(Paul Regnard); 23.9.1871, Опачна, Чэхія — 21.6.1957], чэшскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва. Праф.АМ у Празе (з 1919). Вучыўся ў АМ у Празе (1888—91) і Вене (1891—95). З 1895 у Парыжы, з 1906 у Пюто (Францыя). Чл. аб’яднання «Абстракцыя — творчасць» (з 1931). У ранні перыяд пісаў карціны ў духу імпрэсіянізму («Бібліяфіл»),
сімвалізму («Недавер, або Чорны ідал», 1903), экспрэсіянізму («Архаічная», 1910). Пазней звярнуўся да абстрактных кампазіцый і т.зв. арфізму (тэрмін уведзены Г.Апалінэрам для абазначэння жывапісу, які перадае дынаміку рухаў і муз. рытмаў праз спалучэнні чыстых моцных тонаў і перасячэнне крывалінейных паверхняў). Сярод твораў: «Клавішы раяля — возера», «Першы крок» (абодва 1909), «Жонка мастака сярод вертыкаляў» (1910—11), «Чырвоныя і сінія дыскі» (1911), «Аморфа, двухколерная фуга» і «Дыскі Ньютана. Эцюд да двухкаляровай фугі (абодва 1911—12), «Вертыкальныя чырвоныя і сінія планы», «Філасофская архітэктура» (абодва 1913), «Тры сінія, тры чырвоныя» (1913—57), «Механізм» (1920), «Абстрактны жывапіс» (1931), «Аўтаномны белы» (1951—52) і інш. Аўтар ілюстрацый да «Чалавека і зямлі» Э.Рэклю (1904—06), «Гімна гімнаў» і «Эрынеяў» Л. дэ Ліля (1905—09), «Лісістраты» Арыстафана (1906), «Праметэя» Эсхіла (1911), шэрагу малюнкаў, тэарэт. працы «Творчасць у пластычных мастацтвах» (1923).
Я.Ф.Шунейка.
Ф.Купка. Дыскі Ньютана. Эцюд да двухкаляровай фугі. 1911—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМСКО́Й (Іван Мікалаевіч) (8.6.1837, г. Астрагожск Варонежскай вобл., Расія — 5.4.1887),
расійскі жывапісец і ідэйны кіраўнік дэмакр. руху ў рус. мастацтве 1860—80-х г. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1857—63). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1863—68). Ініцыятар «бунту чатырнаццаці», завершанага выхадам з АМ яе выпускнікоў, якія стварылі Арцель мастакоў. Адзін са стваральнікаў і ідэолагаў Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Лідэр рэаліст. кірунку ў рус. жывапісе 2-й пал. 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта.
Стварыў галерэю вобразаў прадстаўнікоў дэмакр. інтэлігенцыі Расіі: Л.Талстой, І.Шышкін (абодва 1873), П.Траццякоў (1876), М.Някрасаў (1877), М.Салтыкоў-Шчадрын (1879), С.П.Боткін (1880) і інш., шэраг твораў на мяжы партрэта і тэматычнай карціны: «Някрасаў у перыяд «Апошніх песень» (1877—78), «Невядомая» (1883), «Несуцешнае гора» (1884). Пранікнёнае назіранне нар. тыпажу, пераасэнсаванне рэліг. тэматыкі ў маральна-філас. плане, ідэю гераічнага самаахвяравання ўвасобіў у творах «Палясоўшчык» (1874), «Міна Майсееў» (1882), «Селянін з аброццю» (1883), «Хрыстос у пустыні» (1872). У Нац.маст. музеі Беларусі знаходзяцца яго творы «Жаночы партрэт» (1870-я г.), «Дзеці ў лесе» (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА (Aurum),
Au, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 79, ат. м. 196,9665, адносіцца да высакародных металаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп 197Au. У зямной кары 4,3∙10−7% па масе. Гал. з мінералаў — золата самароднае. Вядома з глыбокай старажытнасці.
