рызіна, вулканізат, эластычны матэрыял, які атрымліваюць вулканізацыяй каўчуку. Найважнейшая ўласцівасць гумы — высокаэластычнасць: здольнасць без значных астаткавых дэфармацый вытрымліваць шматразовыя расцяжэнні на 500—1000% у шырокім інтэрвале тэмператур.
Атрымліваюць гуму пераважна вулканізацыяй кампазітаў (гумавых сумесей), аснову якіх (звычайна 20—60% па масе) складаюць каўчукі (гл.Каўчук натуральны, Каўчукі сінтэтычныя). У састаў сумесей уваходзяць таксама вулканізуючыя агенты, напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. інгрэдыенты мэтавага прызначэння, агульная колькасць якіх можа дасягаць 15—20. Выбар каўчуку і склад гумавай сумесі абумоўлены прызначэннем, умовамі эксплуатацыі і тэхн. патрабаваннямі да вырабаў, тэхналогіяй вытв-сці. Паводле прызначэння і ўмоў эксплуатацыі адрозніваюць наступныя асн. групы: агульнага прызначэння (выкарыстоўваюць пры т-рах ад -50 да 150 °C); цеплаўстойлівую (для працяглай эксплуатацыі пры 150 — 200 °C); марозаўстойлівую (выкарыстоўваюць пры т-рах ніжэй за -50 °C); маслабензаўстойлівую; устойлівую да ўздзеяння агрэсіўных хім. рэчываў (кіслот, шчолачаў, азону); дыэлектрычную; электраправодную; магнітную; вогнеўстойлівую; радыяцыйнаўстойлівую; вакуумную; фрыкцыйную, харч. і мед. прызначэння і інш. Атрымліваюць таксама сітаватую гуму, гуму каляровую і празрыстую. Выкарыстоўваюць у тэхніцы, сельскай гаспадарцы, буд-ве, медыцыне, побыце. Асартымент гумавых вырабаў налічвае больш за 70 тыс. найменняў. Больш за палавіну аб’ёму вырабленай гумы выкарыстоўваюць у вытв-сці шын.
Літ.:
Федюкин Д.Л., Махлис Ф.А. Технические и технологические свойства резин. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАДРО́М (ад космас + грэч. dromos бег, месца для бегу),
ракетадром, комплекс збудаванняў, тэхн. сродкаў і зямельных участкаў для зборкі, падрыхтоўкі і запуску касмічных апаратаў.
У склад К. ўваходзяць: тэхнічны (ТК), стартавы (СК), камандна-вымяральны (КВК) комплексы, комплекс сродкаў пошуку і выратавання, жыллёвы комплекс, дапаможныя службы. ТК забяспечвае прыём з заводаў-вытворцаў ступеней ракет-носьбітаў і касмічных апаратаў, іх захоўванне, зборку, выпрабаванне вузлоў і агрэгатаў ракетна-касм. сістэм (РКС). СК служыць для ўстаноўкі РКС на пускавую пляцоўку, запраўкі кампанентамі паліва і акісляльніку, кантрольных выпрабаванняў і пуску. Перадстартавую падрыхтоўку, функцыянаванне РКС пры вывядзенні касм. апаратаў на арбіту, вызначэнне элементаў траекторыі палёту кантралюе КВК (складаецца з наземных станцый сачэння і марскіх суднаў уздоўж трасы палёту). Функцыі комплексу сродкаў пошуку і выратавання — дапамога пры аварыі на К. ці пры вывядзенні на арбіту касм. апаратаў, эвакуацыя касм аб’ектаў і іх экіпажаў пасля вяртання на Зямлю. Сучасныя К. займаюць вял. тэрыторыі з трансп. і інж. камунікацыямі, лініямі сувязі і электраперадач, вял. колькасцю абслуговага персаналу. Касм. апараты запускаюцца з К. Байканур (Казахстан), Плясецк (Расія), Усх. выпрабавальнага палігона на мысе Канаверал, Зах. выпрабавальнага палігона (ЗША), Січан (Кітай), Танегасіма (Японія), Куру (Францыя), Сан-Марка (Італія, адзіны ў свеце К. на вадзе) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ЛОКОЛ»,
першая расійская рэв. газета. Выдавалася ў 1857—67 у Лондане і Жэневе (з 1865) А.І.Герцэнам і М.П.Агаровым на рус. і франц. мовах. Мела дадаткі «Под суд!» (1859—62) і «Общее вече» (1862—64). Выйшла 245 нумароў тыражом 2500 экз. Распаўсюджвалася нелегальна, мела карэспандэнтаў у Расіі, у т. л. на Беларусі.
