слаўна:] — [Атрады] ёсць, але, відаць, яшчэ малыя, неарганізаваныя. Новікаў.

2. Які не можа дзейнічаць дакладна і планамерна, правільна арганізаваць жыццё; недысцыплінаваны. Андрэйка Казакевіч запісаўся ў калгас не самы першы. А чаму не першы? На гэта сам ён цяпер кажа: «Неарганізаваны я быў хлопец». Чорны.

3. Які не ўваходзіць у склад якой‑н. арганізацыі. Неарганізаваная моладзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недастатко́ва, прысл.

1. прысл. Менш, чым патрэбна; мала. Тое, на што раней мы недастаткова звярталі ўвагі, цяпер становіцца сур’ёзным тормазам. «ЛіМ». // У недастатковай ступені; не зусім добра, слаба. Адна хоць самая маленькая неасцярожнасць, адзін недастаткова вывераны крок — і ўсё гіне, сотні людзей ахвяруюць сваім жыццём. Кулакоўскі.

2. безас. у знач. вык. Мала, не хапае. [Шэмет:] — Вашых адчуванняў мне недастаткова. Я.. [Яроту] таксама трошкі ведаю. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нізі́на, ‑ы, ж.

1. Нізкае месца. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Маўр. Я бачу, як адным сваім краем сяло ўдаецца ў жыты. Другі канец яго ападае ў нізіну. Скрыган.

2. Раўніна, якая знаходзіцца не вышэй 200 м над узроўнем мора. Дождж грымеў над неабсяжнымі прасторамі дрыгвяной калхідскай нізіны. Самуйлёнак. Палеская нізіна — рэзервуар вільгаці для ўсёй Беларусі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыво́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Перастаць існаваць, знікнуць; аджыць свой век — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Усе плямы павыводзіліся. Не будзе вады — павыводзіцца рыба. □ Госці і пачастункі сярод хутаранцаў павыводзіліся ўшчэнт. Чорны.

2. Вывесціся з яйца, лічынкі і пад. — пра птушак, насякомых. Буслы, якія павыводзіліся ў гнёздах, сталі дарослыя і цяпер кожную раніцу разам са сваімі бацькамі кружылі высока ў небе. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́даючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад падаць. Месяц адбівае ўсяго 7 працэнтаў падаючых на яго сонечных праменяў. «Звязда».

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які звязаны з перамяшчэннем уніз. Сіла падаючай вады. □ Да вуха даляцелі шум і трэск падаючых дрэў, глухія выбухі. Шчарбатаў.

3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які пабудаваны нахільна. Падаючая вежа.

4. Дзеепрысл. незак. ад падаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)