Жоўты мяккі і вельмі пластычны метал, tпл 1064,4 °C, tкіп 2880 °C, шчыльн. 19320 кг/м³. Хімічна даволі інертнае, устойлівае ў паветры і вадзе; з кіслародам, азотам, вадародам, вугляродам непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Узаемадзейнічае з галагенамі пры награванні (напр., з хлорам пры 250 °C утварае хларыд AuCl3 — рубінава-чырвонае крышт. рэчыва, раскладаецца пры t>254 °C); гарачай селенавай к-той; сумесямі кіслот сернай і азотнай, азотнай і салянай (царская гарэлка); воднымі растворамі цыянідаў у прысутнасці кіслароду (гл.Цыяніраванне). Лёгка ўтварае амальгаму, на гэтым заснаваны адзін з метадаў вылучэння з горных парод (гл.Амальгамацыя). Дае з інш. металамі (медзь, серабро, плаціна) сплавы, больш трывалыя і цвёрдыя за З. чыстае. Выкарыстоўваюць З. і яго сплавы ў электроннай прам-сці (кантакты); у вытв-сці хімічна ўстойлівай апаратуры, прыпояў, каталізатараў, гадзіннікаў; для залачэння, афарбоўкі шкла; для вырабу зубных пратэзаў, ювелірных вырабаў, манет, медалёў (колькасць З. ў іх паказвае проба; гл.Проба высакародных металаў).
Літ.:
Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕССЕВАДБУ́Д, Галоўнае ўпраўленне па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. Дзейнічала ў 1966—91, размяшчалася ў г. Пінск. Ажыццяўляла меліярацыю і с.-г. асваенне зямель Бел. Палесся з мэтай стварэння ў гэтым рэгіёне буйной базы па вытв-сці мяса і малака. Было прадугледжана меліяраваць 2,2 млн.га балот і забалочаных зямель, пабудаваць 17 вадасховішчаў і 19 поўнасістэмных рыбных гаспадарак, арганізаваць і пабудаваць 72 саўгасы, забяспечыць меры проціпаводкавай аховы. Буд-ва вялі спецыялізаваныя трэсты і сельскія буд. камбінаты. У складзе трэстаў і ў непасрэдным падпарадкаванні П. былі падрадныя буд.-мантажныя арг-цыі ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. Беларусі, у Бранскай вобл. Расіі. У П. ўваходзілі прадпрыемствы па выпуску зборнага жалезабетону, металаканструкцый, сталярных вырабаў, дрэнажных труб, цэглы, друзу, рамонту меліярац.-буд. тэхнікі, па забеспячэнні і камплектацыі будоўляў, Палескі трэст саўгасаў, вытв.аўтамаб. трэст, упраўленне рабочага забеспячэння. За перыяд дзейнасці П. асушаны новыя землі і рэканструяваны ўстарэлыя меліярац. сістэмы агульнай плошчай больш за 1 млн.га, пабудавана шмат новых пасёлкаў. Меліярацыя прывяла таксама да непажаданых вынікаў — абмялелі ці былі знішчаны малыя рэкі, пашырылася эрозія глебы, зменшылася разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету, скараціліся арэалы многіх раслін і інш.Гл. таксама Меліярацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУЯ́Н (Сяргей Епіфанавіч) (19.10.1890, г. Брагін Гомельскай вобл. — 20.4.1910),
бел. публіцыст, празаік і літ.-знавец, адзін з пачынальнікаў бел.прафес.літ. крытыкі. У 1904—05 вучыўся ў Мітаўскай гімназіі (цяпер г. Елгава, Латвія). Удзельнік рэв. руху ў Кіеве і Мітаве. Супрацоўнічаў у газ. «Наша ніва», укр.перыяд. друку. Аўтар апавяданняў («Вёска» і інш.), вершаваных і драм. твораў (не выяўлены), вершаў у прозе, рэцэнзій («Якуб Колас. Другое чытанне для дзяцей беларусаў», «Тарас на Парнасе», «Ядвігін Ш. Дзед Завала» і інш.), першага ў бел. крытыцы агляднага арт. «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гіст. нарыса новай бел. л-ры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках» (абодва 1910). Выступаў як тэатр. крытык («Віленская беларуская вечарынка», «Беларускія вячоркі», 1910, і інш.). Даследаваў укр. культуру і л-ру, бел.-ўкр.літ. сувязі (цыкл артыкулаў «Лісты з Украіны» і інш.). Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры («Пра нацыянальную школу на Беларусі», цыкл артыкулаў «З нашага жыцця»), падтрымліваў духоўнае адраджэнне інш. нацый. Для яго творчай манеры характэрна валоданне жывым і вобразным словам, доказнасць і аргументаванасць выказванняў, ужыванне гіст. аналогій. Скончыў самагубствам.
Тв.:
Лісты ў будучыню: Проза. Публіцыстыка. Крытыка. Мн., 1986.