Асвятляла сац.-паліт. становішча народаў, што ўваходзілі ў складРас. імперыі. Выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, выкрывала злачынствы царскай бюракратыі, духавенства. Сярод публікацый 1859—64 артыкулы, нататкі, інфарм. паведамленні (усяго 49) пра Беларусь, бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, бюракратызм у арміі. Выступала ў падтрымку паўстання 1863—64, асуджала паліцэйскія рэпрэсіі, крытыкавала дзейнасць віленскага віцэ-губернатара М.М.Мураўёва, прапагандавала рэв.-дэмакр. шлях вырашэння нац. пытання, адстойвала права бел. народа на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу. Змясціла серыю дарожных нататкаў невядомага аўтара «Ад Віцебска да Коўны» (1862, № 128—130) з апісаннямі Віцебска, Оршы, Магілёва, Барысава, Мінска, а таксама звесткі пра сял. хваляванні на тэр. Беларусі.
Публ.:
«Колокол». Вып. 1—11 (факс. изд.). М., 1960—64.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Герценовский «Колокол». М., 1963;
Кісялёў Г. Па слядах аднаго пісьма М.П.Агарова і А.І.Герцэна // З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕТАПІ́СНЫЯ АПО́ВЕСЦІ І АПАВЯДА́ННІ,
гісторыка-літаратурныя творы, якія разам з кароткімі пагадовымі запісамі-паведамленнямі з’яўляюцца асн. тэкставымі адзінкамі жанравай структуры летапісаў. Іх асаблівасць — гіст.-дакументальны характар. Для летапіснай аповесці характэрны разгорнуты сюжэт, маштабнасць, дэталёвасць апісання важных гіст. падзей ці ўвогуле гісторыі за пэўны адрэзак часу. Тэматычна Л.а. і а. аб’ядноўваліся ў асобныя летапісы і ўтваралі буйныя гіст. творы — зводы («Аповесць мінулых гадоў», Галіцка-Валынскі летапіс і інш.). Летапісы беларускія таксама складаюцца з Л.а. і а. Адны з іх самастойныя ідэйна-маст. і гістарыяграфічныя творы («Аповесць пра Падолле», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх»), другія з’яўляюцца арганічнай неадрыўнай часткай тых летапісных помнікаў, у склад якіх яны ўваходзяць, напр., апавяданні пра ўзяцце Вітаўтам Смаленска ў 1404, пра паўстанне ў Смаленску ў 1440 у Беларуска-Літоўскім летапісе 1446, апавяданне пра заснаванне Гедзімінам Вільні, «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл» у 2-м бел,літ. летапісным зводзе (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Своеасаблівым зборам Л.а. і а. з’яўляецца Хроніка Быхаўца. Бел. хронікі 17—18 ст. (Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка) паводле паходжання, зместу, стылю больш цэласныя творы, чым летапісы 15—16 ст., таму літ. часткі ў іх можна вылучаць толькі ўмоўна. Лепшыя бел. Л.а. і а. маюць не толькі гістарычна-пазнавальную каштоўнасць, але і з’яўляюцца ўзорамі бел. гістарычнай прозы свайго часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ МУЗЕ́Й РАМЁСТВАЎ І НАРО́ДНЫХ ПРО́МЫСЛАЎ.
Існаваў у 1978—90 у г. Заслаўе Мінскага р-на як філіял Дзярж. музея Беларусі. З 1986 уваходзіў у складЗаслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка, размяшчаўся ў будынку Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы. Меў 2 выставачныя залы (пл. 346,5 м²). Матэрыялы адной залы знаёмілі з гісторыяй Беларусі і гарадоў: карта Беларусі, выявы стараж. гербаў бел. гарадоў, якія мелі магдэбургскае права. У экспазіцыі другой залы было больш за 900 твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва і нар. рамёстваў 10 — пач. 20 ст., у т. л. знойдзеныя пры археал. раскопках. Сярод экспанатаў наканечнікі стрэл 10—12 ст., прадметы побыту з рогу і косці 10—17 ст., кап’ё 11 ст., ганчарны (12—13 ст.) і шкляны (18—20 ст.) посуд, упрыгожанні 10—13 ст. з металу, шкла, сердаліку (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, падвескі і інш.), паліхромная кафля 16—17 ст., дэталі збруі 16—17 ст., вырабы бел. злотнікаў (пацір 16 ст., напрастольны крыж 1625 з Навагрудка), разныя царскія вароты 18 ст. з Давыд-Гарадоцкай Георгіеўскай царквы, скульпт. выявы святых з Віцебскай і Гродзенскай абл., слуцкія паясы, неглюбскія ручнікі і інш. Расфарміраваны ў сувязі з перадачай храма правасл. абшчыне. Большая частка экспанатаў захоўваецца ў фондах Нац.маст. музея Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАЛАГІ́ЗМ (ад неа... + грэч. logos слова),
слова або спалучэнне слоў, утвораныя для абазначэння новых прадметаў, паняццяў, з’яў ці для замены іх старых назваў. Напр., «газамабіль» (аўтамабіль, які працуе на газавым паліве). Прыналежнасць слоў да Н. — уласцівасць адносная і гістарычная. З часам Н. ўваходзяць у актыўны слоўнікавы склад лексікі і перастаюць успрымацца як новыя словы («саўгас», «касмадром» і інш.), або, наадварот, пераходзяць у разрад гістарызмаў («камбед»), Н. — пераважна назоўнікі, радзей — прыметнікі, дзеясловы; сярод займеннікаў, лічэбнікаў, службовых слоў не сустракаюцца. Н. падзяляюць на лексічныя, якія выступаюць у мове як назвы прадметаў, з’яў («гагарыніт»), і семантычныя — новыя значэнні вядомых слоў: «банк» (у выразе «банк новых ідэй»), Лексічныя і семантычныя Н. ўваходзяць у лексічную сістэму мовы і з’яўляюцца агульнамоўнымі. У бел. мове сярод сучасных Н.: «луніт», «гідробус», «акванаўт», «брыфінг» і інш. Шырокае распаўсюджанне атрымалі індывідуальна-стылістычныя, або аўтарскія, Н. — аказіяналізмы, якія створаны пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі толькі ў пэўным кантэксце. Напр., «заістужыць», «распарасоніцца» (У.Дубоўка), «грыбазбіры» (П.Панчанка), «ад’юбілеіць» (В.Вітка). Асобныя аўтарскія Н. могуць пераходзіць у катэгорыю агульнаўжывальных слоў.
Літ.:
Брагина А Неологизмы в русском языке. М., 1973;
Новые слова и словари новых слов. Л., 1978—83;
Казейка І.П. Паняцце неалагізма ў сучасным мовазнаўстве // Бел. лінгвістыка. Мн., 1988. Вып. 34.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРОНАГРА́ФІЯ (ад нейтрон + ...графія),
сукупнасць метадаў даследавання рэчыва з дапамогай рассеяння нейтронаў нізкіх энергій (E < 1 эВ). Падзяляецца на структурную і магнітную. Выкарыстоўваецца ў фізіцы вадкасцей і цвёрдага цела, біял. макрамалекул.
Структурная Н. заснавана на тым, што даўжыня хвалі дэ Бройля павольных электронаў (~0,1 нм) сувымерная з міжатамнымі адлегласцямі ў кандэнсаваных асяроддзях і гэта дазваляе вывучаць ўзаемнае размяшчэнне атамаў. Метад яе грунтуецца на з’яве дыфракцыі нейтронаў (гл.Дыфракцыя часціц) і аналізе залежнасці інтэнсіўнасці рассеянага пучка нейтронаў ад даўжыні хвалі або вугла рассеяння (падобна метаду рэнтгенаструктурнага аналізу, адрозненне гэтых метадаў у тым, што нейтроны рассейваюцца ядрамі атамаў, а рэнтгенаўскія прамяні — атамнымі электронамі). Сячэнне рассеяння нейтронаў на ядрах атамаў, што ўваходзяць у крышталічную структуру, нерэгулярна залежыць ад ат. н. ядра-рассейвальніка, што дазваляе даследаваць структуру, у склад якой адначасова ўваходзяць лёгкія і цяжкія атамы (вадародзмяшчальныя злучэнні, вокіслы цяжкіх элементаў), а таксама вызначаць каардынаты атамаў у злучэннях, утвораных элементамі з блізкімі атамнымі нумарамі (напр., FeCo, Al-Mg — сплавы). Магнітная Н. даследуе лікавае значэнне, узаемную арыентацыю і размяшчэнне магн. момантаў атамаў, што выкарыстоўваецца для вызначэння магн. структуры магнітаўпарадкаваных рэчываў.
Літ.:
Изюмов Ю.А., Озеров Р.П. Магнитная нейтронография. М., 1966;
Александров Ю.А., Шарапов Э.И., Чер Л. Дифракционные методы в нейтронной физике. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́БІЯ,
1) гістарычная вобласць у даліне Ніла паміж 1-м і 5-м парогамі, цяпер тэр. Егіпта і Судана. У старажытнасці ўваходзіла ў склад Мераіцкага царства. З 5 ст. тут існавалі Набатыя і Мукура, якія ў пач. 7 ст. зліліся ў адзіную дзяржаву. У 1820 захоплена пашой Егіпта Мухамедам Алі.