Літ.:
Кабржыцкая Т., Рагойша В. Слядамі знічкі: Пра Сяргея Палуяна. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЗМ (ад грэч. patris айчына),
маральны і паліт. прынцып, змест якога — любоў да ўсяго айчыннага, ад мясцовасці. дзе чалавек нарадзіўся, яго народа, мовы, культуры і да дзяржавы, грамадзянінам якой ён з’яўляецца. У паліт. сэнсе — адданасць усяму, што звязана з суверэнітэтам сваёй дзяржавы, яе незалежнасцю і самастойнасцю, бездакорным выкананнем грамадзянскага абавязку. Паняцце «П.» вядома з глыбокай старажытнасці, сфармулявана ў антычныя часы. У бел. духоўнай культуры існуе з пачатку яе гісторыі і выяўлялася пераважна ў маст.-эстэтычнай форме, напр., у дзейнасці Ефрасінні Полацкай, творах Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Міколы Гусоўскага. Выразны характар П. маюць прадмовы і пасляслоўі Ф.Скарыны да яго перакладаў Бібліі. Патрыят. настроі найб. абуджаліся з нарастаннем нац.вызв. і адраджэнцкага руху на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., што асабліва выявілася ў маст. л-ры і публіцыстыцы (Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.). Асабліва яскрава П. праявіўся ў перыядВял.Айч. вайны, калі бел. народ паказваў масавы гераізм і самаахвярнасць пры абароне сваёй Радзімы. У СССР праводзілася ідэалогія агульнасав. П. з устаноўкай на росквіт і ўзаемнае ўзбагачэнне нац. культур. З распадам СССР, усталяваннем незалежнасці і дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь паўстала задача далейшага развіцця бел.нац. культуры і нац. самасвядомасці, адной з гал. частак якой з’яўляецца П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,
узброеныя фарміраванні Мінскай паўстанцкай арганізацыі 1863 у перыяд паўстання 1863—64. Агульны план узбр. выступлення, прызначанага на 19.4.1863, распрацаваны членам арг-цыі паручнікам С.Ляскоўскім, які ўзначаліў найбольшы на Міншчыне Ігуменскі паўстанцкі атрад. Паводле загаду арг-цыі 19 крас. некалькі соцень мінчан тайком выйшлі з горада і з’явіліся на загадзя намечаныя зборныя пункты. Атрад пад камандай А.Трусава сабраўся каля Халяўшчыны. У баі 28.4.1863 каля в. Пятровічы ён быў разбіты ўрадавымі войскамі. Другі атрад пад камандаваннем ваен. кіраўніка Мінскага пав. П.Дыбоўскага (са жн. Л.Рамішэўскага) сабраўся каля в. Прылукі і дзейнічаў каля Слуцкага тракту. У жн. 1863 атрад вытрымаў бой з урадавымі войскамі каля Навасёлак, але хутка быў распушчаны. У Пінскім пав. Мінскай губ. ў розныя часы дзейнічалі паўстанцкія атрады Р.Рагінскага, Р.Траўгута, Я.Ваньковіча. Атрад Слуцкага пав. на чале з У.Машэўскім быў разбіты 21.4.1863 каля в. Азярцы. Пасля паражэння навагрудскіх паўстанцаў 7.4.1863 ва ўрочышчы Белыя Імхі навагрудскі атрад сфарміраваўся нанава ў Налібоцкай пушчы. Гэты атрад на чале з В.Міладоўскім удзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863 на Слонімшчыне, а пасля вярнуўся ў Навагрудскі пав. Некалькі паўстанцкіх груп Барысаўшчыны, Лепельшчыны, Магілёўшчыны аб’ядналіся ў Барысаўскім пав., але былі разбіты 7.5.1863 каля в. Падбярэззе. На Вілейшчыне змагаліся атрады Ю.Бакшанскага, В.Козела, Г.Чаховіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮДО́ВІК XIV (Louis; 5.9.1638, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 1.9.1715),
кароль Францыі [1643—1715]. 3 дынастыі Бурбонаў. Сын Людовіка XIII [1610—43] і Ганны Аўстрыйскай (рэгентка ў 1643—51). Да 1661 дзяржавай фактычна правіў кардынал Дж.Мазарыні. У гэты час атрымана перамога над Фрондай, пазбаўлена паліт. значэння арыстакратыя, прыцягнуты да супрацоўніцтва здольныя прадстаўнікі мяшчанства і дробнага дваранства, што прывяло да апагею франц.абсалютызму ў перыядсамаст. праўлення Л. XIV, якому прыпісвалі вядомы выраз «Дзяржава — гэта я». Яго эканам. палітыка (падтрымка гандлю і рамёстваў, засн. мануфактур, упарадкаванне фінансаў) спрыяла і росквіту навукі, культуры, мастацтва (засн. акадэміі надпісаў, навук, музыкі і архітэктуры). Стварэнне моцнай арміі і флоту дазволіла весці шматлікія войны і павялічыць тэр. Францыі (у 1681 далучаны г. Страсбург, у 1678 — прав. Франш-Кантэ). Аднак экспансіянісцкая знешняя палітыка Л. XIV, рэліг. нецярпімасць (жорсткія праследаванні кальвіністаў, адмена ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598), канфлікты з папствам прывялі да стварэння ў 1686 антыфранц. каал шыі, т.зв. Аўгсбургскай лігі. Войны з Лігай 1689—97 і няўдалая для Францыі вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 падарвалі эканоміку краіны. У канцы праўлення Л. XIV дзярж. доўг у 16 разоў перавышаў гадавы даход дзяржавы.
Літ.:
Малеттке К. Людовик XIV, 1643—1715 // Французские короли и императоры: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1997.
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, прысвечаны жыццю і творчасці бел. мастака-пейзажыста В.Бялыніцкага-Бірулі. Адкрыты 24.12.1982 у Магілёве. Размешчаны ў 2-павярховым мураваным асабняку, помніку грамадзянскай архітэктуры 18 ст. Плошча выставачных залаў 350 м². У музеі прадстаўлена больш за 100 твораў Бялыніцкага-Бірулі, пачынаючы ад створанага ў вучылішчы пейзажа «Пахмурны дзень» (1892) да прац апошніх гадоў жыцця («Прыйшла вясна», 1951, і інш.). У іх адлюстраваны асноўныя творчыя этапы жыцця мастака: удзел у Т-ве перасоўных маст. выставак («Пачатак вясны», 1905; «Вясна ідзе», 1910, і інш.), перыяд 1920—30-х г. («Блакітныя цені вясны», «Возера» і інш.), работы, створаныя ў час знаходжання на Беларусі ў 1947 («Беларусь. Зноў зацвіла вясна», «Старая беларуская вёска» і інш). Сярод экспанатаў фотаздымкі сям’і Бялыніцкага-Бірулі, пісьмы І.Рэпіна, узнагароды, атрыманыя мастаком на выстаўках, дакументы, творы мастакоў яго кола, сяброў: партрэты Бялыніцкага-Бірулі (А.Мораваў, 1900-я г.) і маці мастака (М.Ульянаў, 1894), карціна «На паляванні» М.Багданава-Бельскага (1910-я г.) і інш., а таксама вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, створаная ў Абрамцаўскай майстэрні. У музеі перыядычна наладжваюцца маст. выстаўкі.
Літ.:
Карачун Ю.А. Музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі: [Альбом]. Мн., 1988.
І.Л.Чэбан.
Будынак Магілёўскага мастацкага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі.Фрагмент экспазіцыі Магілёўскага мастацкага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГНІЙ (лац. Magnesium),
Mg, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 12, ат. м. 24,305, адносіцца да шчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 3 стабільных ізатопаў 24Mg (78,6%), 25Mg (10,11%), 26Mg (11,29%). У зямной кары 2,35% па масе. Трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (гл.Магніевыя руды). Многа солей М. ў вадзе мораў і акіянаў, у прыродных расолах. Уваходзіць у састаў хларафілу. Адкрыты ў 1808 англ. хімікам Г.Дэві. Серабрыста-белы лёгкі метал, tпл 650 °C, шчыльн. 1740 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны, моцны аднаўляльнік. На паветры пакрываецца ахоўнай плёнкай магнію аксіду MgO, якая разбураецца пры награванні, пры т-ры ~600 °C згарае асляпляльна белым полымем з утварэннем MgO і нітрыду Mg3N2. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з кіпячай вадой і разбаўленымі к-тамі (пасівіруецца ў канцэнтраванай сернай і растворах плавікавай к-ты); пры награванні — з вадародам, галагенамі, борам, азотам, вугляродам, халькагенамі, крэмніем. Утварае шэраг магній-арганічных злучэнняў. У прам-сці атрымліваюць электролізам расплаву сумесі хларыду MgCl2 з хларыдам калію і натрыю. Выкарыстоўваюць у вытв-сці магніевых сплаваў, для легіравання алюмініевых сплаваў і металатэрмічнага атрымання металаў (тытану, урану, цырконію, ванадыю і інш.), у сінтэзе магнійарган. злучэнняў і піратэхніцы (сумесі парашку М. з акісляльнікамі). Гл. таксама Магнію злучэнні.