2) Сярэдневяковая хрысціянская дзяржава нубійцаў у 7—14 ст. (іх сталіца г. Донгала Старая), у якую ўваходзіла намесніцтва Набатыя і каля 13 васальных царстваў. Была падзелена на 7 епіскапстваў. Агульнай была стараж.-нубійская мова. Пасля заваявання Егіпта арабы імкнуліся захапіць і паўн. раён Н. (640—642), асадзілі Донгалу (652), але былі разбіты нубійскімі лучнікамі. Паміж варагуючымі бакамі быў падпісаны адзіны ў сярэдневяковай гісторыі арабаў дагавор аб ненападзе, гандлі і дыпламат. адносінах, паводле якога Н. пастаўляла ім нявольнікаў у абмен на пшаніцу, віно, тканіны. Пасля вайны ў 852—853 з арабамі, у 969 зноў заключаны мірны дагавор на 100 гадоў. Дынастычныя і рэліг.-паліт. спрэчкі у 13 ст. аслаблялі дзяржаву. У выніку набегаў мамлюкаў трон у Н. захапіла ісламская партыя. Апошні раз Н. згадваецца ў 1397. У канцы 14 ст. Н. заселена араб. плямёнамі і ісламізавана.
Літ.:
Белова Г.А. Египтяне в Нубии (III—II тысячелетия до н.э.). М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІТАЦЭНО́З (ад паразіты + цэноз),
гістарычна складзеная сукупнасць паразітычных арганізмаў (паразітаў) і інш. сімбіёнтаў, якія насяляюць расліны, жывёлы і чалавека. Відавы склад П. і колькасныя суадносіны яго мікрапапуляцый могуць вар’іраваць нават у аднаго віду гаспадара. У П. могуць уваходзіць вірусы, бактэрыі, грыбы, прасцейшыя, гельмінты і некат. членістаногія. Паняцце «П.» увёў Я.Н.Паўлоўскі (1937). На Беларусі даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш.н.-д. установах.
Усе сучлены П. ўздзейнічаюць адзін на аднаго і на гаспадара. Узаемадзеянне паміж кампанентамі П. бывае непасрэднае (напр., прадуктамі выдзялення) і праз арганізм гаспадара (змена ўнутр. асяроддзя гаспадара або яго асобных органаў і інш.). Уздзеянне паразітычных арганізмаў — сучленаў П. — на гаспадара бывае сумарнае, калі яны не аказваюць значнага ўздзеяння адзін на аднаго (напр., аскарыды і паразітычныя нематоды на арганізм птушкі), сінергічнае, калі яны ўзаемна ўзмацняюць ўздзеянне на арганізм гаспадара, і антаганістычнае, калі ўздзеянне паразітаў адзін на аднаго зніжае іх шкоднасць для гаспадара. Даследаванні складаных узаемаадносін П. ці асобных яго кампанентаў з арганізмам гаспадара і інш. даюць магчымасць устанавіць сутнасць паразітарных і інфекц. хвароб, выбіраць метады іх лячэння і прафілактыкі. Вывучае П. паразітацэналогія. Гл. таксама Паразіталогія, Паразітызм.
Літ.:
Паразитоценология: Теоретич. и прикладные пробл. Киев, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФЁНАЎ (Віктар Іванавіч) (н. 23.9.1934, в. Прудкі Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне батанікі і экалогіі; заснавальнік бел. фларыстычнай школы. Акад.Нац.АН Беларусі (1988, чл.-кар. 1980), д-рбіял.н. (1976), праф. (1988). Засл. дз. нав. Беларусі (2000). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1957). У 1959—64 і з 1968 у Ін-це эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі (да 1972 заг. лабараторыі, нам., в.а. дырэктара, з 1973 дырэктар), у 1965—68 вучоны сакратар Савета па каардынацыі навук. дзейнасці АН Беларусі. Навук. працы па сістэматыцы раслін, фларыстыцы, фітагеаграфіі, геабатаніцы, радые- і агульнай экалогіі. Устанавіў заканамернасці фарміравання і эвалюцыі флоры, асаблівасці экалогіі і біялогіі відаў і родаў, структуру і склад папуляцый у экстрэмальных умовах росту; правёў таксанамічнае вывучэнне асобных відаў і родаў вышэйшых раслін. Тэарэтычна вырашыў праблемы паводзін відаў на межах арэалаў, распрацаваў навук. асновы выкарыстання і аховы біял. разнастайнасці расліннага свету, даследаваў заканамернасці міграцыі радыенуклідаў у прыродна-раслінных комплексах. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Обусловленность распространения и адаптация видов растений на границах ареалов. Мн., 1980;
Флора Белорусского Полесья: (современное состояние и тенденции развития). Мн., 1983;
Радиоактивное загрязнение растительности Беларуси (в связи с аварией на Чернобыльской АЭС). Мн., 1995 (у сааўт.);
Определитель высших растений Беларуси. Мн., 1999 (у сааўт.).